БРАКАНЬЕ́РСТВА (франц. braconnier),
незаконнае паляванне; заняцце рыбным, звярыным або інш. здабыўным промыслам у забаронены час, у недазволеных месцах ці забароненымі прыладамі і спосабамі; паляванне на звяроў і птушак, якое поўнасцю забаронена. Паводле бел. заканадаўства парушэнне правілаў аховы жывёльнага свету цягне за сабой адм. або крымін. адказнасць, абавязак пакрыць нанесеныя страты.
т. 3, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ТРАМВА́Й,
першая на Беларусі і адна з першых у Расійскай імперыі трамвайная лінія. Адкрыта ў 1898. Трамвайны парк складаўся з 18 маторных і 16 прычапных вагонаў, даўж. лініі 5,1 км. У час Вял. Айч. вайны разбураны, адноўлены ў 1947. У 1996 у Віцебску 8 трамвайных маршрутаў, 69 км адзіночнага пуці.
т. 4, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШНЕ́ЎСКІ (Мікола) (Мікалай Аляксеевіч; 28.3.1910, г. Гомель — 17.3.1986),
бел. пісьменнік. Вучыўся ва Усесаюзным ін-це кінематаграфіі (1932—33). Працаваў у прэсе, у 1952—67 нам. гал. рэдактара час. «Сельская гаспадарка Беларусі». Друкаваўся з 1933. Аўтар зб. апавяданняў «Скарб зямлі» (1951), прысвечанага людзям пасляваен. калгаснай вёскі, нарысаў, сцэнарыяў навук.-папулярных фільмаў.
т. 4, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІНА́ЛЬДА ((Aguinaldo) Эміліо) (22.3.1869—6.2.1964),
філіпінскі паліт. дзеяч. Узначальваў антыіспанскае паўстанне 1896—97. З 1897 кіраўнік урада, у час амерыкана-філіпінскай вайны 1899—1901 прэзідэнт Філіпінскай рэспублікі. У 1901 узяты ў палон амер. войскамі; заклікаў народ спыніць супраціўленне. У 1942—44 чл. марыянетачнай Дзярж. рады, створанай на Філіпінах японскімі акупантамі.
т. 1, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫБА́ЛЬДЗІ БАТАЛЬЁН (батальён «Джузэпе Гарыбальдзі»),
падраздзяленне 12-й інтэрнац. брыгады, якое ваявала на баку ісп. рэспубліканцаў у час Іспанскай рэвалюцыі 1931—39. Сфарміраваны ў кастр. 1936 з 520 італьян. добраахвотнікаў. Удзельнічаў у абароне Мадрыда, баях на р. Харама і каля г. Гвадалахара. У крас. 1937 перафарміраваны ў Інтэрнац. брыгаду імя Гарыбальдзі.
т. 5, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСДРУБА́Л Hasdrubal; ?—24.6.207 да н.э.), карфагенскі палкаводзец. Сын Гамількара Баркі, брат Ганібала. У час 2-й Пунічнай вайны (218—201 да н.э.) камандаваў карфагенскімі сіламі ў Іспаніі, атрымаў шэраг перамог над рымлянамі. У 207 да н.э. павёў войскі на дапамогу Ганібалу ў Італію, загінуў у бітве на р. Метаўр (Метаўра).
т. 5, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́ШСКІ ШКЛОЗАВО́Д, акцыянернае аб’яднанне «Шкло-Глуша». Дзейнічае з 1896 (у маёнтку Глуша Бабруйскага павета — зараз г.п. Глуша Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.). З 1920 шклозавод «Камінтэрн», з 1995 акц. аб’яднанне «Шкло-Глуша». У час Вял. Айч. вайны разбураны. Адноўлены ў 1945. Выпускае бутэлькі для малака, алею, каньяку, пепсі-колы і інш.
т. 5, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАР,
у беларусаў: 1) абрадавая страва, адвар з сушаных чарніц, яблык, груш з дабаўленнем мёду, які прыносілі жанчыны парадзісе на адведкі. У наш час сустракаецца пераважна на Палессі.
2) Падліва з канаплянага семя ці маку. Семя (мак) цёрлі, потым заварвалі і спажывалі як посную прыправу (пашыраны пераважна на Зах. Палессі).
т. 7, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПРЭ́СІЯ (ад франц. impression уражанне),
адна з жанравых разнавіднасцей апавядання ў бел. л-ры, якая ўтварылася ад спалучэння адзнак апавядання і лірычнага верша (кароценькае лірычнае апавяданне, блізкае да верша ў прозе). Звычайна аснову І. складае перажыванне аўтара, выкліканае жыццёвай з’явай, выпадкам або ўражаннем. У наш час больш ужывальнае вызначэнне абразок.
т. 7, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМА́НДАС (англ. commandos),
1) фарміраванні марской пяхоты і паветр.дэсантных войск асобага (спец.) прызначэння ва ўзбр. сілах Вялікабрытаніі для вядзення дыверсійна-разведвальных дзеянняў у тыле праціўніка. У ЗША такія фарміраванні наз. рэйнджэрамі. Узніклі ў гады 2-й сусв. вайны.
2) Атрады апалчэнцаў у арміі бураў у час англабурскай вайны 1899—1902.
т. 7, с. 502
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)