апле́сці, апляту, апляцеш, апляце; апляцём, аплецяце, аплятуць; пр. аплёў, апляла, апляло; заг. апляці; зак., што.
1. Абвіць чым‑н. гнуткім; пакрыць густым перапляценнем з чаго‑н. Дзед Ігнат аплёў пасудзіну бяростай, прызнаў да яе драўлянае вечка, засмаліў па краях жывіцай. Васілевіч. // Абвіць, акружыць сабой, утвараючы шчыльнае спляценне. Густы алешнік і месцамі лаза зялёнай сцяной аплялі азёрныя берагі з усіх бакоў. Галавач.
2. перан. Разм. Аблытаць хітрыкамі, ашукаць. [Язэп:] — Апляла.. [Мальвіна] мяне, як павук муху. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
закуры́ць 1, ‑куру, ‑курыш, ‑курыць; зак., каго-што.
Пакрыць сажай; задыміць, закуродыміць. — Цябе ж тут закурыць, матка родная не пазнае, — сказаў машыніст. Арабей. Нябёсы над краем пажар закурыў. Вялюгін.
закуры́ць 2, ‑куру, ‑курыш, ‑курыць; зак.
1. што, чаго і без дап. Запаліўшы папяросу, люльку, пачаць курыць, зацягнецца дымам. Закурыць махоркі. Хацець закурыць. □ Дзед закурыў люльку і доўга кашляў ненатуральным кашлем. Якімовіч.
2. Пачаць курыць, стаць курцом.
3. Пачаць курыць (у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заснава́ць 1, ‑сную, ‑снуеш, ‑снуе; ‑снуём, ‑снуяце; зак., што.
1. Пакласці пачатак чаму‑н., стварыць што‑н. Заснаваць таварыства. Заснаваць калгас. □ Рэспубліку шчасця народ заснаваў, Аб шчасці здабытым народ заспяваў. Чарнушэвіч.
2. на чым. Зрабіць на аснове чаго‑н., пакласці ў аснову што‑н. Заснаваць планы на разліках.
3. Пакрыць, зацягнуць якую‑н. паверхню чым‑н., плетучы, снуючы. Нейкі вялікі павук заснаваў акно. Баранавых.
заснава́ць 2, ‑сную, ‑снуеш, ‑снуе; ‑снуём, ‑снуяце; зак.
Пачаць снаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перапле́сці, ‑пляту, ‑пляцеш, ‑пляце; ‑пляцём, ‑плецяце, ‑плятуць; пр. пераплёў, ‑пляла, ‑ло; заг. перапляці; зак., што.
1. Уставіць сшытыя лісты кнігі, сшытка і пад. у вокладкі і сашчапіць або склеіць іх. Пераплесці кнігу.
2. Злучыць сплятаючы. Дрэвы пераплялі свае галіны. // Сашчапіць (пальцы рук). // Пакрыць, апутаць сеткай чаго‑н. Кар[а]ні дрэў густа пераплялі.. [дарогу], і воз кідала з боку на бок. Чарнышэвіч.
3. Расплёўшы, заплесці, сплесці лепш, іначай. Пераплесці касу. Пераплесці кошык.
4. Сплесці ўсё, многае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пафарбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., што.
1. Пакрыць або насыціць фарбай ці іншым фарбавальным рэчывам. [Зыбін:] — Пабялілі наш дом, сам бачыў. Падлогу пафарбуюць, — тыдзень, другі і, калі ласка: уваходзь, гаспадыня!.. Мележ. [Гэлька] адрэзала метровай даўжыні кавалак палатна, пафарбавала пад колер летняга ранішняга неба. Сташэўскі.
2. Надаць чаму‑н. які‑н. колер. Пафарбавала восень пазалотай Над возерам заспаныя лясы. Астрэйка. Сорам пафарбаваў у чырвонае Любіны шчокі. Мурашка. За вокнамі ўжо чырвоным заравам пафарбавала сонца небакрай. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Масалі́ць, му́сліць ’слініць, жаваць’ (Сцяшк., Растарг.), масоліць ’забруджваць’, ’жаваць, грызці’ (Нас., Юрч.), масоліцца, ’брудзіцца чым-н. слізкім’, ’поркацца з чым-н.’, ’падсядаць да каго-н., шукаючы прыхільнасці’ (Нас.). Рус. мусо́лить ’смактаць (косці)’, ’весці або абгрызаць што-небудзь вельмі павольна’, ’доўга жаваць бяззубым ротам’, пск., смал. мосо́лить ’пэцкаць, абгрызаць косць’; валаг. моска́лить ’мазаць галаву тлушчам’ (пры москалыга = мосолыга), перм. му́слить, пск., цвяр. мусо́литься ’доўга поркацца з чым-небудзь’, мусля́к ’неахайны, слімак’. Славен. músa, masára ’брудная жанчына’, ’брудная карова’, zamúsati ’пакрыць брудам’, серб.-харв. кайк. musa, musača, zamúsan, mȕsav. Роднаснымі і.-е. адпаведнікамі з’яўляюцца новав.-ням. Schmutz ’бруд’, ст.-в.-ням. muzzan ’чысціць’, ст.-грэч. μύδος ’сырасць, гніль’, ст.-інд. mū́ra ’мача’, авест. mūϑtra‑ ’бруд’, і.-е. *meu‑ ’вільготны, рыхлы, брудны’. Аднак ні словаўтварэнне, ні першасная фанетычная форма застаюцца невядомымі (Праабражэнскі, 1, 571; Фасмер, 3, 16–17; Бязлай, 2, 207).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АДКА́ЗНАСЦЬ юрыдычная,
у шырокім сэнсе — пакаранне; прымусовыя меры ў адносінах да вінаватых (фізічных і юрыд. асоб) за правапарушэнні, якія прадугледжаны і рэгулююцца нормамі права. Адрозніваюць адказнасць адміністрацыйную, дысцыплінарную, цывільную, крымінальную і інш.
Адміністрацыйная — адказнасць за адміністрацыйныя правапарушэнні. Настае за ўчыненне антыграмадскіх дзеянняў, якія не маюць вял. грамадскай небяспекі. Адм. спагнанні накладваюць органы ўнутр. спраў, адм. камісіі, суддзі і інш. Дысцыплінарная — адказнасць за парушэнні працоўнай дысцыпліны і службовых абавязкаў. Агульны парадак такой адказнасці вызначаны КЗаП, тыпавымі правіламі ўнутр. працоўнага распарадку, статутамі і палажэннямі аб службе або рабоце. Дысцыплінарныя спагнанні накладваюцца адпаведнымі органамі ці кіраўніком (начальнікам), якому парушальнік падпарадкоўваецца па службе або рабоце. Цывільная — адказнасць за маёмасныя (і некаторыя немаёмасныя) страты, нанесеныя невыкананнем або неналежным выкананнем абавязацельстваў або ўчыненнем якіх-н. проціпраўных дзеянняў. Выяўляецца ва ўскладанні нявыгадных маёмасных вынікаў на асобу, якая дапусціла неправамерныя паводзіны. Найб. пашыраныя формы гэтага віду адказнасці — кампенсацыя страт і выплата няўстойкі. Забяспечвацца ва ўстаноўленым судом парадку. Крымінальная — адказнасць за злачынствы. Падставай для яе з’яўляецца факт учынення небяспечнага для грамадства дзеяння, якое вызначаецца законам як злачынства. Мера пакарання вінаватаму назначаецца прыгаворам суда. Парадак прыцягнення да крымін. адказнасці, а таксама магчымасць вызвалення ад яе рэгламентаваны заканадаўствам.
Прававыя нормы Рэспублікі Беларусь прадугледжваюць таксама матэрыяльную адказнасць — абавязак работніка пакрыць прадпрыемству (установе, арг-цыі) матэрыяльныя страты, якія атрымаліся па яго віне. Падставы для матэрыяльнай адказнасці, парадак і памеры кампенсавання страт вызначаюцца заканадаўствам.
Сучаснае міжнар. права прадугледжвае міжнародна-прававую адказнасць, суб’ектам якой з’яўляецца сама дзяржава. Настае ў выніку парушэння дзяржавай нормаў міжнар. права ці міжнар. абавязацельстваў. Дзяржава нясе таксама адказнасць за неправамерныя дзеянні або ўпушчэнні ўсіх сваіх органаў і дзеянні фізічных асоб, учыненыя на яе тэрыторыі. Адрозніваюць адказнасць палітычную (ужыванне міжнар. санкцый і аддаванне задавальнення пацярпелай дзяржаве) і матэрыяльную (рэпарацыі і рэстаўрацыі). Рознагалоссі ў вызначэнні формаў і аб’ёмаў адказнасці вырашаюцца мірнымі сродкамі, прадугледжанымі Статутам ААН. Найчасцей у такіх выпадках выкарыстоўваецца арбітраж міжнародны. Калі дзяржава-парушальнік адмаўляецца ад выканання мер кампенсацыі або задавальнення, не пагаджаецца на мірнае ўрэгуляванне рознагалоссяў ці не выконвае рашэння кампетэнтнага міжнар. органа, могуць быць ужыты адпаведныя міжнар. санкцыі.
т. 1, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
замурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.
1. Закласці наглуха муроўкай (адтуліну, праём і пад.). Замураваць акно. Замураваць дзверы.
2. Пасадзіць каго‑н., схаваць што‑н. у памяшканні, у тайніку, наглуха заклаўшы муроўкай. Замураваць золата ў сцяне. □ Апавядаў ён, як дзяўчыну замуравалі ў слуп каменны. Дубоўка.
3. перан. Разм. Пакрыць снегам, лёдам; замарозіць. Прачнуўся Лёнька .. Працёр вочы, глянуў на вокны і сам сабе ўсміхнуўся: на шыбах густа разрасліся, як у казцы, белыя папараці — вокны за ноч замураваў мароз. Капыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запле́сці, ‑пляту, ‑пляцеш, ‑пляце; ‑пляцём, ‑плецяце; зак., што.
1. Перавіваючы, сплесці. Заплесці касу.
2. Увіць, уплесці ў што‑н. Запляту я ў касу Стужку чырвань-агонь. Астрэйка.
3. Плетучы, залапіць, закрыць адтуліну і пад. Заплесці дзірку ў плоце свежай лазой.
4. Пакрыць густым перапляценнем чаго‑н.; аплесці. Але скала больш не тоіць у сабе небяспекі, яе перамаглі, яе заплялі лёгкай, простай і прыгожай канструкцыяй драўляных клетак. Галавач. Павуцінне звісала са столі, яно запляло і два абразы на покуце. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пабялі́ць, ‑бялю, ‑беліш, ‑баліць; зак., каго-што.
1. Зрабіць белым, пакрыўшы вапнай, мелам і інш. Таіса пабяліла .. печ, чыста падмяла гліняную падлогу, вымыла і выцерла акенцы. Паслядовіч. // Засыпаць, пакрыць (снегам, інеем і пад.). Шумныя бярозы Пабяліў мароз. Купала. Снег нам засыпаў вушанкі І пабяліў шынялі. Астрэйка. // Зрабіць сівым. [Бондар] выглядаў старэй за свае гады, бо сівізна ўжо ўбілася ў яго густыя чорныя вусы і пабяліла скроні. Чарнышэвіч.
2. і без дап. Бяліць некаторы час. Пабялілі маляры гадзіну і кінулі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)