НО́ТНАЕ ПІСЬМО́, натацыя (ад лац. notatio запісванне, абазначэнне),

сістэма графічных знакаў для запісу музыкі, а таксама сам запіс.

Узнікла ў старажытнасці. Першапачаткова перададзеныя па слыху мелодыі абазначаліся піктаграфічным спосабам (з дапамогай выяў) або на аснове алфавітаў, ідэаграфічнага (іерагліфічнага) пісьма і лічбаў (вызначалі ў асн. вышыню гукаў, зрэдку рытм). Найб. стараж. сістэмы натавання кітайская (1300 да н.э.), вавілонская (800 да н.э.), індыйская і грэч. (400 да н.э. — 400 н.э.). У сярэднія вякі для натавання літургічнай музыкі найб. карысталіся неўменным пісьмом (спец. знакі — неўмы — пісаліся над словамі тэксту для напаміну мелодыі песнапенняў). Паступова для больш дакладнага абазначэння вышыні неўмаў пачалі карыстацца лініямі, якія не паказвалі дакладную вышыню гукаў, але дазвалялі адрозніваць гукі адносна больш нізкія і больш высокія. Колькасць такіх ліній дасягала 18; яны як бы ўзнаўлялі на паперы струны муз. інструмента. У 11 ст. Гвіда д ’Арэца ўвёў 4 нотныя лініі (прататып сучаснага нотнага стану). У пачатку ліній ён змяшчаў літарныя знакі (прататыпы сучасных ключоў), што пазначалі дакладную вышыню запісаных на лініях гукаў. Пазней неўменныя знакі заменены квадратнымі або ромбападобнымі нотнымі галоўкамі (пазначалі толькі вышыню гукаў). Неўменным Н.п. найчасцей запісвалі грыгарыянскі харал (адсюль назва харальная натацыя). У канцы 12 ст. пачалі пазначаць працягласць гукаў, узнікла мадальная натацыя. вытокам якой былі старагрэч. стопы — модзі (адсюль назва). У пач. 14 ст. ўзнікла т.зв. мензуральнае Н.п. Яно адначасова фіксавала вышыню і працягласць гукаў (апошнюю вызначала форма нотных галовак) і служыла пераважна для запісу ансамблевай музыкі. Знакі мензуры, якія ўстанаўлівалі 3- або 2-дольнасць кожнай нотнай працягласці, змяшчаліся ў пачатку нотнага радка. пры змене мензуры — у сярэдзіне нотнага тэксту. Знакі паўз адпавядалі мензуральным працягласцям і насілі іх назвы. У 15—17 ст. існавала таксама літарная. або лічбавая сістэма, т.зв. табулатура, для запісу сольнай інстр. музыкі, якая мела шмат разнавіднасцей адпаведна асаблівасцям асобных інструментаў (напр., клавішная. або арганная, лютневая, гітарная, скрыпічная, для цытры, флейты і інш.). Існавалі і нац. табулатуры: ням.. ісп., франц., італьян. і найб. стараж. — англійская (каля 1325). Ва. Усх. Еўропе існавалі самаст. візантыйская (10—18 ст.) і стараж.-руская неўменныя сістэмы натацыі. Найб. стараж. візантыйскія помнікі запісаны экфанетычным Н.п. (9—11 ст.), якое пазначала акцэнты і муз.-рэчытатыўныя інтанацыі літургічных тэкстаў. рытарычныя фігуры (пытанне, вокліч, сцвярджэнне), у пач. 12—15 ст. — вышыню кожнага гуку і акцэнтна-рытмічную структуру мелодыі. У 15 ст. ўведзены дадатковыя знакі для запісу мелізматычных формул. Стараж.-рус. безлінейная сістэма знаменнага Н.п., як і сам знаменны спеў (роспеў), была ўласціва помнікам пісьмовай муз. культуры рускіх, беларусаў, украінцаў, балгар, сербаў, харватаў і інш. У Расіі ў канцы 11—17 ст. існавала безлінейнае знаменнае, стаўпавое або крукавое Н.п. (гл. Крукі). Напачатку яно ўяўляла сабой разнавіднасць ідэаграфічнага неўменнага пісьма — знакі паказвалі асобныя інтанацыі або матывы, а не дакладную вышыню і працягласць гукаў. У 2-й пал. 16 ст. ўведзены кінаварныя паметы, якія паказвалі не толькі вышыню. але і колькасць гукаў, іх напрамак і працягласць. Знакі знаменнага Н.п. адпавядалі 1, 2, 3. 4 і больш гукам, часам цэлым папеўкам, т.зв. какізам. Найб. развітыя мелодыі былі звязаны з тайназамкнёнымі знакавымі зваротамі — ліцамі і фітамі (дайшло больш за 900). Зберагліся фітнікі — зборнікі, дзе змешчаны фіты ў іх графічным абрысе і назве, а таксама з разводам (перакладам на больш даступныя і агульнаўжывальныя знакі безлінейнага Н.п.). Існавалі таксама стараж.-рус. безлінейная кандакарная муз. сістэма (ад грэч. кандак — кантак — палачка, на якую нагортвалі скрутак пергаменту), дзямественная, пуцявая і казанская сістэмы Н.п. (канец 16—17 ст.). У сярэдзіне 17 ст. ўзнікла 5-лінейнае квадратнае кіеўскае Н.п. (занесена ў Расію выхадцамі з Беларусі і Украіны). У 19 — пач. 20 ст. ў Расіі існавала лічбавая нотная сістэма — цыфір, дзе ноты замяняліся лічбамі. Цыфір’ю надрукаваны 2 зб. «Лепта» (1890, 1914), дзе змешчаны рус., бел. і ўкр. канты і псальмы.

На Беларусі ўжо з 2-й пал. 15 ст. вядома квадратная лінейная натацыя на ўзор ранняй чэшскай, якою запісаны Істэбніцкі канцыянал Яна Гуса (1420). У 1-й пал. 16 ст. паявіліся друкаваныя зборнікі з 5-лінейнай неўменнай зах,еўрап. натацыяй (гл. Канцыяналы). Першы бел. рукапісны зборнік з 5-лінейным кіеўскім Н.п. — «Супрасльскі ірмалагіён» (1598—1601). Зборнік бел. музыкі «Полацкі сшытак» (16—17 ст.) напісаны квадратнай кіеўскай і круглай італьян. нотай, што ляжыць у аснове сучаснага Н.п. Перавага сучаснага Н.п. ў нагляднасці абазначэння гукавышыннага становішча нот і іх метрарытмічных суадносін, у наяўнасці ключоў, якія дазваляюць карыстацца нотным станам для запісу розных дыяпазонаў муз. гукарада, абмежавацца 5-лінейнай нотнай сістэмай і толькі зрэдку звяртацца да дадатковых ліній і вызначэнняў. Элементы сучаснага Н.п. — 5-лінейны нотны стан, ключы, якія паказваюць вышыннае значэнне яго ліній, нотныя знакі — ноты і іх розныя элементы, што выяўляюць адносную працягласць гукаў паводле матэм. прынцыпу дзялення на 2 кожнай нотнай (часавай) долі; знакі альтэрацыі пры ключы, якія фіксуюць вышыню дадзенай ступені на працягу ўсяго твора, і пры асобных нотах (выпадковыя) для змены вышыні ступені толькі ў дадзеным такце і актаве; вызначэнні метра, ці колькасці часавых долей у дадзеным такце і іх працягласці; дадатковыя знакі для павелічэння працягласці гуку (кропка. фермата. ліга), аб’яднання некалькіх нотных станаў у агульную нотную сістэму ў адпаведнасці з магчымасцямі інструмента, ансамблевых, хар. і аркестравых складаў. Існуе і развітая сістэма дадатковых абазначэнняў — нюансаў тэмпавых (allegro, andante, adagio, presto і ў лічбах ваганняў маятніка метранома), дынамічных і тых, што ўказваюць на прыёмы выканання, характар выразнасці і інш., што дае магчымасць фіксаваць музыку больш дакладна. З паяўленнем новых муз. плыней 20 ст. адбываецца. з аднаго боку, далейшае ўдакладненне і ўзбагачэнне выканальніцкіх пазначэнняў, пашырэнне іх комплексу, з другога — адмаўленне ад дакладнай пісьмовай фіксацыі муз. твораў, магчымасць нотнага запісу ў выглядзе шэрагу накідаў, свайго роду муз. графікі, спецыфічныя формы запісу, прызначаныя для абазначэння ў тэксце асобых эфектаў гучання і інш.

Літ.:

Ластоўскі В.У. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Коўна, 1926;

Нюрнберг М. Нотная графика. Л., 1953;

Бражников М.В. Древнерусская теория музыки. Л., 1972;

Rybaric R. Vývoj európskeho notopisu. Bratislava, 1982.

Л.​П.​Касцюкавец.

Да арт. Нотнае пісьмо. Неўменная натацыя.
Да арт. Нотнае пісьмо. Італьянская лютневая табулатура. 1507.
Да арт. Нотнае пісьмо. Фрагмент трохрадковага песнапення з пеўчага рукапіснага зборніка 1-й пал. 17 ст. Дзямественная натацыя.
Да арт. Нотнае пісьмо. Сучасная натацыя.

т. 11, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЭ́ТЫКА (ад грэч. poiētikē паэтычнае мастацтва),

1) у шырокім сэнсе — тое, што і тэорыя літаратуры (гл. ў арт. Літаратуразнаўства).

2) Раздзел літаратуразнаўства, у якім вывучаецца структура, асаблівасці і змястоўнасць літ. формы.

3) Сістэма спосабаў і сродкаў вобразнага адлюстравання свету ў іх змястоўнай, сэнсава-выяўл. сутнасці, абумоўленая ідэйнай задумай мастака. П. падзяляецца на агульную (тэарэт.), функцыян. (апісальную) і гістарычную. Вылучаюць таксама параўнальную, практычную і сацыялагічную П. Агульная П. аперыруе агульнымі заканамернасцямі і элементамі л-ры як сістэмы: даследуе ўсе магчымыя спосабы маст. ўвасаблення аўтарскай задумы і законы суадносін розных творчых метадаў арганізацыі тэксту з літ. жанрам, відам, родам. Падзяляецца на 3 галіны, што вывучаюць гукавую, славесную і вобразную будову тэксту. Функцыянальная П. аналізуе эстэт. кампаненты твораў пэўнага літ. кірунку, жанру ці перыяду творчасці пісьменніка (П. рамана, П. рамантызму, паэтыка М.​Танка і інш.). Гістарычная П. вывучае рух і змену літ. форм у працэсе гіст. эвалюцыі, паходжанне і развіццё маст. сродкаў (эпітэт, метафара, метрыка верша і г.д.) у залежнасці ад сац.-гіст. і літ. умоў, карыстаецца параўнальна-гіст. метадам даследавання, імкнецца абагульніць вынікі сусв. літ. працэсу. Параўнальная П. займаецца тыпалагічным супастаўленнем спосабаў і сродкаў вобразнага адлюстравання свету дзвюма і больш нац. л-рамі (напр., параўнальная метрыка ўсх.-слав. верша), засноўваецца на параўнальнай стылістыцы, карыстаецца данымі перакладу мастацкага. Сацыялагічная П. даследуе ўздзеянне сац. фактараў на змену літ. форм. Практычную П. складаюць розныя курсы і дапаможнікі па агульнай П., разлічаныя на шырокага чытача; задача яе — выхаванне паэт. культуры, азнаямленне з асновамі вершаскладання.

Першае сістэм. выкладанне П. даў Арыстоцель. Яго традыцыя развівалася як нарматыўная П., што ўстанаўлівала стылістычныя прынцыпы будовы маст. твораў (працы Гарацыя, Н.​Буало, В.​Традзьякоўскага, М.​Ламаносава). Элементы нарматыўнасці П. распрацоўвалі пэўныя літ. кірункі і плыні (напр., П. сімвалістаў), асобныя паэты (П. А.​Пушкіна). Да 18 ст. пераважала П. вершаваных (высокіх) жанраў. Значнымі ў яе развіцці сталі канцэпцыі Г.​Лесінга (вызначыў паэзію як мастацтва, якое разгортваецца ў часе, у адрозненне ад выяўл. мастацтва), В.​Гумбальта (разумеў мову як творчасць), рас. рэв. дэмакратаў (В.​Бялінскага, М.​Дабралюбава, М.​Чарнышэўскага і інш.). У 19 ст. П. займалася «акадэмічная» навука (А.​Весялоўскі, А.​Патабня, С.​Шавыроў). У 1920-я г. ў П. пашырыліся сацыялагічная і фармальная школы. Першая з іх тлумачыла ўсе факты л-ры гіст. і сац.-эканам. прычынамі; другой уласцівы іманентнасць літ.-знаўчага аналізу, спробы разглядаць мастацтва як прыём, асаблівым чынам арганізаваную мову, але асобныя прадстаўнікі фармальнай школы (Ю.​Тынянаў, Б.​Эйхенбаум, В.​Шклоўскі і інш.) выявілі прынцыпы сюжэтаскладання, своеасаблівасць паэт. мовы як тыпу маўлення і інш. Ідэі фармальнай школы пазней ляглі ў аснову структурнай і лінгвістычнай П. Новым крокам у распрацоўцы праблем П. сталі працы В.​Жырмунскага, В.​Вінаградава, Дз.​Ліхачова, М.​Храпчанкі, М.​Гаспарава і інш.

На Беларусі ў 16—18 ст. П. распрацоўвалі выкладчыкі брацкіх школ і езуіцкіх калегіумаў. Л.​Зізаній у кн. «Грамматика словенска...» (Вільня, 1596) упершыню ва ўсх.-слав. л-ры сцісла падаў тэорыю пабудовы верша. М.​Сматрыцкі ў кн. «Грамматики словенския правильная синтагма» (Еўе, 1619) імкнуўся перанесці законы ант. (метрычнага) вершаскладання на ўсх.-слав. паэзію. Найвыш. дасягненне тэарэтыка-літ. думкі Беларусі, Літвы і Польшчы 17—18 ст. — праца М.​Сарбеўскага «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер» (на лац. мове) і курс паэтыкі, у аснову якога ляглі лекцыі аўтара, прачытаныя ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Яго нарматыўная П. паяднала тэарэт. палажэнні эпохі Адраджэння і барока, вызначыла кірунак далейшага развіцця навукі пра л-ру і самой маст. л-ры на Беларусі. У кн. Ф.​Пракаповіча «Пра мастацтва паэзіі» (Магілёў, 1786) абгрунтоўваліся прынцыпы класіцызму. Выказвалі свае думкі пра сілаба-танічны верш Я.​Чачот і пра нар. вершаскладанне І.​Насовіч.

У пач. 20 ст. да пытанняў П. звярнуўся М.​Багдановіч, меркаванні якога пра еднасць формы і зместу, суадносіны метра, рытму і рыфмы, нарыс пра санет маюць прынцыповае значэнне для тэорыі бел. вершаванага слова. Бел. функцыян. П. папоўнілася працамі А.​Вазнясенскага («Паэтыка М.​Багдановіча», 1926), Я.​Барычэўскага («Тэорыя санета» і «Паэтыка літаратурных жанраў», 1927), даследаваннем У.​Дубоўкі («Рыфма ў беларускай народнай творчасці», 1927). Пытанні П. закраналіся ў працах «Беларусы» Я.​Карскага (вып. 1—7, 1903—22), «Гісторыя беларускай літаратуры» М.​Гарэцкага (4-е выд., 1926), «Пуціны беларускай літаратуры» (1924) і «Беларуская драматургія» (1927) І.​Замоціна, «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры» М.​Піятуховіча (1928), у даследаваннях па тэорыі рамана І.​Акушкі, публікацыях А.​Бабарэкі і інш. З 1960-х г. сістэматычна вывучаюцца метрыка і рытміка верша (М.​Грынчык, А.​Кабаковіч, В.​Рагойша, І.​Ралько, В.​Славецкі, В.​Ярац), яго кампазіц. асаблівасці і слоўна-паэт. вобразнасць (І.​Шпакоўскі, А.​Яскевіч), П. празаічных твораў (В.​Жураўлёў), праблемы псіхааналізу ў л-ры (А.​Матрунёнак), стылю (М.​Арочка, В.​Бечык, Л.​Гусева), рытмічнай арг-цыі маст. тэксту (Яскевіч), маст. асаблівасцей фалькл. жанраў (Г.​Барташэвіч, Н.​Гілевіч, А.​Ліс, Л.​Салавей, А.​Фядосік. І.​Цішчанка, М.​Янкоўскі). Выйшлі спец. даследаванні Гусевай, Кабаковіч, Рагойшы пра П. асобных пісьменнікаў, вучэбныя дапаможнікі па агульнай П. (І.​Гутараў, М.​Лазарук, А.​Ленсу, А.​Майсейчык, М.​Палкін). Створаны літ.-знаўчыя слоўнікі (Лазарук, Ленсу, А.​Макарэвіч, Рагойша).

Як літ.-знаўчая дысцыпліна П. стаіць на мяжы эстэтыкі, стылістыкі, літ.-знаўства, мовазнаўства, выкарыстоўвае асобныя палажэнні матэматыкі, кібернетыкі, тэорыі інфармацыі, семіётыкі.

Літ.:

Веселовский А.Н. Историческая поэтика. Л., 1940;

Виноградов В.В. Стилистика. Теория поэтической речи. Поэтика. М., 1963;

Потебня А.А. Эстетика и поэтика. М., 1976;

Поспелов Г.Н. Вопросы методологии и поэтики. М., 1983;

Рагойша В.П. Паэтыка М.​Танка. Мн., 1968;

Яскевіч А. Ад слова — да вобраза. Мн., 1968;

Матрунёнак А. Псіхалагічны аналіз у сучасным беларускім рамане. Мн., 1972;

Шпакоўскі І. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;

Жураўлёў В., Шпакоўскі І., Яскевіч А Пытанні паэтыкі. Мн., 1974;

Янкоўскі М.А. Паэтыка беларускіх прыказак. Мн., 1971;

Яго ж. Паэтыка беларускай народнай прозы. Мн., 1983;

Гілевіч Н. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Мн., 1975;

Коўтун В. Святло народнага слова. Мн., 1984.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЭ́РТА-РЫ́КА (Puerto Rico),

Садружнасць Пуэрта-Рыка (ісп. Estado Libre Asociado de Puerto Rico, англ. Commonwealth of Puerto Rico), уладанне ЗША у Вест-Індыі, на аднайм. востраве (пл. 8,6 тыс. км²) і суседніх невял. астравах. Агульная пл. 9,1 тыс. км². Нас. 3916 тыс. чал. (2000). Афіц. мовы — ісп. і англійская. Адм. ц. — г. Сан-Хуан. Краіна падзяляецца на 78 муніцыпалітэтаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 чэрв.).

Прырода. Праз увесь востраў з З на У цягнецца хр. Кардыльера-Сентраль выш. да 1338 м (г. Пунта); уздоўж паўн. і паўд. берагоў раўніны і нізіны. На ПнЗ развіты карст. Бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: медныя, нікелевыя, марганцавыя руды, золата, каменная соль, мармур і інш. Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры ў прыбярэжных раёнах 24—28 °C, у гарах на некалькі градусаў ніжэй. Ападкаў 1400—2500 мм за год на Пн і У, каля 900 мм на Пд і З, выпадаюць пераважна ў летне-асенні перыяд. У канцы лета бываюць ураганы. Рэкі кароткія, напаўняюцца вадой пасля ліўневых дажджоў. Вял. плошчы пад пусткамі. Натуральная расліннасць захавалася месцамі ў гарах. Пад лесам і хмызнякамі каля 16% тэрыторыі. На паўн. схілах гор — пальмы, дрэвы з каштоўнай драўнінай, каўчуканосы, на паўд. — засухаўстойлівыя хмызнякі і рэдкалессі. Жывёльны свет бедны. Рэзерват Лукільё.

Насельніцтва. Больш за 99% складаюць пуэртарыканцы — народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з неграмі і мясц. індзейцамі. Жывуць таксама амерыканцы ЗША і інш. Паводле антрапалагічнага складу каля 73% — белыя, каля 23% — мулаты, каля 4% — негры. Вернікі католікі (больш за 85%) і пратэстанты. Сярэднегадавы прырост каля 0,6% (2000). Сярэдняя шчыльн. каля 440 чал. на 1 км². Найб. населены прыбярэжныя раёны (да 1000 чал. на 1 км²). У гарадах жыве каля 70% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1999): Сан-Хуан — 439,6 (з прыгарадамі і суседнімі гарадамі больш за 1 млн. ж.), Баямон — 236,7, Понсе — 193,6, Караліна — 192,1. У прам-сці занята 20% эканамічна актыўнага насельніцтва, у буд-ве і на транспарце — 8%, у сельскай гаспадарцы — 3%, у сферы паслуг — каля 69%. Адбываецца пастаянная эміграцыя ў ЗША, там жыве каля 2,7 млн. пуэртарыканцаў (найб. у Нью-Йорку).

Гісторыя. Востраў заселены ў 1-м тыс. н.э. плямёнамі індзейцаў-аравакаў, якія называлі яго Борыкен. Адкрыты ў 1493 Х.Калумбам, які назваў яго Сан-Хуан-Баўтыста. У 1508 заваяваны іспанцамі на чале з Х.​Понсе дэ Леонам. Ён заснаваў г. Пуэрта-Рыка (ісп. багаты порт), назва якога пазней перайшла на ўвесь востраў. У выніку таго, што да сярэдзіны 16 ст. індзейскае насельніцтва тут было амаль поўнасцю вынішчана іспанцамі, пачаўся масавы ўвоз неграў-рабоў з Афрыкі. У 1835, 1838 і 1868 тут адбыліся паўстанні з патрабаваннем незалежнасці. У 1897 П.-Р. атрымаў абмежаваную аўтаномію з захаваннем вярх. улады ісп. губернатара. У часе іспана-амерыканскай вайны 1898 акупіраваны ЗША і адышоў пад іх уладу паводле Парыжскага мірнага дагавора (снеж. 1898). У 1900 утвораны мясц. заканад. орган — кангрэс П.-Р., але вышэйшая ўлада належала губернатару, які прызначаўся ўрадам. ЗША. Пазней П.-Р. атрымаў статус «арганізаванай, але не ўключанай у склад ЗША тэрыторыі», а яе жыхары — права амер. грамадзянства без прадстаўніцтва ў кангрэсе. У 1947 жыхары П.-Р. атрымалі права выбару губернатара. Паўстанне 1950 за незалежнасць П.-Р. задушана войскамі ЗША, але канстытуцыя 1952 абвясціла П.-Р. «свабодна далучанай да ЗША дзяржавай».

У паліт. жыцці П.-Р. з 1960-х г. дамінуюць Нар.-дэмакр. партыя, якая стаіць за захаванне цяперашняга статуса вострава, і Новая прагрэс. партыя, якая выступае за яго далучэнне да ЗША у якасці штата. На рэферэндумах 1967, 1993 і 1998 б.ч. пуэртарыканцаў выказалася за захаванне цяперашняга статуса П.-Р.

Гаспадарка. П.-Р. параўнальна развітая краіна Вест-Індыі. У 1999 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 38,1 млрд. дол. (каля 9,7 тыс. дол. на 1 чал.). У эканоміцы дамінуюць амер. кампаніі. Прадукцыя паступае ў ЗША без мытных пошлін, што дае вытворцам дадатковыя перавагі. Прам-сць дае 45% ВУП, сельская гаспадарка — 1%, абслуговыя галіны — 54%. У прам-сці гал. роля належыць апрацоўчым галінам. Невял. здабыча марганцавых і медных руд, золата, каменнай солі, буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 17,8 млрд. кВт∙гадз (1998), 98% на ЦЭС, якія працуюць на імпартаванай нафце. Найб. развіты нафтаперапр., нафтахім., хім., фармацэўтычная, электронная, эл.-тэхн. галіны. Меншае значэнне маюць харч. (вытв-сць цукру, рому, сокаў, фруктовых і рыбных кансерваў), тэкст., гарбарна-абутковая, мэблевая, цэментная, шкляная і керамічная прам-сць, выраб упрыгожанняў і цацак. Шмат прадпрыемстваў па зборцы з імпартаваных дэталей і вузлоў быт. тэхнікі. Саматужная вытв-сць вышывак, карункаў і вязаных вырабаў. Асн. цэнтры прам-сці: Сан-Хуан, Баямон, Понсе. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 460 тыс. га, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 130 тыс. га (каля 40 тыс. га арашаецца), пад пашай і лугамі каля 330 тыс. га. На ўзбярэжжы ёсць плантацыі экспартных культур, ва ўнутр. ч. вострава — дробныя сялянскія гаспадаркі памерам 0,4—1,7 га. Больш за 60% с.-г. прадукцыі дае жывёлагадоўля. Пераважае мясны кірунак, у раёне Сан-Хуана — малочны. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлы — каля 600, свіней — каля 200, курэй — больш за 10 000. Развіваецца рыбалоўства і лоў крэветак (каля 100 тыс. т штогод). У земляробстве найб. значэнне маюць экспартныя культуры: цукр. трыснёг, тытунь, ананасы, кава, бананы. На свае патрэбы вырошчваюць маніёк, ямс, батат, кукурузу, агародніну. Унутраны транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 14,4 тыс. км, чыгунак 96 км. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца марскім транспартам і авіяцыяй. Гал. парты Сан-Хуан, Гуаяма, Плая-дэ-Понсе. У краіне 21 аэрапорт, у т. л. 2 міжнар. (каля гарадоў Сан-Хуан і Агуадылья). У 1999 экспарт склаў 34,9 млрд. дол., імпарт — 25,3 млрд. дол. У экспарце пераважаюць нафтапрадукты, хім. і фармацэўтычныя тавары, электроніка, адзенне, рыбапрадукты, цукар; у імпарце — нафта, хімікаты, машыны і абсталяванне, харч. прадукты. Гандаль пераважна з ЗША (88% экспарту, 60% імпарту), Венесуэлай (імпарт нафты), Японіяй, Дамініканскай Рэспублікай. Краіну наведваюць штогод больш за 4 млн. турыстаў (75% з іх з ЗША). Штогадовыя расходы турыстаў у краіне больш за 2 млрд. долараў. Грашовая адзінка — долар ЗША.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Пуэрта-Рыка.
Ландшафт унутраных раёнаў Пуэрта-Рыка.

т. 13, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ САВЕ́ЦКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

БССР, Беларусь, саюзная дзяржава ў складзе СССР. Існавала з 1.1.1919 да вер. 1991, у складзе СССР афіцыйна са снеж. 1922. Тэр. 207,6 тыс. км², нас. 10 254 тыс. чал. (на 1.1.1990). Сталіца — г. Мінск. Паводле рашэння VI Паўн.-Зах. абл. канферэнцыі РКП(б) [30—31.12.1918, Смаленск; гл. Першы з’езд КП(б)Б] БССР абвяшчалася ў межах Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губ., бел. паветаў Віленскай і Ковенскай губ., зах. паветаў Смаленскай губ. Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі ў ноч з 1 на 2.1.1919 абнародаваў Маніфест аб абвяшчэнні БССР. 8.1.1919 Часовы рабоча-сял. сав. ўрад Беларусі і Цэнтр. Бюро КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. Першы Усебеларускі з’езд Саветаў (2—3.2.1919, Мінск) адобрыў утварэнне БССР, зацвердзіў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919, выбраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР (ЦВК БССР), прыняў пастанову аб аб’яднанні Беларусі і Літвы (гл. Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка). У складаных умовах грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 урад БССР праводзіў работу па ўмацаванні сав. улады, мабілізацыі сіл на барацьбу з яе праціўнікамі і іншаземнымі захопнікамі, ажыццяўленні першых сацыяліст. пераўтварэнняў. БССР у гэты перыяд знаходзілася ў цяжкім эканам. і ваенна-паліт. становішчы, большая частка яе тэрыторыі была акупіравана ням., потым польск. інтэрвентамі. Летам 1920 на вызваленай Чырв. Арміяй тэр. Беларусі адноўлена сав. ўлада. 31.7.1920 на сходзе прадстаўнікоў Кампартыі Літвы і Беларусі, сав. і прафс. арг-цый Мінска і Мінскай губ. прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Сав. Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (гл. Другое абвяшчэнне БССР). Захопленая польск. войскамі ў выніку савецка-польскай вайны 1920 зах. частка Беларусі паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 адышла да Польшчы (гл. Заходняя Беларусь). Тэр. ўзноўленай БССР складалася з 6 паветаў Мінскай губ. з нас. 1544 тыс. чал. Другі Усебеларускі з’езд Саветаў (13—17.12.1920) прыняў дадаткі да Канстытуцыі 1919, дзе абвясціў вышэйшым органам улады рэспублікі з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВК БССР, выканаўчым органам — Савет Народных Камісараў БССР (СНК БССР). Пасля заканчэння вайны Беларусь перажывала глыбокі сац.-эканам. крызіс. Большая частка прадпрыемстваў была знішчана, астатнія з-за адсутнасці паліва і сыравіны працавалі з перабоямі. Былі разбураны сельская гаспадарка, транспарт. Усё гэта цяжка адбівалася на становішчы працоўных, выклікала іх незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму». Пераход да ажыццяўлення ў БССР новай эканамічнай палітыкі (нэпа) прынёс станоўчыя вынікі. Харчразвёрстка была заменена харчпадаткам, дапускалася дзейнасць прыватнага капіталу, праводзілася рэарганізацыя сістэмы кіравання прам-сцю, вырашаліся пытанні аплаты працы, фін. палітыкі. Пераломным у развіцці прам-сці стаў 1923—24 гасп. год, калі пачалі хутка расці вытворчасць, колькасць адноўленых і ўведзеных у эксплуатацыю прадпрыемстваў. У 1924—28 аб’ём прамысл. прадукцыі вырас у 2,3 раза. Адначасова павялічылася колькасць прыватных прадпрыемстваў. Расла зарплата рабочых і служачых. У сельскай гаспадарцы праводзілася работа па землеўпарадкаванні, развіцці хутарызацыі, арэнды, кааператыўнага руху і інш. Каля ⅓ беднякоў і батракоў, якія атрымалі зямлю, сталі сераднякамі. На пач. кастр. 1925 у БССР было 1084 кааператыўныя т-вы (аб’ядноўвалі 161 тыс. членаў). Важнае значэнне для ўмацавання эканам. патэнцыялу рэспублікі мела вяртанне ёй са складу РСФСР у 1924 і 1926 этнаграфічна роднасных усх. тэрыторый (гл. Узбуйненне БССР). Рабіліся захады па ажыўленні Саветаў, умацаванні іх сувязяў з масамі працоўных, павелічэнні колькасці членаў Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). У 1920-я г. праводзілася палітыка беларусізацыі грамадска-паліт. і культ. жыцця рэспублікі. Значныя поспехі былі дасягнуты на ніве нац.-культ. адраджэння. Ліквідоўвалася непісьменнасць, была праведзена рэформа школьнай сістэмы, большасць школ пераводзілася на бел. мову навучання, яны забяспечваліся неабходнымі кадрамі і падручнікамі. Развіваліся л-ра і мастацтва, навука. У 1920—22 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт, Інстытут беларускай культуры (у 1928 пераўтвораны ў Акадэмію навук Беларусі) і інш. У ходзе сацыяліст. індустрыялізацыі (курс на яе абвешчаны ў СССР у снеж. 1925) на Беларусі за гады даваен. пяцігодак увайшло ў строй больш за 1 тыс. прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. каля 400 буйных. У 1940 прадукцыя прам-сці ўсіх абласцей БССР перавысіла ўзровень 1913 у 23 разы. Паводле перапісу 1939, удзельная вага рабочага класа ў складзе насельніцтва рэспублікі дасягнула 21,9%, інтэлігенцыі — 14,5%. З восені 1929 гал. кірункам агр. палітыкі ў БССР стала масавая калектывізацыя. Выконваючы дырэктывы вышэйшага кіраўніцтва СССР, парт. і сав. органы БССР праводзілі сярод сялянства актыўную арганізац. і масава-паліт. работу, імкнуліся фарсіравана забяспечыць перабудову вёскі на сацыяліст. аснове. Да пач. Вял. Айч. вайны ва ўсх. абласцях БССР было абагулена 93,4% сял. гаспадарак і 96,2% пасяўных плошчаў. Аднак калектывізацыя праводзілася паспешліва, пры адсутнасці належных сац.-эканам. умоў, з шырокім выкарыстаннем прымусовых, адм.-камандных метадаў. Заможныя (кулацкія) і шмат серадняцкіх гаспадарак падпалі пад раскулачванне, іх маёмасць была канфіскавана. Восьмы Усебеларускі з’езд Саветаў (5—12.4.1927) прыняў новую Канстытуцыю Беларускай ССР 1927. У 1930-я г. на сац.-паліт. і культ. развіццё Беларусі, як і ўсяго СССР, негатыўны ўплыў зрабілі культ асобы, бюракратызацыя дзярж. структур і адміністрацыйна-камандныя метады кіравання, якія абмяжоўвалі творчую актыўнасць працоўных. Цяжкім злачынствам з’явіліся рэпрэсіі палітычныя, што дасягнулі свайго апагея ў 1937. Супрацоўнікамі НКУС рэспублікі быў сфабрыкаваны шэраг спраў т.зв. «контррэвалюцыйных шпіёнскіх арганізацый» (гл. «Аб’яднанае антысавецкае падполле», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «Беларускі філіял меншавікоў», «Беларускі філіял прампартыі», «Беларускі філіял працоўнай сялянскай партыі», «Саюз вызвалення Беларусі» і інш.). На надзвычайным Дванаццатым Усебеларускім з’ездзе Саветаў (20—23.11.1936 і 15—19.2.1937) прынята Канстытуцыя Беларускай ССР 1937, вышэйшым органам дзярж. улады вызначаны Вярх. Савет БССР (гл. ў арт. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь), у перыяд паміж сесіямі — Прэзідыум Вярх. Савета БССР. Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія паводле рашэння ўрада СССР 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва Зах. Беларусі. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (28—30.10.1939, Беласток) прыняў Дэкларацыю аб абвяшчэнні сав. улады і ўз’яднанні Зах. Беларусі з БССР. 12.11.1939 сесія Вярх. Савета БССР прыняла закон аб Уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Гэтым была адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць Беларусі, створаны ўмовы для кансалідацыі бел. нацыі. Насельніцтва БССР пасля ўз’яднання склала 11 млн. чал. На пач. Вялікай Айчыннай вайны (22.6.1941) часці Чырв. Арміі аказалі на тэр. Беларусі ўпартае супраціўленне гітлераўцам (гл. Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.). На франтах з ворагам змагаліся больш за 1,3 млн. беларусаў і ўраджэнцаў рэспублікі. На захопленай гітлераўцамі тэрыторыі ва ўмовах жорсткага акупац. рэжыму разгарнулася партыз. і падп. барацьба (гл. Партызанскі рух на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі, Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі). 374 тыс. патрыётаў змагаліся ў партыз. атрадах і брыгадах, больш за 70 тыс. — у глыбокім падполлі. У канцы 1943 нар. мсціўцы ўтрымлівалі і кантралявалі каля 60% акупіраванай тэр. рэспублікі (гл. Партызанская зона). Ваен. кіраўніцтва партыз. барацьбой ажыццяўлялі Цэнтр. і Бел. штабы партыз. руху (гл. адпаведныя арт.). У чэрв.—ліп. 1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944 БССР была поўнасцю вызвалена ад ням.-фаш. захопнікаў. Вайна нанесла рэспубліцы велізарныя страты. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі, былі спалены і зруйнаваны 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак. Рэспубліка страціла больш як палову нац. багацця. Паводле сав.-польск. дамоўленасці са складу БССР Польшчы перададзены ў вер. 1944 Беластоцкая вобласць і некалькі раёнаў Брэсцкай вобласці. У 1945 БССР стала адной з краін-заснавальніц ААН (гл. ў арт. Крымская канферэнцыя 1945, Сан-Францыская канферэнцыя 1945). У 1946 СНК БССР пераўтвораны ў Савет Міністраў (гл. ў арт. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь). Паводле Канстытуцыі БССР у 1955—56 былі зацверджаны дзярж. герб, гімн і сцяг рэспублікі. Дзякуючы самаадданай працы бел. народа, а таксама дапамозе інш. рэспублік СССР адраджалася разбураная вайной гаспадарка. Матэрыяльная база аднаўлялася праз цэнтралізаваныя пастаўкі, рээвакуацыю абсталявання бел. прадпрыемстваў з сав. тылу, шэфскую і інш. дапамогаў працоўных калектываў усёй краіны. У 1944—45 у БССР было накіравана 38,2 тыс. адзінак тэхнал. абсталявання, 420 трактароў, 4 тыс. т паліва, шмат сельгастэхнікі, буд. Матэрыялаў, тысячы кваліфікаваных спецыялістаў і інш. У кароткі тэрмін узведзены аўтамаб., трактарны, інструментальны з-ды ў Мінску і дывановы камбінат у Віцебску, адноўлены Гомсельмаш, станкабудаўнічыя з-ды ў Мінску, Гомелі, Віцебску, льнокамбінат у Оршы, БелДРЭС і інш. Валавая прадукцыя прам-сці ў 1950 перавысіла ўзровень 1940 на 15%. З сярэдзіны 1950-х г. асн. умовай далейшага развіцця бел. эканомікі з’яўлялася шматбаковае супрацоўніцтва БССР з інш. рэспублікамі краіны. З уводам у эксплуатацыю новых і рэканструкцыяй дзеючых прадпрыемстваў, укараненнем у вытв-сць дасягненняў навукі і тэхнікі штогод нарошчваўся эканам. патэнцыял. У 1956—85 былі пабудаваны і ўвайшлі ў строй 511 буйных прадпрыемстваў, сфарміраваўся магутны прамысл. комплекс рэспублікі. Аб’ём прадукцыі ў 1985 у параўнанні з 1960 вырас амаль у 9 разоў і перавысіў даваен. ўзровень у 38 разоў. Хутка нарошчвалі вытворчасць машынабудаванне, хім. і нафтахім. прам-сць, прадпрыемствы паліўна-энергетычнага комплексу. З будаўніцтвам Лукомскай, Бярозаўскай і Васілевіцкай ДРЭС, Мінскай і Наваполацкай ЦЭЦ сфарміравалася адзіная Бел. энергет. сістэма. У той жа час не надавалася належнага значэння праблемам экалогіі, захавання чысціні навакольнага асяроддзя. Драматычныя для Беларусі вынікі Чарнобыльскай катастрофы 1986. У сельскай гаспадарцы першачарговай задачай было ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы, павышэнне культуры земляробства. У 1960—85 колькасць трактароў у калгасах і саўгасах рэспублікі павялічылася амаль у 4 разы, збожжаўборачных камбайнаў — у 3,3 раза, грузавых аўтамабіляў — у 2,9 раза. Пастаўкі мінеральных угнаенняў сельскай гаспадарцы выраслі ў 7,7 раза. У 1986—90 сярэднегадавая ўраджайнасць збожжавых ва ўсіх катэгорыях гаспадарак дасягнула 25,2 ц з га супраць 7,1 ц у 2-й пал. 1950-х г. Вытворчасць мяса (у забойнай вазе) у 1990 склала 1181 тыс. т супраць 402 тыс. т у 1960 і 275 тыс. т у 1940, вытворчасць малака ў параўнанні з 1960 вырасла больш як у 2 разы. Разам з тым у развіцці аграпрамысл. комплексу мелася шмат нявырашаных задач, у многіх гаспадарках калгасна-саўгасная вытворчасць была стратная. Няпоўнай была аддача асушаных зямель (іх плошча складала 2,5 млн. га), жывёлагадоўля ў большасці гаспадарак развівалася экстэнсіўна. Не мела належнага ўзроўню развіццё перапрацоўчых галін, асабістых гаспадарак сельскіх жыхароў. Важным звяном нар.-гасп. комплексу БССР быў транспарт, грузаабарот якога ў 1960—90 павялічыўся ў цэлым больш як у 3 разы. Рост эканомікі забяспечыў паляпшэнне дабрабыту насельніцтва. Яго рэальныя даходы выраслі ў 1985 супраць 1970 у 1,7 раза. На пач. 1990/91 навуч. года ўсімі формамі навучання ў БССР было ахоплена 3671 тыс. чал. Працавала 5429 агульнаадук. школ, 147 сярэдніх спец. і 33 вышэйшыя навуч. ўстановы. У 1946—90 ВНУ падрыхтавалі 2062 тыс. спецыялістаў. Значных поспехаў дасягнула навука. У 1987 у БССР існавала 167 навук. устаноў, працавалі 44,5 тыс. навук. супрацоўнікаў, у т. л. 1085 дактароў і 14,1 тыс. канд. навук, займаліся ў аспірантуры каля 3 тыс. чал. Шэраг навук. адкрыццяў вучоных БССР атрымалі сусв. прызнанне. Пашыралі і ўдасканальвалі работу культ.-асв. ўстановы. У 1960 у рэспубліцы было выдадзена 1,6 тыс. назваў кніг і брашур, у 1985 — больш за 3,4 тыс. Адмоўным у развіцці культуры і грамадскіх навук было зніжэнне ўвагі да выкарыстання бел. мовы, слаба аналізаваліся негатыўныя з’явы ў жыцці грамадства. Эканам. і культ. развіццё БССР стварала аснову для пашырэння замежных сувязяў. У канцы 1980-х г. прадукцыя рэспублікі пастаўлялася амаль у 100 краін, асартымент экспарту ўключаў больш за 1 тыс. найменняў. Канстытуцыя Беларускай ССР 1978 вызначыла паліт. сістэму сав. грамадства, элементамі якой з’яўляліся дзяржава, КПСС, грамадскія арг-цыі і прац. калектывы. Кіраўнічай і накіравальнай сілай сав. грамадства, ядром яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арганізацый абвяшчалася Кампартыя Сав. Саюза.

З сярэдзіны 1980-х г. у БССР, як і ва ўсёй краіне, пачаўся працэс радыкальных пераўтварэнняў усіх бакоў грамадскага жыцця. Ключавое значэнне набылі праблемы рэфармавання паліт. сістэмы, дэмакратызацыі грамадства, дзярж. будаўніцтва, пачала складвацца шматпартыйнасць. Адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту «Адраджэнне» (24—25.6.1989, Вільнюс), узніклі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (1991), Партыя народнай згоды (1992) і інш. Паводле закону Вярх. Савета БССР ад 26.1.1990 «Аб мовах у Беларускай ССР» былі зроблены захады на больш шырокае выкарыстанне бел. мовы, у т. л. ў школах, установах, сродках масавай інфармацыі. 4.3.1990 на пашыранай дэмакр. аснове прайшлі выбары нар. дэпутатаў БССР і мясц. Саветаў. 27.7.1990 Вярх. Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, 25.8.1991 — Закон аб наданні статуса канстытуцыйнага закону гэтай Дэкларацыі. Пасля падзей у Маскве 19—21.8.1991 Вярх. Савет БССР 25.8.1991 прыпыніў дзейнасць КПБ—КПСС на тэр. Беларусі. 19.9.1991 6-я нечарговая сесія Вярх. Савета рэспублікі перайменавала БССР у Рэспубліку Беларусь. Гл. таксама Беларусь.

Літ.:

гл. пры арт. Беларусь.

І.​Я.​Марчанка.

Да арт. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Газета «Савецкая Беларусь» з тэкстам Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР. 1920.
Да арт. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Камунары вёскі Камуна Любанскага раёна капаюць асушальны канал. 1928.
Да арт. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Першамайская дэманстрацыя ў Мінску. 1950-я гады.
Да арт. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Антыкамуністычная маніфестацыя і мітынг каля Дома ўрада. Мінск. 7.11.1990.

т. 2, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ АСЕ́ЦІЯ—АЛА́НІЯ, Рэспубліка Паўночная Асеція—Аланія. На Пд еўрап. ч. Рас. Федэрацыі. Мяжуе на Пд з Грузіяй. Пл. 8 тыс. км². Нас. 662,7 тыс. чал. (1999), гарадскога 68,6%. Сярэдняя шчыльн. 82,8 чал. на 1 км². Жывуць асеціны (53,9%), рускія (28,7%), інгушы (5,6%), армяне (2,1%), грузіны (1,8%), кумыкі (1,7%) і інш. Сталіца — г. Уладзікаўказ. Найб. гарады: Маздок, Беслан, Алагір.

Прырода. Рэльеф пераважна гарысты. Паўд. ч. займаюць хрыбты Вял. Каўказа — Галоўны, або Водападзельны (выш. да 5033 м, г. Казбек, на мяжы з Грузіяй), Бакавы (выш. да 4780 м, г. Джымара), Скалісты і інш. У цэнтры Асецінская раўніна, на Пн — Маздокская раўніна, паміж імі Сунжэнскі і Церскі хрыбты. У гарах больш за 100 ледавікоў (пл. 291 км², найб. Караўгом).

Карысныя выкапні: руды каляровых металаў (цынк, свінец, серабро), даламіты, мінер. буд. матэрыялы; ёсць невял. запасы нафты і прыроднага газу. Крыніцы мінер. вод. Клімат кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. на раўнінах -4 °C, ліп. 22—24 °C, у гарах (вышэй за 2000 м) сярэдняя т-ра студз. -12 °C, ліп. 13—15 °C. Ападкаў на раўнінах да 500 мм, у гарах да 800 мм за год. Гал. рака Церак з прытокамі Урух, Ардон, Фіягдон, Гізельдон, Сунжа і інш. Раўніны ў стэпавай і лесастэпавай зонах пераважна разараныя. Глебы на іх чарназёмныя і каштанавыя, у гарах горна-лугавыя і горна-лясныя. Пад лесам 23% тэрыторыі. У гарах шыракалістыя лясы (дуб, бук, граб) пераходзяць у субальпійскія і альпійскія лугі, у міжгорных катлавінах лясы з хвоі і бярозы. На тэр. П.А.—А. — Паўн.-Асецінскі запаведнік.

Гісторыя. Чалавек на тэр. П.А.—А. пасяліўся ў палеаліце. У 8 ст. да н.э. — 1 ст. н.э. абарыгенныя плямёны кабанскай культуры асіміляваны іранамоўнымі плямёнамі: скіфамі, сарматамі, пазней аланамі, частка якіх — паўн.-каўк. аланы сталі продкамі асецін. У 4 ст. аланаў заваявалі гуны, у 6 ст. — авары. У 8—9 ст. у аланаў зараджаліся феад. адносіны, у пач. 10 ст. яны прынялі хрысціянства. У 10—12 ст. аланскі саюз плямён аформіўся ў раннефеад. дзяржаву Аланію, што займала цэнтр. частку Паўн. Каўказа. У 1222 і 1238—40 яна спустошана мангола-татарамі, у канцы 14 ст. — войскамі Цімура, насельніцтва амаль знішчана. Частка аланаў замацавалася ў вярхоўях р. Церак на паўн. схілах Гал. Каўк. хрыбта (горныя раёны сучаснай П.А.—А.), частка праз горныя перавалы перасялілася ў Грузію (гл. Паўднёвая Асеція). З 15 ст. ва ўмовах феад. раздробленасці і перажыткаў родаплем. арганізацыі аднавіўся працэс фарміравання асецінскай народнасці. У 1774 П.А.—А. паводле Кючук-Кайнарджыйскага рас.-тур. дагавора замацавана за Расіяй. Спыніліся феад. ўсобіцы, частка асецінаў зноў перасялілася з гор у перадгор’і і на прылеглую раўніну. У 1861 на тэр. П.А.—А. ўтворана Церская вобл. (адм. цэнтр г. Уладзікаўказ), у 1867 тут адменена прыгоннае права. У 2-й пал. 19 ст. ў П.А.—А. ўзнікла каляровая металургія. У 1875 чыгунка злучыла Уладзікаўказ з Растовам-на-Доне. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 узнік Уладзікаўказскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У студз.—сак. 1918 устаноўлена Сав. ўлада. П.А.—А. ўваходзіла ў склад Церскай (сак. 1918 — лют. 1919) і адначасова Паўн.-Каўказскай (ліп. 1918 — студз. 1919) сав. рэспублік, са студз.—сак. 1919 занята войскамі ген. А.І.Дзянікіна. У сак. 1920 Сав. ўлада адноўлена. З ліст. 1920 тэр. П.А.—А. ў складзе Уладзікаўказскай (Асецінскай) акругі Горскай АССР. 7.7.1924 П.А.—А. вылучана ў Паўн.-Асецінскую аўт. вобл., якая 5.12.1936 пераўтворана ў Паўн.-Асецінскую АССР у складзе РСФСР. У Вял. Айч. вайну Чырв. Армія пасля цяжкіх баёў (жн.—снеж. 1942) спыніла ў П.А.—А. наступленне ням.-фаш. войск і ў пач. 1943 вызваліла акупіраваныя яе раёны. У 1944 да Паўн.-Асецінскай АССР далучаны суседнія раёны скасаванай Чэчэна-Інгушскай АССР, з якіх былі гвалтоўна выселены інгушы. У 1957 гэтыя землі, акрамя ўсх. часткі г. Арджанікідзе (назва г. Уладзікаўказ у 1931—44 і 1954—90) з невял. прылеглым раёнам, вернуты ў склад адноўленай Чэчэна-Інгушскай АССР. У снеж. 1990 Вярх. Савет Паўн.-Асецінскай АССР прыняў дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце. У кастр. 1992 у прылеглых да Інгушэціі мясцовасцях П.А.—А. адбыліся ўзбр. сутыкненні паміж асецінамі і інгушамі, выкліканыя тэр. прэтэнзіямі інгушоў (гл. раздзел Гісторыя ў арт. Інгушэція). У ліст. 1993 прынята назва Рэспубліка Паўн. Асеція—Аланія.

Гаспадарка. П.А.—А. — індустр.-аграрная рэспубліка. У прам-сці найб. доля агульнага аб’ёму прадукцыі прыпадае на прадпрыемствы каляровай металургіі (26,6%), электраэнергетыкі (19,7%), харч. (16,1%), машынабудавання і металаапрацоўкі (9,7%), буд. матэрыялаў (6,9%). Каляровая металургія прадстаўлена Садонскім свінцова-цынкавым камбінатам (руды свінцовыя, свінец, цынк у канцэнтраце, серабро), з-дамі «Пабядзіт» (сплавы і сумесі вальфрама-кобальтавых і тытана-вальфрамавых руд) і «Электрацынк» (цынк, свінец, каляровае ліццё) ва Уладзікаўказе. Вытв-сць электраэнергіі 348 млн. кВт∙гадз (1998), пераважна на ГЭС (Арджанікідзеўская, Гізельдонская і інш.). Машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць спец. абсталявання для птушкафабрык, газавых пліт, электралямпаў, запчастак для трактароў, аўтамабіляў, матацыклаў, паўпрычэпаў, трансфарматарных падстанцый, рамонт вагонаў і інш.) ва Уладзікаўказе, Беслане, Маздоку. Шкляная, фарфора-фаянсавая прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў. Лясная і дрэваапр. прам-сць прадстаўлена нарыхтоўкай драўніны. вырабам мэблі, гафрыраванага кардону (Дыгора, Уладзікаўказ, Алагір), хім. і нафтахім. вытв-сцю поліэтыленавай плёнкі, лакаў, растваральнікаў, вырабаў з пластмасы (Уладзікаўказ). Лёгкая прам-сць выпускае швейныя вырабы, абутак, цюль, гардзіны, трыкатаж, дываны (Уладзікаўказ, Беслан). Развіта харч. прам-сць (малочная, сыраробная, алейная, крухмальная, спіртавая, вінаробная, кансервавая, разліў мінер. вод). Вытв-сць цэльнамалочнай прадукцыі 12 тыс. т, гарэлкі 1,5 млн. дал, віна 398 тыс. дал. Народныя промыслы (разьба па дрэве, маст. апрацоўка металу, залатая вышыўка). Сельская гаспадарка збожжа-жывёлагадоўчага кірунку. Пад с.-г. ўгоддзямі 352,4 тыс. га (1998), у т. л. пад ворнымі землямі 200 тыс. га. Пасяўныя пл. займаюць 175,5 тыс. га, на долю збожжавых і зернебабовых культур прыпадае 46,9%, тэхн. — 5,1%, бульбы і агародніны — 6,5%, кармавых — 41,5%. Збор (тыс. т, 1998) збожжавых і зернебабовых — 123,6, цукр. буракоў — 0,8, сланечніку — 33,8, бульбы — 83,6, агародніны — 21,8, пладоў і ягад — 5,1. Раслінаводства пераважае ў раўнінных раёнах, вінаградарства ў раёне Маздока. Малочна-мясная жывёлагадоўля (70% кошту с.-г. прадукцыі). Пагалоўе (тыс. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлы — 128,2, свіней — 56,2, авечак і коз — 61,3. Настрыг воўны 135 т. Птушкагадоўля. Развіта пчалярства, вытв-сць мёду 141 т. Даўж. чыгунак 144 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2291 км. Гал. чыгункі Прахладны—Грозны—Гудэрмес і Беслан—Уладзікаўказ; аўтадарогі Нальчык—Уладзікаўказ, Ваенна-Грузінская і Ваенна-Асецінская дарогі. Аэрапорт у г. Уладзікаўказ. Газаправод Уладзікаўказ—Тбілісі. П.А.—А. — адзін з цэнтраў турызму і альпінізму. Курорты: Кармадон, Таміск, Цэй. Экспарт (1998) 85,6 млн. дол.: гарэлка, віно, крухмал, кансервы, прадукцыя машынабудавання: імпарт 56,2 млн. дол.: харч. прадукты, прылады, электратэхн. тавары, с.-г. машыны, паліва.

Культура. П.А.—А. развівалася ў рэчышчы агульнаасецінскай культуры. Вытокі яе літаратуры ў багатым фальклоры (Нарцкі эпас, казкі, казанні пра герояў-дарэдзанаў, прытчы, паданні, таурагі і інш.). У 1798 выдадзена першая кніга на асец. мове — «Кароткі катэхізіс». У 1860—70-я г. развівалася пераважна публіцыстыка. Найбуйнейшы прадстаўнік асец. л-ры 19 ст. і стваральнік літ. мовы — К.Хетагураў. У канцы 19 — пач. 20 ст. выступілі паэты Б.​Гурджыбекаў, С.​Гадзіеў, А.​Кубалаў, Нігер (І.​Джанаеў), Г.​Цаголаў і інш. Сярод заснавальнікаў нац. драматургіі і прозы Е.​Брытаеў, Ц.​Гадзіеў, Д.​Кароеў, А.​Кароеў, А.​Такаеў і інш. У 1930—40-я г. плённа развівалася паэзія, асабліва паэма (Б.​Бацыеў. Т.​Епхіеў, М.​Камбердзіеў, Нігер, Х.​Пліеў і інш.). У канцы 1940-х — 50-я г. з’явіліся буйныя эпічныя творы (раманы Епхіева, Е.​Бекоева, М.​Гаглоева, Д.​Джыоева, Д.​Мамсурава, Е.​Уруймагавай і інш.). Сярод буйнейшых літаратараў 2-й пал. 20 ст. А.​Агузараў, Р.​Асаеў, Г.​Гагіеў, Гафез, Н.​Джусойты, Г.​Дзугаеў, С.​Кайтаў, Г.​Кайтукаў, С.​Мерзоеў, Б.​Муртазаў, Г.​Пліеў, А.​Царукаеў і інш.

На тэр. П.А.—А. захаваліся помнікі архітэктуры бронз. веку (кромлехі), мураваныя абарончыя збудаванні 8—9 ст., помнікі хрысціянскай архітэктуры 11—16 ст. (капліца ў с. Нузал, свяцілішча «Рэком»), мячэці і мінарэты 14 ст. У 14—18 ст. пашырылася буд-ва жылых, абарончых і вартавых вежаў, якія часам аб’ядноўваліся ў велічныя арх. ансамблі (с. Лісры). У 18—19 ст. паселішчы горных раёнаў мелі тэрасападобную арх.-прасторавую кампазіцыю, пераважалі 2-павярховыя шматпакаёвыя каменныя саклі з плоскім земляным дахам, на раўніне — прамавугольныя ў плане саманныя, пазней цагляныя дамы з паддашкам, крытыя дахоўкай. Пачалі ўзнікаць гарады (Маздок, Уладзікаўказ і інш.). У арх. стылях канца 19 — пач. 20 ст. пераважалі эклектыка і мадэрн. У адпаведнасці з генпланамі 1930—40-х г. пачалася рэканструкцыя гарадоў. У 2-й пал. 20 ст. пераважала комплексная забудова ў спалучэнні з азеляненнем і добраўпарадкаваннем тэрыторый (арх. Т.​Бугаева, А.​Бтэміраў, Б.​Дзахоеў і інш.). У 1936 створана Паўн.-Асец. аддзяленне Саюза архітэктараў Расіі.

Найб. даўнія помнікі мастацтва адносяцца да 3-га тыс. да н.э. (посуд з чырвонай гліны). З бронз. веку захаваліся пасудзіны з адбіткамі шнура і штампаванымі ўзорамі, бронз. ўпрыгожанні. У 12—8 ст. да н.э. развівалася кабанская культура (чорнагліняныя пасудзіны з лінейным геам. узорам, бронз. сякеры з гравіраванымі выявамі і вырабы з элементамі «звярынага стылю»). У 10—13 ст. н.э. вылучалася мастацтва аланаў (кераміка, ювелірныя вырабы, арнаментаваныя тканіны і інш.). У 16—18 ст. узводзілі каменныя надмагільныя стэлы з высечанымі фігурамі людзей, жывёл, расл. і геам. арнаментам (стэлы некропаля каля с. Даргаўс — т.зв. Горад мёртвых). У 18—19 ст. развіваліся традыц. віды мастацтва: маст. апрацоўка металу, разьба па дрэве і камені; у арнаментыцы пераважалі расл. ўзоры, салярныя (разеткі, зоркі) і зааморфныя (галовы ці рогі казла, барана) матывы. У канцы 19 ст. — 1-й пал. 20 ст. пад уплывам расійскага ўзнікла прафес. мастацтва (жывапісцы М.​Кочатаў, К.​Хетагураў, М.​Туганаў, А.​Хохаў, графікі С.​Кусаў, Р.​Хасіева, скульптары С.​Тавасіеў, С.​Ендзіеў і інш.). У 2-й пал. 20 ст. працавалі жывапісцы Ш.​Бедоеў, У.​Гасіеў, Ю.​Дзантыеў, П.​Зарон, Б.​Калманаў, Э.​Сакаеў, Б.​Фідараў, графікі З.​Абоеў, Ю.​Бігаеў, А.​Джанаеў, скульпт. Н.​Балаева, Ч.​Дзанагаў, М.​Дзбоеў, С.​Санакоеў, Б.​Таціеў, Б.​Санаеў і інш. У 1939 створаны Саюз мастакоў П.А.—А.

Вытокі асец. тэатра ў нар. гульнях і паказах. У 1871 заснаваны Рус. драм. т-р, які паўплываў на станаўленне нац. тэатра. У пач. 20 ст. наладжваліся аматарскія тэатр. паказы (у 1908 першы асец. спектакль ва Уладзікаўказе). У 1920-я г. вял. работу па развіцці самадзейнага т-ра праводзіў акцёр Б.​Тотраў. У 1930 арганізаваны Т-р малых форм, дзе выступалі асец. акцёры. У 1935 у г. Арджанікідзе адкрыўся Паўн.-Асец. т-р (у 1959—72 працаваў як муз.-драм.). У рэпертуары п’есы асец. аўтараў, сусв. і рас. класікі, бел. драматургаў (А.​Макаёнка і інш.). У 1944 створаны т-р лялек «Сабі» (рус. і асец. трупы). Сярод тэатр. дзеячаў: З.​Брытаева, Дз.​Маміеў, М.​Саламаў, А.​Туменава, У.​Тхапсаеў, В.​Хугаева, М.​Цалікаў, М.​Цыхіеў і інш.

Нар. музыка дыятанічная, рытмічна разнастайная, у ёй пашырана 2- і 3-галоссе. Асн. песенныя жанры: зарджыта (песні), каджыта (быліны), кафты зарджыта (танц. песні). З нар. танцаў — сімд, хонга кафт. Сярод муз. інструментаў — дала-фандыр, дуадастанон (шчыпковыя), кісын-фандыр (смыковы), карцганаг (ударны). Прафес. музыка развіваецца з 1920—30-х г. Дзейнічала Горская нар. кансерваторыя (1924—26), з 1938 Асец. ансамбль песні і танца. Ствараюцца апрацоўкі нар. песень і рамансы (А.​Алікава, Т.​Какойці, Я.​Калеснікава, А.​Таціева). З 1940-х г. засвойваліся новыя муз. жанры (ад вак. і інстр. мініяцюр да опер і балетаў, разгорнутых сімф. і кантатна-аратарыяльных твораў). У 1944 створаны Паўн.Асец. дзярж. сімф. аркестр. Сярод кампазітараў: І.​Габараеў, А.​Какойці, Н.​Карніцкая, Л.​Куліеў, Ж.​Пліева, Х.​Пліеў, З.​Хабалава, Д.​Хаханаў, Э.​Цалагава, Р.​Царыёнці, спевакоў — К.​Суанаў, Т.​Тагоева, А.​Хасіева і інш. Працуюць: філармонія (з 1945), Харавое т-ва (з 1959), Муз. т-р (з 1972), муз. вучылішча і школы. У 1939 створана Паўн.-Асец. аддзяленне Саюза кампазітараў Расіі.

Літ.:

История Северо-Осетинской АССР. (Т. 1—2] М.;

Орджоникидзе, 1959—66;

Тедтоев А.А. Северная Осетия в Великой Отечественной войне. Орджоникидзе, 1968;

Чибиров Л.А. Древнейшие пласты духовной культуры Осетии. Цхинвали, 1984;

Калоев Б.А. Осетины: (Ист.-этногр. исслед.). 2 изд. М., 1971;

Яго ж. Материальная культура и прикладное искусство осетин. М., 1973;

Кузнецов В.А. Зодчество феодальной Алании. Орджоникидзе, 1977;

Джусойты Н.Г. История осетинской советской литературы. Кн. 1. Тбилиси, 1980;

Дзантиев А.А. Художники Северной Осетии. Орджоникидзе, 1982.

П.​І.​Рогач (прырода, гаспадарка).

Да арт. Паўночная Асеція—Аланія. Цэйская цясніна.

т. 12, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНІГАЗНА́ЎСТВА,

навука пра кнігу як з’яву культуры і яе бытаванне ў грамадстве. У вызначэнні К. існуе некалькі падыходаў: як комплексная грамадская навука пра кнігу і кніжную справу, якая вывучае працэсы стварэння, распаўсюджвання і выкарыстання твораў пісьменства і друку; як комплекс адносна самаст. дысцыплін (тэорыі і арганізацыі кнігавыдання, кнігагандлю, бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства і інш.); як асобная вузкаспецыяльная навука пра гісторыю кнігі і тэорыю яе грамадскіх дачыненняў. Сінонімамі К. ў розныя часы былі тэрміны «бібліялогія», «бібліягнозія», «бібліясофія». У кнігазнаўчых даследаваннях гіст. кірунку вылучаюць гісторыю пісьма, рукапіснай кнігі (кадыкалогія), друкаванай кнігі, гісторыю мастацтва кнігі і бібліяфільства. Сярод дапаможных гісторыка-кніжных дысцыплін — палеаграфія, археаграфія, крыніцазнаўства, філіграналогія (гл. Вадзяныя знакі), бібліяпегія (вывучэнне пераплётаў) і інш.

Пачынальнікам К. лічаць аўстр. бібліёграфа М.​Дэніса, які адзін з першых ужыў тэрмін «К.». Яго погляды развілі аўстр. і франц. спецыялісты кніжнай справы 18 ст. У Расіі першымі тэарэтыкамі К. былі В.​С.​Сопікаў, В.​Р.​Анастасевіч, М.​М.​Лісоўскі, А.​М.​Лавягін, М.​А.​Рубакін, М.​М.​Куфаеў. У 1894—96 у Маскве выдаваўся штомесячны час. «Книговедение». Уздым К. пачаўся ў канцы 1950-х г. Праблемамі К. займаецца ЮНЕСКА (з 1982 выдае серыю «Даследаванні пра кнігу і чытанне»).

На Беларусі зараджэнне К. цесна звязана з развіццём пісьменства. Гуманістычную ролю кнігі абгрунтоўвалі Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч, Аўрамій Смаленскі. Мэтам дэмакратызацыі і ўзвышэння кнігі, яе эстэтычнай прыгажосці, зразумеласці і даступнасці служыў Ф.​Скарына. У прадмовах, пасляслоўях, каментарыях да сваіх выданняў Скарына і яго паслядоўнікі С.​Будны, В.​Цяпінскі, браты Мамонічы, друкары брацкіх друкарняў высока ўзнялі кніжную справу Беларусі, сцвердзілі значнасць бел. кніжнасці ў агульным рэчышчы еўрап. Адраджэння. Кнігазнаўчая праца праводзілася ў Віленскай акадэміі, калегіумах, буйных манастырскіх і прыватных бібліятэках. Многія з прадстаўнікоў магнацкіх родаў Радзівілаў, Сапегаў, Хадкевічаў, Алелькавічаў, Зяновічаў, Храптовічаў і інш. выдатна разумелі значэнне кнігі ў адукацыі і культуры. Добрае веданне юрыд. л-ры свайго часу Л.​Сапега выкарыстоўваў пры ўкладанні і рэдагаванні Статута ВКЛ 1588. Кнігазнаўчы кірунак мелі вопісы бібліятэк. Вопіс б-кі Слуцкага Троіцкага манастыра 1494 — першы з вядомых на Беларусі. У аналагічным вопісе б-кі Супрасльскага манастыра 1557 улічана і часткова апісана афармленне 211 кніг, у т. л. каваных золатам, серабром і інш. У 19 ст. развіццё К. на Беларусі звязана з Віленскім ун-там і дзейнасцю ў ім І.Лялевеля, які ў працах «Дзве бібліяграфічныя кнігі» (т. 1—2, 1823—26) і «Гісторыя бібліятэк» (1827) асвятляў тэарэт. пытанні К. як комплекснай навукі пра кнігу. У 1829 А.​М.​Багаткевіч чытаў у Віленскім ун-це фактычна першы ў Рас. імперыі курс К. У 19 ст. вялася работа па апісанні бел. старадрукаў, стварэнні каталогаў прыватных і грамадскіх бібліятэк, кнігарняў (П.​А.​Гільтэбрант, Ф.​М.​Дабранскі, А.​І.​Мілавідаў, С.​Л.​Пташыцкі, Р.​А.​Зямкевіч і інш.). Асобныя аспекты К. і гісторыі стараж. бел. кніжнасці разглядаліся ў працах П.​У.​Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына. Яго пераклады, друкаваныя выданні, і мова» (1888) і Я.​Ф.​Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У 1920-я г. на ніве бел. К. працавалі Ю.​І.​Бібіла, Дз.​І.​Даўгяла, М.​В.​Мялешка, У.​І.​Пічэта, М.​М.​Шчакаціхін, Б.​І.​Эпімах-Шыпіла. Многія працы выходзілі за межамі БССР, у т. л. «Матэрыялы да крыўскай гісторапісі: Доля кнігасховаў і архіваў зямель крыўскіх і беларускіх Вялікага княства Літоўскага» А.​Шлюбскага (Коўна, 1925), «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» В.​Ю.​Ластоўскага (Коўна, 1926) — першая вял. анталогія па гісторыі бел. кніжна-літаратурнага і дакументальнага пісьменства 10 — пач. 19 ст. У БССР у 1926 выйшла калектыўнае даследаванне «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925». У 1926—29 у Мінску працавала Беларускае таварыства бібліяфілаў, якое выдала першую ў БССР працу аб кніжных знаках (кніга Шлюбскага «Exlibris’ы А.​Тычыны», 1928). У цяперашні час пытанні К. распрацоўваюць б-кі: Нацыянальная Беларусі, Цэнтр.-навук. АН Беларусі, Прэзідэнцкая, БДУ, Нац. кніжная палата Беларусі, Бел. ун-т культуры, кафедры гуманітарнага профілю ВНУ. Шмат зрабілі ў галіне К. вучоныя С.​Х.​Александровіч, М.​Б.​Батвіннік, Г.​Я.​Галенчанка, А.П. і В.​П.​Грыцкевічы, Л.​І.​Збралевіч, А.​К.​Каўка, Г.​В.​Кісялёў, У.​М.​Конан, Ю.​А.​Лабынцаў, А.​В.​Мальдзіс, Я.​Л.​Неміроўскі, М.​В.​Нікалаеў, С.​А.​Падокшын, Т.​І.​Рошчына, І.​В.​Саверчанка, В.​У.​Скалабан, В.​А.​Чамярыцкі, В.​Ф.​Шматаў, Я.​Я.​Янушкевіч і інш. Артыкулы па К. друкуюцца ў штогодніку «Пытанні бібліяграфазнаўства і бібліятэказнаўства» (выдаецца з 1980). Значны абагульняльны і канкрэтна-гіст. матэрыял па К. сістэматызаваны ў фундаментальных выданнях, тэматычных зборніках і манаграфіях, прысвечаных 500-годдзю Скарыны: «Біблія Скарыны» (факс. выд., т. 1—3, 1990—91), «Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед.» (1988), «Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць: Паказ. л-ры» Неміроўскага і Л.​А.​Осіпчыка (1990), «Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар» Галенчанкі (1993) і інш. Выдатны ўзор вынікаў працы бел. кнігазнаўцаў — выданне да 400-годдзя зацвярджэння Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 (1989). У наш час даследаванне важных праблем К. суправаджаецца выхадам адпаведных серый кнігазнаўчых выданняў. Вызначэнню зместу паняццяў «нацыянальны дакумент», «кніжная спадчына Беларусі» і інш. тэарэт. пытанням прысвечана серыя «Здабыткі: Дакументальныя помнікі Беларусі», рэстытуцыі кніжных каштоўнасцей — серыя «Вяртанне», міжнар. славяназнаўчай праграме «Гісторыя кніжнай культуры Падляшша» — аднайм. серыя, комплексным праблемам культуры і гісторыі — серыя «Беларусіка=Albaruthenica». Выходзяць серыі: «З гісторыяй на «Вы», «Скарыніч: Літ.-навук. гадавік», «Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб.». Пошукам кнігалюбаў і лёсу асобных рарытэтаў прысвечана выданне «Свіцязь: Альманах бібліяфілаў Беларусі» (1989). Пытанні гісторыі кніжнай справы на Беларусі асвятляюцца ў выданнях суседніх краін: «Друкары старажытнай Польшчы з XV да XVIII ст. Сш. 5. Вялікае княства Літоўскае» (1959), «400 гадоў рускага кнігадрукавання» (1964), «Украінская кніга» (1965), «Слоўнік дзеячаў польскай кнігі» (1972), «Кнігазнаўства: Энцыкл. слоўнік», «Гісторыя кнігі Літвы: Паказ. л-ры, 1659—1982» (абодва 1982). У бел. замежжы кнігазнаўчыя даследаванні вялі Бел. бібліягр. служба (Германія), Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, даследчыкі М.​Панькоў, М.​Вакар, Л.​Акіншэвіч, В.​Тумаш (С.​Брага), А.​Надсон, В. і З.​Кіпелі, Я.​Запруднік, А.​Ружанец-Ружанцоў і інш. Найб. значныя працы — «Мова ў гісторыі беларускага пісьменства» (т. 1, Мюнхен; Лондан, 1974—75; т. 2, Кліўленд, 1978) А.​Калубовіча, «Пяць стагоддзяў Скарыніяны, XVI—XX» (Нью-Йорк, 1989) Тумаша.

Літ.:

Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны кат. Мн., 1986;

Книговедение в Белоруссии. Мн., 1977;

Белороссика: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1980;

Книга в Белоруссии. Вып. 1—2. Мн., 1981—83;

Мигонь К. Наука о книге: Очерк проблематики: Пер. с пол. М., 1991.

В.​М.​Герасімаў.

т. 8, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПТЫКА (ад грэч. optike навука аб зрокавым успрыманні),

раздзел фізікі, які вывучае заканамернасці выпрамянення, распаўсюджвання і ўзаемадзеяння з рознымі аб’ектамі эл.-магн. выпрамянення бачнага, ультрафіялетавага і інфрачырвонага дыяпазонаў даўжынь хваль.

О. — адна са старажытнейшых навук, цесна звязаная з патрэбамі практыкі на ўсіх этапах развіцця. Прамалінейнасць распаўсюджвання святла была вядома ў Месапатаміі за 5 тыс. г. да н.э. і выкарыстоўвалася ў Стараж. Егіпце пры буд. работах. Піфагор (6 ст. да н.э.) меў блізкі да сучаснага пункт гледжання, што целы становяцца бачнымі з-за выпрамянення імі пэўных часцінак. Арыстоцель (4 ст. да н.э.) меркаваў, што святло ёсць узбуджэнне асяроддзя паміж аб’ектам і вокам, у школе яго сучасніка Платона сфармуляваны важнейшыя законы геаметрычнай оптыкі. Эўклід (3 ст. да н.э.) разглядаў узнікненне аптычных відарысаў пры адбіцці ад люстэркаў. Хвалевая оптыка пачала развівацца ў 17 ст. пасля прац Р.Гука і К.Гюйгенса, якія далі першыя хвалевыя тлумачэнні (аналагічныя тлумачэнням акустычных хваль) многім законам О. Святло разглядалася як імгненная перадача ціску з дапамогай «эфіру». Аднак прамалінейнае распаўсюджванне і палярызацыя святла не знайшлі тлумачэння з пазіцый хвалевых аналогій святла і гуку, што прывяло І.Ньютана да развіцця карпускулярных уяўленняў. Святло разглядалася ім як паток карпускул — часцінак, падобных да пругкіх шарыкаў. Карпускулярныя і хвалевыя тэорыі святла развіваліся і надалей і напераменна дамінавалі ў навуцы. Развіццё сучаснай О. звязана з працамі Т.Юнга, А.​Ж.​Фрэнеля, Д.Ф.Араго (з’явы інтэрферэнцыі, дыфракцыі і прамалінейнага распаўсюджвання святла растлумачаны з хвалевых пазіцый), М.Фарадэя (выяўлена ўзаемасувязь паміж аптычнымі і эл. з’явамі, 1846), Дж.К.Максвела (устаноўлена эл.-магн. прырода святла, 1865), П.М.Лебедзева (ціск святла, 1899), А.Р.Сталетава (фотаэфект, 1888—90), Х.А.Лорэнца (электронная тэорыя святла і рэчыва, 1896), М.Планка (гіпотэза квантаў, 1900) і інш. Барацьба двух пунктаў гледжання на прыроду святла прывяла да сінтэзу абодвух уяўленняў (гл. Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Доследы А.І.​Л.​Фізо і А.А.Майкельсана прывялі да стварэння спец. адноснасці тэорыі.

Тэарэт. аснова апісання аптычных з’яў — Максвела ўраўненні для вектараў эл. і магн. напружанасцей светлавога поля ў матэрыяльным асяроддзі. Пры рашэнні канкрэтных аптычных задач карыстаюцца рознымі мадэлямі і набліжэннямі, а таксама ўяўленнямі і прынцыпамі, многія з якіх устаноўлены да адкрыцця эл.-магн. прыроды святла. На аснове законаў геам. оптыкі вырашаюцца пытанні асвятлення аб’ектаў і памяшканняў (гл. Святлатэхніка), распаўсюджвання святла ў аптычных прыладах, у т. л. ў воку, пераносу энергіі з дапамогай светлавых патокаў і інш. Шэраг задач фотаметрыі вырашаецца з улікам заканамернасцей успрымання чалавечым вокам святла і яго асобных колеравых складальных. Такія заканамернасці вывучае фізіялагічная О., якая цесна змыкаецца з біяфізікай і псіхалогіяй, даследуе зрокавы аналізатар (ад вока да кары галаўнога мозга) і механізмы зроку. Фізічная оптыка вывучае праблемы, звязаныя з прыродай святла і светлавых з’яў. Папярочнасць эл.-магн. хваль вынікае з эксперым. даследаванняў дыфракцыі святла, інтэрферэнцыі святла, палярызацыі святла і распаўсюджвання яго ў анізатропных асяроддзях (гл. Оптыка анізатропных асяроддзяў, Крышталяоптыка). Хвалевая оптыка вывучае сукупнасць з’яў, дзе выяўляецца хвалевая прырода святла. Паводле яе прынцыпаў светлавое поле ў любым пункце ўяўляе сабой суму хваль, якія прыйшлі з інш. пунктаў, і складанне адбываецца з улікам іх амплітуд, фаз і палярызацый. Уплыў асяроддзя на светлавое поле ўлічваецца з дапамогай паказчыка пераламлення, каэфіцыента паглынання (ці ўзмацнення), а таксама тэнзараў дыэл. і магн. пранікальнасцей. Разам з развіццём атамна-малекулярных уяўленняў аб структуры рэчыва развівалася малекулярная оптыка, у межах якой аптычныя параметры асяроддзя вызначаюцца на аснове ўліку рэакцыі (водгуку) элементаў яго мікраструктуры (атамаў, малекул і інш.) на ўздзеянне светлавога поля. У выніку ўстанаўліваецца іх залежнасць ад частот і сіл асцылятараў квантавых пераходаў часцінак асяроддзя, іх шчыльнасці і характарыстык узаемадзеяння паміж імі, часу рэлаксацыі розных працэсаў і інш. Па выніках аптычных вымярэнняў выяўляецца інфармацыя аб мікраструктуры асяроддзяў і працэсах, што працякаюць у іх (гл. Спектраскапія). Пасля стварэння лазераў працэсы распаўсюджвання светлавых патокаў у асяроддзі разглядаюцца з пазіцый нелінейнай оптыкі. Выпрамяненне святла адбываецца пры пераходах часцінак рэчыва (атамаў, малекул, іонаў і інш.) з узроўняў з больш высокай энергіяй на энергетычна больш нізкія ўзроўні (спантанна ці вымушана; гл. Вымушанае выпрамяненне, Лазерная фізіка). Паглынанне наадварот — з больш нізкіх узроўняў на больш высокія. У гэтых працэсах выяўляецца квантавая прырода святла, яго фатонная структура. У нялазерных крыніцах святла выпрамяненне спантаннае і такія пераходы ў розных часцінках адбываюцца незалежна адзін ад аднаго, што выяўляецца ў малых кагерэнтнасці і монахраматычнасці, а таксама ў адсутнасці рэзка выражанай накіраванасці выпрамянення. Аптычнае выпрамяненне цеплавых крыніц (Сонца, зоркі, полымя, лямпы напальвання і інш.) з’яўляецца часткай іх цеплавога выпрамянення. Свячэнне, выкліканае інш. фактарамі (не цеплавымі), наз. люмінесцэнцыяй. Праходжанне святла праз асяроддзі суправаджаецца яго рассеяннем на неаднастайнасцях і флуктуацыях іх структуры (гл. Оптыка рассейвальных асяроддзяў, Рассеянне святла), выклікае розныя фіз. (напр., награванне, фоталюмінесцэнцыю, фотаэфект, іанізацыю атамаў і малекул), хім. (гл. Фотахімія, Фатаграфія, Фотабіялогія), мех. (напр., тармажэнне ці паскарэнне часцінак, іх захоп) і інш. з’явы і працэсы. Аптычныя з’явы і метады даследаванняў выкарыстоўваюцца для рашэння навук. і практычных задач. Напр., з дапамогай вока чалавек атрымлівае асн. аб’ём інфармацыі аб навакольным свеце, у т. л. запісанай на розных носьбітах (кнігі, фотаздымкі, відэадыскі, касеты). Карэкцыя зроку, павелічэнне яго далёкасці і раздзяляльнай здольнасці праводзяцца з дапамогай розных аптычных прылад (акуляры, біноклі, тэлескопы, мікраскопы). Развіццё тэхнікі асвятлення, удасканаленне крыніц святла, сродкаў запісу, счытвання, перадачы і захоўвання інфармацыі, аптычных метадаў даследаванняў, вывучэння будовы і хім. саставу рэчыва, апрацоўкі матэрыялаў, у т. л. з дапамогай лазернай тэхнікі, і інш. абумоўлена паглыбленнем ведаў аб законах распаўсюджвання святла і яго ўзаемадзеяння з рэчывам, а таксама развіццём і ўдасканаленнем аптычных прылад.

На Беларусі даследаванні ў галіне О. пачаты ў канцы 1940-х г. у БДУ, праводзяцца таксама ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це прыкладной оптыкі, Аддзеле аптычных праблем інфарматыкі Нац. АН, БПА, Гомельскім і Гродзенскім ун-тах і інш. Асн. кірункі даследаванняў: распрацоўка і стварэнне новых лазерных сістэм, вывучэнне заканамернасцей узаемадзеяння лазернага выпрамянення з рознымі асяроддзямі, выкарыстанне лазераў у біялогіі, медыцыне і прамысл. тэхналогіях, распрацоўка апаратуры для лазернага зандзіравання і авіякасм. спектраметрыравання і інш. У Мінску выдаецца міжнар. часопіс «Журнал прикладной спектроскопии».

Літ.:

Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;

Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. М., 1962;

Иванов А.П. Оптика рассеивающих сред. Мн., 1969;

Борн М., Вольф Э. Основы оптики: Пер. с англ. 2 изд. М., 1973;

Ландсберг Г.С. Оптика. 5 изд. М., 1976;

Апанасевич П.А. Основы теории взаимодействия света с веществом. Мн., 1977;

Степанов Б.И. Введение в современную оптику. [Т. 1—4]. Мн., 1989—91.

П.​А.​Апанасевіч.

т. 11, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАДЗЕ́ЙНАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА,

аматарская творчасць у галіне музыкі. Уключае індывід. і калект. выкананне вак. і інстр. музыкі, стварэнне аматарамі муз. твораў. Вытокі бел. муз. самадзейнасці ў быт. і абрадавых карагодах і гульнях, у валачобных, калядных і вясельных гуртах, якія рыхтаваліся загадзя. З 1830—40-х г. у гар. асяроддзі Беларусі пашыралася аматарскае музіцыраванне, ставіліся муз. спектаклі, у т. л. па першых вадэвілях і муз. камедыях С.​Манюшкі, камерныя вечары і інш. У 2-й пал. 19 ст. яно набыло арганізаваныя формы (хары настаўніцкіх семінарый з 1864, музычныя таварыствы з 1880-х г.). Этапам у развіцці С.м.м. былі беларускія вечарынкі (з 1905), што наладжваліся муз.-драм. гурткамі. Найб. развіццё маст. самадзейнасць набыла з 1920-х г. У стварэнні рэпертуару для калектываў муз. самадзейнасці ўдзельнічалі прафес. кампазітары М.​Анцаў, М.​Чуркін, Я.​Цікоцкі, М.​Мацісон. У 1930-я г. для кіраўніцтва маст. самадзейнасцю ствараліся рэспубліканскія (1937) і абласныя (1939) дамы нар. творчасці. Актывізацыі самадз. калектываў, росту майстэрства іх удзельнікаў спрыялі рэсп. алімпіяды і агляды самадз. мастацтва. У шэрагу яркіх калектываў вылучаліся Азершчынскі, Падлескі, Прысынкаўскі, Тураўскі, Юравіцкі нар. хары.

У Вял. Айч. вайну амаль ва ўсіх партыз. фарміраваннях Беларусі існавалі ансамблі і агітбрыгады (гл. Партызанская мастацкая самадзейнасць, Партызанскія песні). Пасляваен. перыяд адзначаны разнастайнасцю тыпаў калектываў, ростам іх маст. ўзроўню. Побач з харамі і ансамблямі песні і танца з’явіліся аркестры, інстр. ансамблі, оперныя студыі. Для метадычнай і практычнай дапамогі самадз. калектывам побач з дамамі нар. творчасці (з 1979 навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы) ствараліся рэсп. (1968) і абл. дамы маст. самадзейнасці (з 1978 дамы самадз. творчасці). Кансультуюць калектывы, а часам і непасрэдна кіруюць імі прафес. музыканты. Абнаўляць і ўзбагачаць рэпертуар дапамагаюць рэгулярнае выданне зборнікаў, агляды цэнтрамі нар. творчасці. Вял. ролю ў павышэнні майстэрства калектываў і выканаўцаў С.м.м. адыгрываюць рэсп. і абласныя агляды, конкурсы, фестывалі, святы духавой, нар. музыкі, песні і інш. Лепшым самадз. муз. калектывам прысвойваецца ганаровае найменне «народны» (з 1960), дзіцячым — «узорны» (з 1978; гл. Народныя хары, ансамблі, аркестры). Сярод нар. (узорных) самадз. калектываў вылучаюцца: нар. хар. капэла настаўнікаў Брэсцкай вобл., нар. вак. ансамбль «Мілавіца» Брэсцкага гар. Дома культуры (ДК), узорная капэла хлопчыкаў і юнакоў Брэсцкага абл. Палаца культуры (ПК) прафсаюзаў, нар. гурт вандроўных музыкаў «Фэст» Баранавіцкага гар. ДК, нар. ансамбль старадаўняй музыкі «Кантраданс» Баранавіцкай дзіцячай муз. школы №3, нар. ансамбль нар. музыкі і песні «Палешукі» Іванаўскага раённага цэнтра культуры і нар. традыцый, нар. хор Лёзненскага раённага ДК Віцебскай вобл., нар. фалькл. ансамбль «Паазер’е» Пастаўскай дзіцячай муз. школы, нар. духавы аркестр Наваполацкага ПК вытв. аб’яднання «Нафтан», узорны ансамбль нар. музыкі «Жалейка» Віцебскага цэнтра нар. рамёстваў і мастацтваў «Задзьвінне», нар. хор Тураўскага сельскага ДК Жыткавіцкага р-на, нар. хор «Вязанка» Брылёўскага сельскага ДК Гомельскага р-на, Жлобінскі нар. духавы аркестр ПК рэсп. унітарнага прадпрыемства «Беларускі металургічны завод», нар. ансамбль нар. інструментаў Гомельскага абл. Дома тэхнічнай і маст. творчасці, нар. ансамбль нар. музыкі і песні «Радуніца» Мазырскага раённага ДК, нар. фалькл. ансамбль «Сваякі» ПК рэсп. унітарнага прадпрыемства «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод», нар. ансамбль нар. музыкі і песні «Цырынскія музыкі» Цырынскага ДК Карэліцкага р-на, нар. ансамбль песні і танца «Ніва» Верцялішкаўскага цэнтр. ДК Гродзенскага р-на, нар. ансамбль нар. музыкі «Лявоны» Воранаўскага раённага ДК, нар. хар. ансамбль «Спадчына» Магілёўскага гар. цэнтра культуры і вольнага часу, нар. ансамбль нар. песні «Мілавіца» Мышкавіцкага сельскага ДК Кіраўскага р-на, нар. цымбальны аркестр Асіповіцкага раённага ДК, нар. хар. капэла Магілёўскага ДК аўтазавода імя С.​Кірава, ансамбль нар. музыкі «Скарбніца» г. Магілёў, нар. фалькл. ансамбль «Крупіцкія музыкі» Крупіцкага цэнтра культуры Мінскага р-на, нар. ансамбль нар. музыкі «Спадчына» Дзяржынскага гар. ДК, нар. фалькл. ансамбль «Лаўнічанка» Лаўніцкага сельскага ДК Барысаўскага р-на, нар. ансамбль нар. песні «Ярыцы» Любанскага раённага цэнтра культуры, узорны фальклорны ансамбль «Калыханка» Міханавіцкага сельскага ДК Мінскага р-на, узорны духавы аркестр Вілейскай дзіцячай муз. школы, нар. духавы аркестр Жодзінскага ПК рэсп. унітарнага прадпрыемства «БелАЗ», нар. ансамбль бел. песні «Церніца» ПК і спорту чыгуначнікаў г. Мінск, нар. аркестр нар. інструментаў БДУ, нар. аркестр нар. інструментаў Бел. пед. ун-та, нар. цымбальны ансамбль «Ведрыца» Рэсп. цэнтра маст. творчасці навучэнскай моладзі, нар. ансамбль камернай музыкі «Рычэркар» Рэсп. ПК прафсаюзаў, нар. вак. ансамбль ветэранаў вайны, працы і Узброеных Сіл «Памяць сэрца» Рэсп. ПК ветэранаў, нар. мужчынскі хор ПК «Аўтазаводзец», фалькл. ансамбль «Дударыкі» Мінскай нац. гімназіі №111 (з 2001 № 14) і інш. Сярод аўтараў песень і інстр. твораў: М.​Вайцяхоўскі, Р.​Галавасцікаў, В.​Гарбатоўскі, У.​Журовіч, П.​Касач, М.​Коньшын, М.​Пятрэнка, М.​Сірата, І.​Сушко, Я.​Ціхановіч, П.​Шаўко, М.​Шумілін, А.​Шыдлоўскі, П.​Шыдлоўскі, М.​Шынкевіч, Л.​Ячнеў і інш. З самадзейнасці пачалі свой творчы шлях нар. арт. СССР Л.​Александроўская, Я.​Глебаў, І.​Жыновіч, нар. арт. Беларусі І.​Балоцін, М.​Дзянісаў, Ю.​Семяняка, засл. арт. Беларусі С.​Навіцкі, Х.​Шмелькін, В.​Шутава, засл. дз. маст. Беларусі І.​Кузняцоў і інш. Лепшыя прадстаўнікі самадз. мастацтва ўвайшлі ў склад Дзярж. нар. хору Беларусі і Дзярж. нар. аркестра Беларусі. На 1.1.2001 у дзярж. установах культуры Беларусі 8043 вак.-хар. калектывы (у т. л. 2686 дзіцячых), 1059 інстр. (у т. л. 350 дзіцячых): у Брэсцкай 2057 (у т. л. 310 дзіцячых), у Віцебскай 1118 (у т. л. 144 дзіцячыя), у Гомельскай 1166 (у т. л. 153 дзіцячыя), у Гродзенскай 1100 (у т. л. 100 дзіцячых), у Магілёўскай 1263 (у т. л. 118 дзіцячых), у Мінскай 1329 (у т. л. 234 дзіцячыя). Павышэнню маст. ўзроўню рэпертуару і выканаўчага майстэрства садзейнічаюць фестывалі і конкурсы. Сярод сучасных буйных фестываляў на Беларусі: Міжнар. фестывалі нар. музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» (з 1991, г. Паставы Віцебскай вобл.) і фестываль правасл. песнапенняў (з 1995, Мінск), рэсп. фестываль духавой музыкі «Беларускія фанфары» (з 1996, г. Баранавічы Брэсцкай вобл.), у т. л. рэгіянальныя «Дняпроўскія галасы» (г. Дуброўна Віцебскай вобл.), «Берагіня» (з 1999, г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл.). Сярод навуч. устаноў, якія рыхтуюць кіраўнікоў калектывамі: муз. і маст. вучылішчы рэспублікі, Бел. ун-т культуры, Бел. АМ, Бел. пед. ун-т.

Г.​І.​Цітовіч, А.​А.​Скарына.

Да арт. Самадзейнае музычнае мастацтва. Фальклорны ансамбль «Дударыкі» Мінскай нацыянальнай гімназіі № 14.
Да арт. Самадзейнае музычнае мастацтва. Народны ансамбль беларускай песні «Церніца» Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў г. Мінск.
Да арт. Самадзейнае музычнае мастацтва. Ансамбль народнай музыкі «Скарбніца» г. Магілёў.

т. 14, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́З МУЗЫ́ЧНЫХ ДЗЕ́ЯЧАЎ БЕЛАРУ́СІ, Беларускі саюз музычных дзеячаў,

добраахвотная творчая арганізацыя прафес. дзеячаў муз., харэагр. і эстр. мастацтва. Створаны ў 1991 на базе Муз. т-ва Беларусі (дзейнічала з 1987, з 1995 наз. С.м.дз.Б., з 1999 Бел. саюз муз. дзеячаў). Старшыня — М.​Дрынеўскі. Асн. мэты: удзел у адраджэнні бел. нац. культуры, каардынацыя дзейнасці дзярж. устаноў і арг-цый, грамадскіх аб’яднанняў і грамадзян у вырашэнні праблем развіцця нац. культуры і мастацтва, удзел у абароне прафес. правоў сваіх членаў, павышэнне кваліфікацыі і выканаўчага майстэрства музыкантаў. Мае абл. арг-цыі і Мінскае гар. аддз., творчыя асацыяцыі: бел. цымбалістаў, дамрыстаў і мандаліністаў, перкусійная. Праводзіць канферэнцыі, майстар-класы з запрашэннем вядомых майстроў з замежных краін, садзейнічае і арганізуе ўдзел выканаўцаў у міжнар. муз. конкурсах, фестывалях, форумах. Заснавальнік і сузаснавальнік фестываляў «Сярэбраны звон цымбалаў» (1998, 2000), «Славянскі вянок» (1998), «Студзеньскія музычныя вечары» (з 1989), «Нараджэнне капэлы» (1991, 1992), конкурсаў муз. мастацтва. Працуе камбінат па вырабе, рамонце і рэстаўрацыі муз. інструментаў. Падтрымлівае сувязі з Сусв. цымбальнай асацыяцыяй (з 1992); калектыўны чл. Міжнар. саюза муз. дзеячаў (з 1991) і Бел. канфедэрацыі творчых саюзаў (з 1991). На 2001 каля 600 членаў.

Члены Беларускага саюза музычных дзеячаў

1991. Л.​М.​Абрамовіч, Л.​К.​Алексютовіч, І.​У.​Алоўнікаў, А.​В.​Альшанікаў, А.​М.​Аляксеенка, В.​С.​Ануфрыева, Г.​В.​Асмалоўская, І.​А.​Атраднаў, Н.​П.​Аўдзеева, В.​Л.​Аўраменка. Э.​І.​Ахрэмчык, В.​А.​Бабчанка, Г.​І.​Багамолаў, Б.​П.​Бажкоў, А.​М.​Баканаў, В.​Я.​Балаханаў, Л.​Р.​Батырава, Г.​Я.​Бацвіннік, М.​А.​Баяровіч, В.​Ю.​Бельцюкова, С.​І.​Берасцень, А.​І.​Берын, Л.​М.​Бондарава, Т.​П.​Брагінец, У.​В.​Браілоўскі, В.​В.​Варановіч, В.​Дз.​Васіленка, Л.​П.​Васільева, В.​М.​Верамяюк, Я.​Г.​Віданаў, Н.​В.​Вітчанка, В.​В.​Волкаў, М.​М.​Волкаў, В.​Л.​Вуячыч, І.​Г.​Вядзенін, Э.​С.​Габрыэлян, І.​П.​Галко, А.​А.​Галенчык, Я.​А.​Гарбунова, Г.​Я.​Гедыльтэр, Ю.​М.​Гільдзюк, Я.​П.​Гладкоў, Г.​П.​Грынчук, А.​М.​Гужалоўская, В.​Ю.​Густава, А.​Ф.​Гутараў, Л.​І.​Гучок, М.​І.​Дабравольскі, Б.​І.​Давыдаў, В.​У.​Дадзіёмава, Ю.​П.​Дзмітрыенка, А.​А.​Даніловіч, Л.​Л.​Дзядук, М.​П.​Дрынеўскі, В.​У.​Дудкевіч, В.​С.​Жывалеўскі, І.​А.​Забелава, П.​П.​Забелаў, Г.​П.​Зелянкова, В.​М.​Зяленін, Л.​Л.​Іваноў, А.​В.​Кавалеўская, М.​А.​Казінец, М.​А.​Казлоў, П.​Я.​Кандрацюк, С.​І.​Кафанаў, А.​П.​Кірыенка, Э.​В.​Кірыленка, У.​М.​Кузменка, Л.​М.​Куляшоў, Т.​М.​Курыла, У.​В.​Курылін, В.​А.​Кучар, Э.​В.​Кучынскі, В.​А.​Лагвіненка, Н.​І.​Лапшова, С.​Ю.​Лішчанка, А.​А.​Лысенка, І.​М.​Лявоненка, У.​П.​Ляйко, З.​Я.​Мажэйка, А.​А.​Мазепін, А.​А.​Мазурава, Л.​П.​Макарава, Р.​Я.​Малееў, А.​А.​Маляроў, Л.​А.​Матукоўская, Н.​А.​Мікуліч, А.​П.​Мільто, В.​А.​Міхальчук, Г.​М.​Міхеева, Л.​А.​Мішчанка, І.​Б.​Морых, Л.​Б.​Муранаў, Л.​Ф.​Мурашка, Л.​М.​Мяцельская, Б.​У.​Нічкоў, Г.​П.​Обух, Р.​У.​Падойніцына, І.​І.​Палівода, В.​М.​Панін, Л.​А.​Папова, А.​М.​Папоў, У.​С.​Пархоменка, В.​П.​Пауля, І.​І.​Паўлава, У.​П.​Перлін, А.​А.​Піліпенка, В.​П.​Пісарчык, У.​П.​Правілаў, А.​К.​Прусаў, Я.​Р.​Пукст, А.​В.​Пякуцька, Б.​М.​Пянчук, А.​С.​Пячонкіна, Я.​М.​Раўтовіч, В.​Л.​Рахленка, А.​М.​Рашацян, У.​А.​Родаў, В.​У.​Роўда, А.​А.​Рудзькоў, С.​І.​Рудня-Герман, У.​М.​Рыжы, У.​П.​Рылатка, С.​М.​Рыхло, В.​П.​Савіцкая, Г.​П.​Салапаха, Р.​С.​Сарока, І.​Ю.​Семяняка, М.​І.​Сеўрукоў, Б.​В.​Сінецкі, У.​П.​Скараходаў, Э.​М.​Скуратава, А.​С.​Собалева, М.​Р.​Солапаў, Б.​І.​Спектар, У.​І.​Стасевіч, Н.​С.​Сцяпанская, У.​В.​Таран, В.​В.​Тупіцын, У.​У.​Федарчук, М.​Я.​Фінберг, А.​І.​Хімчанка, Н.​Л.​Хотылева, І.​І.​Хотылеў, В.​Г.​Чарныш, Ю.​М.​Чурко, Л.​С.​Шаламёнцава, Я.​А.​Шаўчэнка, З.​Б.​Шаціла, С.​Ю.​Шпадарук, С.​А.​Штэйн, І.​М.​Шуміліна, В.​Л.​Яканюк, Т.​С.​Якаўлева, А.​Б.​Янпольскі, Л.​І.​Ячнеў.

1992. Г.​Р.​Аляксандрава, Я.​Ц.​Анціпенка, Н.​В.​Аўраменка, А.​А.​Бальцэвіч, М.​Д.​Браценнікаў, П.​М.​Веркалаб, А.​Б.​Залётнеў, М.​А.​Зданевіч, Л.​П.​Івашкоў, Н.​А.​Кавецкая, Т.​Я.​Кандрацюк, Н.​П.​Каральчук, У.​Дз.​Каструлёў, З.​В.​Качарская, Р.​А.​Лагонда, Л.​А.​Лявонава, І.​Б.​Мазур, Г.​М.​Мандрус, Р.​Т.​Марціросаў, Л.​Б.​Метнер, Г.​А.​Мілешка, У.​В.​Неўдах, І.​В.​Неўская, У.​М.​Няхаенка, В.​Л.​Парашчанка, В.​В.​Паўлава, Р.​І.​Петрачэнка, М.​Ф.​Пракаповіч, Т.​Л.​Рыдлеўская, С.​У.​Сакірка, У.​А.​Сінельнік, В.​С.​Томаль, Т.​У.​Уладысік, Г.​П.​Церашонак, І.​А.​Чарапко, В.​У.​Шацкі, Г.​В.​Шпакоўскі, С.​М.​Шубіна, Ж.​Г.​Ялфімава, І.​А.​Янпольская.

1993. П.​С.​Акулёнак, П.​С.​Вайналовіч, Я.​Ш.​Гелер, Я.​У.​Маланкоў, В.​А.​Патапаў, Г.​І.​Паўлянок, А.​К.​Сакалова, Ю.​М.​Сасноўцаў, Г.​Я.​Сівакова, Т.​П.​Сычова, І.​Р.​Целяпнёва.

1994. І.​Л.​Аляхновіч, Г.​В.​Анікеева, В.​А.​Анікееў, Т.​С.​Асновіч, М.​І.​Ахвердава, І.​І.​Барташэвіч, Т.​Ф.​Бранкоўская, Г.​І.​Бранкоўскі, Т.​У.​Бялькова, І.​У.​Валадковіч, Л.​Р.​Верхавень, Т.​С.​Ворашань, Т.​В.​Дзяшко, А.​В.​Доўгань, В.​П.​Ждановіч, В.​І.​Іванова, В.​А.​Кандратовіч, А.​В.​Касаткіна, В.​Р.​Кірылава, У.​Дз.​Кокушкін, У.​М.​Колін, Н.​М.​Кончыц, Л.​А.​Корсак, Ю.​А.​Крылоў, В.​А.​Крыцкая, С.​С.​Кундзянок, П.​Ф.​Ліхтэн, І.​М.​Лонскі, Л.​М.​Ляўковіч, С.​М.​Малінін, С.​А.​Мікулік, Л.​Р.​Пазнякова, Л.​А.​Парашчанка. А.​В.​Пауля, Л.​М.​Пятрова-Кумінская, С.​Т.​Разін, І.​Э.​Раманава, В.​Р.​Раманцоў, С.​М.​Рыбарава, Р.​П.​Рыжэвіч, В.​П.​Рэва, Л.​Б.​Самарцава, Л.​М.​Сасноўская, С.​Ф.​Сіпакова, А.​В.​Сітнікаў, Дз.​Дз.​Смірнова, Л.​В.​Смірнова, М.​К.​Старасцін, Н.​І.​Ташчыліна, С.​У.​Федарынчык, Г.​М.​Хадыка, А.​У.​Хартановіч, А.​У.​Харытонава, Н.​В.​Храпцова, Н.​М.​Цапрылава, Т.​Ц.​Чупрынская, Т.​Е.​Шумакова, А.​А.​Шут, Л.​В.​Шыбаева, Л.​А.​Шымановіч.

1995. А.​Л.​Акушэвіч, Л.​П.​Андрэева, Ю.​Я.​Андрэева, У.​І.​Арцымовіч, І.​А.​Аўсеева, М.​В.​Бяляева, Н.​Р.​Бандарэнка, С.​Р.​Барэйка, С.​В.​Бяляцкая, А.​М.​Бярнацкая, В.​А.​Войцік, А.​Дз.​Гуслева, М.​А.​Дзяруга, І.​П.​Дынькова, Л.​М.​Ермалаева, К.​У.​Еўсіевіч, Г.​Л.​Жаліхоўскі, В.​П.​Ждановіч, І.​Г.​Іваноў, В.​С.​Казлоўскі, Т.​Л.​Калянковіч, В.​А.​Кандраценка, М.​А.​Каралькоў, Г.​К.​Каранеўскі, Л.​А.​Клюйко, Т.​В.​Кузіна, В.​У.​Кузняцоў, Л.​І.​Леўчанка, Л.​Л.​Маеўскі, А.​В.​Маладцова, Г.​В.​Малеева, А.​Ю.​Мдывані, Э.​К.​Мімінашвілі, Л.​Б.​Новікава, В.​А.​Новікаў, В.​П.​Папова, Т.​А.​Парфёнава, Л.​Ф.​Патапенка, С.​В.​Перапеча, Я.​У.​Пятроў, В.​А.​Раманцова, В.​Я.​Садовін, Г.​У.​Семяненка, А.​В.​Сівакоў, В.​А.​Хаўкін, М.​У.​Ціракян, А.​А.​Чарнашэй, Н.​М.​Шпакоўская, В.​І.​Шрамко, А.​Ф.​Шунтаў, Л.​Б.​Шурман, В.​М.​Шчарбак, В.​У.​Шыкавец.

1996. Ю.​Г.​Бахановіч, Г.​М.​Бруёк, І.​Г.​Вяршок, А.​У.​Гіраль, Л.​І.​Грудзініна, А.​В.​Грыгор’ева, В.​К.​Дзыгун, Н.​П.​Журовіч, Л.​У.​Зорына, В.​А.​Кіранава, Ч.​А.​Кулікоўскі, У.​У.​Лінькоў, Н.​А.​Лысенка, Т.​Г.​Мдывані, М.​С.​Мінянкова, А.​С.​Падольская, Т.​А.​Пяцко, Л.​В.​Равуцкая, У.​Т.​Рудзянкоў, Г.​М.​Смоляк, І.​Ф.​Сушко, А.​П.​Чарапко.

1997. Н.​І.​Андрыянава, Л.​І.​Баранчык, Н.​Б.​Барынава, В.​У.​Бялугіна, М.​І.​Васілеўскі, Н.​Г.​Віцкоп, А.​С.​Вяргей, І.​М.​Гараніна, І.​Дз.​Гладкевіч, І.​М.​Грамовіч, В.​А.​Грэкава, Н.​В.​Гусарэвіч, Э.​І.​Давыдава, Т.​В.​Дземянкова, С.​С.​Дубасава, Л.​М.​Заруба, А.​П.​Ігнацьеў, М.​В.​Ільіна, С.​М.​Калеснікава, У.​С.​Каліна, В.​С.​Камарова, Л.​К.​Кардзянкова, Э.​М.​Кашэўскі, А.​М.​Красік, Э.​К.​Красніцкі, А.​У.​Красоўская, Н.​У.​Крыгер, І.​І.​Кундзянок, Л.​М.​Лагавік, Н.​П.​Мальцава, В.​П.​Марозава, А.​А.​Мартыненка, М.​Н.​Міхлін, В.​Г.​Мошчанка, Р.​М.​Мухаметшына, З.​П.​Пятрова, Т.​М.​Пятрова, І.​А.​Родава, Т.​П.​Роман, Л.​М.​Рудзянкова, В.​А.​Руднеў, Г.​А.​Рыдзігер, В.​Я.​Санько, Н.​І.​Сасіна, Л.​Р.​Сладзінская, У.​М.​Стукмейстэр, Н.​К.​Сянькова, В.​У.​Сяўрук, М.​Я.​Тарачэнка, А.​А.​Таўгень, Г.​У.​Томашава, Л.​А.​Фамічова, В.​А.​Чабан, І.​А.​Шчарбак, А.​М.​Шылкіна, Н.​П.​Яфімава, У.​П.​Яцыновіч.

1998. І.​Д.​Аксюта, Н.​А.​Анісімава, Т.​Ф.​Арлоўская, І.​М.​Атчанашанка, І.​А.​Багданец, Т.​В.​Балсунова, А.​В.​Бараш, Р.​Р.​Вараб’ёў, В.​В.​Галуза, І.​В.​Гарбацюк, С.​М.​Гарбацюк, А.​В.​Груздзева, С.​В.​Гуткоўская, І.​М.​Дзяшко, У.​К.​Зарэмскі, В.​М.​Калеснік, А.​Л.​Карацееў, Л.​З.​Малініна, Н.​М.​Мачыхіна, Т.​В.​Молічава, І.​С.​Нарэйка, Н.​В.​Невяровіч, А.​К.​Прусаў, І.​І.​Пяганаў, І.​У.​Пякарская, Л.​П.​Пятрова, А.​М.​Сердзюкова, М.​Э.​Смоліч, Ю.​У.​Стэльмах, А.​Я.​Філіпенка, А.​Р.​Халшчанкоў, Н.​І.​Харкаўская, А.​В.​Цыганок, І.​М.​Шасцітка, У.​Р.​Шчэрба, Ю.​У.​Шыкунец.

1999. Ж.​В.​Ануфрэйчык, А.​Л.​Арабей, Н.​Г.​Аруцюнава, І.​Л.​Аўдзееў, Т.​А.​Афанасьева, Л.​М.​Бабко, В.​В.​Баравікоў, Т.​П.​Боднева, С.​С.​Братухіна, П.​С.​Бяляеў, Н.​І.​Варывончык, А.​Ф.​Васілевіч, А.​М.​Вяршок, Н.​В.​Ганчарэнка, І.​Б.​Гембіцкая, А.​Ю.​Герасім, Т.​С.​Глушакова, У.​В.​Глушакоў, Л.​І.​Грабавая, Л.​С.​Грыневіч, В.​Ю.​Гурэева, А.​Ц.​Дабралёт, А.​М.​Данцыг, А.​С.​Дружыніна, А.​А.​Дударэнка, А.​А.​Елдзіна, У.​А.​Ермалаеў, І.​Л.​Жук, А.​П.​Зайцаў, І.​А.​Захарошка, Т.​Ю.​Ільіна, А.​Я.​Калядзіч, В.​У.​Карасёва, Т.​М.​Кірычэнка, А.​А.​Кнатэ, А.​У.​Кожух, А.​М.​Краўчэня, Р.​Дз.​Крывель, Т.​А.​Кукраш, І.​М.​Кулакова, М.​А.​Лабковіч, П.​К.​Лазука, А.​М.​Лаўрыеня, А.​А.​Лугаўцова, А.​У.​Лявіцкая, М.​С.​Мароз, А.​У.​Наполава, М.​Я.​Парахаўнічэнка, А.​А.​Пракаповіч, В.​І.​Пятрова-Кумінская, Л.​Г.​Раманчук, А.​П.​Рэут, Н.​В.​Сазановіч, А.​А.​Сакалова, В.​І.​Самасуева, Н.​Л.​Сапёлкіна, С.​І.​Селівон, С.​М.​Семяненя, А.​М.​Скорая, У.​Г.​Судноўскі, Ю.​Ю.​Тарасянок, У.​М.​Трафімовіч, В.​В.​Турэйка, В.​П.​Улазоўская, А.​В.​Цітова, С.​А.​Цітоў, І.​М.​Цыганок, Т.​І.​Часнакова, А.​М.​Чыркун, А.​А.​Шахаўцова, С.​М.​Шувалава, І.​М.​Шумілаў, У.​П.​Шышкін, Т.​В.​Ялецкая.

2000. І.​К.​Абразевіч, А.​І.​Александровіч, Т.​В.​Алёнушкіна, З.​В.​Аўдоніна, У.​М.​Баглай, С.​А.​Байдак, Б.​Дз.​Баленка, В.​А.​Баннікава, Дз.​В.​Башкіраў, Б.​М.​Бергер, В.​Я.​Браім, У.​М.​Будай, Л.​А.​Бурцава, Т.​Г.​Валадзько, Л.​К.​Валасюк, Я.​А.​Валасюк, М.​А.​Галавач, Т.​А.​Гер’ятовіч, К.​С.​Глазоўская, Т.​М.​Градкова, С.​М.​Грачыха, А.​В.​Гржыбоўская, Н.​С.​Гуркова, С.​Я.​Дабрадзенеў, В.​У.​Дамарацкая, Л.​Г.​Дружыніна, Т.​М.​Дубоўская, У.​А.​Дулаў, Л.​М.​Жукава, А.​У.​Жукаў, М.​П.​Журовіч, С.​А.​Жыгота, Н.​У.​Жэбіт, П.​П.​Запявалаў, Л.​В.​Зыкава, У.​Ц.​Зылікаў, Л.​А.​Зямцова, Т.​П.​Кавалеўская, Т.​Я.​Канавалава, Л.​І.​Капская, У.​М.​Каральчук, І.​І.​Карзевіч, Л.​А.​Карташова, В.​С.​Каспяровіч, М.​І.​Клімась, В.​М.​Крыловіч, Г.​І.​Крэс, І.​В.​Лашчыніна, Л.​У.​Леснічэнка, С.​В.​Літвінава, М.​М.​Лобан, В.​П.​Львова, В.​А.​Мальцава, Т.​І.​Марозава, М.​П.​Маршак, Г.​А.​Марыніч, В.​М.​Мішакоў, В.​А.​Нічыпарчык, Л.​І.​Пазырава, Н.​У.​Пахомава, Ж.​М.​Пракопава, Н.​П.​Пунчык, М.​Ф.​Радзеня, А.​М.​Русін, У.​А.​Семянюк, Т.​Ю.​Сергіеўская, А.​Л.​Сідараў, В.​В.​Сікачова, В.​Б.​Сінецкая, А.​В.​Склема, А.​Л.​Судзібор, В.​В.​Сянькова, В.​П.​Трафімава, А.​М.​Трафімовіч, М.​М.​Траццякова, Л.​С.​Фёдарава, Т.​М.​Фралова, Н.​В.​Цакун, Н.​Д.​Чараднічэнка, У.​М.​Чэрнікаў, В.​Р.​Шаўчэнка, Г.​С.​Шкурская, Ф.​В.​Юрцэвіч, Л.​П.​Юшкевіч.

2001. Н.​С.​Азаранкава, Р.​М.​Аладава, Т.​У.​Амяльчэня, У.​І.​Афонін, С.​С.​Ахотнікава, Л.​М.​Багамолава, Н.​У.​Барысава, А.​У.​Бінькевіч, А.​Дз.​Босікаў, С.​Э.​Бузько, Л.​І.​Бухаўцова, Дз.​І.​Варонін, А.​У.​Вашуркіна, А.​С.​Волюс, А.​І.​Высоцкі, Г.​К.​Гарэлава, А.​А.​Герасімёнак, В.​П.​Генюш, С.​Ф.​Глінская, Л.​У.​Дарагуж, Л.​М.​Дзімохіна, М.​А.​Дзіда, С.​А.​Дзянісава, С.​М.​Дубовік, М.​К.​Жылін, С.​К.​Забаронак, К.​Э.​Ільіна, П.​В.​Казлоў, А.​Ю.​Калеснік, В.​М.​Канатопцава, А.​В.​Капцелаў, В.​В.​Капцелаў, К.​С.​Кафанава, А.​А.​Кірэйчанка, Н.​В.​Конюх, С.​А.​Коціна, Т.​А.​Краснабаева, А.​Б.​Круцько, І.​Л.​Курносаў, Н.​С.​Лазарава, Л.​В.​Ларыёнава, Дз.​Дз.​Латышава, М.​К.​Літвін, А.​У.​Лукашкова, С.​Л.​Лясун, В.​Л.​Мацкевіч, А.​М.​Мініна. А.​К.​Мядзведзева, А.​В.​Пазноўская, А.​М.​Паліўка, Н.​В.​Патапчук, Л.​А.​Паўлюк, А.​А.​Рамашкевіч, А.​У.​Рыбінцаў, І.​П.​Салтановіч, Н.​К.​Сінькевіч, Г.​Ф.​Сіўцоў, А.​А.​Слоціна, У.​А.​Старычэнка, А.​Р.​Ступянёў, С.​А.​Суцько, І.​М.​Тамашэвіч, Н.​М.​Татарынцава, Н.​В.​Чыж, Л.​Л.​Шынкевіч, Н.​К.​Юрэвіч.

Н.​В.​Вітчанка, Т.​М.​Курыла.

т. 14, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРА́ЛІЯ (Australia),

мацярык у Паўд. паўшар’і, частка свету. Пл. 7631,5 тыс. км² (найменшы сярод мацерыкоў). Нас. 18 млн. чал. (1994). Працягласць з Пн на Пд ад мыса Йорк (10°14′ паўд. ш.) да мыса Паўд.-Усходні (39°11′ паўд. ш.) 3200 км; з З на У ад мыса Стып-Пойнт (113°51′ усх. д.) да мыса Байран (153°34′ усх. д.) 4100 км. На Пн Аўстралія абмываецца Тыморскім і Арафурскім, на У — Каралавым і Тасманавым морамі, на Пд і З — Індыйскім ак. Аўстраліі як частцы свету належыць шэраг а-воў: Тасманія, Кінг, Кенгуру, Мелвіл, Грут-Айленд і інш. (пл. з а-вамі 7704,5 тыс. км²). Уздоўж паўн.-ўсх. ўзбярэжжа на 2,3 тыс. км цягнецца Вялікі Бар’ерны рыф. Берагавая лінія парэзана слаба: на Пн зал. Карпентарыя, на Пд Аўстралійскі зал., вял. п-авы — Кейп-Йорк і Арнем-Ленд на Пн.

Адкрыў Аўстралію галандзец В.​Янсзан у 1606. Усходні бераг ў 1770 наведаў Дж.​Кук. Яго суайчыннік М.​Фліндэрс назваў мацярык Аўстраліяй.

Рэльеф. У рэльефе Аўстраліі пераважаюць раўніны, каля 87% паверхні не перавышае 500 м над узр. м. Аўстралія — самы нізкі мацярык свету, сярэдняя выш. 215 м, найб. 2230 м — г. Касцюшкі ў Аўстралійскіх Альпах. Заходнюю ч. Аўстраліі займае Заходне-Аўстралійскае пласкагор’е (выш. 400—500 м) з хрыбтамі і шматлікімі сталовымі гарамі: на паўн.-зах. ускраіне масіў Кімберлі (выш. да 936 м), па ўсходняй — горы Мак-Донел (1510 м, г. Зіл), Масгрэйв (1140 м, г. Вудраф), на ПдЗ хр. Дарлінг (выш. да 582 м), на З хр. Хамерслі (выш. да 1226 м). Сярэдняя ч. Аўстраліі нізінная (пераважная выш. да 100 м над узр. м.). На ПдУ алювіяльныя раўніны рэк Мурэяі Дарлінга, у паўд. частцы хрыбты Фліндэрс і Маўнт-Лофты. Характэрны пенеплены — вял. ўраўнаваныя раўніны з астраўнымі гарамі. Усходнюю ч. Аўстраліі займае Вялікі Водападзельны хрыбет, які складаецца з шэрагу ізаляваных плоскавяршынных горных хрыбтоў з моцна расчлянёнымі стромкімі ўсх. і спадзістымі зах. схіламі.

Геалагічная будова. У аснове цэнтр. і зах. частак мацерыка — стараж. Аўстралійская платформа з дакембрыйскіх крышт. і метамарфічных парод, якія агаляюцца ў раёне Зах.-Аўстралійскага пласкагор’я і часткова на п-аве Арнем-Ленд. Цэнтральная ч. платформы перакрыта чахлом асадкавых парод ад познапратэразойскага да кайназойскага ўзросту. Усходняя ч. ўтворана Усх.-Аўстралійскім складкавым геасінклінальным поясам, уключае разам з палеазойскімі вулканічныя і інтрузіўныя пароды ўсіх узростаў. Карысныя выкапні: алмазы (1-е месца ў свеце па здабычы), золата, жал. руды (хр. Хамерслі), медзь (Маўнт-Айза, Квінсленд), марганец (в-аў Грут-Айленд), уран (п-аў Арнем-Ленд), баксіты (п-авы Кейп-Йорк, Арнем-Ленд, хр. Дарлінг), каменны і буры вуглі (Вял. Водападзельны хрыбет), нафта і газ на ўзбярэжжы і ў шэльфавай зоне мацерыка (Баса праліў, ПдУ Аўстраліі), поліметалічныя і тытанавыя руды, фасфарыты.

Клімат. Паўн. частка Аўстраліі (да 20° паўд. ш.) знаходзіцца ў экватарыяльным, цэнтр. ч. (20—30° паўд. ш.) — у трапічным, паўд. ўскраіны — у субтрапічным кліматычных паясах. На б. ч. в-ва Тасманія клімат умераны. Высокія тэмпературы і вял. сухасць клімату (38% плошчы атрымлівае менш за 250 мм ападкаў) абумоўлены геагр. становішчам, працягласцю мацерыка з З на У, размяшчэннем на У Вял. Водападзельнага хр., на Пд хр. Дарлінг, якія затрымліваюць вільгаць з акіянаў. Сярэднія т-ры студз. ад 20 да 30 °C і больш, ліп. ад 12 да 20 °C. Колькасць ападкаў памяншаецца з У на З ад 1500 мм да 300—250 мм за год і менш. Аўстралія — самая гарачая ч. сушы Паўд. паўшар’я: на ​2/3 тэр. трапічны пустынны і паўпустынны клімат (ва ўнутр. раёнах кантынентальны, сярэдняя т-ра студз. 34 °C, ліп. 10 °C). На б. ч. ўсх. ўзбярэжжа клімат трапічны марскі, гарачы. Самы гарачы раён з т-рай студз. больш за 40 °C на ПнЗ (Марбл-Бар), самы засушлівы — катлавіна воз. Эйр (менш за 120 мм ападкаў за год). Найб. колькасць ападкаў на паўн.-ўсх. узбярэжжы — больш за 2000 мм за год.

Унутраныя воды. Натуральная рачная сетка развіта слаба. Амаль 60% тэрыторыі — бяссцёкавыя вобласці. Рэкі кароткія, жыўленне дажджавое, рэжым нераўнамерны. Пустыні перасякаюць часовыя вадацёкі (крыкі) Купер-Крык, Джарджына і інш. Найб. мнагаводная рака Мурэй (даўж. 2570 км) з гал. прытокам Дарлінг (2740 км; самая доўгая рака Аўстраліі), рэкі Фіцрой, Ропер, Фліндэрс, Вікторыя, Мерчысан. Найб. азёры: Эйр, Торэнс, Амадыес, Гэрднер; вял. колькасць дробных (да 400) на ПдУ — на раўніне Салёных азёраў. Шмат стараж. азёрных катлавін, якія запаўняюцца вадой толькі пасля дажджоў. Аўстралія — багатая падземнымі водамі — 33 артэзіянскія басейны агульнай пл. каля 4800 тыс. км² (глыб. залягання вады 20—1800 м). Найбольш значныя басейны: Вялікі Артэзіянскі басейн, Мурэйскі, Морэтан-Кларэнс, Юкла, Джарджына.

Глебы і расліннасць. Глебавае покрыва падпарадкавана шыротнай занальнасці, парушаецца толькі ў гарах. На Пд і ПнУ развіты месцамі забалочаныя чырвона-жоўтыя латэрытныя глебы, якія змяняюцца чорна-бурымі глебамі саваннаў. Ва ўнутр. раёнах пераважаюць шэразёмы трапічных і субтрапічных пустыняў і бурыя пустынна-стэпавыя глебы з саланчакамі і масівамі пяскоў. На Пд Аўстраліі прыбярэжная паласа каштанавых глебаў, на ПдЗ мацерыка чырваназёмы і жаўтазёмы субтрапічных саваннаў, па схілах гор горныя жоўта-бурыя лясныя, на вяршынях гор і ў Аўстралійскіх Альпах горна-лугавыя глебы. Расліннасць Аўстраліі развівалася ва ўмовах доўгай ізаляцыі, адрозніваецца своеасаблівым складам — каля 75% эндэмікі. Найб. тыповыя эўкаліпты (больш за 600 відаў), акацыі (490 відаў) і казуарыны (каля 25 відаў). Цэнтр. ч. мацерыка занята пясчанымі пустынямі (Вялікая Пясчаная пустыня, Вялікая пустыня Вікторыя, Гібсана пустыня) з рэдкімі дзярнінамі ксерафітных злакаў. Пустыні акаймаваны поясам паўпустыняў з зараснікамі калючых хмызнякоў (скрэбы). На Пн, У, ПдУ і ПдЗ паўпустыні пераходзяць у саванны (злакавае покрыва, асобна трапляюцца акацыі, «травяное дрэва», бутэлечнае дрэва). У далінах рэк паўн. і паўн.-ўсх. ўзбярэжжа ўчасткі гілеяў, у вусцях — балоты і мангравыя зараснікі. 3% пл. займаюць лясы. Наветраныя схілы Вял. Водападзельнага хр. на Пн укрыты субэкватарыяльнымі вільготнымі лясамі з пальмамі, фікусамі, лаўровым дрэвам, араўкарыяй і бамбукам, далей на Пд — трапічнымі лясамі з эўкаліптаў. На зах. падветраных схілах — рэдкалессе і саванны. У гарах найб. рэзка выяўлена вышынная пояснасць ландшафтаў. Каля верхняй мяжы лесу растуць бук, «снегавы» эўкаліпт, дрэвападобныя папараці. Мацярык Аўстралія з прылеглымі а-вамі Тасманія і інш. вылучаюцца ў асобную фларыстычную вобласць, гл. Аўстралійская біягеаграфічная вобласць.

Жывёльны свет. Фауна Аўстраліі адрозніваецца багаццем эндэмічных (да 90 відаў) і рэліктавых жывёл. На мацерыку вял. колькасць сумчатых зямнога шара: кенгуру, барсук, мядзведзь (каала). Толькі ў Аўстраліі яйцародныя млекакормячыя (качканос і яхідна), дваякадыхаючая рыба рагазуб, адсутнасць эндэмічных капытных, прыматаў і драпежнікаў (акрамя дзікага сабакі дынга). З птушак ёсць страус эму, казуары, чорны лебедзь, лірахвост, папугаі, райскія птушкі і інш. Шмат ядавітых змей, яшчарак, скарпіёнаў, ядавітых павукоў; у вадаёмах — аўстралійскія кракадзілы і чарапахі. Флора і фауна ахоўваецца ў нац. парках і запаведніках, найб. вядомыя: Маўнт-Бафала, Касцюшкі, Саўт-Уэст (в-аў Тасманія), Уілсанс-Проматары і інш.

Насельніцтва. Гл. ў арт. пра дзяржаву Аўстралія.

На тэр. Аўстраліі размешчана дзяржава Аўстралія.

Літ.:

Галай И.П., Жучкевич В.А., Рылюк Г.Я. Физическая география материков и океанов. Мн., 1988;

Страны и народы: Австралия и Океания. Антарктида. М., 1981;

Петров М.П. Пустыни земного шара. Л., 1973;

Кист А. Австралия и острова Тихого океана: Пер. с англ. М., 1980.

Г.​Я.​Рылюк.

т. 2, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)