ПАЛІВО́ДА (Ігар Ігаравіч) (16.5.1950, г. Стэрлітамак, Башкортастан — 28.2.1996),
бел. кампазітар, піяніст. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах фп. (1974, клас Р.Шаршэўскага) і кампазіцыі (1988, клас Дз. Смольскага). У 1976—84 у вак.-інстр. ансамблі «Песняры», з 1988 у Дзярж. аркестры сімф. і эстр. музыкі Рэспублікі Беларусь. Працаваў пераважна ў галіне вак.-інстр. музыкі, дзе стварыў арыгінальны песенны стыль. Сярод твораў: кантата «Слова» на вершы сав. паэтаў (1987); Музыка для струнных і фп. (1984), Канцэрт для фп. з арк. (1986), Прэлюдыя і фуга для стр.арк. (1995); камерна-інстр.: 12 прэлюдый і Варыяцыі для фп. (1983), Саната для фп.; Таката для віяланчэлі і фп.; фантазія для ансамбля цымбал (1985), Скерца для актэта драўляных духавых (1995); поп-опера «Максім» на вершы М.Багдановіча (1991), опера-песня «Беларушчына» на вершы Я.Купалы (1992), цыклы песень «Матчын спеў» на вершы А.Куляшова (1993), «Нёман» на нар. словы (1995), песні на вершы Р.Барадуліна, Н.Гілевіча, Л.Пранчака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Андрэй Аляксеевіч) (12.4.1918, г. Кастрама, Расія — 10.6.1983),
расійскі акцёр. Сын А.Дз.Папова. Нар.арт.СССР (1965). Скончыў студыю пры Цэнтр. т-ры Чырв. Арміі (1940), з 1939 акцёр, у 1963—73 гал. рэжысёр гэтага т-ра. З 1974 у МХАТ, у 1977—78 гал. рэжысёр т-ра імя К.С.Станіслаўскага. З 1968 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (з 1973 праф.). Творчасць вызначалася абаяльнасцю і ўнутр. культурай, шматпланавасцю, характарнасцю і багаццем псіхал. адценняў трактоўкі вобразаў. Сярод роляў: Якаў («Якаў Багамолаў» М.Горкага), Лебедзеў («Іванаў» А.Чэхава), Іаан («Смерць Іаана Грознага» А.К.Талстога), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Петручыо («Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра), Галілей («Жыццё Галілея» Б.Брэхта) і інш. Паставіў спектаклі «Рынальда ідзе ў бой» Г.Джываніні (1969), «Невядомы салдат» Ю.Рыбакова (1971) і інш. Здымаўся ў кіно: «Шведская запалка», «Атэла», «Паядынак», «Памяць сэрца», «Пакорлівая», «Настаўнік спеваў», «Некалькі дзён з жыцця Абломава» (1980) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРК КУЛЬТУ́РЫ І АДПАЧЫ́НКУ,
від парку ў населеным месцы, прызначаны для правядзення масавых культ.-асв., фізкультурна-аздараўленчых, спарт., забаўляльных і інш. мерапрыемстваў, для адпачынку насельніцтва. Уваходзіць у сістэму азеляненнянас. месцаў і ствараецца з улікам патрабаванняў зялёнага будаўніцтва.
Пры стварэнні такіх паркаў выкарыстоўваюць паркавыя масівы, у т. л. каштоўныя старадаўнія паркі, улічваюць іх наведвальнасць і ўмяшчальнасць, памеры і прызначэнне збудаванняў на іх, вылучаюць сектары культ.-асв. работы, спарт.-фізкультурных мерапрыемстваў, відовішчна-масавы, дзіцячы, ціхага адпачынку, адм.-гаспадарчы. Арганізуюць пры парках танц. і спарт. школы, тэатр. і муз. калектывы, праводзяць канцэрты, конкурсы, дыскатэкі, гульні, атракцыёны, нар. гулянні і інш. Для абслугоўвання наведвальнікаў ствараецца сетка пунктаў інфармацыі, харчавання, зацішкаў ад непагадзі. Зялёныя насаджэнні звычайна займаюць 70—75% плошчы парку.
На Беларусі першыя такія паркі арганізаваны ў 1930-я г. ў Рэчыцы, Слуцку, Оршы, найб. па плошчы паркі ў Мінску, абл. гарадах, а таксама ў Светлагорску, Кобрыне, Наваполацку, Калінкавічах, Бабруйску, Маладзечне, Баранавічах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛО́ВІЧ (Альберт Францавіч) (11.11. 1875, Мінск — 17.3.1951),
бел. паэт-гумарыст, драматург. Скончыў 4-класнае гар. вучылішча ў Мінску (1894). Працаваў ва ўпраўленні Лібава-Роменскай чыгункі. Жыў у Мінску. З 1932 у Маскве, на Урале, з 1945 у Курску. Займаўся жывапісам, вышываў дываны. Літ. дзейнасць пачаў у канцы 19 ст., у бел. друку выступіў у 1907 (газ. «Наша ніва»), Друкаваўся ў альманаху «Маладая Беларусь», час. «Лучынка» і інш. Выдаў зб. вершаў «Снапок» (1910), драму «Васількі» (1919). У лірычных вершах гучалі патрыят. матывы. Творчасць П. цесна звязана з фальклорам. Найб. вядомымі і папулярнымі былі яго вершаваныя гумарыст. апавяданні, жартоўныя сцэнкі, пераказы бел.нар. анекдотаў («Пан і акуляры», «Ракі», «Шчодрая ахвяра», «Маладая гаспадынька» і інш.). Аўтар арт. «Забытае» (да гісторыі тэксту «Гутаркі Данілы са Сцяпанам», 1925), «Сялянка» В.Дуніна-Марцінкевіча на мінскай сцэне» (1929). На бел. мову перакладаў творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, М.Канапніцкай, У.Сыракомлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХО́МАЎ (Аляксей Фёдаравіч) (2.10. 1900, в. Варламава Валагодскай вобл., Расія — 14.4.1973),
расійскі графік і жывапісец. Нар.маст.СССР (1971). Правадз.чл.АМСССР (1964). Вучыўся ў Ленінградскім вучылішчы Штыгліца (1915—17 і ў 1921), Вышэйшым маст,тэхн. ін-це (1922—25). З 1948 выкладаў ў Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Рэпіна ў Ленінградзе (з 1949 праф.). Працаваў пераважна ў галіне кніжнай графікі. Супрацоўнічаў з дзіцячымі час. «Чиж», «Еж», «Костер». Аформіў кнігі «Майстар» С.Маршака (1927), «Бежын луг» І.Тургенева (1936, 1959), «Мароз, Чырвоны нос» М.Някрасава (1938, 1959), «Так» С.Міхалкова (1949), «Дзецям» У.Маякоўскага (1948), «Піліпок. Старонкі з азбукі» Л.Талстога (1968—70). Аўтар серыі літаграфій «Ленінград у дні блакады» (1942—44). У 1920—30-я г. працаваў і як жывапісец («Юная натуралістка», 1933). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1973.
Тв.:
Ленинградская летопись. Л., 1965.
Літ.:
Матафонов В.С. А.Ф.Пахомов. М., 1981.
А.Пахомаў. На Няву за вадой. З серыі «Ленінград у дні блакады» 1942.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НЗА,
горад, цэнтр Пензенскай вобл. ў Расіі. На Прыволжскім узв., на р. Сура (прыток Волгі). Нас. 534,6 тыс.ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (з-ды: дызельны, кампрэсарны, вылічальных электронных машын, гадзіннікавы, хім., тэкст. машынабудавання, веласіпедны і інш.), харч., лёгкая, дрэваапр., папяровая. Ф-ка піяніна, з-дмед. прэпаратаў. 5 ВНУ. 2 тэатры. Музеі: краязн., нар. творчасці, карцінная галерэя. Батанічны сад.
Засн. ў 1663 як вартавы пункт на паўд. ускраіне Рас. дзяржавы. Неаднойчы на горад нападалі татары і нагайцы. У 1670 узята атрадамі С.Разіна. З 1719 цэнтр Пензенскай правінцыі ў складзе Казанскай губ. У 1723 засн.гар. магістрат (да 1866). У жн. 1774 праз П. прайшла армія Е.Пугачова. З 1780 цэнтр намесніцтва, з 1796 — губерні. У 1797—1801 павятовы, з 1801 губ. горад Саратаўскай губ. У 1874 праз П. прайшла Сызрана-Вяземская чыгунка. З 1928 цэнтр Пензенскай акругі Сярэдняволжскага краю, з 1930 раённы цэнтр Сярэдняволжскага, потым Куйбышаўскага краю, з 1937 — Тамбоўскай вобл., з 1939 цэнтр Пензенскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЦЭ́ЦІ ((Pizzetti) Ільдэбранда) (20.9.1880, г. Парма, Італія — 13.2.1968),
італьянскі кампазітар, музыказнавец, педагог. Чл.Італьян. акадэміі (з 1939). Скончыў Пармскую кансерваторыю (1901), з 1907 яе праф. З 1908 праф. фларэнційскага муз. ін-та, з 1917 яго дырэктар. З 1924 дырэктар Міланскай кансерваторыі, у 1936—58 праф.Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме, у 1948—51 яе прэзідэнт. Імкнуўся адрадзіць нац. асновы італьян. музыкі, выкарыстоўваў традыцыі нар. песні, грыгарыянскага харала, музыкі італьян. Адраджэння і барока. Сярод твораў: больш за 10 опер, у т.л. «Федра» (паст. 1915), «Чужаземец» (паст. 1930), «Каліёстра» (паст. 1953), «Забойства ў саборы» (паст. 1958), «Клітэмнестра» (паст. 1965); балетаў; 2 сімфоній (1914, 1940); канцэртаў для інстр. з арк.; камерна-інстр. ансамбляў; хораў; музыкі для пастановак п’ес Г. Д’Анунцыо, Эсхіла, Сафокла, У.Шэкспіра, К.Гальдоні і інш. Аўтар кн. «Грэчаская музыка», «Сучасная музыка» (абедзве 1914), «Паганіні» (1940) і інш.
Літ.:
Богоявленский С. Итальянская музыка 1-й половины XX в.: Очерки. Л., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́ЙЗасн. і адкрыты ў 1926 у г. Полацк у будынку Полацкага Сафійскага сабора, з 1937 у памяшканні б. лютэранскай кірхі 19 ст. Музей зберагаў стараж. рукапісы, калекцыю зброі, выданні 16—18 ст., слуцкія паясы і інш. У Вял.Айч. вайну калекцыя разрабавана. У 1948 музей аднавіў работу як абл. краязнаўчы, з 1954 раённы, з 1985 філіял Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Пл. экспазіцыі каля 550 м², 869 экспанатаў асн. фонду (2000). У экспазіцыі знаходкі з археал. помнікаў Полаччыны (крамянёвыя і каменныя прылады працы, керамічны посуд, шыйная грыўні, жаночыя ўпрыгожанні, манеты ВКЛ і Рэчы Паспалітай, бурштынавыя вырабы з Прыбалтыкі, візантыйскія рэчы са смальты і інш.), зброя і адзенне часоў вайны 1812, матэрыялы пра падзеі часоў грамадз. вайны. Этнагр. матэрыялы прадстаўлены экспазіцыяй «Куток бел. хаты канца 19 — пач. 20 ст.», нар. вырабамі ткацтва, ганчарства, пляцення і дрэваапрацоўкі. З 1997 працуе стацыянарная выстаўка, прысвечаная гораду-пабраціму Фрыдрыхсгафену (Германія). Самастойны раздзел экспазіцыі — Полацкі музей баявой славы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУ́ДКІН (Марк Ісаакавіч) (13.9.1898, г. Клін Маскоўскай вобл. —25.9.1994),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1961). Герой Сац. Працы (1989). Скончыў школу 2-й Студыі Маск. маст.т-ра (1920). З 1918 удзельнічаў у спектаклях гэтай Студыі і Маскоўскага Маст.т-ра. З 1924, у трупе Маск. маст.акад.т-ра (з 1989 Маск. маст.акад.т-ра імя А.Чэхава). Выконваў вострахарактарныя, сатыр. і камедыйныя ролі. Майстар пераўвасаблення. Стварыў шэраг драм. і глыбока псіхал. вобразаў. Сярод роляў: Дульчын, Круціцкі («Апошняя ахвяра», «На ўсялякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Шабельскі («Іванаў» Чэхава), Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Шарвінскі («Дні Турбіных» М.Булгакава), Вронскі («Ганна Карэніна» паводле Л.Талстога), Фёдар Карамазаў («Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага), князь Абрэзаў («Жывы труп» Л.Талстога), Фігаро («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ), Хмелік («Сола для гадзінніка з боем» О.Заградніка). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1949. Дзярж. прэмія Расіі 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУДО́ЎКІН (Усевалад Іларыёнавіч) (28.2.1893, г. Пенза, Расія —30.6.1953),
расійскі кінарэжысёр, акцёр, тэарэтык кіно; адзін з заснавальнікаў сав. кінематаграфіі. Нар.арт.СССР (1948). Скончыў Маскоўскі ун-т (1914), у 1922—24 вучыўся ў Дзяржкінашколе. Першыя пастаноўкі — «Шахматная гарачка» (1925, разам з М.Шпікоўскім) і «Механіка галаўнога мозга» (1926). Стварыў этапную для сав. кіно трылогію: «Маці» (1926), «Канец Санкт-Пецярбурга» (1927), «Нашчадак Чынгісхана» (1928) з драм. масавымі сцэнамі, паэт. вобразамі, псіхал. распрацоўкай характараў. Сярод інш. фільмаў: «Просты выпадак» (1932), «Дэзерцір» (1933), «Перамога» (1938), «Мінін і Пажарскі» (1939, з М.Долерам), «Сувораў» (1941), «Адмірал Нахімаў» (1947), «Жукоўскі» (1950, з Д.Васільевым), «Вяртанне Васіля Бортнікава» (1953). Выступаў і як кінаакцёр. Распрацаваў сістэму работы з акцёрам і непрафес. выканаўцам паводле сістэмы К.Станіслаўскага. Аўтар кн. «Кінарэжысёр і кінаматэрыял», «Кінасцэнарый. Тэорыя сцэнарыя» (абедзве 1926), «Акцёр у фільме» (1934). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947, 1951.