КРЫКА́ЛАЎСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва канца 18 — пач. 19 ст. Размешчаны на хутары Крыкалы ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. на левым беразе р. Заражанка. Створаны пры сядзібе, ад якой уцалелі 2 аднолькавыя драўляныя флігелі з мураванымі тарцовымі фасадамі ў стылі позняга класіцызму, клець і бутавы арачны мост. Парк пейзажнага тыпу (пл. каля 15 га) на перасечаным рэльефе, з ПдЗ абмежаваны дарогай Дунілавічы—Варапаева. На ўсх. ускраіне парку ландшафтная кампазіцыя з круглым вадаёмам. Маляўнічая гал. алея праходзіць паміж узгоркамі і завяршаецца штучнай круглай тэрасай, абсаджанай клёнамі. У парку пераважаюць мясц. пароды дрэў, ёсць экзоты.

А.​М.​Кулагін.

Крыкалаўскі парк. Схема планіроўкі.

т. 8, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЯСФЕ́РА (ад крыя...+ сфера),

перарывістая абалонка Зямлі ў вобласці ўзаемадзеяння атмасферы, гідрасферы і літасферы. Тэрмін «К.» прапанаваны польскім вучоным А.​Дабравольскім (1923). Характарызуецца адмоўнай або нулявой т-рай і наяўнасцю вады ў цвёрдай фазе або ў пераахалоджаным стане; для яе ўласцівы шматлікія крыягенныя ўтварэнні: сістэмы ледзяных воблакаў, снегавое, ледзяное і ледавіковае покрыва, наледзі, ледавікі гор, сезоннамёрзлыя глебы і горныя пароды з падземным лёдам. Ніжняя мяжа К. праходзіць па падэшве мёрзлых і ахалоджаных горных парод (да 4—5 км пад зямной паверхняй у Антарктыдзе, да 1,5—2 км у прыпалярных абласцях); у нізкіх шыротах К. выкліньваецца. Верхняя мяжа К. дасягае 100 км, уключае моцна ахалоджаную мезапаўзу.

т. 8, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПУСКА́ННЯ КАЭФІЦЫЕ́НТ асяроддзя,

адносіны інтэнсіўнасці выпрамянення, якое прайшло праз асяроддзе, да інтэнсіўнасці выпрамянення, якое падае на яго. Найб. пашырана выкарыстанне П.к. ў дачыненні да светлавых патокаў. τ =Φ/Φ0, дзе Φ і Φ0 — адпаведна светлавы паток, які прайшоў праз асяроддзе і які падае на яго паверхню. Значэнне П.к. цела залежыць ад яго памераў, формы і стану паверхні, а таксама ад вугла падзення, спектральнага складу і палярызацыі выпрамянення. Адрозніваюць П.к. накіраванага (выпрамяненне праходзіць праз асяроддзе без рассеяння), дыфузнага (асяроддзе рассейвае ўсё выпрамяненне, што падае на яго) і для змешанага (выпрамяненне часткова рассейваецца) прапускання. Вызначэнне П.к. — адно са светлавых вымярэнняў (гл. Фотаметрыя).

т. 13, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПТУ́ШКІ ЛЯЦЯ́ЦЬ»,

бел. нар. гульня. Кожны гулец павінен мець невял. прадмет — «зерне». Гульцы (8—20 чал.) выбіраюць вядучага — «старасту», кладуць зярняты ў адну лінію і на адлегласці 2—3 крокаў ад яе выстройваюцца ў шарэнгу спінай да «зярнят». «Стараста» праходзіць над «зярнятамі», непрыкметна забірае некалькі «зярнят», некат. перакладвае на інш. месца, адыходзіць ў бок і гаворыць: «П.л.». Усе хутка паварочваюцца, скачуць на адной назе да «зярнят» і хапаюць па аднаму. Выбывае з гульні той, каму не хапае «зярняці». Пасля гэтага астатнія гульцы змыкаюць шарэнгу, кладуць «зярняты» на месца, і гульня працягваецца. Перамагае той, хто схопіць апошняе «зерне».

Я.​Р.​Вількін.

т. 13, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

са́дніць, ‑ніць; незак.

Разм. Шчымець, даваць пякучы боль (у выніку ранення, раздражнення скуры, апёку і пад.). Міколку, аднак, было не да смеху, бо.. вельмі садніла параненая шчака. Лынькоў. Нарэшце такі боль пачаў праходзіць, хоць яшчэ і садніла спаленая кіслатой дзясна. Чарнышэвіч. // перан. Пра душэўныя пакуты. Нешта садніла сэрца ў Ганны, настрой дурны навяваўся на яе. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сасу́д, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Трубчасты орган у целе чалавека ці жывёлы, па якім цячэ кроў або лімфа. У целе кожнага дарослага чалавека маецца 160 мільярдаў капіляраў — драбнюткіх крывяносных сасудаў. Матрунёнак. [Хірург:] — Пашкоджаны мяккая тканка і крывяносныя сасуды. Рана запушчана, ёсць адзнакі гангрэны. Дудо.

2. У раслін — трубка, па якой праходзіць вільгаць з растворанымі мінеральнымі солямі і іншымі рэчывамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ад’ю́нкт

(лац. adiunctus = далучаны)

1) асоба, якая праходзіць навуковую стажыроўку; памочнік кіраўніка кафедры, прафесара, акадэміка ў некаторых краінах Зах. Еўропы і ў Расіі;

2) афіцэр, які займаецца ў ад’юнктуры.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

уплыва́ть несов.

1. плы́сці, плыць; (выплывать) выплыва́ць; (отплывать) адплыва́ць; (сплывать) сплыва́ць; (заплывать) заплыва́ць;

2. перен. (проходить, миновать), разг. прахо́дзіць, міна́ць, сплыва́ць;

3. перен. (исчезать, расходоваться), разг. сплыва́ць, зніка́ць; см. уплы́ть.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Казе́лкі ’кружкі ў «чапёлках» красён, па якіх праходзіць вяровачка і рухае ніты’ (Інстр. II). Калі дэфініцыя правільная, можна меркаваць аб субстытуцыі назвы кабылка, якая абазначае гэтыя і іншыя дэталі красён. Незалежная дэрывацыя ад казёл, казёлак менш верагодная па семантычных прычынах. Можна, аднак, дапусціць, што тут адлюстраваны выпадак адвольнага выбару тэрміна для дэталі, якая ў ліку іншых традыцыйна называецца рознымі дэрыватамі ад заонімаў і жорсткая прывязка тэрміна неабавязковая. Звяртае на сябе ўвагу другая назва рэаліі — качолкі, якая магла зрабіць уплыў на структуру разглядасмага слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыбу́на ‘ўзвышэнне для выступлення прамоўцы’, ‘месца, дзе праходзіць грамадская дзейнасць каго-небудзь’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘месца для выступоўца’ (Вруб.), трібу́на ‘тс’ (Бяльк.). Праз рускую ці польскую мовы запазычана з франц. tribune ці італ. tribuna, якое з с.-лац. tribuna ‘трон епіскапа’, а апошняе — з лац. tribūnal ‘вышэйшае, узнятае месца для абвяшчэння прамоў’, ‘трыбуна суддзі, правадыра’ < tribūnus ‘начальнік гарадскога квартала, які ў Старажытным Рыме называўся tribus ‘чыноўнік, народны трыбун’ (Чарных, 2, 262; Голуб-Ліер, 489; SWO, 1980, 779; ЕСУМ, 5, 634).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)