ЛАТАРЫ́НГСКІ ЖАЛЕЗАРУ́ДНЫ БАСЕ́ЙН,

буйнейшы ў Зах. Еўропе рудны раён на паграніччы Францыі, Германіі, Бельгіі і Люксембурга. Пл. басейна каля 1100 км². Асадкавага паходжання. Руданосная пясчана-карбанатная тоўшча юрскага ўзросту, магутнасць 10—60 м, рудных пластоў — 1—13 м. Руды дробнааалітавыя, з гётыту, жалезістых хларытаў і сідэрыту. Агульныя запасы руд 15 млрд. т, дзе жалеза 31—32%. Здабыча падземным спосабам. Цэнтр здабычы — г. Мец (Францыя).

т. 9, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ДВІГСГАФЕН (Ludwigshafen),

горад на ПдЗ Германіі, зямля Рэйнланд-Пфальц. Размешчаны на левым беразе р. Рэйн; мостам злучаны з г. Мангейм і ўтварае прамысл. агламерацыю. 168 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт. Адзін з гал. цэнтраў хім. прам-сці краіны, у т. л. «БАСФ» — адна з буйнейшых у свеце хім. карпарацый. Прадпрыемствы машынабудавання (выпуск хім. абсталявання), шкляной і харч. прам-сці. Музеі.

т. 9, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСКО́ЎСКІ (Іосіф Тарасавіч) (1.4.1901, в. Прудок Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл. — 23.12.1946),

поўны кавалер ордэна. Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, удзельнік абароны Каўказа, вызвалення Украіны, Малдовы, Берлінскай аперацыі. Камандзір аддзялення мінамётнай батарэі ст. сяржант Л. вызначыўся: 25.8.1944 у баі за с. Бозіены Катоўскага р-на Малдовы; на тэр. Германіі 4.2.1945 у баі за г. Кюстрын; 28.4—1.5.1945 у баях за Берлін.

т. 9, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЎКО́Ў (Пётр Маркавіч) (1910, в. Аляксандраўка Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 31.3.1968),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, удзельнік баёў пад Масквой, вызвалення Беларусі, баёў у Польшчы, Германіі. Камандзір гарматы сяржант Л. вызначыўся: у чэрв. 1944 у час бою на шашы Орша—Магілёў; на тэр. Польшчы; у крас. 1945 на беразе р. Эльба. Пасля вайны на гасп. рабоце.

т. 9, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІТКЕ́ВІЧ (Рыгор Мікалаевіч) (6.5.1923, в. Дваранінавічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 18.10.1959),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну з 1941 на 1-м Бел. фронце. Камандзір стралк. аддзялення сяржант М. вызначыўся на тэр. Польшчы ў жн. 1944 у баях за плацдарм на левым беразе р. Вісла, на тэр. Германіі ў 1945 у лютым пры фарсіраванні р. Одэр і сак. ў баі за населены пункт.

т. 10, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЗЕЛЬ (франц. Moselle, ням. Mosel),

рака ў Францыі, Люксембургу, Германіі, левы прыток р. Рэйн. Даўж. 545 км, пл. бас. 28,2 тыс. км². Пачынаецца на паўд.-зах. схілах Вагезаў, б.ч. цячэння — у Рэйнскіх Сланцавых гарах. Асн. прыток — р. Саар (справа). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 290 м³/с. Суднаходная да вярхоўяў. Злучана каналамі з рэкамі Марна, Сона. На М. — гарады Нансі, Мец (Францыя), Трыр, Кобленц (Германія).

т. 10, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛ (PAL; Phase Alternatíon Line радок з пераменнай фазай),

адна з найб. пашыраных сістэм каляровага тэлебачання. Распрацавана ў Германіі (1963). Адрозніваецца ад сістэмы НТСЦ зменай фазы паднясучай у кожным наступным радку «чырвонага» канала на 180°. Мае зменшаную (у параўнанні з НТСЦ) адчувальнасць да дыферэнцыяльных (фазавых і амплітудных) скажэнняў. Прынята ў 93 краінах Зах. Еўропы, Азіі і Афрыкі і мае 6 версій (1990). Гл. таксама СЕКАМ.

т. 11, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЛІ́Н (Berlin),

горад, сталіца Германіі, яе гасп., навуковы і культ. цэнтр. Знаходзіцца на У краіны ў Брандэнбургскім Паазер’і на р. Гафель і яго прытоку р. Шпрэе. У адм. адносінах утварае асобную зямлю. Пл. 889,1 км², 3475 тыс. ж. (1994). 92% насельніцтва — немцы, жывуць таксама туркі, палякі, італьянцы, грэкі, выхадцы з б. Югаславіі. Падзяляецца на 23 акругі. 3 міжнар. аэрапорты: Тэмпельгоф, Тэгель (найбольшы), Шонефельд. Гал. вузел камунікацый на У краіны. З Берліна пачынаюцца 6 аўтастрад, 12 чыгунак, у т. л. міжнар. на Пд, З і У. Рачны порт на Гафелі, злучаны каналамі з асн. рачнымі сістэмамі і марскімі партамі краіны. Прамысловасць: эл.-тэхн. і электронная (з-ды фірмаў «Сіменс», «АЭГ», «Тэлефункен», «Осрам»), машынабуд. (вытв-сць трансп. сродкаў, энергет. абсталявання, вырабаў дакладнага машынабудавання), металургічная, паліграф., хім., фармацэўтычная, швейная, тытунёвая, касметычная, фотахім., гумавая. Шмат банкаў і інш. крэдытна-фін. устаноў. Метрапалітэн. Месца правядзення міжнар. кангрэсаў, з’ездаў, канферэнцый, выставак, кірмашоў. Турыстычны цэнтр.

Утварыўся каля 1230 з двух паселішчаў (Берлін і Кёльн). Гар. правы атрымаў у 13 ст. З 1359 член Ганзейскага саюза. З 1486 сталіца Брандэнбурга, з 1709 — Прусіі. Ун-т з 1810. Адзін з цэнтраў рабочага руху ў Германіі ў 1848—49. З 1871 сталіца Германіі. З канца 19 ст. буйны прамысл. цэнтр. Месца правядзення Берлінскага кангрэса 1878, Берлінскай канферэнцыі 1884—85 і інш. У 1-ю сусв. вайну адзін з цэнтраў антываен. рабочага руху. 9.11.1918 у Берліне абвешчана Германская рэспубліка. У 1920 да Берліна далучаны суседнія землі. Месца заключэння агрэсіўнага саюза Германіі з Італіяй і Японіяй (гл. Берлінскі пакт 1940). На заключным этапе 2-й сусв. вайны моцна разбураны. 2.5.1945 сав. войскі штурмам узялі Берлін (гл. Берлінская аперацыя 1945). 8.5.1945 у Берліне падпісаны акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі, 5.6.1945 — дэкларацыя аб вярх. уладзе ў Германіі ўрадаў саюзных дзяржаў: СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі. Войскі кожнай з іх занялі адну з 4 акупац. зон. У 1948 зах. дзяржавы ў сваіх зонах акупацыі правялі выбары ў гар. парламент Берліна, у сав. сектары быў утвораны асобны магістрат. 7.10.1949 тут абвешчана Германская Дэмакратычная Рэспубліка (ГДР) і Берлін (усх. частка) стаў яе сталіцай. З зах. сектараў утварылася асобная паліт. адзінка Заходні Берлін. Паміж Берлінам і Зах. Берлінам была ўстаноўлена граніца (напачатку адкрытая), у 1961 горад падзяліла Берлінская сцяна (дэманціравана ў 1989). Пасля аб’яднання ФРГ і ГДР у адзіную дзяржаву Берлін з чэрв. 1991 — сталіца Германіі.

Горад захаваў асобныя рысы сярэдневяковай радыяльна-кальцавой планіроўкі з нешматлікімі гатычнымі пабудовамі (цэрквы Марыенкірхе, каля 1260 — сярэдзіна 14 ст.; Клостэркірхе, каля 1290—1300). У 18—19 ст. Берлін забудоўваўся паводле рэгулярнай «шахматнай» сістэмы: распланаваны правільныя паводле контуру плошчы, шырокія вуліцы (Унтэр-дэн-Ліндэн), парадныя ансамблі і будынкі ў стылі барока (Цэйхгауз, цяпер Музей ням. гісторыі, 1695—1706, арх. І.​А.​Нерынг, А.​Шлютэр, Ж. дэ Бот) і класіцызму (Оперны т-р, 1741—43, арх. Г.​В.​Кнобельсдорф; палац прынца Генрыха, 1748—53, арх. І.​Боўман, з 1810 ун-т; Брандэнбургскія вароты, 1788—91, арх. К.​Г.​Лангханс; Драм. т-р, 1819—21; Стары музей 1824—28, усе арх. К.​Ф.​Шынкель); створаны цэнтр з урадавымі будынкамі (ратуша, 1861—69, рэйхстаг, 1884—94, арх. П.​Валат і інш.), забудаваны гандл., жылыя арыстакратычныя раёны. У 1900 — пач. 1930-х г. пабудавана шмат арх. комплексаў і аб’ектаў у духу функцыяналізму (арх. П.​Берэнс, Э.​Мендэльзон, Г.​Пёльцыг, В.​Гропіус, Б.​Таўт). Пасля 1945 горад рэканструяваны. Забудаваны жылыя кварталы, узведзены адм. будынкі, цэрквы, атэлі. Сярод найб. значных пабудоў: прамысл. выстаўка «Інтэрбаў» (1957, арх. Ле Карбюзье, А.​Аалта, О.​Німеер і інш.), т-р Шылера (1949—50, арх. Г.​Фёлькер, Р.​Гросэ), Амер. мемар. б-ка (1952—54, арх. Г.​Іобст, В.​Кроер, Г.​Віле, Ф.​Борнеман), зала Кантрэсгале (1957, арх. Х.​Стабінс), філарманічная зала (1964, арх. Г.​Шароўн), Нац. галерэя (1968, арх. Л.​Міс ван дэр Роэ), «Палац рэспублікі» (1976, арх. Г.​Графундэр) і інш., жылыя масівы Берлін-Ліхтэнберг, Берлін-Марцан (1980-я г.), грамадска-гандл. комплекс «Еўропа-Цэнтр» і інш. Адноўлены будынкі рэйхстага і палаца Бельвю. У Трэптаў-парку помнік воінам Сав. Арміі (1946—49, скульпт. Я.​Вучэціч, арх. Я.​Белапольскі), у парку Тыргартэн — помнік героям штурму Берліна ў 1945 (скульпт. Л.​Кербель, У.​Цыгаль).

Берлін — найбуйнейшы навук. і культ.-асв. цэнтр Германіі. АН і н.-д. ін-ты, 3 ун-ты (Берлінскі універсітэт імя Гумбальта, Свабодны, Тэхнічны), вышэйшыя школы (прыгожых мастацтваў, музычныя, эканамічныя, кінематаграфіі і тэлебачання). 2 абсерваторыі, 2 планетарыі. 70 тэатраў (у т. л. 3 оперныя), сімф. і камерныя аркестры, філармонія. 75 музеяў, у т. л. Дзярж. берлінскія музеі, Пергамон-музей, Музей ням. гісторыі, галерэя 20 ст. Штогадовыя міжнар. муз.-тэатр. фестывалі (з 1951).

Да арт. Берлін. Еўропа-Цэнтр.
Да арт. Берлін. Філарманічная зала. Арх. Г.​Шароўн. 1964.

т. 3, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНАГРА́ДАЎ (Павел Гаўрылавіч) (30.11.1854, г. Кастрама, Расія — 19.12.1925),

рускі гісторык. Акад. Пецярб. АН (1914) і шэрагу замежных акадэмій. Скончыў Маскоўскі ун-т (1875), працягваў гіст. адукацыю ў Германіі. З 1877 выкладчык Маскоўскага ун-та (з 1884 праф.). У 1901 выехаў у Вялікабрытанію, з 1903 заг. кафедры ў Оксфардскім ун-це. У 1908 вярнуўся ў Маскоўскі ун-т, захоўваючы пасаду ў Оксфардзе. У 1911 падаў у адстаўку ў знак пратэсту супраць звальнення шэрагу прафесараў. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў, у 1918 канчаткова пакінуў Расію. Выкладаў ва ун-тах Германіі, Бельгіі, ЗША, Індыі. Буйнейшы англазнавец, кіраўнік школы рус. і замежных гісторыкаў, якія вывучалі сац.-эканам. праблемы англ. сярэднявечча. У працах «Паходжанне феадальных адносін у лангабардскай Італіі» (1880), «Даследаванні па сацыяльнай гісторыі Англіі ў сярэднія вякі» (1887), «Віланства ў Англіі» (1892, на англ. мове) і інш. даследаваў генезіс феадалізму ў раманскіх і герм. краінах, эвалюцыю сял. абшчын у Англіі і інш. Публікаваў дакументы па агр. гісторыі Англіі з англ. архіваў. Аўтар падручнікаў па ўсеагульнай гісторыі для сярэдняй школы.

Тв.:

Средневековое поместье в Англии. СПб., 1911.

т. 4, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІТ (Барыс Уладзіміравіч) (н. 6.4.1910, С.-Пецярбург),

дзеяч бел. эміграцыі, амерыканскі вучоны. Д-р філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі (1982), акад. Міжнар. акадэміі астранаўтыкі ў Парыжы (1991). Скончыў Навагрудскую бел. гімназію (1928), Віленскі ун-т (1933). Працаваў настаўнікам, дырэктарам Віленскай і Навагрудскай бел. гімназій. За рэв. дзейнасць двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі. У 1939—41 выкладаў у Баранавіцкім настаўніцкім ін-це, працаваў інспектарам школ Баранавіцкай вобл. У 1943 з дазволу акупац. улад арганізаваў настаўніцкія семінарыі ў Маладзечне і Паставах, засн. Адм.-гандл ін-т у Маладзечне. З 1944 у Германіі, з 1948 у ЗША, дзе заснаваў бел. калонію ў Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі). Удзельнічаў у распрацоўцы амер. касм. праектаў, адначасова выкладаў у Мэрылендскім ун-це. З 1972 у Германіі, выкладаў у Гайдэльбергскім ун-це, філіяле Мэрылендскага ун-та ў г. Вісбадэн. Аўтар навук. прац па праблемах астранаўтыкі. Фундатар многіх эміграцыйных бел. выданняў, бел. радыё ў Аўстраліі.

Літ.:

Савік Л. Космас беларуса: Жыццяпіс Б.​У.​Кіта, асветніка, вучонага, патрыёта. 2 выд. Мн., 1998.

Сузор’е Кіт.

т. 8, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)