ПРУ́САЎ (Іван Аляксеевіч) (11.6.1919, в. Бярозаўка Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 13.9.1994),

бел. вучоны ў галіне тэарэтычнай механікі. Д-р тэхн. н. (1968), праф. (1971). Скончыў Львоўскі ун-т (1950). З 1969 у БДУ (у 1970—86 заг. кафедры). Навук. працы ў галіне прыкладной тэорыі пругкасці анізатропных асяроддзяў. Распрацаваў новы варыянт удакладненай тэорыі выгіну пласцін з шырокім дыяпазонам дастасавальнасці, тэрмапругкія камплексныя патэнцыялы, на аснове якіх атрымліваюць эфектыўныя рашэнні асн. краявых задач анізатропных асяроддзяў.

Тв.:

Некоторые задачи термоупругости. Мн., 1972.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 13, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЦЕ́ЙКА (Людміла Леанідаўна) (н. 13.3.1947, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. мастак. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). Сярод твораў: габелены «Свята жыцця» (1984), «Палессе» (1985), «Кветкі Усць-Ілімску» (1986), «Вясна» (1990), трыпціх «Мой родны кут» (1997), жывапісныя кампазіцыі «Экспромт» (1986), «Вясковае лета» (1988), «Песня вясны», «Метамарфозы» (абедзве 1989), цыклы «Святло» (1991), «Кветкі зямлі» (1997—2000); серыя акварэляў «Вясна ў Гурзуфе» (1986) і інш. Творы вылучаюцца вытанчанасцю рысунка, багатай нюансіроўкай колеравых суадносін, ураўнаважанасцю кампазіцыі.

Л.​Ф.​Салавей.

Л.Пуцейка. Габелен «Вясна». 1990.

т. 13, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЦІЧ,

вёска ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Пціч; чыг. ст. на лініі Лунінец—Калінкавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 26 км на У ад г. Петрыкаў, 161 км ад Гомеля. 1057 ж., 379 двароў (2001). Камбікормавы з-д, лясніцтва, база раённай нарыхтоўчай канторы. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Царква хрысціян веры евангельскай. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. У вёсцы ў Вял. Айч. вайну партызаны правялі Пціцкую аперацыю 1942.

т. 13, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРЭ́ДНЕЎ (Уладзімір Пятровіч) (10.5.1935, в. Пугачова Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 27.9.2000),

бел. вучоны ў галіне агародніцтва і аграхіміі. Д-р с.-г. н. (1994), праф. (1995). Скончыў БСГА (1962). З 1962 у Бел. НДІ агародніцтва (з 1969 заг. лабараторыі). Навук. працы па праблемах інтэнсіўных тэхналогій вырошчвання агародніны, павелічэння ўрадлівасці глебы, ураджаяў, паляпшэння якасці агароднінных культур.

Тв.:

Удобрение овощных культур. Мн., 1987;

Огород без химии. Мн., 1996 (разам з Я.​А.​Стальмашком);

Выращивание овощей. Мн. 2001 (разам з Л.​І.​Лявонавай).

т. 13, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯСЧА́НАЯ ГАРА́,

радовішча мелу ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., за 4,5 км на ПдУ ад чыг. ст. Клімавічы. Пластавы паклад звязаны з адкладамі туронскага яруса (верхні мел). Мел шаравата-белы, слаба сцэментаваны, у верхняй ч. з пяском, дамешкамі абломкавага і гліністага матэрыялу, праслойкамі мергелю Паверхня няроўная, закарставаная. Разведаныя запасы 10,4 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы (пройдзеная) 4,5—14 м, ускрышы (пяскі, супескі) 1,3—22,3 м. Ускрышныя пяскі выкарыстоўваюцца на выраб сілікатнай цэглы, мел прыдатны на выраб вапны.

А.​П.​Шчураў.

т. 13, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЧО́Ў,

бальнеагразевы і кліматычны курорт на Беларусі, у Гомельскай вобл., за 12 км на У ад г. Рагачоў, на левым беразе р. Дняпро. Засн. ў 1970. Клімат умерана кантынентальны. Асн. лекавы фактар — мінер. воды 2 відаў: хларыдна-натрыевая высокай мінералізацыі (50 г/л) для ваннаў і інш. бальнеапрацэдур і сульфатна-хларыдная кальцыева-натрыевая вада малой мінералізацыі (5,5 г/л) на пітное лячэнне; таксама тарфяныя гразі. Лечаць хваробы сардэчна-сасудзістай, нерв. сістэм, органаў руху, гінекалагічныя. Санаторый, водагразелячэбніца, бювет мінер. крыніцы.

Ландшафт курорта Рагачоў.

т. 13, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГО́ЗІН (Неафіт Ермалаевіч) (20.1.1902, г.п. Капаткевічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 11.12.1971),

бел. географ, вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1961), праф. (1962). Скончыў Камуніст. ун-т (1927), Ін-т чырв. прафесуры (1936). З 1947 у БДУ (прарэктар, заг. кафедры). З 1966 у Мінскім пед. ін-це. Навук. працы па эканам. геаграфіі і гісторыі нар. гаспадаркі, паліт. эканоміі Беларусі.

Тв.:

Города и села Белорусской ССР. Мн., 1959 (разам з В.​А.​Жучкевічам, А.​Я.​Малышавым);

География Белоруссии. Мн., 1965 (у сааўт.).

т. 13, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДАШКО́ВІЦКАЯ ТЭАТРА́ЛЬНАЯ ЗАДУ́МА,

спроба гуртка беларусаў-інтэлігентаў мяст. Радашковічы (цяпер Маладзечанскі р-н Мінскай вобл.) і ваколіц паставіць у 1892 на бел. мове п’есу «Злодзей» Ядвігіна Ш. (А.​Лявіцкі) без цэнзурнага дазволу. Спектакль пры ўдзеле аўтара меркавалася паказаць на платнай маёўцы, а на выручаныя грошы адкрыць бальніцу. Даведзеная да генеральнай рэпетыцыі пастаноўка была забаронена мясц. ўладамі, якія ўбачылі ў гэтай акцыі «палітычную справу». Спроба паказу спектакля на «забароненай» мове засталася няздзейсненай і ўвайшла як Р.т.з. ў гісторыю бел. т-ра.

т. 13, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДАШКО́ВІЦКІ ЗАВОД «БЕЛМАСТАЦКЕРА́МІКА».

Створаны ў 1974 у г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. як з-д маст. керамікі, з 1994 сучасная назва. Спецыялізуецца на выпуску вырабаў маст. керамікі. Асартымент: дэкар. вазы, гаршкі для кветак, кубкі, сервізы, наборы для кавы і гарбаты, вырабы малых форм, сувеніры. Мае цэх па выпуску мэблі ў нар. традыцыях (кухні «Вязынка»), Вядучыя майстры — мастакі А.​Паддубны, Л.​Грыцкоў, А.​Багданаў — ствараюць вырабы ў лепшых традыцыях нар. майстроў.

Да арт. Радашковіцкі завод «Белмастацкераміка». Сувенірны посуд і сервіз «Каласок».

т. 13, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАК (Павел Мікалаевіч) (23.8.1910, с. Карпілаўка Палтаўскай вобл., Украіна — 30.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў ваенна-паліт. вучылішча (1941). У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце. Экіпаж танка ў складзе камандзіра лейт. Р., механіка-вадзіцеля А.А.Пятраева, радыста А.І.Данілава вызначыўся 30.6.1944 пры вызваленні г. Барысаў, калі, прарваўшыся ў горад, 17 гадз вёў бой, разграміў камендатуру, штаб, падбіў 2 танкі ворага, вызваліў 200 ваеннапалонных. Экіпаж згарэў у танку. У Барысаве экіпажу танка пастаўлены помнік.

П.М.Рак.

т. 13, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)