ПЛАЦІ́Н (Plōtinos каля 205, Лікопаль, Егіпет — 270),

старажытнагрэчаскі філосаф, паслядоўнік філас. ідэй Платона і заснавальнік неаплатанізму. Вучыўся ў Амонія Сака ў Александрыі. З 244 у Рыме, выкладаў філасофію. На падставе выбраных платонаўскіх тэкстаў распрацаваў уласную сістэму філас. поглядаў, у цэнтры якой паняцце аб неспасціжным і невыразным боскім першаадзіным пачатку ўсяго існага; яго ён называў дабром і параўноўваў з сонцам. Прынцыпу дабра супрацьпастаўляў прынцып зла, што ўвасабляецца ў цёмнай і пазбаўленай выгляду матэрыі, якая служыць ніжэйшай мяжой усёй структуры быцця. Структуру быцця падзяляў паводле крытэрыяў «там» і «тут». У такой форме супрацьпастаўляюцца сапраўды існае, розум у якасці адзінага самаст. стваральніка «першавобразаў», з аднаго боку, і «тутэйшы свет», дзе выступаюць толькі падабенствы, — з другога. Адначасова сцвярджаў, што толькі пачуццёвы космас знаходзіцца ў пэўным месцы, а свет, які спасцігаецца розумам, — усюды. У зямной частцы універсуму пастаянна адбываецца ўзнікненне і знікненне; вечны характар маюць усе праявы зла (узаемазнішчэнне жывёл і людзей, войны, злачынствы і г.д.). Але ў аснове зямнога свету ляжыць разумны план, які ідзе ад бога, а чалавечая душа заўсёды захоўвае магчымасць адысці ад усяго «тутэйшага» і вярнуцца да свайго сапраўднага прызначэння, якое П. бачыў у развіцці духоўных сіл і ўзыходжанні да першаадзінага, г.зн. да бога. У поглядах П. ёсць элементы містычнай дыялектыкі. Яго філас. вучэнне — пачатак апошняга этапа ў працэсе развіцця ант. філасофіі. Фрагментарныя запісы П. пасмяротна выдадзены яго вучнем Парфірыем, які падзяліў іх на 6 аддзелаў, а кожны аддзел — на 9 частак (адсюль назва ўсіх 54 трактатаў П. — «Энеады», г.зн. «Дзевяткі»).

Літ.:

Лосев А.Ф. История античной эстетики: Поздний эллинизм. М., 2000;

Яго ж. словарь античной философии: Избр. ст. М., 1995.

В.​І.​Боўш.

Плацін.

т. 12, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУ́ЦКІ ПАХО́Д 1711,

баявыя дзеянні рас. арміі ў час. рус.-тур. вайны 1710—13, якія адбываліся на тэр. падвасальнага Турцыі Малд. княства, пераважна ў даліне р. Прут (адсюль назва). 24.4.1711 Расія заключыла з малд. гаспадаром Дз.Кантэмірам дагавор аб ваен. саюзе і ўваходжанні Малдовы ў рас. падданства. 7 чэрв. рас. конніца ген.-фельдмаршала Б.​П.​Шарамецева ўвайшла ў Малдову, дзе паўсюдна пачаліся антытур. паўстанні. Кантэмір абвясціў пра саюз з Расіяй і збор малд. войска для вайны з Турцыяй, перадаў рас. войскам 25 тыс. галоў жывёлы, аднак з прычыны неўраджаю не здолеў забяспечыць іх хлебам. Да 6 ліп. рас. армія на чале з царом Пятром I сканцэнтравалася каля г. Ясы, але 29 чэрв. тур. армія вял. візіра Балтаджы-пашы (каля 120 тыс. чал., 440 гармат) перайшла на левы бераг Дуная, дзе злучылася з 70-тысячнай конніцай крымскага хана Дэўлет-Гірэя. Пётр I накіраваў у тыл туркам 7-тысячны конны атрад ген. К.​Э.​Рэнэ, які 18 ліп. ўзяў на Дунаі крэпасць Брэілу, а сам на чале гал. сіл (38 тыс. рускіх, 5 тыс. малдаван на чале з Кантэмірам, 114 гармат) накіраваўся на Пд правым берагам Прута. 20 ліп. рас.-малд. армія пасля шэрагу баёў была акружана каля с. Нов. Станілешты ў некалькі разоў пераважаючымі тур.-тат. сіламі. Рас. войскі адбілі атакі тур. янычараў, але недахоп боепрыпасаў і харчавання прымусіў Пятра I звярнуцца да тур. вял. візіра з прапановай заключыць мір (заключаны 23 ліп.). У выніку рас. войскі атрымалі права свабодна выйсці з Малдовы (разам з імі краіну пакінулі Кантэмір і некалькі тыс. малдаван); Расія вярнула Турцыі Азоў, ліквідавала крэпасці і флот на Азоўскім м. Гл. Руска-турэцкія войны 17—19 ст.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 13, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСЕЎДАРУ́СКІ СТЫЛЬ, рэтраспектыўна-рускі стыль,

перайманне стараж.-рус. ці нар. рус. узораў у архітэктуры і маст. прамысловасці 19 ст.; умоўная назва некалькіх эклектычных кірункаў у рус. архітэктуры.

Зараджэнне П.с. ў рус. архітэктуры звязана з пашырэннем у 1830-я г. культавых збудаванняў у т.зв. рус.-візант. стылі, які запазычыў шэраг кампазіц. прыёмаў і дэкар. матываў візант. архітэктуры («узорныя праекты» цэркваў арх. К.​А.​Тона). Увасабляў ідэю афіц. праваслаўя пра пераемнасць паміж Расіяй і Візантыяй; карыстаўся дзяржаўнай падтрымкай. Другі кірунак, для якога характэрна выкарыстанне матываў стараж.-рус. архітэктуры, узнік пад уплывам рамантызму і славянафільства (пабудовы арх. А.​М.​Гарнастаева). У пач. 1870-х г. узнік новы, дэмакр. варыянт П.с. з нар. драўлянага дойлідства і разьбы (пабудовы В.​А.​Гартмана, І.​П.​Рапета). Напачатку быў пашыраны ў архітэктуры драўляных выставачных павільёнаў і невял. гар. дамоў, потым і ў манум. каменным дойлідстве.

На Беларусі пашыраны з канца 1870-х г. у культавых будынках (Аршанская Ільінская царква, Барысаўскі Васкрасенскі сабор, Гомельская капліца, цэрквы Барысаглебская ў Магілёве, Брацкая ў Брэсце, Уладзімірская ў в. Чыжэўшчына Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл. і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. з рысамі П.с. ўзведзены Магілёўскага настаўніцкага інстытута будынак, Магілёўскай гарадской управы будынак, будынак абл. драм. тэатра ў Магілёве, б. даходныя дамы па вуліцах Суворава ў Віцебску, Савецкай у Гомелі і Гродне, жылыя дамы па вул. Скарыны ў Полацку і інш. У вонкавым абліччы будынкаў значную ролю адыгрывалі каларыстычнае вырашэнне і арх.-дэкар. трактоўка фасадаў, якая дасягалася сродкамі майстэрскай цаглянай муроўкі.

В.​М.​Чарнатаў.

Да арт. Псеўдарускі стыль. Уладзімірская царква ў в. Чыжэўшчына Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобл.
Да арт. Псеўдарускі стыль. Будынак абласнога драматычнага тэатра ў Магілёве.

т. 13, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РЫ́МСКІЯ ДЗЯЯ́ННІ»,

«Рымскія гісторыі» («Gesta Romanorum»), сярэдневяковы зборнік дыдактычных і псеўдагістарычных аповесцей, навел, прытчаў; помнік перакладной бел. л-ры 17 ст. Складзены, відаць, у Англіі ў 13 ст. на падставе зах.-еўрап., ант. і блізкаўсх. крыніц. Паводле агульнага характару, літ. структуры твораў, спосабаў апавядання і прынцыпаў адлюстравання рэчаіснасці блізкі да «Вялікага зярцала».

У самых поўных рэдакцыях змяшчае каля 180 твораў, частка іх звязана з рымскімі падзеямі і героямі (адсюль назва). Прызначаўся пераважна для выхаваўчых мэт, хоць у зборніку нямала белетрыстычнага матэрыялу для займальнага чытання. У канцы кожнага твора падаюцца маралізатарскія тлумачэнні-павучанні, некат. з выразнай рэліг, афарбоўкай. Зборнік паўплываў на ўсю сярэдневяковую і рэнесансавую л-ру Зах. Еўропы; яго сюжэты, вобразы, прытчы выкарыстоўвалі і пісьменнікі (Дж.​Бакачыо, Вальтэр, Ф.​Шылер, У.​Шэкспір і інш.). На бел. мове вядомы 2 рукапісы «Р.дз.»: Магілёўскі (1688, дэфектны, без канца) і Ціханравава (1729). У першым 36, у другім 39 твораў. Паводле свайго складу бел. пераклад адносіцца да найб. стараж, рэдакцый. У бел. зборніках змешчаны не толькі павучальныя гісторыі-прытчы і легенды (як ілюстрацыі да зместу маральных правіл паводзін людзей: пра няверную жонку, чалавечую няўдзячнасць, пра справядлівасць і высакароднасць, пра спакусы д’ябла, страшны суд і г.д.), але і папулярныя творы сярэдневяковай л-ры «Жыціе Аляксея, чалавека божага», «Жыціе Яўстафія Плакіды», скарочаная рэдакцыя ант. рамана «Гісторыя пра Апалона Цірскага» і інш. У мове бел. перакладу нямала архаізмаў і русізмаў, хоць непасрэднай крыніцай для яго, найб. верагодна, паслужыў польскі тэкст.

Публ.: Римские деяния. СПб., 1877—78.

Літ.:

Пташицкий С.Л. Средневековые западноевропейские повести в русской и славянских литературах. I. Истории из Римских деяний. СПб., 1897.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 13, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́МБА (скарочаная назва рус. тэрміна «самбо» — самозащита без оружия),

від спарт. барацьбы, асновай якога з’яўляюцца найб. эфектыўныя прыёмы з розных нац. відаў барацьбы.

Узнікла у СССР у 1930-я г. З 1966 прызнана міжнар. відам спорту. Чэмпіянаты свету і Еўропы праводзяцца з 1972. Паядынкі адбываюцца на круглым дыване дыяметрам 9 м, у розных узроставых групах і вагавых катэгорыях. Пры барацьбе ў стойцы дазваляюцца падножкі, падсечкі, абвівы, кідкі праз грудзі і праз спіну, захопы ног рукамі; пры барацьбе лежачы — утрыманні саперніка на спіне і болевыя прыёмы на суставы рук і ног. Паядынак працягваецца 6—8 мін без перапынку. Перамога даецца за кідок саперніка на спіну ці за перавод яго на болевы прыём. Найб. развіта С. ў Балгарыі, Беларусі, Вялікабрытаніі, ЗША, Іране, Іспаніі, Расіі, Японіі і інш.

На Беларусі развіваецца з 1936—37. Першы чэмпіянат Беларусі адбыўся ў 1949, асабіста-камандныя пяршынствы праводзяцца з 1952. Бел. федэрацыя барацьбы С. існуе з 1968. У 1975 і 1992 у Мінску адбыліся чэмпіянаты свету па С., у 1995 — чэмпіянат Еўропы. Зборная каманда Беларусі — сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (1994), Еўропы (1994, 2000). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся чэмпіёны свету і Еўропы Н.​Багіраў, Я.​Далінін (1992, 1995), В.​Данілаў (1992, 1993, 1994), І.​Казанцава (1992, 1993), В.​Казлоўская (1991, 1993, 1994, 1995, 1996, 2000), Т.​Масквіна (1994, 1995, 2000), С.​Селіханава (1992, 1993, 1995, 1996), К.​Сямёнаў (2000), М.​Цыпандзін (1992, 1994), В.​Юркевіч (1996).

Побач са спарт. С. існуе яго баявы раздзел — самаабарона ад нападу няўзброенага і ўзброенага праціўніка і дзеянні ў адказ (прыёмы абяззбройвання, затрымання, суправаджэння і інш.), які ўваходзіць у сістэму баявой падрыхтоўкі ў арміі і спец. баявых фарміраваннях.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 14, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ноч, ‑ы; мн. ночы, начэй, начам, ночы, начамі, начах; ж.

Частка сутак ад захаду да ўсходу сонца, з вечара да раніцы. Да позняй ночы. Глухая ноч. □ Вечар і ноч прайшлі ў канчатковай падрыхтоўцы абароны. Брыль. Ноч выдалася зорная, цёплая. Якімовіч. З-за мяне маці не спіць цэлымі начамі. Бядуля.

•••

Белыя ночы — кароткія ночы на поўначы, калі вечаровы змрок непасрэдна пераходзіць у ранішняе світанне.

Палярная ноч — частка года за палярным кругам, на працягу якой не ўзыходзіць сонца.

Варфаламееўская ноч — масавае знішчэнне бязвінных людзей (назва ўзнікла пасля знішчэння гугенотаў католікамі ў Парыжы перад святам «святога Варфаламея» 24 жніўня 1572 г.).

Вераб’іная ноч — а) тое, што і рабінавая ноч; б) самая кароткая летняя ноч.

На ноч гледзячы гл. гледзячы.

Ноч у ноч — кожную ноч.

Рабінавая ноч — цёмная летняя ноч з громам, маланкай, праліўным дажджом або толькі з бесперапыннымі зарніцамі. Ноч была рабінавая: раз-пораз грымелі перуны, жахалі маланкі, па густым чарналессі шоргаў дождж. Сабаленка. — Бываюць .. такія ночы, што дажджу няма, а бліскае з вечара да раніцы. Такія ночы ў нас называюць рабінавымі... Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сацыялі́зм, ‑а, м.

1. Першая фаза камуністычнай фармацыі — грамадскі лад, які ў выніку пралетарскай рэвалюцыі прыходзіць на змену капіталізму і характарызуецца грамадскай уласнасцю на сродкі вытворчасці, адсутнасцю эксплуатацыі чалавека чалавекам, палітычнай уладай працоўных мас пры кіруючай ролі рабочага класа на чале з марксісцка-ленінскай партыяй. Утварэнне і росквіт брацкага саюза савецкіх народаў служыць самым пераканаўчым доказам таго, што толькі сацыялізм адкрывае адзіна правільны шлях да пераадолення варожасці і недавер’я паміж нацыямі, да ўвасаблення ў рэальным жыцці гуманістычнага прынцыпу людзей працы: чалавек чалавеку, народ народу — друг, таварыш і брат. Машэраў.

2. Вучэнне аб пабудове сацыялістычнага грамадства. Навуковы сацыялізм.

3. Назва розных дробнабуржуазных і буржуазных вучэнняў аб рэформе капіталістычнага грамадства на аснове ўраўняльнасці або згладжвання антаганістычных супярэчнасцей. Народніцкі сацыялізм. Хрысціянскі сацыялізм.

•••

Развіты сацыялізм — заканамерная ступень сацыяльна-эканамічнай сталасці сацыялістычнага ладу, калі завяршаецца перабудова ўсёй сукупнасці грамадскіх адносін на ўнутрана ўласцівых сацыялізму калектывісцкіх пачатках.

Сусветная сістэма сацыялізма гл. сістэма.

Утапічны сацыялізм — дамарксаўскае вучэнне аб сацыялістычнай перабудове грамадства, якое выходзіла не з аб’ектыўных законаў развіцця, а з абстрактных уяўленняў аб ідэальнай будове грамадства.

[Ад лац. socialis — грамадскі.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

све́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Палачка з тлушчавага рэчыва з кнотам усярэдзіне, якая служыць для асвятлення. Стэарынавая свечка. □ Куча саломы ляжала ў адным куце, у другім — гарэла самаробная васковая свечка. Шамякін. Шура чыркнуў запалку і паднёс трапяткі жоўты агеньчык спачатку да Валодзевай свечкі, пасля запаліў сваю. Арабей.

2. Адзінка вымярэння сілы святла. Увечары ў новай Пракопавай хаце ярка гарэла вялікая электрычная лямпачка — у сто пяцьдзесят свечак. Ермаловіч.

3. Медыцынскі прэпарат у выглядзе тлушчавай палачкі, які выкарыстоўваецца пры лячэнні гемарою і пад. Гемараідальныя свечкі.

4. Назва некаторых прыстасаванняў для запальвання гаручай сумесі. Запальныя свечкі рухавіка.

5. (звычайна з дзеясл.: «даць», «рабіць»). Вертыкальны пад’ём, узлёт уверх (мяча, самалёта і інш.). Футбаліст даў свечку. □ Урга злёгку, пужаючы, даў свечку. Потым апусціўся на пярэднія ногі і затанцаваў. Караткевіч. // у знач. прысл. све́чкай. Проста ўверх, вертыкальна. Мяч час ад часу свечкай узлятае над сеткай. Даніленка.

•••

Ні богу свечка, ні чорту качарга — пра пасрэднага чалавека, які не вызначаецца здольнасцямі да чаго‑н.

Прыйсці свечкі тушыць гл. прыйсці.

Са свечкай не знойдзеш гл. знайсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

убо́р, ‑у, м.

Убранне, адзенне; строі. Часам гаспадыні бывае лепш. Тады яна злазіць з печы, адкрывае каваныя скрыні, выцягвае адтуль свае уборы. Асіпенка. [Сяргей з Таняй] спыніліся каля палаткі з дзявочымі ўборамі. Машара. Выходзіць Домна Іванаўна — маці паэта, вясковая кабета ў простым чысценькім уборы. С. Александровіч. // Адзенне, убранне, прызначанае на якія‑н. пэўныя акалічнасці. Шлюбныя уборы. □ Усе леснікі былі ўжо ў зборы, у лепшым стражніцкім уборы: У новых куртках са шнурамі, А на грудзінах са знакамі. Колас. // Тое, што і галаўны ўбор. Дождж, я верыў, дабрадзей, І чакаў яго штодзень. Дачакаўся І — на двор, З галавы здымаю ўбор. Калачынскі. // Якое‑н. упрыгожанне або дадатак да ўбрання чаго‑н. Хоць гаспадар і ўздыхнуў па ім [кані], ды зняў сядло з уборам залатым. Дубоўка. // Пра тое, што ўпрыгожвае сабою што‑н. (лісце, снег, іней і пад.). Бярозы былі ў прыгожым уборы, на ветры трапяталася зялёнае, з ружовым адценнем лісце. Гурскі. Пахіліліся галіны пад белым уборам. Лынькоў. Мне на плечы ніцыя акацыі Сыплюць свой пялёсткавы ўбор. Шымук.

•••

Галаўны ўбор — агульная назва рэчаў, якія надзяваюцца на галаву (шапкі, капелюшы і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ла́да 1 ’каханы (каханая), любы (любая), мілы (мілая)’ (ТСБМ), ’муж’ (паўд.-усх., КЭС), ’(згодна з нашай міфалогіяй) выдатная багіня прашчураў, жонка бога Сонца і маці бога Ярылы’ (КЭС, лаг.), зах.-бран. ’нялюбы муж’. Укр. лада ’старажытнаславянская багіня’, ладо‑ладо! ладі‑ладі! ’прыпеў у фальклорных песнях’, ’мужык’, ’жонка’, ладува́ти ’спяваць вясельныя песні’; рус., ст.-рус. лада ’муж, жонка’, ладо, ладый ’мілы, каханы каханая’, ц.-слав. ладо ’каханы’; польск. łado! łado! ’прыпеў у вясельных песнях’ (Любліншчына, Холмшчына), ст.-польск. łado ’вокліч, назва бога’ (XV ст.), в.-луж. łado ’распусніца’, ст.-чэш. lada ’цнатлівая дзяўчына’, магчыма, і славен. lada ’крык’, lado gnati ’лямантаваць, хныкаць’, ládati ’спяваць’ (гл. Куркіна, Этимология–1976, 22), серб.-харв. ла̏да ’паэтычная назва замужняй жанчыны’, ла́дати ’спяваць напярэдадні вясенняга Юр’я, ідучы ад хаты да хаты: łado (m)oj, lado le, lȃdo, lȃdole — прыпеў у народнай песні, балг. лада ’другая дачка ў сям’і, што (у вясельнай цырымоніі) ідзе за вадой, з якой пасля варожачы дастае пярсцёнак’. Прасл. lada звязана з ladъ > лад (гл.) асноўным значэннем ’адпаведны, роўны, згодны’ (Крэчмер, Glotta, 30, 91–92; Фасмер, 2, 447; Слаўскі, 4, 420–421). Нельга згадзіцца з Махэкам₂ (317), які ўслед за Полакам (LF, 70, 27) адносіць слова да ліку чарнаморскіх, малаазіяцкіх. Выпадковае падабенстваз авар. tladi, λadi ’жанчына’ (Лідэн, KZ, 56, 223; Трубяцкой, BSL, 23, 199–200); Будзімір (RJAZU, 309, 97) звязвае прасл. lada са ст.-грэч. Λήτα, Λητώ, лац. Latōna, этрус. Voltumnus і інш. — усе з і.-е. *veldh‑ ’валодаць, панаваць’ > *vlāhā. Міклашыч (159) лексему lada звязвае з такімі, як чэш. láska ’каханне’, ladný, слав. lagoda, лац. Latōna, лік. lada ’пані’. Самая новая этымалогія ў Трубачова (История терм., 99–101) — з і.-е. *al‑ ’расці’, *al‑dho‑s ’які вырас’. Гл. таксама этымалогію да лада: Menges, Oriens, IX, 1956, 86–94.

Ла́да 2 ’прыгатаванне’ (КЭС, лаг.). Рэгіянальнае ўтварэнне ад ладзіць ’рыхтаваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)