НА́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,

падрыў моста цераз р. Нача на чыг. лініі Барысаў — Крупкі Мінскай вобл. 277-м партыз. атрадам 9 вер. ў Вял. Айч. вайну. Мост за 8 км на З ад ст. Крупкі меў стратэгічнае значэнне для акупантаў і знаходзіўся пад аховай гарнізона (70 гітлераўцаў). На бліжэйшых ст. Крупкі, Барысаў, Бобр і ў в. Нача размяшчаліся буйныя ням. гарнізоны. У ноч на 9 вер. партызаны атакавалі і знішчылі ахову моста, падарвалі мост. У ходзе аперацыі пусцілі пад адхон састаў з падмацаваннем ахове моста, разграмілі ў в. Нача атрад карнікаў, адбілі ням. падмацаванне з Крупак. У выніку аперацыі рух на магістралі Мінск—Орша быў спынены на 6 сутак.

т. 11, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЛА́ЎСКІ (Захар Філімонавіч) (12.3.1898, в. Буякі Брэсцкага р-на — 2.6.1965),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У 1-ю сусв. вайну з 1917 на Зах. фронце. З 1918 у Чырв. Арміі, ваяваў супраць Дзянікіна, польскіх інтэрвентаў. З 1921 удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. У 1925 арыштаваны і зняволены на 5 гадоў у турму. З 1936 сакратар Брэсцкага акр. к-та КПЗБ. У 1937 арыштаваны і прыгавораны да 10 гадоў турмы. Пасля вызвалення Зах. Беларусі на гасп. рабоце. У Вял. Айч. вайну з сак. 1943 упаўнаважаны Брэсцкага абкома КП(б)Б у паўд. зоне Брэсцкай вобл. па кіраўніцтве партыз. рухам. З 1946 інструктар Брэсцкага абкома КПБ.

В.​П.​Ласковіч.

т. 12, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАФ’Я́НАЎСКІ БОЙ 1943,

бой партызан брыгады «Жалязняк» па разгроме ням.-фаш. гарнізона на чыг. ст. Параф’янава Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. на лініі Маладзечна — Полацк 18 лют. ў Вял. Айч. вайну. На станцыі да пач. лютага акупанты сабралі вял. колькасць сена, збожжа, лесаматэрыялаў. Памяшканні гарнізона (каля 130 гітлераўцаў маршавых падраздзяленняў вермахта) былі агароджаны дротам, подступы ахоўвалі 3 агнявыя кропкі. У ноч на 18 лют. партыз. атрады, каб адцягнуць увагу ворага, абстралялі казармы і ўмацаванні суседняга гарнізона ў г. Докшыцы, потым нанеслі ўдары па станцыі. У выніку бою партызаны разбурылі будынак вакзала, станцыйную гаспадарку, спалілі 3 склады са збожжам і сенам, лесапільны з-д, пашкодзілі вадакачку і 5 км тэлефонна-тэлегр. сувязі.

У.​С.​Пасэ.

т. 12, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТА́ЎСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў студз. 1974 у г. Паставы Віцебскай вобл., адкрыты ў лютым 1976. Пл. экспазіцыі 155 м², каля 7 тыс. экспанатаў асн. фонду (2001). Мае аддзелы: прыроды, гісторыі Пастаўскага р-на, Вял. Айч. вайны, этнаграфічны. Сярод экспанатаў археал. калекцыі кафлі 15 — пач. 20 ст., скарб талераў і ортаў 17 ст., планы панскіх маёнткаў, матэрыялы пра разгортванне і дзейнасць падполля і партыз. руху на тэр. раёна ў Вял. Айч. вайну, паліт. рэпрэсіі, развіццё нар. гаспадаркі ў пасляваенны час. У этнагр. экспазіцыі куток інтэр’ера сял. хаты, тканыя дываны, вышываныя «сеткі», керамічныя вырабы і інш. Музей праводзіць выстаўкі з асабістых фондаў і калекцый. фондаў інш. музеяў.

Л.​Ц.​Валетка.

т. 12, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАВА́НІЧЫ,

вёска ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Чэрвень — в. Раваніцкая Слабада. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПнУ ад г. Чэрвень, 85 км ад Мінска, 45 км ад чыг. ст. Смалявічы. 885 ж., 324 двары (2001). Спірт- і вінзаводы, лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі ў гонар партыз. брыгады імя М.​Шчорса і землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Раваніцкі палацава-паркавы комплекс і касцёл св. Антонія (1790). У вёсцы ў 19 ст. дзейнічалі Раваніцкая суконная мануфактура і Раваніцкая фабрыка шавецкіх шпілек.

Т.​І.​Маслоўская.

т. 13, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЁННЫЯ ПАДПО́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ КП(б)Б у Вялікую Айчынную вайну,

кіруючыя парт. органы на акупіраванай тэрыторыі Беларусі. Стваралі і ўзначальвалі патрыят. падполле, партыз. рух, пярвічныя парт. арг-цыі партыз. фарміраванняў, праводзілі паліт. і арганізатарскую работу сярод насельніцтва. Іх дзейнасць накіроўвалі абл. падп. к-ты КП(б)Б. Дзейнічала 166 Р.п.к. КП(б)Б на тэр. абласцей Баранавіцкай: Быценскі, Валожынскі, Васілішкаўскі, Гарадзішчанскі, Дзятлаўскі, Жалудоцкі, Зэльвенскі, Івянецкі, Іўеўскі, Казлоўшчынскі, Карэліцкі, Клецкі, Любчанскі, Ляхавіцкі, Мірскі, Навагрудскі, Навамышскі, Нясвіжскі, Радунскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі, Шчучынскі, Юрацішкаўскі; Беластоцкай: Беластоцкі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Ломжынскі, Саколкаўскі, Сапоцкінскі, Свіслацкі, Скідзельскі, Снядоўскі; Брэсцкай: Антопальскі, Бярозаўскі, Гайнаўскі, Дзвінскі, Камянецкі, Кляшчэльскі, Кобрынскі, Косаўскі, Маларыцкі, Пружанскі; Вілейскай: Астравецкі, Ашмянскі, Браслаўскі, Відзскі, Глыбоцкі, Дзісенскі, Докшыцкі, Дунілавіцкі, Ільянскі, Крывіцкі, Куранецкі, Маладзечанскі, Міёрскі, Мядзельскі, Пастаўскі, Пліскі, Радашковіцкі, Свірскі, Смаргонскі, Шаркаўшчынскі; Віцебскай: Аршанскі, Асвейскі, Багушэўскі, Бешанковіцкі, Ветрынскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Дубровенскі, Лепельскі, Лёзненскі, Мехаўскі, Полацкі, Расонскі, Сенненскі, Сіроцінскі, Суражскі, Талачынскі, Ушацкі, Чашніцкі; Гомельскай: Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Добрушскі, Жлобінскі, Журавіцкі, Кармянскі, Лоеўскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі, Свяцілавіцкі, Стрэшынскі, Уваравіцкі, Чачэрскі; Магілёўскай: Асіповіцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Бялыніцкі, Бярэзінскі, Горацкі, Касцюковіцкі, Кіраўскі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Краснапольскі, Круглянскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Прапойскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Шклоўскі; Мінскай: Бягомльскі, Грэскі, Дзяржынскі, Заслаўскі, Капыльскі, Крупскі, Лагойскі, Любанскі, Мінскі, 5 к-таў г. Мінск (Варашылаўскі, Кастрычніцкі, Сталінскі, Тэльманаўскі, Чыгуначны), Плешчаніцкі, Пухавіцкі, Рудзенскі, Слуцкі, Смалявіцкі, Старадарожскі, Старобінскі, Уздзенскі, Халопеніцкі, Чырвонаслабодскі, Чэрвеньскі; Палескай: Акцябрскі, Брагінскі, Васілевіцкі, Глускі, Даманавіцкі, Ельскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Камарынскі, Капаткевіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Парыцкі, Петрыкаўскі, Тураўскі, Хойніцкі; Пінскай: Ганцавіцкі, Давыд-Гарадоцкі, Драгічынскі, Жабчыцкі, Іванаўскі, Лагішынскі, Ленінскі, Лунінецкі, Пінскі, Столінскі, Целяханскі.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 519;

Подпольные партийные органы Компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941—1944). Мн., 1975.

А.​А.​Кузняеў.

т. 13, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала са жн. 1941 да ліст. 1943 на тэр. Васілевіцкага р-на Гомельскай вобл. Кіраўнікі Ц.​М.​Астапенка (загінуў) і М.​С.​Белы. Аб’ядноўвала 5 груп (57 чал.): 2 у Васілевічах (кіраўнікі Л.​П.​Курганская-Сакалова, А.​І.​Белы), у в. Бабічы (П.​А.​Астапенка), Навінкі (А.​Ф.​Фралоў), Хамічы і Гогалева (С.​П.​Алісейка). Падпольшчыкі прымалі па радыёпрыёмніках і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, трымалі сувязь з Васілевіцкім і імя Варашылава партыз. атрадамі, здабывалі і перадавалі ім зброю, боепрыпасы, медыкаменты, звесткі разведкі, папярэджвалі партызан і насельніцтва пра карныя аперацыі гітлераўцаў, вывелі са строю электрастанцыю ў Васілевічах, учынялі інш. дыверсіі. У барацьбе з акупантамі загінуў 31 падпольшчык. У Васілевічах на брацкай магіле падпольшчыкаў пастаўлены абеліск.

т. 4, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЁК (Міхась) (сапр. Касцевіч Міхаіл Восіпавіч; 14.11.1905, в. Баброўня Гродзенскага р-на — 3.9.1960),

бел. паэт. З 1926 друкаваў вершы ў зах.-бел. выданнях. Быў літ. супрацоўнікам час. «Маланка», арганізоўваў гурткі ТБШ. У 1939 мабілізаваны ў польскае войска, трапіў у ням. палон, адкуль у жн. 1941 уцёк на радзіму. Быў сакратаром Скідзельскага падп. антыфаш. к-та, выступаў у партыз. друку. Выдаў у Вільні зб. лірыкі «Шум баравы» (1929, канфіскаваны польск. ўладамі), «З сялянскіх ніў» (1937). У рамант. вобразах-сімвалах паэтызаваў вызв. барацьбу. У сатыр. вершах выкрываў сац. і нац. ўціск. Пасляваен. творы прасякнуты матывамі радасці мірнай працы.

Тв.:

Выбр. творы. Мн., 1955;

Зоры над Нёманам. Мн., 1963;

Вершы. Мн., 1973.

Літ.:

Калеснік У. Міхась Васілёк // Калеснік У. Час і песні. Мн., 1962.

М.Васілёк.

т. 4, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ГІНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з канца 1941 да вер. 1943 у г.п. Брагін і в. Савічы Брагінскага р-на. Групы ў Брагіне (15 чал., кіраўнікі П.​Р.​Зяновіч, М.​Л.​Дубіна, С.​І.​Рэпчанка) і Савічах (19 чал., кіраўнікі С.І. і Ф.​І.​Філіпенкі, Ф.​А.​Загаранскі) наладзілі сувязь з партызанамі, прымалі па радыё і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, здабывалі зброю і боепрыпасы, перашкаджалі фашыстам вывозіць моладзь у Германію, разграмілі варожы гарнізон і маслазавод у Савічах. Пасля арышту і расстрэлу асн. складу падпольшчыкаў патрыёты з новым папаўненнем узмацнілі дапамогу партызанам, агітацыю ў славацкіх падраздзяленнях праціўніка. У час разгрому партызанамі варожага гарнізона ў Брагіне спалілі друкарню, вывелі са строю электрастанцыю і перайшлі ў партыз. атрад імя Катоўскага.

т. 3, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСЛАВУ́Х (Фелікс Аўгусцінавіч) (23.9.1833, Рэчыцкі пав. Мінскай губ. — ?),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве. З 1856 вучыўся ў Маскоўскім, з 1858 у Кіеўскім ун-тах. У 1861 праходзіў вайск. падрыхтоўку ў польск. ваен. школе ў Італіі. Прыхільнік партыі «чырвоных». У пач. паўстання паводле загаду Літ. правінцыяльнага к-та на чале атрада вёў баявыя дзеянні ў Свянцянскім і Ашмянскім пав. 15.2.1863 яго атрад разбіты непадалёку ад мяст. Солы. З канца мая 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Трокскага пав., аб’ядноўваў дзеянні 3 атрадаў. Некалькі месяцаў вёў партыз. барацьбу супраць царскіх карнікаў на Віленшчыне, быў паранены. Паводле некат. звестак, у апошні перыяд паўстання кіраўнік паўстанцкіх узбр. сіл усёй Віленскай губ. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў. У 1869 жыў у Парыжы.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 4, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)