МІРО́НСКІ (Аляксандр Васілевіч) (2.3.1899, с. Рускія Юрткулі Старамайнскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія — 31.8.1955),

расійскі рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Цэнтр. тэхнікум тэатр. мастацтва ў Маскве (1930). З 1932 працаваў у т-рах Бураціі, у пасляваен. гады ў Разанскім абл. т-ры. З 1948 у абл. драм. т-рах Беларусі: Магілёўскім, Брэсцкім (з 1949), Гродзенскім (з 1953). Рэжысура М. спалучала пед. прынцыпы выхавання акцёра з выразным пастановачна-відовішчным увасабленнем задумы спектакля. Сярод найб. значных пастановак: у Брэсцкім т-ры — «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «Авадзень» паводле Э.​Войніч (абодва 1949), «Калі зацвітаюць сады» В.​Палескага (1950), «Жывы труп» Л.​Талстога (1951), «Ветрык, вей!» Я.​Райніса (1952), «Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча (1953, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967); у Гродзенскім т-ры — «Марыя Цюдар» В.​Гюго (1954), «Нявольніцы» А.​Астроўскага (1955).

Б.​І.​Бур’ян.

А.В.Міронскі.

т. 10, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАЛА́П (Мікалай Пракопавіч) (28.4. 1886, Мінск — 29.12.1979),

бел. мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скончыў Цэнтр. вучылішча тэхн. малявання Штыгліца ў Пецярбургу (1915). Арганізатар і выкладчык керамічнага аддзялення пры Віцебскім маст. тэхнікуме (1925—29). З 1930 заг. аддзела керамікі НДІ прам-сці Беларусі. Адзін з арганізатараў і першы дырэктар Дзярж. карціннай галерэі Беларусі (1939—41; сучасны Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь). Пасля Вял. Айч. вайны працаваў заг. сектара маст. прам-сці Упраўлення па справах архітэктуры пры СМ Беларусі. Зрабіў значны ўклад у распрацоўку тэхналогіі керамічных матэрыялаў, у стварэнне эталонаў, а таксама арганізацыю фарфора-фаянсавай вытв-сці на Беларусі. Сярод твораў дэкар. маёлікавыя, фаянсавыя, фарфоравыя вазы («Бульба», 1954, і інш.), статуэткі («Дзяўчына з ільном», «Дзяўчына са сланечнікам», абедзве 1957), графічныя лісты, акварэлі («Дворык у пасёлку Краж», «Першы збор», «Нацюрморт»).

М.​Міхалап. Вазачкі для кветак. 1962.

т. 10, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ДЭЛЬ ((Model) Вальтэр) (24.1.1891, г. Гентын, Германія —21.4.1945),

германскі ваенны дзеяч. Ген.-фельдмаршал (1944). З 1909 у кайзераўскай арміі, удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1940 камандзір 3-й танк. дывізіі, з кастр. 1941—41-га танк. корпуса. У студз. 1942 — ліст. 1943 (з перапынкамі) камандуючы 9-й арміяй на Усх. фронце. У лют.сак. 1944 узначальваў групу армій «Поўнач», у крас.чэрв. 1944 — «Паўночная Украіна». Праводзіў тактыку «выпаленай зямлі», вызначаўся асаблівай жорсткасцю. 28.6.1944 як «майстар абароны і адступлення» прызначаны камандуючым групай армій «Цэнтр», каб спыніць наступленне сав. войск у ходзе Беларускай аперацыі 1944. Аднак герм. войскі на чале з М. панеслі вял. страты і найб. цяжкія паражэнні. 15.8.1944 адхілены ад пасады. З вер. 1944 камандуючы групай армій «Б» (у Францыі), якая была разгромлена ў ходзе Рурскай аперацыі 1945 і 18 крас. капітулявала, пасля чаго М. скончыў самагубствам.

т. 10, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ДЭНА (Modena),

горад на Пн Італіі, на Паданскай раўніне. Адм. ц. правінцыі Модэна. Каля 200 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: агульнае і трансп. машынабудаванне, у т. л. вытв-сць спарт. аўтамабіляў, трыкат., швейная, харчасмакавая, буд. матэрыялаў. Ун-т (з 1171), ваен. акадэмія. Акадэмія л-ры і мастацтва. Музеі. Арх. помнікі 11—17 ст.

У старажытнасці горад этрускаў. З 183 да н.э. рым. калонія Муціна. Заняпала ў выніку нашэсця варвараў. Уздым пачаўся ў 8 ст., калі М. стала рэзідэнцыяй епіскапаў і графаў. У 1167 увайшла ў Ламбардскую лігу, у 12 ст. атрымала правы камуны. У 1288—1860 пад уладай роду д’ Эстэ (з перапынкамі: у 1306—36 камуна, у 1510—27 пад уладай пап). У 1598—1860 цэнтр аднайм. герцагства. У 2-ю сусв. вайну (пасля акупацыі Італіі ням. войскамі) адзін з цэнтраў Руху Супраціўлення.

т. 10, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЛАДАЎСКІ ПАЛА́Ц.

Існаваў з канца 18 ст. да 1940-х г. у в. Моладава Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1798 паводле праекта арх. Ван-Гроса; меў рысы стылю ампір. Належаў Скірмунтам. Мураваны 1-павярховы прамавугольны ў плане на высокім цокалі будынак з 3 рызалітамі, накрыты вальмавым дахам. Сцены, аздобленыя рустам, завяршаліся антаблементам і карнізам на сухарыках. Цэнтр. рызаліт на гал. фасадзе вылучаны дарычным порцікам з 2 парамі калон і трохвугольным франтонам, на фасадзе, што выходзіў у парк, — 3-граннай галерэйкай з вальмавым пакрыццём. Бакавыя рызаліты на гал. і паркавым фасадах вылучаны 4-калоннымі порцікамі з трохвугольнымі франтонамі. Высокія прамавугольныя аконныя праёмы з франтончыкамі ў завяршэнні і скульпт. ўстаўкамі пад карнізамі. Каля палаца стаяў прамавугольны ў плане флігель з порцікамі на гал. фасадзе. Недалёка ад палаца размешчана Моладаўская капліца.

Ю.​А.​Якімовіч.

Моладаўскі палац. Фота 1920-х г.

т. 10, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́МАНТ у тэорыі імавернасцей, адна з лікавых характарыстык размеркавання імавернасцей выпадковай велічыні. Па вядомых М. размеркавання робяцца высновы аб імавернасцях адхілення выпадковай велічыні ад яе матэматычнага чакання. Для дыскрэтнай выпадковай велічыні X, якая прымае значэнні x1, x2 ... з імавернасцямі p1, p2, ..., М. парадку k вызначаецца па формуле E Xk = i=1 x i k p i (для неперарыўнай выпадковай велічыні сума замяняецца адпаведным інтэгралам). М. 1-га парадку наз матэм. чаканнем. Велічыня E ( X a ) k — М. парадку k адносна a, E ( X EX ) k — цэнтральным М. парадку k. Цэнтр. М. 2-га парадку E ( X EX ) 2 дысперсіяй (па падобнай формуле вылічваецца таксама момант інерцыі ў механіцы). Задача вызначэння размеркавання імавернасцей паслядоўнасцю яго М. наз. праблемай момантаў. Такая задача разглядалася П.Л.Чабышовым у даследаваннях па лімітавых тэарэмах тэорыі імавернасцей.

т. 10, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ГАДХА,

гістарычная вобласць і стараж. дзяржава на ПнУ сучаснай Індыі. Вядома прыкладна з 9—8 ст. да н.э. Сталіцы — гарады Раджагрыха і Паталіпутра (з 4 ст. да н.э., сучасная Патна). Паводле будыйскіх крыніц, у 7 ст. да н.э. М. была адной з 16 «вял. дзяржаў» Індыі. У 6—3 ст. да н.э. найб. эканамічна развіты раён Індыі. Значна пашырылася пры царах Бімбісары і Аджаташатру (6—5 ст. да н.э.). Была ядром імперый Нандаў (4 ст. да н.э.), Маур’яў (4—2 ст. да н.э.), Гуптаў дзяржавы (4—6 ст. н.э.). Нашчадкі Гуптаў правілі ў М. да пач. 8 ст. У 8—12 ст. у складзе дзяржаў Палау і Сенау. М. — буйнейшы эканам. і культ. цэнтр Стараж. Індыі, з ёю звязаны важныя этапы ў развіцці будызму і джайнізму. Да 10 ст. назва «М.» выйшла з ужытку.

т. 9, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ АРХІРЭ́ЙСКІ ПАЛА́Ц,

помнік архітэктуры позняга барока ў Магілёве. Узведзены ў 1762—85 паводле праекта арх. І.​К.​Глаўбіца. Уваходзіў у арх. ансамбль Магілёўскага Спаскага манастыра. З’яўляўся рэзідэнцыяй архіепіскапа Г.​Каніскага ў 1785—95 (па яго ініцыятыве пабудаваны), з 1797 — А.​Братаноўскага. Мураваны 3-павярховы будынак (3-і паверх — атыкавы ў цэнтр. частцы), прамавугольны ў плане з сіметрычнымі 2-павярховымі рызалітамі па баках, накрыты высокім ламаным дахам. Гал. і дваровы фасады маюць крывалінейныя пераходы да рызалітаў, прамавугольныя аконныя праёмы з ліштвамі, філянговыя нішы, тонкапрафіляваныя карнізы. Гал. ўваход вылучаны арачным парталам з казырком на металічных калонках. Пасля 1853 на тэр. архірэйскага двара як гал. ўезд пабудавана мураваная брама: 2 масіўныя пілоны, аздобленыя 2 дарычнымі паўкалонамі і завершаныя франтонамі; да іх паўкругам далучаны мураваныя слупы, аб’яднаныя ажурнай металічнай агароджай.

Т.​І.​Чарняўская.

Магілёўскі архірэйскі палац. Фрагмент.

т. 9, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗА́РАЎ (Сяргей Іванавіч) (14.10.1928, в. Барадзіно Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 11.8.1999),

бел. вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Акад. УАСГНІЛ (1988, чл.-кар. з 1982; з 1992 — Рас. акадэмія с.-г. навук), Акадэміі агр. навук Беларусі (1992). Д-р тэхн. н. (1972), праф. (1974). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1981). Скончыў БСГА (1953). З 1962 у Цэнтр. НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (у 1968—80 нам. дырэктара), у 1980—93 рэктар БСГА. Навук. працы па тэхніцы і тэхналогіі ўнясення мінер. і арган. угнаенняў, інш. праблемах механізацыі с.-г. вытв-сці. Пад яго кіраўніцтвам распрацавана больш як 20 с.-г. машын, якія выпускаюцца прам-сцю Беларусі.

Тв.:

Механизация обработки и внесение органических удобрений. Мн., 1993 (разам з В.​А.​Шаршуновым);

Механизация уборки и послеуборочной обработки семян кормовых культур и трав. Мн., 1997 (з ім жа).

С.І.Назараў.

т. 11, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РЫ,

старажытны горад-дзяржава ў 3—2-м тыс. да н.э. на сярэднім Еўфраце (цяпер узгорак Тэль-Харыры, Сірыя). Узнік у пач. 3-га тыс. да н.э. Першапачаткова быў населены хурытамі, пазней семітамі. Буйны цэнтр гандлю (пасрэднік паміж Месапатаміяй і дзяржавамі Міжземнамор’я і М. Азіі) і рамяства (вырабы з бронзы, ткацтва). Да 25 ст. да н.э. ваяваў з шумерскімі гарадамі. У 24—23 ст. да н.э. ў складзе дзяржавы з цэнтрам у г. Акад, у 22—21 ст. да н.э. — дзяржавы III дынастыі Ура. У канцы 21 ст. да н.э. самастойны, у пач. 18 ст. да н.э. пад уладай Асірыі. У 1758 да н.э. зруйнаваны вавілонскім царом Хамурапі. Раскопкамі (вядуцца з 1933) выяўлены палац 18 ст. да н.э., храм багіні Іштар, асобныя гар. кварталы, дзярж. архіў клінапісных дакументаў (больш за 20 тыс. таблічак) і інш.

т. 10, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)