ПЕНДЖА́Б, Панджаб,

штат на ПнЗ Індыі, у паўн.-ўсх. частцы прыроднай і гіст. вобласці Пенджаб. Пл. 50,4 тыс. км². Нас. каля 25 млн. чал. (2000). Адм. ц.г. Чандыгарх, найб. гарады і эканам. цэнтры Амрытсар і Лудхіяна. Найб. развіта арашальнае земляробства. Асн. культуры: пшаніца, бавоўнік, цукр. трыснёг, рыс, бабовыя, ячмень, кукуруза, бульба, чай. Гадоўля буйн. раг. жывёлы, авечак і коз. Прам-сць: тэкст. (баваўняная, шарсцяная, шаўковая), харч. (цукр., чаеапрацоўчая), маш.-буд. (вытв-сць с.-г. інвентару), хімічная. Гідраэнергетычны комплекс Бхакра-Нангал. Саматужныя рамёствы: вытв-сць тканін, коўдраў, абутку, дываноў, вырабаў з металу, слановай косці, скуры. Транспарт чыг. і аўтамабільны.

т. 12, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІТ ((Pitt) Уільям Старэйшы) (15.11.1708, Лондан — 11.5.1778),

дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі, граф Чэтам. Адзін з лідэраў групоўкі «патрыётаў» (прыхільнікаў актыўнай калан. экспансіі) у партыі вігаў. З 1735 чл. парламента. З 1746 чл. урадаў Вялікабрытаніі. З 1756 лідэр вігаў у палаце абшчын, у 1757—61 фактычны кіраўнік урада. Адыграў значную ролю ў развязванні Сямігадовай вайны 1756—63, у выніку якой Вялікабрытанія захапіла амаль усе ўладанні Францыі ў Індыі і Паўн. Амерыцы. З-за канфлікту з каралём пайшоў у адстаўку. У 1766—68 прэм’ер-міністр кааліцыйнага ўрада. Чл. палаты лордаў з 1766 (пасля атрымання графскага тытула).

т. 12, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

казуары́на

(н.-лац. casuarina, ад малайск. kasuari = казуар)

дрэвавая або кустовая расліна сям. казуарынавых з лісцем, якое нагадвае пер’е казуара, пашыраная ў Аўстраліі, на Малайскім архіпелагу і ў Індыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

курку́ма

(н.-лац. curcuma, ад ар. kurkum)

травяністая расліна сям. імбірных, пашыраная ў Індыі і на поўдні Кітая, з карэння якой здабываюць жоўтую фарбу; выкарыстоўваецца як харчовая і лекавая.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

андракефалі́зм

(ад андра- + гр. kephale = галава)

стварэнне вобразаў міфічных істот з целам звера і галавой чалавека (сфінкс, кентаўр, сірэна) у мастацтве старажытнага Егіпта, Асірыі, Індыі, Кітая і сярэдневяковай Еўропы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

веда́нта

(санскр. vādānta = канец, завяршэнне Ведаў)

1) рэлігійна-філасофскае вучэнне ў Індыі, якое прапаведуе яднанне чалавечай душы з бажаством;

2) старажытнаіндыйскія філасофска-містычныя трактаты, якія змяшчаліся ў канцы Ведаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гамбі́р

(н.-лац. gambir, ад малайск. gambir)

пахучы экстракт 1, прыгатаваны з пэўнага сорту акацыі, якая расце ў Індыі і на Цэйлоне; выкарыстоўваецца ў медыцыне і для вырабу шкур.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВЕ́ЙЦМАН (Эзер) (н. 15.6.1924, Тэль-Авіў),

ваенны і палітычны дзеяч Ізраіля. Генерал. Пляменнік Х.Вейцмана. Вучыўся ў каралеўскім штабным каледжы ваен.-паветр. сіл, лётным вучылішчы ў Радэзіі, на авіяц. інж. курсах у Англіі. У 1942—46 служыў у брыт. арміі ў Егіпце і Індыі. У 1948—66 на камандных пасадах у ВПС Ізраіля, у 1966—69 у ген. штабе. З 1969 у адстаўцы. У 1969—70 міністр транспарту. У 1970—72 старшыня выканкома партыі «Херут». У 1977—80 міністр абароны. З 1984 лідэр партыі «Ягад», якая выступае за мір з арабамі. У 1988—90 міністр навукі і даследаванняў. З 1993 прэзідэнт Ізраіля.

т. 4, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКЛАЖА́Н (Solanum melongena),

шматгадовая агароднінная расліна сям. паслёнавых. Дзікарослы вядомы ў Індыі, дзе ўведзены ў культуру да нашай эры У Еўропе разводзілі пераважна як лек. расліну, з 18 ст. спажываюць у ежу. Вырошчваюць у тропіках і субтропіках; на Беларусі найбольш у паўд. раёнах Брэсцкай і Гомельскай абласцей.

Выш. да 1 м. Лісце простае, авальнае, зялёнае з фіялетавым адценнем. Кветкі фіялетавыя, пазушныя, адзіночныя або ў гронках. Плады — ягады, грушападобныя, круглыя або цыліндрычныя, фіялетавыя, жоўтыя з карычневымі палосамі, зялёныя, белыя; маюць цукры, бялкі, дубільныя рэчывы, вітаміны C, B1, PP. Цепла- і вільгацелюбівая расліна. У культуры аднагадовая, вырошчваецца расадай. У адкрыты грунт высаджваюць у канцы мая — пач. чэрвеня.

Баклажан.

т. 2, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАТЫ́ТАВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. агрэгаты, у якіх ёсць апатыт у колькасцях і формах, што адпавядаюць умовам прамысл. перапрацоўкі. Па колькасці фосфарнага ангідрыту P2O5 апатытавыя руды падзяляюцца на багатыя (больш за 18%), бедныя (5—8%) і збедненыя (3—5%). Па ўмовах утварэння вылучаюць эндагенныя (у масівах шчолачных магматычных парод), экзагенныя (радовішчы выветрывання) і метамарфізаваныя (пераўтвораныя) радовішчы. Найбольшае прамысл. значэнне маюць магматычныя радовішчы, звязаныя з масівамі нефелінавых сіенітаў (P2O5 16—19%). Апатытавыя руды выкарыстоўваюцца для вытв-сці мінер. угнаенняў, фосфарнай кіслаты, розных соляў, у металургіі, керамічнай, шкляной і хім. прам-сці. Найбольшыя запасы апатытавых руд у Рас. Федэрацыі. Бразіліі, ПАР, Фінляндыі, Угандзе, Нарвегіі, Зімбабве, Канадзе, Іспаніі, Індыі.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)