МЕДЫЯВІ́СТЫКА (ад лац. medius сярэдні + aevum век, эпоха),

галіна гіст. навукі, якая вывучае гісторыю сярэдніх вякоў, пераважна ў Зах. Еўропе. Гісторыю зах.-еўрап. краін пасля падзення Рым. імперыі асвятлялі сярэдневяковыя гіст. творы — гісторыі, хронікі, аналы, біяграфіі, агіяграфія, у аснове гіст. канцэпцыі якіх ляжаў хрысц. правідэнцыялізм. У 15—16 ст. італьян. гуманісты вылучылі гісторыю сярэдніх вякоў у асобны перыяд, указалі на сістэму феодаў і феад. раздробленасць як на яго характэрныя рысы. Гісторыкі эпохі Асветніцтва ўвялі ў навуку паняцце феадалізм, у 18 ст. вылучылі М. ў асобную гіст. дысцыпліну. На мяжы 18—19 ст. у зах.-еўрап. гістарыяграфіі ўзнікла «рамантычная» плынь, прадстаўнікі якой (Ю.​Мёзер, Ж. дэ Местр, Э.Бёрк і інш.) ідэалізавалі сярэдневякоўе, рацыяналізму асветнікаў проціпастаўлялі правідэнцыялізм. Вучоныя 1-й пал. 19 ст. (французы Ф.Гізо, А.​Цьеры, Ж.​Мішле, англічанін Т.Карлайл, немец В.​Цымерман і інш.) вывучалі пераважна паліт. падзеі, юрыд. нормы, дзейнасць выдатных асоб. У Расіі М. як навука склалася ў 1830—40-я г. (Ц.М.Граноўскі). Да паліт. кірунку ў рас. М. належалі П.​М.​Кудраўцаў, С.​В.​Яшэўскі, У.І.Гер’е, М.​А.​Асокін і інш. Яе сац.-эканам. праблемы вывучалі І.В.Лучыцкі, М.І.Карэеў, М.М.Кавалеўскі, праблемы культуры — М.​С.​Карэлін, Л.П.Карсавін і інш. Асн. кірункамі сусв. М. 2-й пал. 19 ст. былі паліт. (Ф.​Дан, Г. фон Зібель), гісторыка-прававы (Г.​Л.​Маўрэр, У.​Стэбс, Г.​Мэн) і пазітывісцкі (Н.​Д.​Фюстэль дэ Куланж, І.Тэн, Г.​Мано). Марксізм, які трактуе сярэдневякоўе як час панавання феадалізму і разглядае яго як адну з грамадска-эканам. фармацый, паўплываў на сав. медыявістаў 1920—80-х г. (Я.А.Касмінскі, М.П.Грацыянскі, А.​І.​Няўсыхін, С.​Д.​Сказкін і інш.) і некаторых еўрап. даследчыкаў. На ўзровень канцэптуальнага асэнсавання сярэдневякоўя М. вывелі франц. вучоныя М.Блок і Л.​Феўр, якія з 1929 выдавалі час. «Annales d’histoire économique et sociale» («Аналы эканамічнай і сацыяльнай гісторыі»), Склалася «Аналаў» школа, на базе якой аформілася некалькі плыней, у т. л. «татальная гісторыя» (Ж.​Ле Гоф), што вывучае матэрыяльную, духоўную, інтэлектуальную культуру і з’явы паўсядзённасці як адзіны комплекс, «гісторыя ментальнасцей» (Ж.​Дзюбі, У.​Раўльф), што арыентуецца на праблемы сац. псіхалогіі і светаўспрымання. Блізкія да іх сучасныя кірункі «новай сацыяльнай гісторыі» ў ЗША, Вялікабрытаніі і інш. краінах. У СССР падобныя даследаванні праводзілі М.М.Бахцін, А.​Я.​Гурэвіч, Ю.​Л.​Бяссмертны і інш.

У Беларусі навук. вывучэнне сярэдневякоўя вядзецца з 18 ст. На высокім узроўні выкладалася гісторыя сярэдніх вякоў у Віленскім ун-це. У 1756 з’явілася праца Ф.Папроцкага «Еўропа са старажытнейшых часоў». Сістэматычныя курсы па М. ў сярэдзіне 19 ст. склаў А.Здановіч. У 20 ст. цэнтрам даследаванняў па М. стала кафедра гісторыі стараж. свету і сярэдніх вякоў БДУ (у 1934—55 — кафедра гісторыі сярэдніх вякоў). З 1920-х г. школу бел. М. ўзначальваў У.М.Перцаў. Праблемы гісторыі каталіцкай царквы, пачатку рэфармацыі, вальнадумства ў сярэдневяковай Еўропе даследаваў Г.М.Ліўшыц. Сярэдневякоўе Чэхіі вывучала Н.​А.​Гусакова, міжнар. адносіны ў познім сярэдневякоўі — Ю.​Я.​Івонін. Сучасная бел. М. вызначаецца шырокім спектрам праблематыкі, разнастайнасцю метадалаг. падыходаў. Сац. адносіны ў сярэдневяковай Еўропе даследуюць В.​І.​Гарамыкіна і Я.​Р.​Рыер, гісторыю Візантыі і Польшчы — Л.​П.​Сушкевіч, гісторыю каталіцкай царквы — В.​А.​Фядосік, духоўную культуру ранняга сярэдневякоўя — І.​А.​Еўтухоў, сярэдневяковы побыт і ранні гуманізм — А.​Дз.​Смірнова, сярэдневяковую гісторыю Брытаніі — А.​І.​Малюгін, франкскай Дзяржавы — А.​М.​Сурта, праблемы Адраджэння — А.​П.​Вахніна. Пра вывучэнне гісторыі сярэдневяковай Беларусі гл. ў арт. Гістарыяграфія.

І.​А.​Еўтухоў, А.​А.​Прохараў, В.​А.​Фядосік.

т. 10, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНТАЛІТЭ́Т,

ментальнасць (ад лац. mens розум, мысленне), своеасаблівы спосаб мыслення, склад розуму асобнага чалавека або якой-н. супольнасці людзей. З’яўляецца праявай глыбінных пластоў свядомасці і падсвядомасці чалавека, асн. крыніцай яго веры, перакананняў, эмоцый і пачуццяў. Фарміруецца пад уплывам асаблівасцей гіст. шляху краіны, нар. традыцый, звычаяў і абрадаў, мовы, прыродна-кліматычных умоў; ён можа выступаць як фактар паскарэння гіст. прагрэсу і як прычына «адставання» або супраціўлення зменам у сац.-эканам. і паліт. сферах (т.зв. «інерцыя М.»). Прадстаўнікі розных гіст. эпох, краін, народаў, сац., канфесійных, этн., полаўзроставых супольнасцей маюць спецыфічны, унікальны М., хоць яго асобныя рысы могуць быць падобныя, а часам і амаль аднолькавыя. Структура М. ўключае ўяўленні аб прасторы і часе, чалавеку і яго стаўленні да розных з’яў грамадскага жыцця, аб праве, маралі, працы і сям’і, аб жыцці і смерці і інш. Вылучаюць розныя ўзроўні (індывідуальны і калектыўны) і разнавіднасці (нацыянальны, рэлігійны, бюракратычны, таталітарны, першабытны, сярэдневяковы, дзіцячы, афрыканскі, еўрапейскі і інш.) М.

Тэрмін «М.» пачаў выкарыстоўвацца ў англ. філасофіі 17 ст. (Ф.​Бэкан, Т.​Гобс, Дж.​Лок); у навуковы ўжытак уведзены амер. філосафам Р.У.Эмерсанам у 1856. Э.Дзюркгейм увёў паняцці «калектыўная свядомасць», «калектыўныя ўяўленні», «калектыўныя пачуцці» і паказаў, што сацыяльнае, калектыўнае выцякае не са свядомасці асобна ўзятых індывідаў, а з іх злучэння. З.Фрэйд адзначаў, што кожны асобны індывід у значнай ступені знаходзіцца пад уладай установак «масавай душы», якія праяўляюцца ў расавых асаблівасцях, саслоўных забабонах, грамадскай думцы і інш. К.Юнг распрацаваў канцэпцыю т.зв. «архетыпаў», пад якімі ён разумеў універсальныя мадэлі, што ўзнікаюць з «калектыўнага неўсвядомленага» і з’яўляюцца асн. зместам рэлігій, міфаў і легенд. Л.Леві-Бруль адрозніваў 2 тыпы М. — далагічны і лагічны, якія фіксуюць несувымернасць містычнага мыслення аўстрал. і афр. плямён з еўрап. традыцыяй рацыянальнага мыслення. Франц. гісторык Ж.​Лефеўр распрацаваў канцэпцыю «калектыўнай ментальнасці», што фарміруецца са стараж. часоў і асобныя рысы якой перадаюцца з пакалення ў пакаленне праз механізм гіст. памяці. Прадстаўнікі гіст. псіхалогіі (Л.​Феўр, І.​Меерсон, Р.​Мандру і інш.) зыходзілі з таго, што разумовыя ўстаноўкі і навыкі ўспрымання атрымліваюцца людзьмі ў спадчыну без яснага ўсведамлення гэтага працэсу.

М. беларусаў фарміраваўся на працягу стагоддзяў і набываў свае тыповыя рысы ў спецыфічных абставінах грамадскага і культурна-духоўнага жыцця. У стараж. перыяд для М. жыхароў Беларусі былі ўласцівы язычніцкі політэізм, абагаўленне зямлі, крыніц, нябесных свяціл, дрэў, камянёў і інш. прыродных з’яў (пантэізм), перакананне ў рэальным існаванні душы, злых і добрых духаў (анімізм), вера ў цудадзейную сілу асобных слоў, выразаў (вербальная магія), адчуванне непарыўнага адзінства паміж чалавекам і ўсёй навакольнай прасторай, містычныя погляды і інш. Пасля прыняцця хрысціянства адбывалася своеасаблівае перапляценне, узаемапранікненне двух тыпаў М. — язычніцкага і хрысціянскага, для якога былі характэрны монатэізм, уяўленні аб стварэнні Сусвету і чалавека па волі Божай, аб неабходнасці для выратавання душы выконваць спец. абрады, ушаноўваць святых, адзначаць рэліг. святы і г.д. Беларусам заўсёды было ўласціва імкненне гарманічна прыстасаваць працу і адпачынак да пэўных прыродна-сезонных цыклаў, пораў года (т.зв. каляндарны тып ментальнасці), высокая духоўнасць, надзвычайная талерантнасць (цярпімасць), патрыятызм, адносна высокі ўзровень рэлігійнасці, працавітасць, спагадлівасць і інш. Традыц. беларускі М. у сваіх асн. рысах доўгі час захоўваўся без істотных змяненняў. У 19—20 ст. пад уплывам сац.-эканам. і грамадска-паліт. абставін значнай частцы насельніцтва сталі ўласцівы заідэалагізаванасць, атэізм, нецярпімасць да іншадумства і інш. У сучасны перыяд у М. грамадзян Беларусі ўмацоўваюцца ідэі незалежнасці краіны, пабудовы дэмакр. грамадства, свабоднага развіцця і самасцвярджэння асобы.

Літ.:

Абдзіраловіч І. Адвечным шляхам: Дасьледзіны беларускага сьветагляду. Вільня, 1921;

4 выд. Мн., 1993;

Дубянецкі Э. Менталітэт беларусаў: спроба гісторыка-псіхал. аналізу // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1993. Кн. 2;

Яго ж. Таямніцы народнай душы. Мн., 1995;

История ментальностей, историческая антропология. М., 1996;

Беларуская думка XX ст.: Філасофія, рэлігія, культура: (Анталогія). Варшава, 1998;

Психология масс: Хрестоматия. Самара, 1998.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 10, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

стагна́ць, стагну, стогнеш, стогне; незак.

1. Абзывацца стогнам (у 1 знач.). Пятро стагнаў — [Саша] пяшчотна гладзіла яго рукі, шчокі, быццам хацела гэтак суцішыць боль. Шамякін. Палкоўнік доўгія хвіліны маўчаў, стагнаў і адпачываў ад сваёй нядаўняй гаворкі. Чорны. Ці то зламала, ці то вывіхнула нагу ў калене — не разабраць, але стогне і енчыць [бабка] так, што сэрца разрываецца... Васілевіч. // Утвараць працяглыя, нудныя крыкі або гукі, падобныя да стогну (пра птушак, жывёл). У травах стогнуць кулікі. Рудкоўскі. Недзе ў далёкай сажалцы стагналі жабы. Корбан. / у перан. ужыв. А тут і бура такая паднялася, што лес крышыўся і стагнаў. Колас. Не ціхне бура. Стогне лес... На ўсе лады віхура свішча!.. Чарот.

2. перан. Гаварыць роспачна, скардзіцца, наракаць. Максім пазіраў на парваны кажушок і ціха стагнаў: — Ай-яй-яй, браток, што гаспадар скажа. Асіпенка. [Рачкоўскі:] — Дрэнны той майстар, што, зрабіўшы якую няўдалую шкодную рэч — ці ў памылцы, ці праз недасканалае ўмельства сваё, — будзе клапаціцца над ёй, будзе ахаць,.. енчыць, стагнаць... Зарэцкі.

3. перан. Пакутаваць пад прыгнётам каго‑, чаго‑н. Хай бацькі стагналі ўчора, Йшлі на той свет без пары; Сёння ў нашай моцы гора, Мы жыцця гаспадары! Купала. Палалі гарады і вёскі, усё было ў агні, здавалася, чалавеку не было ніякага ратунку. Плакала, стагнала беларуская зямля. Гурскі. // Аддавацца працяглым гулам на ўдары, гусці пад цяжарам чаго‑н. Зернавы адчуў, як у твар яму дыхнула гарачай парай, кропелькамі вады. Адчуў, як дрыжыць зямля пад цяжарам вагонаў, як стогнуць рэйкі. Нядзведскі. Суткі стагнала зямля ад гармат. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. Аддзяліцца, адпасці. Каля берага [Макоўчык] нецярпліва пацягнуўся да галіны, але схапіў толькі кволы парастак з некалькімі клейкімі лісткамі. Парастак не вытрымаў і адарваўся. Мележ. Ноччу, калі ўціхамірылася і ўляглося ўсё на вуліцы, мы [палонныя] намацалі слабейшую ліштву, і яна лёгка адарвалася. Адамчык.

2. Аддзяліцца, адысці ад каго‑, чаго‑н. Постаць адарвалася ад крыжа і наблізілася да Колі. Пестрак. Таня кінулася насустрач. Прыпала да .. [Міколы], абхапіла рукамі за шыю і не магла адарвацца. Новікаў. // Аддзяліцца ад зямлі. Самалёт, падскокваючы, пабег па палянцы, а потым, нібы з вялікімі намаганнямі, адарваўся ад зямлі і павіс у паветры. Сабаленка.

3. Перастаць часова займацца чым‑н. па якой‑н. прычыне. Гуляючы з цацкамі на падлозе, .. [Міша] увесь час паглядаў на дарослых, — ці не адарвецца хто-небудзь з іх ад работы і ці не можна будзе з ім хоць трохі пагаварыць. Шахавец. Хлопцы разоў пяць прачыталі лістоўку і ўсё ніяк не маглі ад яе адарвацца. Якімовіч. [Міхал] адарваўся ад сваіх думак, падняўся, пайшоў.. [Мані] насустрач. Васілевіч.

4. перан. Страціць сувязь з кім‑, чым‑н., аддаліцца ад чаго‑н. [Гарнастай:] — Мне тут, хоць бы ты і хацеў, дык ніяк ад людзей не адарвешся. Навуменка. За гады вучобы.. [Лемяшэвіч] крыху адарваўся ад вёскі, не меў знаёмых старшынь калгасаў, а ў раманах, якіх ён перачытаў нямала, і ў кіно старшыні былі падобныя адзін на аднаго. Шамякін. Трымаліся.. [кветкі] пры самай зямлі, баючыся адарвацца ад яе цяпла. Вітка. Гэта была шчырая роспач маці, якая бачыць немінучую гібель свайго дзіцяці, калі яно адарвецца ад яе. Васілевіч. // Вызваліцца ад чаго‑н. Адарвацца ад уплыву старых традыцый.

•••

Сэрца адарвалася ў каго гл. сэрца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Бязладна пераплятаць (пра ніткі, валасы і пад.). Колы, рытмічна пагруквалі на стыках рэек, ветрык блытаў Люсіны валасы, але дзяўчынка як быццам не заўважала гэтага. Даніленка. Я люблю гэтыя далі, дзе ласкава-прыветнае сонца разлівае свой усмех і так пяшчотна праводзіць мяцёлачкаю праменяў па твары зямлі і лёгкімі ветрыкамі калыша .. зялёнае лісце, расчэсвае і блытае косы кучаравым хвоям. Колас.

2. Не цвёрда засвоіўшы, памыляцца. Запас маіх ведаў зусім небагаты. Гісторыю мне паўтарыць бы ізноў. Прызнацца, страшэнна я блытаю даты, Імёны ўсялякіх цароў, каралёў. Зарыцкі. Цяпер стары сядзеў моўчкі, злаваў на сваю слабую памяць, якая ўсё блытае. Самуйлёнак. // Рабіць не тое, што трэба.

3. Прымаць адно за другое. Дзве шасцігадовыя сястрычкі-блізняткі, Аніта і Лючыя, падобныя адна на адну так, што часам сама маці блытала іх, дапамагалі матцы.. гаспадарыць. Маўр. [Ладымер:] — Цераз цябе [Міхалючку] мяне з Паціеўскім блытаюць. Чорны.

4. Не цвёрда разбірацца ў чым‑н., памыляцца. Доўгі час Лабановіч блытае ў філасофскіх разважаннях, спадзеючыся знайсці агульны адказ на пытанне аб сэнсе жыцця. Пшыркоў. // Гаварыць нязвязна, збіваючыся. Гаварыў [Шмульке], заікаўся, нешта блытаў. Лынькоў. [Марыля] блытала словы, адказвала не тое, што трэба. П. Ткачоў. // Збіваць з панталыку, зводзіць у зман. Пракурор не меў прычын пытаннямі блытаць.. [сведак] і збіваць з панталыку. Машара. [Сцяпан:] — Усё добра было б, каб не блыталі нас з сяўбою розныя разумнікі. Пестрак.

5. Расстройваць, разладжваць. Блытаць планы.

6. Наўмысна ўскладняць, рабіць незразумелым. Ішлі [чужакі] невядома куды, Блыталі шлях, пятлялі. Калачынскі.

7. Умешваць каго‑н. у якую‑н. непрыемную справу. [Цётка Анця:] — Вашы справы вы ўладкоўвайце, як вам хочацца, але блытаць у гэта Зосю — не-э! Карпаў.

•••

Блытаць сляды — старацца адвесці падазрэнне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Не́вад ’вялікая рыбалоўная сетка, нерат’ (Некр. і Байк., БРС, ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’вялікая рыбалоўная сетка з двума крыламі і кулём пасярэдзіне’ (полац., З нар. сл.), не́вод ’самая вялікая перасоўная рыбалоўная аднасценная сетка з заходам’ (палес., Крыв., ТС), нэ́вуд ’тс’ (Бес.; пра распаўсюджанне назвы і рэаліі ў Беларусі больш падрабязна гл. Браім, Рыбалоўства, 48–49), укр. не́від, рус. не́вод, нёвод, польск. niewód, чэш. nevod, в.-луж. njewod, н.-луж. nawod, балг. на́вод, нъво́д, ст.-слав. неводъ ’рыбалоўная сетка’. Прасл. *nevodъ, паходжанне якога застаецца няясным; пры наяўнасці рус. пск. вод ’вельмі вялікі невад’, славен. дыял. vada ’доўгая рыбалоўная сетка з двума крыламі’, літ. vãdas ’сетка’, лат. vads ’вялікая сетка, крыло невада’, літ. vedė́ja ’рыбалоўная сетка, якую абслугоўваюць два чалавекі’ хутчэй за ўсё звязана чаргаваннем галоснага асновы з *vesti (< ved‑ti), параўн. згадку Пярвольфа аб наяўнасці ў балтыйскіх славян назвы рыбалоўнай сеткі невед (nyewede in vulgari vocatur, гл. Первольф, Германизация балт. славян. Спб., 1876, 113). Адмоўе тлумачыцца табуізацыяй назвы («каб рыбы не пазналі небяспечнага для іх прыстасавання», гл. Фасмер, 3, 55; Махэк₂, 398) ці непрадуктыўным словаўтваральным тыпам усходнеславянскіх назваў з не- для аб’ектаў, што падобныя да адпаведных ім аб’ектаў, але маюць прыкметныя адрозненні тыпу рус. кленне́клен ’Acer campestris’, егла ’ёлка’ ∼ негла (*неегла) ’лістоўніца’, тады водне́вод ’не надта вялікая сетка’ (Маркаў, ЭИРЯ, 8, 1976, 114–115). У рамках той жа этымалогіі тлумачацца аманімічныя формы балг. навод ’невад’ і ткацкі тэрмін ’прасоўванне нітак асновы праз бёрда’ — ад *navesti, у прыватнасці ’прыстасаванне, пры дапамозе якога рыбы накіроўваюцца ў сетку, лавушку’ (гл. Герай–Шыманьска, БЕ, 31, 1981, 49). Гл. таксама Шаур, SP, А 24, 33–37. Непераканальна Ільінскі, IF, 50, 1932, 59–62 (збліжэнне са сновать + суф. ‑од‑). Махэк₂ (398), улічваючы шырокае распаўсюджванне слоў тыпу паўн.-ням. Wate, швед. vada, fin. nuotta, эст. noot ’невад’, лічыць слова «праеўрапейскім», параўн. ват ’тс’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казе́лец1 ’расліна Ranunculus acer і пад.’ (БРС, Бяльк., Гарэц., Касп., Мядзв.), ’ветраніца’, ’расліна, якая мае ядавітыя ўласцівасці’ (стаўбц., Прышч. дыс.). Укр. козелець ’Ranunculus acer’, рус. козелец ’ровныя віды Ranunculus’. Звяртае на сябе ўвагу, што асноўныя фіксацыі слова з такім значэннем выяўлены на смал. і валаг. тэрыторыі, а спарадычныя фіксацыі такой назвы для некалькіх іншых, больш далёкіх раслін адзначаны і на іншай рускай тэрыторыі. Меркаваць аб украінскай тэрыторыі цяжка. У польск. мове kozielec адзначана ў XVI ст. для расліны Anemone ranunculoides, тое ж і рус. козелец, што можа азначаць другасны перанос (расліны, падобныя кветкамі і інш.). Чэш. дыял. kozelee, абазначае іншую расліну і матывацыя там (па паху карэнішча) іншая. Словаўтварэнне цяжка вытлумачыць, зыходзячы з бел. асноўнай формы з націскам на другім складзе, магчыма, гэта форма позняя. Слаўскі (3, 33) адзначаў, што польск. формы koziełek (ст.-польск., адзначаная прыблізна каля 1500 г.) — вынік кантамінацыі kozłek і kozielk; ст.-польск. koziełek суадносіцца са ст.-польск. koźlec ’казёл’; параўнаць зах.-слав. і ўсх.-слав. формы цяжка.

*Казе́лец2, козелец ’расліна сівец, Nardus stricta’ (лсльч., Нар. лекс.). Такія назвы, як бел. пясюк. чортава барада, укр. мичка, псяга, свинюх, щетячка, шерстянка, адназначна характарызуюць гэту цяжкую для касьбы траву. Да семантыкі параўн. яшчэ бел. казаваты ’пра цвёрдае валакно лёну ці пянькі’ (КЭС, лаг.), балг. козина ’поўсць казы, ваўка або іншай жывёлы’.

Казе́лец3 ’прырэчнае і наогул нізкае лугавое месца, дзе расце казелец Ranunculus Flammula’ (слаўг., Яшк.). Відавочна, да казелеці, аб падобным тыпе ўтварэння параўн. мохпрыбалоцце, балота’ падрабязней гл. Талстой, Геагр., 164–165.

Казе́лец4 ’хвароба ног, накшталт падагры’ (талач., Мядзв.). Рэгіянальнае ўтварэнне, назва суадносіцца з асновай казёл‑ і далей да каза (гл.), аб словаўтварэнні параўн. казелеці. Што датычыць семантыкі, то неабходна звярнуць увагу на больш шырока вядомае казінец ’хвароба ног у коней, пры якой нага згінаецца і становіцца падобнай на казіную’, якое адрозніваецца ад разглядасмага слова і больш празрыстай структурай і відавочнай семантыкай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАЙНА́,

вырашэнне сродкамі ўзбр. насілля эканам., нац., грамадска-паліт., рэліг., тэр. і інш. супярэчнасцей паміж дзяржавамі, народамі, нацыямі і сац. групамі. Гал. сродкі вядзення вайны — узбр. сілы, армія, інш. ваенізаваныя фарміраванні. Вайна, як правіла, вядзе да буйных чалавечых ахвяр, страты матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, разбуральна ўздзейнічае на грамадства.

У першабытнаабшчынным грамадстве ўзбр. сутыкненні родаў і плямён былі разнавіднасцю барацьбы за выжыванне. З узнікненнем дзяржавы як органа ажыццяўлення ўнутр. і знешняй палітыкі пануючых класаў вайна набыла грамадска-паліт. змест, што запатрабавала стварэння спец. атрада ўзбр. людзей — арміі. Узбр. насілле станавілася ўсё больш дзейсным сродкам узбагачэння, узмацнення эканам. і паліт. панавання, заняволення народаў. Як мера ў адказ на сац. насілле і эксплуатацыю барацьба заняволеных народаў нярэдка набывала форму грамадзянскай вайны або вызваленчай.

Войны класіфікуюць паводле вылучэння найб. істотных падстаў для іх развязвання. Найб. агульныя і найчасцей выкарыстоўваліся сац.-паліт., ваен.-тэхн., маштабныя (колькасныя), гіст. падставы. Паводле сац.-паліт. падстаў войны падзяляюць на роды, тыпы і віды, кожны з іх аб’ядноўвае пэўныя групы войнаў, якія маюць падобныя сац.-паліт. прыкметы. У сучаснай ваен. тэорыі пашыраны падзел войнаў на справядлівыя і несправядлівыя. Да справядлівых адносяць войны народаў за вызваленне ад эксплуатацыі і нац. прыгнёту або для абароны сваёй краіны ад агрэсіі; несправядлівыя войны накіраваны на задушэнне нац.-вызв. барацьбы, захоп чужых тэрыторый, заняволенне і рабаванне інш. народаў і г.д. Сіламі міжнар. рэакцыі падрыхтаваны і развязаны першая сусветная вайна 1914—18, самая вял. і кровапралітная ў гісторыі чалавецтва другая сусветная вайна 1939—45. Састаўной часткай апошняй была справядлівая Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. У перыяд навук.-тэхн. прагрэсу войны становяцца асабліва разбуральныя. Уступленне чалавецтва ў 2-й пал. 20 ст. ў ядзерны век істотным чынам змяніла змест войнаў, адносіны да іх сусв. супольніцтва. Пагроза ядзернай вайны паставіла перад чалавецтвам пытанне пра неабходнасць выключэння войнаў як сродку вырашэння любых міждзярж. і ўнутрыдзярж. спрэчак. Статут ААН замацаваў прынцып забароны вайны. У 1974 29-я сесія Генеральнай асамблеі ААН прыняла спец. рэзалюцыю «Аб вызначэнні агрэсіі», паводле якой для дзяржавы-агрэсара прадугледжана паліт. і матэрыяльная адказнасць, а асобы, вінаватыя ў планаванні, падрыхтоўцы і развязванні вайны (агрэсіі), нясуць крымін. адказнасць. Такая ж мера пакарання выкарыстана Нюрнбергскім і Такійскім міжнар. трыбуналамі ў 1945 у адносінах да ваен. злачынцаў фаш. Германіі і мілітарысцкай Японіі, якія развязалі 2-ю сусв. вайну.

Сац. і маральны прагрэс з’яўляецца гіст. перадумовай выключэння вайны з жыцця грамадства і ўсталявання трывалага міру і згоды на зямлі. Практыка міжнар. жыцця ўсё больш схіляецца да ідэі мірнага суіснавання, спынення гонкі ўзбраенняў, абмежавання, скарачэння і ліквідацыі назапашаных сродкаў вядзення вайны (гл. Раззбраенне). Ажыццяўляюцца меры па стварэнні матэрыяльных гарантый міжнар. бяспекі; паміж вядучымі дзяржавамі заключаны пагадненні па аслабленні пагрозы вайны. Падзеі канца 1980 — пач. 1990-х г.: аб’яднанне Германіі, спыненне супрацьстаяння блокаў ваенных пасля роспуску арганізацыі Варшаўскага Дагавора 1955, выступленне сіл шматнацыянальнай кааліцыі супраць анексіі Іракам Кувейта, супрацоўніцтва краін у рамках праграмы Арганізацыі паўночна-атлантычнага дагавора (НАТО) «Партнёрства дзеля міру» па спыненні грамадз. вайны ў Босніі і Герцагавіне і г.д., — зрабілі ўплыў на ўсю структуру сучасных міжнар. адносін, павысілі аўтарытэт і ролю ААН, АБСЕ, выявілі значэнне міжнар. супрацоўніцтва ў справе процістаяння войнам і агрэсіі. Аднак у розных рэгіёнах свету не затухаюць ваен. канфлікты, гінуць людзі, знішчаюцца матэрыяльныя і культ. каштоўнасці, а на ваен. падрыхтоўку затрачваюцца вял. сродкі.

Тэр. Беларусі з-за яе геагр. становішча неаднаразова на працягу апошніх стагоддзяў станавілася арэнай самых актыўных ваен. дзеянняў, якія прывялі да вял. матэрыяльных і людскіх страт (у 2-ю сусв. вайну Беларусь страціла каля 2,5 млн. жыхароў). Пасля набыцця незалежнасці і прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 у знешняй палітыцы Беларусі перш за ўсё замацаваны прынцыпы роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутр. справы інш. дзяржаў. Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай. Прапаганда вайны, паводле нац. заканадаўства, з’яўляецца злачынствам і праследуецца ў крымін. парадку.

Літ.:

Фуллер Дж.Ф. Вторая мировая война 1939—1945 гг.: Пер. с англ. М., 1956;

Вержховский Д.В., Ляхов В.Ф. Первая мировая война 1914—1918 гг. М., 1964;

Кибернетика, ноосфера и проблемы мира. М., 1986.

Г.​А.​Маслыка.

т. 3, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКІ́ (цюрк., удалец, вольны чалавек),

казацтва, 1) вольныя людзі — жыхары паўд. ускраін Усх. Еўропы ў канцы 15 — пач. 18 ст., потым асобае ваен. саслоўе ў Расійскай імперыі ў 18 — пач. 20 ст., якое валодала зямлёй пры ўмове абавязковай воінскай павіннасці. Утвараліся ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай са збеглых сялян, у т. л. з Беларусі, і пасадскіх людзей, што сяліліся ў нізоўях Дняпра, у т.зв. Дзікім полі. У сярэдзіне 16 ст. князь Дз.І.Вішнявецкі заснаваў Запарожскую Сеч. У сярэдзіне 17 ст. вярхі К. мелі намер ажыццявіць ідэю стварэння ўкр. дзяржавы з уключэннем у яе склад паўд.-ўсх. зямель Беларусі. Спробы рэалізацыі ідэі мелі месца ў час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54 і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З канца 15—16 ст. уздоўж Дона, Церака, Волгі і Урала ствараліся самакіравальныя абшчыны К. (як і ўкр., мелі выбарных атаманаў і кіруючы орган — старшыну). У канцы 17 — пач. 18 ст. яны падпарадкаваны рас. ўладамі; узнікла саслоўе К. (уключала К.-воінаў і іх сем’і). Найбольшай ваен.-адм. адзінкай К. было войска (стваралася і з рус. перасяленцаў для аховы межаў дзяржавы ў Сярэдняй Азіі, Сібіры і на Д. Усходзе). У пач. 20 ст. было 11 войскаў (Данское, Кубанскае, Арэнбургскае, Забайкальскае, Сямірэчанскае, Церскае, Сібірскае, Астраханскае, Усурыйскае, Уральскае, Амурскае), больш за 4,4 млн. К., у т. л. 474 тыс. на службе (1916). З 1874 К. адбывалі воінскую павіннасць ва ўзросце 18—38 гадоў і падзяляліся на падрыхтоўчы, страявы і запасны разрады, у 1909 тэрмін іх службы скарочаны на 2 гады; зброю, коней і амуніцыю К. набывалі за свой кошт. У грамадз. вайну К. падтрымлівалі пераважна «белы» рух. У 1920 казацтва ліквідавана як саслоўе, да 1936 служба К. у Чырв. Арміі абмежавана. З пач. 1990-х г. урад Рас. Федэрацыі робіць захады па аднаўленні самакіравання і культ. традыцый К.

2) Тып войска (пераважна лёгкая нерэгулярная конніца) у ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расіі і СССР. У войску ВКЛ і Рэчы Паспалітай К. — атрады ўкр. К., нанятыя на службу каралём і вял. князем, або наёмная конніца, узброеная «па-казацку» (шабля, піка, стрэльба, панцыр). Апошніх, у адрозненне ад запарожцаў, называлі «панцырнымі» К. (у 17 ст. складалі больш за палавіну конніцы Рэчы Паспалітай). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 дзейнічаў (1654—55) Бел. казацкі полк, сфарміраваны магілёўскім шляхціцам К.Паклонскім. У Расіі ў 14 — пач. 18 ст. былі і служылыя К. — вольныя людзі, якія за грошы або за права карыстання зямлёй неслі ваен. службу ў аддаленых раёнах краіны (гарадавыя К., вартавыя К.), як і стральцы, але мелі падначаленых ваяводам выбарных атаманаў. У той жа час падобныя служылыя К. былі і ў ВКЛ. У 16—17 ст. у баявых дзеяннях рас. войск удзельнічалі атрады вольных К. Пазней казацкія войскі выстаўлялі пэўную колькасць конных, пешых і артыл. часцей, каманды для паліцэйскай службы. Конны казацкі полк складаўся з 4—6 соцень, брыгада — з 2—3 палкоў. Пешыя (з 1842 пластунскія) падраздзяленні зводзіліся ў батальёны. У 1-ю сусв. вайну (да 1917) К. выставілі 164 конныя палкі, 54 артыл. батарэі, 30 пластунскіх батальёнаў, 179 асобных соцень і інш. (усяго 200 тыс. чал.). У 1920 як саслоўе скасаваны, адначасова праводзілася палітыка «расказачвання», якая суправаджалася рэпрэсіямі. 20.10.1936 ЦВК СССР адмяніў абмежаванні для службы К. у Чырв. Арміі. Перад Вял. Айч. вайной сфарміраваны казацкія кав. дывізіі, а ў вайну (снеж. 1941) — і карпусы. Ням.-фаш. войскі мелі ў сваім складзе конныя і пешыя «казацкія» часці з ваеннапалонных і добраахвотнікаў — ураджэнцаў казацкіх абласцей пераважна для барацьбы з партызанамі, у т. л. і на Беларусі. З пач. 1990-х г. урад Рас. Федэрацыі робіць захады па фарміраванні новых казацкіх часцей. Асобныя казацкія фарміраванні ўзнікалі стыхійна і ўдзельнічалі ва ўзбр. канфліктах на тэр. б. СССР (напр., у Прыднястроўі). Спробы стварэння невял. грамадскіх аб’яднанняў К. прадпрымаюцца ў 1990-я г. на Беларусі (напр., у Віцебску).

т. 7, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТР,

1) у вершаскладанні — абазначэнне меры верша — стапы з яе варыяцыямі, рытмавы ўзор; ідэальная схема чаргавання доўгіх і кароткіх складоў у антычным вершы (гл. Метрычнае вершаскладанне), націскных і ненаціскных у сілаба-танічным (гл. Сілаба-танічнае вершаскладанне). Адрозніваюць М. 2-складовыя (харэй, ямб) і 3-складовыя (дактыль, амфібрахій, анапест). Могуць быць адхіленні ад прынятай схемы: пропуск ненаціскных складоў (спандэй) або іх лішак (пірыхій), але метрычны закон у цэлым вытрымліваецца.

Тэрмінам М. абазначаюць і вершаваны памер — пэўную колькасць аднолькавых стоп у вершаваным радку і характар гэтых стоп (2-складовых і 3-складовых). Напр., верш Я.​Купалы «У вечным боры...» напісаны 4-стопным харэем (у кожным яго радку чатыры 2-складовыя стапы з націскам на 1-м складзе). У ант. вершы ў залежнасці ад колькасці паўтарэнняў пэўнага М. адрозніваюць манаметр (1 М.), дыяметр (2 М.), трыметр (3 М.), тэтраметр (4 М.), пентаметр (5 М.), гекзаметр (6 М.), гептаметр (7 М.) і актаметр (8 М.).

2) У музыцы — сістэма арганізацыі рытму, заснаваная на захаванні пэўнай меры ў адносінах велічыні рытмічных пабудоў. Гістарычна склаліся 2 асн. сістэмы М. — квантытатыўная (колькасная, складовалічыльная, часавымяральная), што будуецца на паўтарэнні пэўнай паслядоўнасці няроўных па часе долей (рытмаформулы), і акцэнтная (тактавая, якасная), заснаваная на заканамерным чаргаванні моцных і слабых (апорных і неапорных) аднолькавых па часавай працягласці долей.

Квантытатыўная сістэма характэрна для з’яў, дзе паэзія і музыка неаддзельныя; адзінка вымярэння тут — стапа. Акцэнтная вызначае распад пачатковага сінкрэтызму і ўсталяванне такта ў сучасным разуменні — як адзінкі ўласна музычнага М. Акцэнтны, або тактавы, М. бывае просты (2- і 3-дольны) і складаны (спалучэнне 2-, 3-дольных метрычных груп у 4-, 6-, 9-, 12-дольныя). Існуе і мяшаны М., створаны спалучэннем 2 і больш разнародных груп (5-, 7-дольны). Чаргаванне моцных і слабых долей фіксуецца тактавым памерам — фармальнай рытмічнай схемай, якая ў творы напаўняецца разнастайнымі рытмічнымі малюнкамі, індывідуалізуецца. Просты М. вызначаюць памеры 2/4, 3/4, 3/8, складаны — 4/4, 6/4, 6/8, 9/8, 12/8 і інш., мяшаны — 5/4, 7/4, 7/8 і інш. М. можа выяўляцца ў рэгулярнай і нерэгулярнай паслядоўнасці тактаў. Пры рэгулярным М. тактавая велічыня нязменна паўтараецца, што выяўлена ў пастаянным муз. памеры. Нерэгулярны М. бывае перыядычна-пераменны (з чаргаваннем тактаў 2/4, 3/4) і свабоднапераменны (без устаноўленага парадку). У бел. музыцы вуснай традыцыі квантытатыўная метрыка ў чыстым выглядзе ўласціва нар. песням найстараж. пласта, часткова карагодам і танцам, якія будуюцца на паўтарэнні розных для кожнага жанру пэўных рытмаформул. У фальклоры колькасная сістэма М. найб. устойлівая, звязана з асаблівасцямі нар. вершаскладання («Каля майго церама», «На нова лета», «Ці дома, дома сам пан гаспадар»), У познатрадыц. нар. творчасці квантытатыўны М. паступова ператварыўся ў акцэнтны, што абумоўлена зменай інтанацыйнага строю напеваў, у якіх павялічылася роля эмац. пачатку (выкрыкі, воклічы і інш.) і вырасла значэнне характэрных стылявых рыс канта. Адначасова колькасная сістэма М. часткова захоўвае сваё ўздзеянне. Невыпадкова ў сучасных запісах фальклору тактавая сістэма М. набывае характар т.зв. «народных тактаў» (тэрмін П.​Сакальскага), тактавыя рысы якіх паказваюць не месца акцэнту, а межы радкоў і такім чынам падпарадкоўваюцца законам нар.-песеннага вершаскладання. У выніку ўзнікае свабодна-пераменны М. На Беларусі фарміраванне акцэнтнай метрыкі адбывалася ў кантавай культуры (16—17 ст.). У прафес. музыцы нашага часу пад уплывам нар. творчасці розных гіст. пластоў на новым якасным узроўні адбываецца ўзаемапранікненне і ўзаемадзеянне абодвух тыпаў метрыкі. У вак. творах строгая метрычнасць часам парушаецца ў выніку гібкага руху за метрыкай паэт. тэксту. Падобныя з’явы пашыраны і ў інстр. музыцы, дзе свабодна-пераменны М. нярэдка выяўляе асаблівую маст. задуму. У сучаснай бел. музыцы рытм можа быць і свабодным ад М. (1-я ч. канцэрта для габоя і камернага арк. «Плач» Г.​Гарэлавай, і інш.).

Літ.:

Холопова В. Вопросы ритма в творчестве композиторов первой пол. XX в. М., 1971;

Яе ж. Русская музыкальная ритмика. М., 1983;

Харлап М.Г. Ритм и метр в музыке устной традиции. М., 1986;

Елатов В.И. Ритмические основы белорусской народной музыки. Мн., 1966.

Т.​Л.​Шчэрба, М.​В.​Шыманскі (музыка).

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)