НІЯЗІ́ (сапр. Тагі-задэ-Гаджыбекаў Ніязі Зульфугаравіч; 20.8.1912, Тбілісі — 2.8.1984),

азербайджанскі дырыжор, кампазітар. Нар. арт. Азербайджана (1955). Нар. арт. СССР (1959). Нар. арт. Арменіі (1962). Герой Сац. Працы (1982). Вучыўся ў Муз. тэхнікуме імя Гнесіных (Масква; 1926—31), Ерэванскай і Бакінскай (1933—34) кансерваторыях. З 1937 дырыжор, у 1956—65 (з перапынкам) гал. дырыжор (з 1961 дырэктар і маст. кіраўнік) Азерб. т-ра оперы і балета (Баку). З 1938 (з перапынкамі) маст. кіраўнік і гал. дырыжор Азерб. сімф. аркестра імя У.​Гаджыбекава, з 1979 дырэктар і гал. дырыжор Азерб. філармоніі. У рэпертуары творы рус. і замежнай класікі, сучасных, у т. л. азерб. кампазітараў. Аўтар 2 опер, у т. л. «Хасроў і Шырын» (паст. 1942), балета «Чытра» (паст. 1960), «Канцэртнай лезгінкі», сімф. мугама «Раст» (1949), «Турэцкіх мініяцюр» для арк.; песень, апрацовак нар. песень, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1952. Дзярж. прэмія Азербайджана 1967. Міжнар. прэмія імя Дж.​Неру 1974.

Літ.:

Керимов С. Художник удивительного таланта. Баку, 1972.

С.А.Ніязаў.

т. 11, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНЮ́К (Міхаіл Фёдаравіч) (3.1.1944, в. Кавалі Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 4.9.1997),

бел. мастацтвазнавец, этнограф, мастак. Канд. мастацтвазнаўства (1975). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971). З 1974 выкладаў у Бел. АМ, з 1989 заг. кафедры (з 1995 праф.). У 1982—84 адначасова гал. рэд. час. «Мастацтва Беларусі». Даследаваў пытанні нар. мастацтва і матэрыяльнай культуры Беларусі. Зрабіў мастацтвазнаўча-этнагр. раянаванне бел. нар. адзення 19 — пач. 20 ст. (альбом «Беларускае народнае адзенне», 1981), каля 100 маст.-графічных рэканструкцый традыц. рэгіянальных строяў (1990-я г.). Калекцыя бел. нар. адзення, сабраная Р., экспанавалася ў Мінску (1981), Парыжы і Ліёне (1981—82). Стварыў сцэн. касцюмы для Дзярж. акад. нар. хору імя Г.​Цітовіча, ансамбля танца Беларусі і некат. самадзейных калектываў.

Тв.:

Народны касцюм Чачэрска і ваколіц: Канец XIX — сярэдзіна XX стст. Мн., 1993;

Песні і строі Піншчыны. Мн., 1994 (разам з В.​Дз.​Ліцьвінкам, У.​І.​Раговічам);

Беларускія народныя крыжы. Вільнюс, 2000.

І.​У.​Саламевіч.

М.Раманюк. Камянецка-Ваўкавыскі строй. Мастацка-графічная рэканструкцыя. 1995.

т. 13, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЦО́Ў (Феадосій Антонавіч) (30.12.1904, в. Ольша Краснінскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 6.11.1986),

расійскі музыказнавец-фалькларыст, кампазітар, педагог. Канд. мастацтвазнаўства (1963). Праф. (1977). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1931). У 1945—67 працаваў у муз.-культ. установах Ленінграда, адначасова з 1948 выкладчык кансерваторыі. Даследаваў вобразны (меладычны, ладава-інтанацыйны) склад і эстэт. сутнасць нар. музыкі, узаемасувязі функцыі, жанру, паэт. і муз. мовы нар. песні. Вял. ўвагу надаваў параўнальнаму аналізу каляндарных і сямейна-абрадавых напеваў слав. народаў, у т. л. бел. Аўтар сольных і хар. вак. твораў, твораў для арк. нар. інструментаў, п’ес для віяланчэлі. Запісваў і апрацоўваў бел. нар. мелодыі. Шэраг запісаў апублікавана ў зб-ках «Песні беларускага народа» (т. 1, 1940), «Беларускія народныя песні» (1941). Складальнік і аўтар каментарыяў зб. «Рускія народныя песні Смаленскай вобласці...» (выд. 1991).

Тв.:

Интонационные связи в песенном творчестве славянских народов. Л., 1962;

Статьи по музыкальному фольклору. Л.;

М., 1973.

Літ.:

Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 13, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА імя М.​К.​Агінскага,

сярэдняя спец. навучальная ўстанова ў г. Маладзечна Мінскай вобл. Засн. ў 1958. Размешчана ў будынку, у якім жыў Міхал Клеафас Агінскі (у 1993 вучылішчу прысвоена яго імя). Рыхтуе музыкантаў-інструменталістаў, спевакоў, дырыжораў, музыказнаўцаў, выкладчыкаў дзіцячых муз. школ. У 1999/2000 навуч. г. працуюць аддзяленні: фп.; баяна і акардэона; духавых і ўдарных інструментаў; нар. струнных; струнных смычковых інструментаў; спеваў; хар. дырыжыравання; тэорыі музыкі; дэкар.-прыкладнога мастацтва (з 1995). Пры вучылішчы працуе дзіцячая муз школа. Сярод творчых калектываў: Маладзечанскі гарадскі сімфанічны аркестр, нар. аркестры рус. нар. і духавых інструментаў (у 1975—96 дзейнічаў таксама нар. камерны аркестр нар. інструментаў); жаночы хор і хор студэнтаў тэарэт. аддзялення; вак. ансамбль «Аніма», камерныя ансамблі. У розны час у вучылішчы выкладалі: Л.​Гуцін, Я.​Дзягцярык, В.​Іваноў, М.​Казінец, В.​Карэтнікаў, Т.​Мдывані, Л.​Свердэль, Ф.​Севасцьянаў, І.​Хадоска, Г.​Цэпава; яго ўзначальвалі Р.​Грышаеў, І.​Сушкевіч, Л.​Школьнікаў, А.​Шунтаў, Ю.​Шпадарук, Э.​Кірыленка, Р.Сарока (з 1980 дырэктар). Сярод выпускнікоў: Ю.Антонаў, А.Елісеенкаў, Л.Колас, Л.Нікольскі, Т.Раеўская, А.Ціхановіч і інш. На будынку вучылішча ўстаноўлена мемар. дошка Агінскаму (скульпт. В.​Янушкевіч).

Літ.:

Маладзечанскае музычнае вучылішча. Маладзечна, 1996.

Л.​В.​Ляшчэвіч.

Будынак Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.​К.​Агінскага.

т. 9, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІЯШВІ́ЛІ (Захарый Пятровіч) (16.8.1871, г. Кутаісі, Грузія —6.10.1933),

грузінскі кампазітар, дырыжор, педагог; адзін з заснавальнікаў і найб. значны прадстаўнік груз. прафес. муз. культуры. Нар. арт. Грузіі (1925). У 1900—03 вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі ў С.Танеева. З 1903 выступаў як арганіст і дырыжор. Адзін з арганізатараў Груз. філарманічнага т-ва (1905), пры якім заснаваў хор і аркестр, дырэктар муз. школы пры т-ве (1908—17). З 1917 выкладаў у Тбіліскай кансерваторыі (з 1919 праф., у 1919, 1923 і 1929—32 дырэктар). Збіраў нар. песні, выдаў «Зборнік грузінскіх народных песень ...» (пад псеўд. Паліеў) і зб. апрацовак «Восем грузінскіх народных песень» (абодва 1910). У кампазітарскай творчасці арганічна спалучаў стылістычныя асаблівасці дыялектаў груз. нар. песнятворчасці, стварыў агульнанац. груз. муз. стыль, які спалучыў карталіна-кахецінскі фальклор і дасягненні сусв. муз. культуры. Яго манум.-эпічная опера «Абесалом і Этэры» (паст. 1919) стала пачаткам груз. сімфанізму. Аўтар опер «Даісі» (паст. 1923) і «Латаўра» (паст. 1928), «Урачыстай кантаты» для салістаў, хору і сімф. арк. (1927), «Грузінскай сюіты» на нар. тэмы для арк. (1928), хароў, рамансаў, апрацовак нар. песень. Імя П. прысвоена Груз. т-ру оперы і балета. У 1971 устаноўлена Дзярж. прэмія Грузіі імя П.

Літ.:

Донадзе В. З.​Палиашвили. 2 изд. М., 1971.

З.П.Паліяшвілі.

т. 12, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ,

самая старажытная сістэма вершаскладання, якая ўзнікла ў народнай паэтычнай творчасці ўсх. славян у перыяд сінкрэтычнага мастацтва, дзе слова існавала неаддзельна ад музыкі, жэста, руху. Нар. верш спяваўся або напеўна дэкламаваўся. Так, рус. быліны, укр. думы, бел. замовы і галашэнні вымаўляліся нараспеў, нярэдка ў суправаджэнні (за выключэннем замоў і галашэнняў) муз. інструмента (гусляў, кобзы, ліры). Асабліва цесна звязаны слова і мелодыя, сэнс і гучанне ў бел. нар. песнях (гістарычных, каляндарна-абрадавых, лірычных). У нар. вершы вял. ролю адыгрываў чыста музычны прынцып арганізацыі рытму: у аснове сувымернасці была колькасць часу, неабходная для вымаўлення першаснай рытмічнай адзінкі — склада. У выніку слова настолькі падначальвалася напеву, што часта пазбаўлялася граматычнага націску або ён перастаўляўся з аднаго склада на другі, у вершаваных радках з’яўляліся лішнія словы, асобныя склады расцягваліся або сцягваліся (замест «у» і «і» з’яўляліся «ў» і «й»), Пазней, калі вершаваны тэкст пачаў паступова адасабляцца ад мелодыі, арганізуючым рытмічным пачаткам нар. верша стаў моцны (апорны) націск, які падпарадкоўваў сабе націскі суседніх слоў (не толькі дапаможных, але і самастойных). Чаргаванне пэўнай колькасці такіх націскаў у вершаваных радках стварала рытм танічнага ў сваёй аснове нар. верша (гл. Танічнае вершаскладанне). Існуюць 2 тыпы нар. верша: напеўны і гутарковы, або рэчытатыўны. Гутарковы верш больш позні, у ім у адрозненне ад напеўнага некалькі меншая сувязь з музыкай (напевам). Пашыраныя яго формы — былінны верш, раёшнік. Напеўны верш таксама неаднастайны. Даследчык бел. фальклору І.​Насовіч у прадмове да зб. «Беларускія песні» (1874) вылучаў у залежнасці ад колькасці апорных націскаў 3 віды нар. напеўнага верша — «у адзін тэмп»:

Камарочкі мае,
Не кусайце мяне,
А кусайце паноў,
Што не пускаюць дамоў;
«у два тэмпы»:
Ты сяло маё, / сяло новае
Сяло новае, / ўсё кляновае!
Ой, ты чым, сяло, / прыукрашана.
Ці калінаю, / ці малінаю,
А ці чорнаю / смародзінаю?;
«у тры тэмпы»:
Мак зялёны, / мак чырвоны, / у поўначы квіцець,
Там за гарою, / там за другою / мяне татка клічэць.

Песенны рытм «у тры тэмпы» найб. пашыраны ў стараж. песнях. Магчыма, ён паўплываў на рытміку былін, для якіх у пераважнай большасці таксама характэрны 3 моцныя націскі ў вершаваных радках.

Н.в. паступова відазмянялася пад уплывам літ. верша, які ўзнік у беларусаў у пач. 16 ст., — антычнага (метрычнага) верша ў паэзіі на лац. мове (гл. Антычнае вершаскладанне) і сілабічнага ў паэзіі на старабел. мове (гл. Сілабічнае вершаскладанне). Літ. верш з яго роўнаскладовасцю радкоў, раўнамернасцю чаргавання моцных (доўгіх) і слабых (кароткіх) складоў адчувальна ўплываў на чыста танічныя прынцыпы нар. верша. З 16 ст. ў вершы нар. песень узнікаюць сілаба-танічныя формы, што аб’ядноўваюць ранейшыя прыкметы тонікі (аднолькавая колькасць рытмічных акцэнтаў у радках) з новымі прыкметамі сілабізму (аднолькавая колькасць складоў). У песнях з’яўляюцца рыфмы, строфы; у сваю чаргу раннія сілаба-танічныя формы нар. верша пачалі ўплываць на літ. сілабічны верш, паскараючы фарміраванне сілаба-танічнага вершаскладання.

Літ.:

Ралько І.Д. Беларускі верш. Мн., 1969;

Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973.

В.​П.​Рагойша.

т. 11, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАМПІ́Р (франц. vampire, ням. Vampir),

у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў — мярцвяк, які ноччу выходзіць з магілы, каб шкодзіць людзям (смактаць кроў, душыць, ірваць на часткі і г.д.). Нар. фантазія вампіра ўяўляла з тоўстымі (раздутымі) губамі і тонкім, вострым, як змяінае джала, языком. У нар. вераваннях вампір — увасабленне страху прымхлівых людзей перад памерлымі чараўнікамі (стараж. славяне нават прыносілі вампіру ахвяры).

т. 3, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ МУЗЫ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.

Засн. ў 1940 у Брэсце як муз. вучылішча. З 1993 каледж. Спецыяльнасці (1995/96 навуч. г.): нар. інструменты; спевы, струнныя, духавыя і ўдарныя інструменты; тэорыя музыкі; фартэпіяна; хар. дырыжыраванне. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае. Пры каледжы працуюць: дзіцячая муз. школа з прафарыентацыяй (з 1994); хор, аркестры (бел. і рус. нар. інструментаў, духавы, сімфанічны).

Г.​В.​Сегянюк.

т. 3, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЕ́ЕЎ (Таламуш) (н. 11.9.1935),

кіргізскі кінарэжысёр. Нар. арт. Кыргызстана (1975), нар. арт. СССР (1985). Скончыў Ленінградскі ін-т кінаінжынераў (1958). З 1964 рэжысёр на кінастудыі «Кіргізфільм». Найб. значныя работы: «Неба нашага дзяцінства» (1968), «Люты» (паводле аповесці М.​Аўэзава «Шэры люты»), «Чырвоны яблык» (паводле Ч.​Айтматава), «Нашчадак Белага Барса». Усе фільмы Акеева аб’ядноўвае трывалая сувязь з нац. культурай, сучаснае мысленне. Дзярж. прэмія Кыргызстана 1972.

т. 1, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЭ́РАК (польск. oberek ад obrót абарот, вярчэнне),

польскі нар. парны танец. Муз. памер трохдольны, тэмп хуткі. Асн. харэатэхнічны элемент — вярчэнне. Выконваецца ў суправаджэнні інстр. музыкі і жартоўных прыпевак. Зафіксаваны ў 2-й пал. 19 ст. О.​Кольбергам і М.​Федароўскім як «шляхетны» танец, пашыраны ў вясковым побыце зах. Беларусі Найгрышы да абэрка захоўваюцца ў рэпертуары нар. музыкантаў амаль на ўсёй тэр. рэспублікі.

т. 1, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)