ФІЛІПО́ВІЧ Валянцін Сяргеевіч (н. 16.8.1940, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1983), праф. (1986). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1963). У 1966—74 працаваў у апараце ЦК ЛКСМБ: дырэктар Рэсп. камсамольскай школы, заг. аддзела спарт. і абаронна-масавай работы. У 1975—96 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту. Даследуе праблемы маладзёжнага руху і патрыят. выхавання, пытанні развіцця фіз. культуры на Беларусі.

Тв.:

Па абавязку і прызванню. Мн., 1973;

В партийном руководстве — сила комсомола. Мн., 1977;

Подвиг отцов в наших сердцах и думах. Мн., 1978;

Физическая культура и спорт Белоруссии: Страницы летописи. Мн., 1988 (разам з В.​П.​Сазановічам, К.​А.​Кулінковічам).

У.​М.​Міхнюк.

т. 18, кн. 1, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНО́СНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП,

пастулат спецыяльнай адноснасці тэорыі, паводле якога ў адвольных інерцыяльных сістэмах адліку ўсе фіз. (мех., электрамагн. і інш.) з’явы пры адных і тых жа ўмовах працякаюць аднолькава. Справядлівасць адноснасці прынцыпу вызначае, што станы спакою і раўнамернага прамалінейнага руху не адрозніваюцца паміж сабой. Сфармуляваны ў 1905 А.Эйнштэйнам як абагульненне мех. прынцыпу адноснасці на ўсе фіз. з’явы (за выключэннем гравітацыйных).

т. 1, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТЭРЫЁЛІЗ (ад бактэрыі + ...ліз),

разбурэнне абалонкі бактэрый і выхад іх цытаплазмы ў вонкавае асяроддзе. Можа выклікацца фіз. і хім. агентамі, бактэрыяфагамі, антыцеламі (бактэрыялізінамі), некаторымі ферментамі (напр., лізацымам). Адрозніваюць бактэрыёліз неспецыфічны (ад уздзеяння на бактэрыі фіз. і хім. фактараў) і спецыфічны (выклікаецца імуннымі целамі ў спалучэнні з кампліментам, а таксама праз заражэнне бактэрыі мікраарганізмам — паразітам і фагам).

т. 2, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СФЕРЫ́ЧНЫЯ ФУ́НКЦЫІ,

спецыяльныя функцыі, якія ўзнікаюць пры вывучэнні фіз. з’яў у прасторавых абласцях, абмежаваных сферычнымі паверхнямі, а таксама пры рашэнні фіз. задач, што маюць сферычную сіметрыю. З’яўляюцца рашэннямі дыферэнцыяльнага ўраўнення, якое атрымліваецца пры раздзяленні пераменных у Лапласа ўраўненні ў сферычных каардынатах. Уведзены А.М.Лежандрам і П.С.Лапласам, маюць асн. дастасаванні ў тэорыі патэнцыялу ў матэм. фізіцы і механіцы.

т. 15, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЮЛЬЖЫ́Н Васіль Пятровіч (н. 9.5.1946, в. Сяргеевічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. спартсмен (барацьба вольная, 1-я сярэдняя вагавая катэгорыя). Засл. майстар спорту СССР (1973). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1974). З 1976 старшы трэнер Бел. рэсп. савета фіз-культ.-спарт. т-ва «Дынама». Чэмпіён свету (1973, Тэгеран), Еўропы (1972, г. Катавіцы, Польшча; 1973, г. Лазана, Швейцарыя).

т. 15, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭАРЭТЫ́ЧНАЯ ФІ́ЗІКА,

раздзелы фізікі, у якіх даецца тлумачэнне вядомых і прадказанне новых з’яў на падставе фундаментальных фіз. законаў, а таксама фармулююцца новыя законы. Т.ф. карыстаецца метадамі матэматыкі і матэматычнай фізікі, камп’ютэрным мадэліраваннем і інш. сродкамі выліч. тэхнікі. Уключае фундаментальныя фіз. тэорыі: адноснасці тэорыю, квантавую механіку, квантавую статыстыку, квантавую тэорыю паля, класічную механіку, поля тэорыю, статыстычную фізіку, тэрмадынаміку і электрадынаміку.

т. 16, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

феразо́нд

(ад фера- + зонд)

фіз. устройства для вымярэння напружанасці магнітнага поля; выкарыстоўваецца ў магнітнай дэфектаскапіі, пры пошуках карысных выкапняў, у даследаванні магнетызму планет.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ІНСТЫТУ́Т ПРЫКЛАДНО́Й ФІ́ЗІКІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1980 у Мінску на базе Аддзела фізікі неразбуральнага кантролю АН Беларусі (існаваў з 1963). У ін-це 13 лабараторый, аспірантура і дактарантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.

Асн. кірункі навук. даследаванняў: развіццё навук. асноў, даследаванне фіз. прынцыпаў, стварэнне метадаў і сродкаў неразбуральнага кантролю (НК) рэчыва, вырабаў і тэхнал. працэсаў галін машынабудавання і энергетыкі; фіз. і матэм. асновы выліч. дыягностыкі аб’ектаў і сістэм з неаднароднай і зменлівай структурай. Распрацаваны: тэорыя нелінейных дынамічных працэсаў перамагнічвання і неаднароднага намагнічвання; асновы магн. і эл.-магн. метадаў НК; тэарэт. асновы капілярнага НК і акустычных метадаў дэфектаскапіі з выкарыстаннем магн. палёў; тэорыя сістэм з выпадковай і зменлівай структурай для дыягностыкі і бяспечнага кіравання дынамічнымі аб’ектамі; фіз. асновы кантролю фіз.-мех., магн. і эл. уласцівасцей матэрыялаў і вырабаў (у т. л. шматслойных і неаднародных). Выдадзены працы ін-та «Дасягненні ў фізіцы электрамагнітнага неразбуральнага кантролю» (Мінск — Токіо, 1994). У ін-це працавалі акад. АН Беларусі М.С.Акулаў, А.Г.Шашкоў, чл.-кар. І.С.Кавалёў, працуюць чл.-кар. Нац. АН Беларусі В.М.Арцём’еў, М.М.Зацэпін, П.П.Прахарэнка (дырэктар з 1993).

П.​П.​Прахарэнка.

т. 7, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРАШЭ́ВІЧ Алег Іванавіч (н. 30.8.1928, Мінск),

бел. вучоны ў галіне фізікі ядз. рэактараў. Канд. тэхн. н. (1962), праф. (1994). Акад. Бел. інж. акадэміі (1995). Скончыў БПІ (1956). З 1959 у Энергет. ін-це (гал. інжынер рэактара), з 1962 у Ін-це цепла- і масаабмену (заг. лабараторыі), з 1965 заг. лабараторыі Ін-та ядз. энергетыкі АН Беларусі. З 1991 у Ін-це праблем энергетыкі, з 2002 у Аб’яднаным ін-це энергет. і ядз. даследаванняў «Сосны» (заг. лабараторыі) Нац. АН Беларусі. Навук. працы па эксперым. фізіцы ядз. рэактараў, выкарыстанні іанізавальных выпрамяненняў, радыеэкалогіі. Даследаваў нейтронна-фіз. характарыстыкі больш як 30 крытычных сістэм на рэактарах фіз. магутнасцей. Зрабіў эксперым. абгрунтаванне фіз. працэсаў для перасовачнай атамнай электрастанцыі «Памір-630Д». Распрацаваў метады вызначэння колькасці доўгажывучых радыенуклідаў плутонію і амерыцыю-241 у розных аб’ектах навакольнага асяроддзя.

Тв.:

Критические массы и материальные параметры обогащенных уран-водных систем (разам з В.​А.​Левадным) // Весці АН БССР. Сер. фіз.-тэхн. навук. 1970. № 2;

Радиоэкологические исследования постчернобыльского радиоактивного загрязнения биосферы Республики Беларусь трансурановыми элементами (у сааўт.) // Атомная техника за рубежом. 1998. № 4.

т. 18, кн. 1, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВАЯ МЕХА́НІКА, хвалевая механіка,

тэорыя, якая ўстанаўлівае спосаб апісання і законы руху мікрачасціц (электронаў у атаме, атамаў у малекуле, нуклонаў у ядрах і інш.). Дае магчымасць апісаць структуру атамаў і зразумець іх спектры, устанавіць прыроду хім. сувязі, растлумачыць перыяд. сістэму элементаў і г.д. З’яўляецца тэарэт. асновай атамнай і ядз. фізікі, фізікі цвёрдага цела.

Мікрааб’ектам уласціва своеасаблівая дваістасць: у залежнасці ад умоў яны могуць паводзіць сябе як часціцы ці як хвалі (гл. Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Таму тэарэт. апісанне мікраскапічных з’яў патрабуе аб’яднання ўзаемна несумяшчальных фіз. характарыстык, чаго нельга ажыццявіць у межах класічнай фізікі ўнутрана несупярэчлівым спосабам (гл. Дапаўняльнасці прынцып). Пры гэтым немагчыма адначасовае выкарыстанне некаторых фіз. велічынь, напр., каардынат і імпульсу часціцы. Для мікрачасціцы не мае сэнсу, напр., такое паняцце, як рух уздоўж траекторыі; усе тэарэт. сцвярджэнні адносна выніку пэўных узаемадзеянняў маюць імавернасны характар.

К.м. ўзнікла як развіццё ўяўленняў М.Планка (1900) адносна квантавання дзеяння, А.Эйнштэйна (1905, 1916) пра карпускулярныя ўласцівасці святла (гл. Планка закон выпрамянення), напаўкласічнай мадэлі атама Н.Бора (1913, гл. Бора тэорыя), ідэі Л. дэ Бройля адносна хвалевых уласцівасцей мікрачасціц (гл. Хвалі дэ Бройля). Фундаментальнае развіццё К.м. атрымала ў працах В.Гайзенберга (1925), Э.Шродынгера і П.Дзірака (1926). Паводле К.м. ўсю інфармацыю пра фіз. стан мікрасістэмы змяшчае хвалевая функцыя. Яна вызначае размеркаванне імавернасці для розных фіз. велічынь, якія характарызуюць сістэму (становішча ў прасторы, імпульс, энергія і г.д.; М.Борн, 1926). Кожнай класічнай фіз. велічыні ў К.м. адпавядае пэўны аператар, уласныя значэнні якога супадаюць з назіральнымі значэннямі фіз. велічыні (гл. Аператары). Магчымыя станы сістэмы апісваюцца адпаведнымі ўласнымі функцыямі. У залежнасці ад таго, дыскрэтную ці неперарыўную паслядоўнасць утвараюць уласныя значэнні аператара, адпаведная фіз. велічыня з’яўляецца квантаванай ці неквантаванай (гл. Квантаванне). Калі аператары 2 фіз. велічынь (L і M) не камутуюць, г. зн. што вынік дзеяння аператараў L і M на хвалевую функцыю Ψ залежыць ад парадку іх дзеяння ( L^ M^ Ψ ≠ M^ L^ Ψ ) , то рэалізацыя такіх станаў мікрасістэмы, у якіх адпаведныя фіз. велічыні адначасова мелі б пэўнае значэнне, немагчыма; найперш гэта датычыць аператараў каардынат і імпульсу (гл. Неазначальнасцей суадносіны). Камутатыўнасць аператараў пэўных фіз. велічынь з аператарам энергіі азначае, што гэтыя фіз. велічыні з цягам часу не мяняюцца, г. зн. з’яўляюцца інтэграламі руху. Асн. інтэграл руху ў К.м. — энергія. Для дакладнага вызначэння стану мікрасістэмы неабходна ведаць энергію і інш. ўзаемна камутатыўныя інтэгралы руху, якімі, напр., для часціцы ў полі цэнтральных сіл з’яўляюцца квадрат моманту імпульсу і адна з яго праекцый. Калі інтэгралы руху маюць дыскрэтны спектр, стан сістэмы вызначаецца з дапамогай квантавых лікаў.

Прадказанні К.м. пераходзяць у адпаведныя вынікі класічнай механікі, калі для фіз. сістэмы велічыні размернасці дзеяння становяцца значна большымі, чым пастаянная Планка h (гл. Адпаведнасці прынцып). Абагульненне асн. ідэй К.м. на выпадак, калі энергія руху часціц параўнальная з энергіяй спакою (гл. Адноснасці тэорыя), дало магчымасць прадказаць існаванне антычасціц, стварыць тэорыю ўласнага моманту колькасці руху (гл. Спін) і інш. К.м. з’яўляецца мех. тэорыяй, таму не можа паслядоўна разглядаць працэсы паглынання святла і эл.-магн. выпрамянення. Яна дае набліжаныя метады разліку, дастатковыя для патрэб атамнай і часткова ядз. фізікі. Паслядоўную тэорыю ўзаемадзеяння фатонаў з электрычна зараджанымі часціцамі дае квантавая электрадынаміка. Ураўненні К.м. даюць магчымасць дакладна вылічыць магчымыя ўзроўні энергіі (гл. Шродынгера ўраўненне) мікрасістэмы, а таксама імавернасць пераходаў паміж імі. Гл. таксама Квантавая тэорыя поля, Абменнае ўзаемадзеянне.

На Беларусі работы па К.м. пачаты ў 1930-я г. ў БДУ (Ф.​І.​Фёдараў), у пасляваен. гады вядуцца пераважна ў БДУ і Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Фейнман Р., Лейтон Р., Сэндс М. Фейнмановские лекции по физике: Пер. с англ. Вып. 8—9. М., 1966—67;

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 3. Квантовая механика;

Нерелятивистская теория. 4 изд. М., 1989;

Борисоглебский Л.А. Квантовая механика. 2 изд. Мн., 1988.

Л.​М.​Тамільчык.

т. 8, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)