КАВАЛЯРО́ВІЧ ((Kawalerowicz) Ежы) (н. 19.1.1922, г.п. Гваздзец Івана-Франкоўскай вобл., Украіна),

польскі кінарэжысёр і сцэнарыст. Скончыў кінаінстытут (1946) і Акадэмію прыгожых мастацтваў (1948) у Кракаве. Дэбютаваў у кіно ў 1952. Сярод фільмаў: кінадылогія «Цэлюлоза» (у сав. пракаце «Дарогі жыцця») і «Пад фрыгійскай зоркай» (1954, паводле І.​Неверлі), «Маці Іаана ад анёлаў» (1961, паводле Я.​Івашкевіча), «Фараон» (1965, паводле Б.​Пруса), «Смерць прэзідэнта» (1977), «Карчма» (1982, паводле Ю.​Стрыйкоўскага), «Палоннік Еўропы» (1989, паводле Ю.​Данкоўскага). Дзярж. прэміі Польшчы 1954, 1966.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 7, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКЕ́ВІЧ (Мікалай Канстанцінавіч) (н. 5.5.1934, в. Дулебы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). Працуе ў пейзажным і быт. жанрах. Творы вылучаюцца багаццем і насычанасцю колеравай гамы: «Возера» (1962), «Па родных прасторах» (1963), «Свята песні» (1969), «Азёрныя далі» (1970), «Юнацтва» (1971), «Вясна на Гомельшчыне» (1972), «На Палессі» (1976), «Пасля дажджу» (1977), «На Прыпяці» (1978), «Блакітны красавік», «Над роднымі прасторамі» (абодва 1980), «Лета» (1982), «Свята на нашай вуліцы» (1984), «Рэквіем» (1987) і інш.

М.Казакевіч Юнацтва. 1971.

т. 7, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў (Аляксей Васілевіч) (25.2.1913, г.п. Лоеў Гомельскай вобл. — 6.6.1976),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Днепрапятроўскі чыг. тэхнікум (1932), Севастопальскую ваенна-авіяц. школу (1934). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40, зрабіў 57 баявых вылетаў. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Штурман звяна авіяэскадрыллі далёкай разведкі ст. лейтэнант К. зрабіў 247 баявых вылетаў, збіў 14 самалётаў праціўніка. 3.3.1944 яго самалёт быў збіты. Пасля ампутацыі ног К. працаваў інструктарам авіяц. вучылішча, з 1947 загадчык арганізаванай ім дзіцячай б-кі на радзіме.

А.В.Казлоў.

т. 7, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́ЎСКІ (Павел Паўлавіч) (н. 9.3.1942, в. Ваўкаўня Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. ваенны дзеяч. Ген.-палк. (1992). З 1994 ген.-лейт. Скончыў Ташкенцкае агульнавайсковае каманднае вучылішча (1965), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1974) і Генштаба (1987). Служыў у Сярэднеазіяцкай, Маскоўскай, Закаўказскай, Паўн.-Каўказскай ваен. акругах на камандна-штабных пасадах. З 1987 1-ы нам. камандуючага, з 1989 камандуючы 28-й агульнавайсковай арміяй у Гродне. З 1991 нач. штаба — 1-ы нам. камандуючага войскамі БВА. У 1992—94 міністр абароны Рэспублікі Беларусь.

т. 7, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЫ́РА (Аляксандр Аляксеевіч) (17.6.1943, в. Негрымава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 5.10.1997),

бел. хімік. Д-р хім. н. (1997). Скончыў БДУ (1965), дзе і працаваў, адначасова (з 1991) у НДІ фіз.-хім. праблем пры БДУ. Навук. працы па тэрмадынаміцы арган. рэчываў і сплаваў, эксперым. метадах хім. тэрмадынамікі, тэрмадынамічным аналізе працэсаў хім. тэхналогіі. Распрацаваў арыгінальныя методыкі вымярэння цеплаёмістасці і ціску насычанай пары арган. рэчываў.

Тв.:

Термодинамические свойства биурета в различных агрегатных состояниях (у сааўт.). // Журн. физ. химии. 1988. Т. 62, № 7.

т. 7, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́НІНСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКАМАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ.

Дзейнічала з ліст. 1941 да чэрв. 1942 у в. Калініна Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Падпольшчыкі (кіраўнікі І.​Ф.​Канцавой, Л.​М.​Кавальскі) прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, дапамагалі параненым чырвонаармейцам, трымалі сувязь з мясц. партыз. атрадамі, удзельнічалі ў дыверсіях на Гомельскім вагонарамонт. з-дзе і чыг. вузле. У чэрв. 1942 пры спробе падарваць эшалон ворага з жывой сілай падпольшчыкі арыштаваны: 4 з іх павешаны, 8 закатаваны ў гомельскай турме.

т. 7, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛУ́ГІН (Аляксей Савельевіч) (н. 15.10.1921, в. Чыстыя Лужы Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі, фізіялогіі спорту і спарт. медыцыны. Д-р мед. н. (1970), праф. (1973). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1952). З 1961 у Гродзенскім мед. ін-це. З 1971 у Гомельскім ун-це (да 1985 заг. кафедры). Навук. працы па лячэнні спайкавай хваробы брушыны, рэабілітацыі спартсменаў, фізіял. заканамернасцях адаптацыі арганізма да розных умоў жыццядзейнасці.

Тв.:

Еюнопликации. Мн., 1976;

За здоровьем и долголетием. Мн., 1983.

т. 7, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАРО́Ў (Леў Іванавіч) (н. 11.12.1938, в. Медны Руднік Пышмінскага р-на Свярдлоўскай вобл., Расія),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1986), праф. (1988). Скончыў БДУ (1960), дзе і працуе з 1963. Навук. працы ў галіне квантавай механікі і тэорыі кандэнсаванага стану рэчыва. Распрацаваў аператарны метад рашэння ўраўнення Шродынгера для квантавых сістэм.

Тв.:

Operator method for non-perturbative descriptiori of the quantum Systems (разам з І.​Д.​Феранчуком) // Quantum Systems: New trends and methods. Singapore etc., 1995.

П.​М.​Баранопрускі.

т. 7, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІ́НСКІ (Сямён Давыдавіч) (1861, г. Барзна Чарнігаўскай вобл., Украіна — 15.5.1939),

бел. вучоны ў галіне афтальмалогіі. Праф. (1923). Скончыў Кіеўскі ун-т (1889). З 1889 у Мінску, з 1890 чл. Т-ва мінскіх урачоў. У 1890—1920 урач-афтальмолаг, у 1923—39 заг. кафедры БДУ і Мінскага мед. ін-та. Нар. камісар аховы здароўя БССР (1920). Удзельнічаў у стварэнні вышэйшай мед. школы ў БССР. Навук. працы па вывучэнні трахомы і вочнага траўматызму. Аўтар падручнікаў па вочных хваробах.

Тв.:

Трахома. 3 выд. Мн., 1935.

т. 7, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАШЫ́,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 16 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,6 км², даўж. каля 1,1 км, найб. шыр. 880 м, найб. глыб. 5 м, даўж. берагавой лініі каля 4,2 км. Пл. вадазбору 18,5 км². Схілы катлавіны выш. 6—14 м, разараныя, на Пд параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, у залівах сплавінныя. Дно да глыб. 2 м пясчанае, ніжэй выслана сапрапелем. Упадае ручай з воз. Усомля, выцякае ручай у воз. Гомель.

т. 7, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)