ЛЁВІ ((Loewi) Ота) (3.6.1873, г. Франк фурт-на-Майне, Германія — 25.12.1961). аўстрыйскі фізіёлаг і фармаколаг. Д-р медыцыны (1896). Скончыў Страсбурскі ун-т (1906). У 1909—38 праф. ун-та ў г. Грац (Аўстрыя),
з 1940 праф.мед. каледжа Нью-Йоркскага ун-та. Адзін са стваральнікаў тэорыі хім. перадачы нерв. ўзбуджэння. Устанавіў механізм рэгулявання дзейнасці сэрца з дапамогай фізіялагічна актыўных рэчываў — медыятараў. якія ўтвараюцца ў нерв. канцах клеткі — сінапсах. Высветліў ролю ацэтылхаліну ў перадачы нерв. імпульсаў. Нобелеўская прэмія 1936 (разам з Г.Дэйлам).
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі. Д-рбіял.н., праф. (1962). Скончыў азербайджанскія ун-т (1945) і мед.ін-т (1949). З 1971 у Бел. ін-це фіз. культуры (прарэктар і заг. кафедры), у 1978—93 у Бел.пед. ун-це. Навук. працы па механізме нейрагумаральнай рэгуляцыі адаптыўнага гамеастазу на аснове вывучэння функцыян., структурных і абменных працэсаў у розных органах і тканках арганізма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ДВІГ ((Ludwig) Карл Фрыдрых Вільгельм) (29.12.1816, г. Вітцэнгаўзен, Германія — 24.4.1895),
нямецкі фізіёлаг, стваральнік школы фізіёлагаў. Скончыў Марбургскі ун-т (1839), працаваў у ім (з 1846 праф.). З 1849 праф. ун-та ў г. Цюрых (Швейцарыя), з 1855 — Ваенна-мед. акадэміі ў Вене. З 1865 узначальваў Ін-т фізіялогіі ў г. Лейпцыг. Прапанаваў фіз. тэорыю мочааддзялення, адкрыў сакраторныя нервы слінных залоз, даследаваў дзейнасць сардэчна-сасудзістай сістэмы, газаабмен. Адкрыў цэнтраімклівы нерв, які адыходзіць ад дугі аорты, паказаў яго ролю ў рэгуляванні дзейнасці сардэчна-сасудзістай сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ЗАВО́Д МЕТАЛІ́ЧНЫХ ВЫ́РАБАЎ.
Створаны ў 1932 у Магілёве як арцель-металакамбінат прамкааперацыі па вытв-сці метал. посуду і чыгуналіцейных вырабаў шырокага ўжытку. Арцель складалася з цэхаў: ліцейнага, метызнага, дахавазагатовачнага, рамонтна-мех. і па вырабе канькоў. З 1965 ложкавы з-д, з 1971 з-дтэхн. аснасткі, з 1981 з-д металавырабаў (у склад яго ўвайшоў Клімавіцкі з-д металавырабаў). З 1993 ВА «Ольса». Асн. прадукцыя (1999): мэбля (на аснове металапрофіляў з палімерным пакрыццём) для адпачынку, навуч. і мед. устаноў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РТРАП ((Northrop) Джон Хоўард) (5.7.1891, г. Іонкерс, ЗША — 27.5.1987),
амерыканскі біяхімік, адзін з заснавальнікаў прыкладной энзімалогіі. Чл.Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1949). Скончыў Калумбійскі ун-т (1912). У 1915—62 у Ракфелераўскім ін-це мед. даследаванняў. Працаваў таксама ў Гарвардскім, Калумбійскім, Іельскім, Прынстанскім, Каліфарнійскім ун-тах. Навук. працы па хіміі ферментаў. Вылучыў у крышт. форме ферменты: хіматрыпсін, пепсін і трыпсін, а таксама адзін з вірусаў і дыфтэрыйны антытаксін. Даказаў бялковую прыроду ферментаў. Нобелеўская прэмія 1946 (разам з У.М.Стэнлі і Дж.Б.Самнерам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУАЗЁЙЛЬ, Пуазёй (Poiseuille) Жан Луі Мары (22.4.1799, Парыж — 26.12.1869), французскі ўрач і фізік. Чл.Франц.мед. акадэміі (1842). Вучыўся ў Політэхн. школе ў Парыжы. Навук. працы па фізіялогіі дыхання, дынаміцы кровазвароту, малекулярнай фізіцы і гідраўліцы. Выкарыстаў ртутны манометр для вымярэння крывянога ціску ў жывёл (1828). Эксперыментальна ўстанавіў закон выцякання вадкасці (гл.Пуазёйля закон). У гонар П. названа адзінка дынамічнай вязкасці — пуаз.
Літ.:
Воларович М.П. Работы Пуазейля о течении жидкости в трубах // Изв. АНСССР. Сер. физ. 1947. Т. 11, № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЧЭСТЭР (Rochester),
горад на ПнУ ЗША, у штаце Нью-Йорк. Засн. ў 1854. 216,9 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 1 млн.ж. (1998). Трансп. вузел, порт на воз. Антарыо і канале Эры. Вядучы цэнтр краіны па вытв-сці фота- і кінатэхнікі. Прам-сць оптыка-мех., радыёэлектронная і прыладабуд., у т. л.вытв-сць капіравальнага і паліграф. абсталявання, мед. інструменту, ЭВМ, электронна-аптычных і аптычных прылад, кантрольна-вымяральнай апаратуры; паліграф., харч., швейная. Развіты таксама станкабудаванне, вытв-сцьпрамысл. абсталявання, аўтамаб. дэталяў і вузлоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬНЕАЛО́ГІЯ (ад лац. balneum лазня, купанне + ...логія),
раздзел курарталогіі, які вывучае мінер. воды і іх лячэбна-прафілакт. выкарыстанне. Падзяляецца на бальнеатэрапію, бальнеаграфію, бальнеатэхніку; цесна звязана з інш.мед. і біял. дысцыплінамі.
Першыя працы па бальнеалогіі вядомы з 5 ст. да нашай эры (Герадот, Гіпакрат). Пачатак навук. бальнеалогіі ў 17—18 ст. даў ням. вучоны Ф.Гофман. У Расіі вывучэнне мінер. крыніц пачалося з 1717. Першым дапаможнікам па бальнеалогіі была кніга рус. хіміка Г.І.Геса, які вывучаў хім. састаў і дзеянне гаючых водаў Расіі (1825).
На Беларусі даследаванні па бальнеалогіі вядуцца з 1920-х г. у Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 1924), мед. ін-тах. Выяўлены радовішчы лек.мінер. водаў Беларусі. Вывучаны іх хім. састаў і мікрафлора, колькасць арган. рэчываў, даказана лек. эфектыўнасць сульфатна-кальцыевых і кальцыева-магніевых, сульфатна-хларыдных і натрыева-кальцыевых мінер. водаў (Д.А.Маркаў, Н.І.Аляксейчык, П.В.Астапеня, В.М.Ізуткін, М.Ф.Казлоў, Э.С.Кашыцкі, Л.М.Толстых-Чарнецкая, Ц.А.Каган, М.Г.Эранасьян і інш.). Распрацаваны ўмовы і спосабы выкарыстання іх на курортах Беларусі, у бальнеалячэбніцах бальніц, паліклінік, тэхналогія разліву хларыдна-натрыевых водаў Мінская № 3 і Мінская № 4, вызначаны паказанні да лячэння бел.мінер. водамі ў спалучэнні з кліматам, сапрапелямі, торфам. Працягваюцца комплексныя даследаванні бальнеалагічных рэсурсаў рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРУСАЛО́ГІЯ (ад вірусы + ...логія),
медыка-біял. навука аб вірусах. Агульная вірусалогія вывучае прыроду вірусаў, іх будову, размнажэнне, біяхімію, генетыку, паходжанне і пашырэнне ў прыродзе. Мед., вет. і с.-г. вірусалогія даследуе патагенныя вірусы, іх інфекцыйныя ўласцівасці, распрацоўвае меры папярэджання, дыягностыкі і лячэння захворванняў, якія імі выклікаюцца.
Сфарміравалася ў канцы 19 ст. пасля адкрыцця рус. вучоным Дз.І.Іваноўскім (1892) віруса тытунёвай мазаікі. Былі вызначаны вірусы яшчуру (1898) і жоўтай ліхаманкі (1901), потым вірусы — узбуджальнікі шаленства, воспы, поліяміэліту, адру, герпесу. Сучаснай вірусалогіі вядома больш за 500 вірусаў, патагенных для чалавека і жывёл.
На Беларусі распрацоўка пытанняў вірусалогіі пачалася ў 1924 і звязана з вырабам і выкарыстаннем вакцын супраць воспы і шаленства. Асн.навук. цэнтры па мед. і ветэрынарнай вірусалогіі — Бел.НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, эксперым. ветэрынарыі, рыбнай гаспадаркі, БДУ і інш. Распрацаваны актыўныя злучэнні супраць вірусаў грыпу, энцэфаліту і інш., удасканалена сістэма аховы пры даследаванні патагенных узбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл (В.І.Вацякоў, П.Р.Рыцік, Э.У.Фельдман, Б.П.Савіцкі, І.І.Протас, М.А.Кавалёў, Л.М.Галаўнёў і інш.). Асаблівае значэнне набываюць праблемы вывучэння вірусаў, якія выклікаюць пухлінныя працэсы, латэнтных вірусных інфекцый і ВІЧ-інфекцыі.
Літ.:
Зуев В.А. Медленные вирусные инфекции человека и животных. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРО́РТ,
мясцовасць з прыроднымі лек. фактарамі (клімат, мінер. воды, гразі і інш.), умовамі іх мэтанакіраванага мед. і аздараўленчага выкарыстання, спец. прававым рэжымам эксплуатацыі. Для К. характэрны: высокая ступень даследаванасці прыродных лек. рэсурсаў, наяўнасць профільных збудаванняў і ўстаноў (мед. ўстановы, санаторыі, прафілакторыі, базы адпачынку, вода- і гразелячэбніцы, пітныя бюветы, пляжы і інш.), інфраструктура (транспартныя сувязі, сістэма быт. абслугоўвання і інш.). Адрозніваюць К. прыморскія, раўнінныя (у т. л. лясныя), горныя (у т. л. нізка-, сярэдне- і высакагорныя, адпаведна па вышыні 400—1000, 1000—2000 м і вышэй). Паводле лек. фактараў існуюць бальнеалагічныя курорты, гразевыя курорты, кліматычныя курорты, бальнеакліматычныя і бальнеагразевыя. Навук. асновы курортнай справы распрацоўвае і вывучае курарталогія.
Прататыпы сучасных К. вядомы з часоў Стараж. Рыма (на крыніцах мінер. вод, асабліва тэрмальных, узводзіліся капітальныя збудаванні для лек. выкарыстання). У 16—17 ст. пачалі разглядацца тэарэт. і практ. пытанні буд-ва, абсталявання і парадку выкарыстання К. і курортных устаноў. У 18—19 ст. развіваюцца еўрап. К. на камерцыйнай аснове, у пач. 20 ст. адкрылася большасць сучасных еўрап. К., у т. л. ў Расіі, Прыбалтыцы, на Каўказе. На Беларусі існуюць К. рэсп. і мясц. значэння: Бабруйск, Белае Возера, Белы Бераг, Горваль, Ждановічы, Лётцы, Нарач, Рагачоў, Ушачы, Чонкі (гл. адпаведныя арт.).