РУ́СКАЯ ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ НАРО́ДНАЯ А́РМІЯ (РВНА),

вайсковае фарміраванне з б. грамадзян СССР, арганізаванае ў канцы 1941 ням.-фаш. акупантамі ў Вял. Айч. вайну. Асновай РВНА сталі атрад нар. міліцыі ў пас. Локаць Брасаўскага р-на Арлоўскай вобл. (Расія) і групы мясц. самааховы ў навакольных вёсках пад кіраўніцтвам К.​П.​Васкабойніка (кіраўнік адміністрацыі аўт. раёна, створанага ў тыле 2-й танк. арміі вермахта). Пасля гібелі Васкабойніка фарміраванне ўзначаліў інж. Б.​В.​Камінскі, які разгарнуў актыўную дзейнасць супраць партызан. Пасля рэарганізацыі гітлераўцамі аўт. раёна ў павет, потым у акругу з насельніцтвам каля 600 тыс. чал. Камінскі ў выніку мабілізацыі скамплектаваў брыгаду колькасцю да 12 тыс. байцоў і назваў яе РВНА. Падраздзяленні РВНА ваявалі супраць партызан, неслі ахоўную службу. У 1-й пал. 1943 часці Чырв. Арміі нанеслі РВНА шэраг паражэнняў. У жн. 1943 з дазволу ням. камандавання Камінскі пачаў эвакуацыю РВНА і цывільнага насельніцтва акругі (эвакуіравана каля 30 тыс. чал.) у раён г. Лепель. Аднак у выніку масавага дэзерцірства і пераходу байцоў і жыхароў акругі на бок сав. партызан колькасць РВНА скарацілася больш чым на ​2/3. Брыгада, папоўненая мясц. паліцэйскімі, абараняла тылавыя камунікацыі 3-й танк. арміі вермахта, па якіх наносілі ўдары партыз. брыгады Полацка-Лепельскай партызанскай зоны. У пач. 1944 РВНА разам з бежанцамі пераведзена ў г. Дзятлава Гродзенскай вобл. У крас.—маі 1944 два палкі брыгады ўдзельнічалі ў антыпартыз. аперацыях «Лівень» і «Веснавое свята», у час якіх яны былі ўключаны ў склад баявой групы К. фон Готберга як «штурмавая брыгада РВНА». Потым РВНА разгорнута ў 29-ю грэнадзёрскую дывізію СС. У жн. 1944 асн. сілы дывізіі ўдзельнічалі ў задушэнні Варшаўскага паўстання, дзе панеслі вял. страты. Вызначыліся рабаўніцтвам мясц. жыхароў і марадзёрствам. Камінскі асуджаны ваен.-палявым судом СС і расстраляны. У кастр. 1944 рэшткі дывізіі раззброены і адпраўлены ў Мюнзінген (Германія), дзе ўвайшлі ў склад 1-й дывізіі Рускай вызваленчай арміі ген. А.А.Уласава.

С.​У.​Жумар.

т. 13, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РА (лац. Sulfur),

S, хімічны элемент VI групы перыяд. сістэмы, ат. н. 16, ат. м. 32,066; адносіцца да халькагенаў. Прыродная С. складаецца з 4 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 32—34 і 36; асн. з’яўляецца ​32S (95,02%). У зямной кары 5∙10​−2% па масе; трапляецца ў свабодным стане (гл. Сера самародная) і ў выглядзе сульфідных (пірыт, галеніт, кінавар і інш.) і сульфатных (гіпс, барыт, ангідрыт, мірабіліт і інш.) мінералаў. Злучэнні С. ёсць у вуглях, сланцах, нафце, прыродным газе. Адзін з найважн. біягенных элементаў. Вядома з глыбокай старажытнасці.

Неметал. Да т-ры 95,39 °C устойлівая рамбічная мадыфікацыя С. (a-S) — лімонна-жоўтыя крышталі, шчыльн. 2070 кг/м³, tпл 112,8 °C, пры т-ры вышэй за 95,39 °C і да tпл 119,3 °C — манаклінная (β-S) — мядова-жоўтыя крышталі, шчыльн. 1960 кг/м³. Вядомы і інш. мадыфікацыі С., напр., пры рэзкім ахаладжэнні расплаўленай С. атрымліваюць аморфную С. (шчыльн. 1920 кг/м³). Дыэлектрык (шырыня забароненай зоны для α-S 2,6 эВ); цвёрдая С. — дыямагнетык. Не раствараецца ў вадзе, добра раствараецца ў серавугляродзе, феноле. Пры награванні непасрэдна ўзаемадзейнічае з усімі (акрамя ёду, азоту і інертных газаў) неметаламі (гл. Серы аксіды, Серы фтарыды, Серы хларыды, Серавуглярод, Серавадарод) і металамі (акрамя золата і плаціны) з утварэннем сульфідаў. Ступень акіслення С. ў злучэннях -2, +2, +4, +6. Вядомы шматлікія сераарганічныя злучэнні. Атрымліваюць з самародных руд, а таксама акісленнем серавадароду або аднаўленнем дыаксіду серы. Выкарыстоўваюць пераважна для атрымання сернай к-ты (прыкладна 50% вырабляемай С.), сульфітаў, барацьбы са шкоднікамі с.-г. культур. вулканізацыі гумы, а таксама ў вытв-сці фарбавальнікаў, выбуховых рэчываў, штучнага валакна, сульфідаў і інш.; уваходзіць у склад галовак запалак (серка), мазей для лячэння скурных хвароб. Пыл С. раздражняе органы дыхання, слізістыя абалонкі; ГДК у паветры 0,07 мг/м³.

т. 14, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САХА́РА (ад араб. сахра — пустыня),

пустыня ў Паўн. Афрыцы, самая вялікая на зямным шары. Пл. каля 7 млн. км². Працягваецца на 5,7 тыс. км ад Атлантычнага ак. на З да Чырвонага м. на У. Шыр. да 2 тыс. км. На Пн мяжуе з паўд. перадгор’ямі Атласа і ўзбярэжжам Міжземнага м. На Пд пераходзіць у Сахель (паўд. мяжа можа перамяшчацца на Пн ці Пд у залежнасці ад вільготнасці года). На тэр. С. размешчаны поўнасцю або часткова дзяржавы: Марока, Туніс, Алжыр, Лівія, Егіпет, Зах. Сахара, Маўрытанія, Малі, Нігер, Чад, Судан. У рэльефе пераважаюць раўніны выш. 200—500 м, у Цэнтр. С. — нагор’і: Ахагар (г. Тахат, 3003 м), Тыбесты (г. Эмі-Кусі, 3415 м, найб. выш. С.); плато: Аір, Энеды, Адрар-Іфарас і інш. Уздоўж Чырвонага м. выцягнуты хр. Этбай (выш. больш за 2000 м). На Пн і У размешчаны шматлікія бяссцёкавыя ўпадзіны, некат. з іх ніжэй узр. м.: Катара (-133 м), Шот-Мельгір (-26 м) і інш. У ландшафтах С. пераважаюць пустыні: камяністыя і друзавыя (хамады), галечнікавыя (рэгі), гліністыя (серыры), пясчаныя (у т. л. эргі), саланчаковыя (себхі); астатнюю тэр. займаюць горныя ландшафты з друзавата-камяністымі пустынямі. Паверхню часта ўскладняюць градавыя пяскі (бываюць грады выш. да 200—300 м) і дзюны круглыя або зоркападобныя.

С. займае паўн.-зах. ч. Афрыкана-Аравійскай платформы, дакембрыйскі фундамент якой выходзіць у масівах Цэнтральна-Сахарскай зоны падняццяў (Рэгібацкае, Ахагар, Тыбесты, Эль-Увейнат) і зах. выступе Нубійска-Аравійскага масіву. На Пн і Пд знаходзяцца зоны пагружэнняў, запоўненыя адносна маламагутным чахлом фанеразойскіх адкладаў. Радовішчы нафты і газу (Сахара-Лівійскі нафтагазаносны басейн), жалезных і медных руд, фасфарытаў.

Клімат С. пераважна трапічны пустынны, на Пн — субтрапічны. Круглы год пераважае паўн.-ўсх. пасат. Частыя вятры скорасцю да 50 м/с (хамсін, самум, сірока, шэргі) і пыльныя буры. Сярэднія т-ры студз. 10 °C і больш (у гарах маразы); ліп. да 37 °C, абс. макс. 57,8 °C (Эль-Азізія ў Лівіі), абс. мінім. -18 °C (у Тыбесты). Вял. сутачныя амплітуды т-р паветра (больш за 30 °C) і глебы (да 70 °C). Характэрны сухое паветра (адносная вільготнасць 30—50%) і высокая выпаральнасць (да 6000 мм). На б.ч. тэр. С. ападкаў менш за 50 мм за год, на ўскраінах 100—200 мм. На Пн С. ападкі пераважна зімовыя, на Пд — летнія. С. — вобласць унутранага сцёку. Пастаяннымі вадацёкамі з’яўляюцца ўчасткі транзітных рэк Ніл і Нігер. Па сухіх рэчышчах (вадзі або уэды) эпізадычна сцякаюць ліўневыя воды. Вял. басейн падземных вод, у т. л. артэзіянскіх, забяспечвае жыццё ў аазісах. Свідраванне на ваду вядзецца ў раёнах здабычы нафты і газу. Характэрны прымітыўныя глебы трапічных пустынь і паўпустынь (пясчаныя, друзаватыя, галечныя, гліністыя), часта засоленыя. Пашыраны вапнякова-гіпсавыя коры. Расл. покрыва залежыць ад тыпу пустынь: хамады і рэгі без расл. або з моцна разрэджаным покрывам, эргі замацаваны доўгакаранёвымі бязлістымі хмызнякамі і злакамі (сахарскі дрок, эфедра, дрын). На Пд С. з дрэвава-хмызняковых найб. частыя акацыі, тамарыскі і інш. У горных раёнах захаваліся рэлікты неагенавай флоры (ядловец, алеандр, кіпарыс). Найб. пашыраныя прадстаўнікі жывёльнага свету: антылопа адакс, газелі, муфлон, фенек, гепард, гіена, шакал, пясчанкі, тушканчыкі, сахарскі заяц, сцынкі, вараны, рагатая гадзюка, кобра і інш. Качавая і паўкачавая жывёлагадоўля (вярблюды, авечкі, козы), земляробства ў аазісах (фінікавая пальма, збожжавыя, агароднінныя культуры), развіта горназдабыўная прам-сць, з 1950—60-х г. С. — буйнейшы нафтаздабыўны раён свету. Гал. гарады: Тугурт, Уаргла, Лагуат, Туат, Тыдыкельт (Алжыр), Куфра, Себха, Тазерба, Джагбуб, Мурзук (Лівія), Сіва, Дахла, Фарафра, Бахарыя (Егіпет). У перавозках грузаў, акрамя нафты і газу (транспартуюцца па трубаправодах), вял. значэнне маюць транссахарская аўтадарога ад Алжыра да Нігера з бітумным пакрыццём да г. Айн-Салах і авіялініі; чыгункі: Абадла — паўн. Алжыр — Марока, Тугурт — Міжземнаморскае ўзбярэжжа, Кедыя — д’Іджыль — узбярэжжа Атлантычнага акіяна.

М.​В.​Лаўрыновіч.

Да арт. Сахара. 1 — вытачаныя эрозіяй рэшткі старажытных асадкавых фармацый, Эгіе-дзю-Сіс; 2 — рэг — участак пустыні, укрыты камянямі і галькай; 3 — аазіс Тагіт.

т. 14, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕШАНКО́ВІЦКІ РАЁН,

у цэнтры Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 24,7 тыс. чал. (1996), гарадскога 41%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал/км². Цэнтр раёна — г.п. Бешанковічы; г.п. Ула, 235 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 10 сельсаветаў: Астровенскі, Бачэйкаўскі, Верхнякрывінскі, Вярхоўскі, Драздоўскі, Пліскі, Рубежскі, Свячанскі, Сокараўскі, Соржыцкі.

Паўночная ч. раёна ў межах Полацкай нізіны, паўднёвая — у межах Чашніцкай раўніны. Больш за 90% паверхні ляжыць на выш. да 150 м, найвыш. пункт 179,8 м (каля в. Пліса). Карысныя выкапні: торф, цагельная гліна, буд. матэрыялы. Сярэдняя т-ра студз. -7,5, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 630 мм за год. Вегетац. перыяд 185 дзён. Рэкі — Зах. Дзвіна і яе прытокі Ула са Свячанкай, Крывінка з Бярозкай. У межах раёна 55 азёраў. Самыя вял. з іх Саро, Бораўна, Белае возера, Астровенскае возера, Слабадское возера. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лясамі 20% тэр., пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя лясы.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 61,6 тыс. га, з іх асушана 24,5 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 15 калгасаў і 5 саўгасаў. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля і льнаводства, вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы лёгкай (ільнозавод, ф-кі маст. і рымарскіх вырабаў) і харч. (малочны з-д, хлебакамбінат, кансервава-гароднінасушыльны завод) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Лепель—Віцебск, Шуміліна—Сянно. У раёне 14 сярэдніх, 3 базавыя, 3 пач. школы, дапаможная школа-інтэрнат, школа мастацтваў, муз. і спарт. школы, ПТВ, 9 дзіцячых устаноў. 23 клубныя ўстановы, 34 б-кі, 4 бальніцы, 11 фельч.-ак. пунктаў. Зоны адпачынку па р. Ула і часткова на ПнУ — Астроўна—Лётцы. Гіст.-краязнаўчы музей. Помнікі прыроды і архітэктуры: парк у в. Бачэйкава, парк «Саломінка» і Мікалаеўская царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Дабрыгоры, царква Казанскай Маці Божай пач. 20 ст. ў в. Дарагакупава, сядзіба «Нізгалава» 2-й пал. 19 ст. ў в. Двор Нізгалава, Мікалаеўская царква канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Слабодка. Выдаецца газ. «Зара».

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Бешанковіцкага р-на. Мн., 1991.

С.​І.​Сідор.

т. 3, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЯ́БРСКІ РАЁН,

у Беларусі, на ПнЗ Гомельскай вобл. Утвораны 28.6.1939. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 21,3 тыс. чал. (1995); сярэдняя шчыльнасць 15 чал./км²; гарадскога 15,3%. Цэнтр — г.п. Акцябрскі, 77 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 8 сельсаветаў: Акцябрскі, Валосавіцкі, Ламавіцкі, Любанскі, Ляскавіцкі, Парэцкі, Пратасаўскі, Чырвонаслабодскі.

Знаходзіцца ў паўн.-ўсх. ч. Прыпяцкага Палесся. Паверхня — плоская раўніна, месцамі дзюнныя ўзгоркі. Пераважаюць выш. 130—140 м над узр. м., найвыш. пункт 176,4 м. Карысныя выкапні: нафта (Азямлінскае і ч. Вішанскага радовішча), торф (больш за 50 радовішчаў), гліна, жвір, пясок. Сярэдняя т-ра студз. -6,3 °C, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 627 мм за год. Вегетацыйны перыяд 195 дзён. Рэкі: Пціч з прытокамі Арэса і Нератоўка, Трэмля з прытокам Ветка; Слаўкавіцка-Ямінскі асушальны канал (левы прыток Арэсы). Гушчыня натуральнай рачной сеткі 0,5 км/км². Глебы пераважна тарфяна-балотныя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя. Лясы (55% тэр.) хваёвыя і хваёва-шыракалістыя, трапляюцца драбналістыя і дубова-грабавыя. Агульная пл. балот 14 тыс. га. Акцябрскі фауністычны заказнік, заказнік-журавіннік Бабінец.

У эканоміцы раёна гал. роля належыць сельскай гаспадарцы. Пад с.-г. ўгоддзямі 46,2 тыс. га (33% тэр.), з іх асушаных 29,1 тыс. га. Асн. галіна — жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. Птушкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і зернебабовыя, бульбу, кармавыя культуры; з тэхн. — лён-даўгунец. У раёне прадпрыемствы харч. (вытв-сць сухога абястлушчанага малака, масла, спірту), дрэваапр. (лясгас, лесапункт Бабруйскага леспрамгаса), здабыўной (нафта і торф, сапрапелі) прам-сці; раённае аб’яднанне «Сельгастэхніка». На 1.1.1995 было 8 калгасаў і 6 саўгасаў. Па тэр. раёна праходзіць чыг. ветка Жлобін—Рабкор, аўтадарогі Глуск—Азарычы, Парычы—Капаткевічы. На 1995 у раёне 15 базавых і сярэднеагульнаадук. школ, муз. школа, прафес.-тэхн. вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, 16 дашкольных, 20 клубных і 25 бібліятэчных устаноў, 3 бальнічныя ўстановы, зоны адпачынку (часткова) Арэса і Пціч. Музей нар. славы. Помнік архітэктуры 19 ст. — брама, помнік сядзібна-паркавага мастацтва — парк канца 19 ст. ў в. Харомцы. Помнік «Беларусь партызанская» ў в. Слабодка. Раённая газ. «Чырвоны Кастрычнік».

Г.​М.​Дзегцяроў.

т. 1, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМБРЫКА́НА-ПАНА́МСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1903, 1936, 1955, 1977 аб канале.

Дагавор Хея — Бюно-Варыльі 1903 (падпісаны 18 ліст. ў Вашынгтоне) гарантаваў незалежнасць Панамскай Рэспублікі (абвешчана 3.11.1903), а Панама здавала ў арэнду ЗША «на неабмежаваны час» частку сваёй тэр. шырынёй 16,1 км для будаўніцтва і эксплуатацыі міжакіянскага канала і саступала ім усе суверэнныя правы над зонай Панамскага канала. ЗША атрымала таксама права манапольна эксплуатаваць усе шляхі зносін праз тэр. Панамы паміж Ціхім ак. і Карыбскім м., выкарыстоўваць свае ваен. і паліцэйскія сілы для падтрымання парадку і абароны канала. За гэта ЗША павінны былі выплаціць Панаме 10 млн. дол. адначасова і выплачваць па 250 тыс. дол. штогод праз 9 гадоў пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі.

Дагавор 1936 (падпісаны 2 сак. ў Вашынгтоне) адмяняў артыкулы дагавора 1903 пра гарантыі ЗША падтрымліваць незалежнасць Панамы і парадак у яе гарадах Панама і Калон. ЗША адмовіліся (фармальна) ад права карыстацца тэр. за межамі канала. Штогадовыя выплаты Панаме павялічваліся да 430 тыс. дол.

Дагавор Рэмона—Эйзенхаўэра 1955 (падпісаны 25 студз. разам з «Мемарандумам аб узгодненых рашэннях», які рэгуляваў заробак мясц. служачых кампаніі Панамскага канала), адмяняў манапольнае права ЗША будаваць чыгункі і шашэйныя дарогі на Панамскім перашыйку, ураўнаваў у зарплаце панамцаў з амерыканцамі, павялічваў штогадовыя выплаты да 1930 тыс. дол. Панаме вярталася частка зямлі, раней набытая ў яе кампаніяй канала.

Дагавор аб Панамскім канале і Дагавор аб пастаянным нейтралітэце і функцыянаванні Панамскага канала 1977 (падпісаны 7 вер. ў Вашынгтоне прэзідэнтам ЗША Дж.​Картэрам і кіраўніком урада Панамы А.​Тарыхасам) прадугледжвалі канчатковую перадачу канала пад кантроль Панамы 1.1.2000, ліквідацыю зоны канала і вывад амер. войскаў з размешчаных у ёй ваен. базаў, павелічэнне штогадовых выплат да 10 млн. дол. і інш. Панама абвяшчае канал пастаянна нейтральным і разам з ЗША адказвае за «захаванне рэжыму нейтралітэту». Ваен. і дапаможныя судны абедзвюх дзяржаў маюць права на «хуткі транзіт праз канал». Абодва дагаворы ўхвалены на плебісцыце ў Панаме, які адбыўся 23.10.1977. З 1982 Панама пачала ажыццяўляць цывільнае кіраванне і паліцэйскую ўладу ў зоне канала.

т. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́ЙСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Вілейскае мора,

у Вілейскім р-не Мінскай вобл., на р. Вілія. За 5 км на У ад г. Вілейка, у месцы зліцця Віліі з рэкамі Сэрвач, Ілія і Касутка. Найб. штучны вадаём Беларусі, галаўное гідразбудаванне Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Пабудавана ў 1973—75 для назапашвання вады, рэгулявання сцёку і павелічэння воднасці Свіслачы, стварэння зоны адпачынку. Пл. 64,6 км², даўж. 27 км, найб. шыр. 3,6 км, найб. глыб. 13,8 м. Чаша — затопленыя даліны Віліі і Іліі, ёсць 10 астравоў. Схілы катлавіны спадзістыя, пераважна пад лесам. Берагавая лінія даўж. 137 км слаба парэзана, ёсць 4 буйныя залівы, у якія ўпадаюць рэкі.

Вілейскае вадасховішча знаходзіцца на Нарачана-Вілейскай нізіне. Вадазбор мае спадзістахвалісты рэльеф з асобнымі эолавымі формамі, пад лесам 35%, пад ворывам 30% плошчы. Берагі нізкія (0,5—1 м), актыўна размываюцца (на 25% даўжыні), месцамі замацаваныя. На паўд. беразе пясчаныя пляжы шыр. 50—100 м. Дно выслана пяском, месцамі торфам (15%). Аб’ём вады 238 млн. м³, поўнасцю запаўняецца ў крас.—чэрв. ў час веснавой паводкі. Сярэднегадавая амплітуда ваганняў узроўню вады 2 м. Замярзае ў пач. снеж., крыгалом пачынаецца ў сярэдзіне красавіка. Таўшчыня лёду 60—70 см. Летам паверхневыя слаі вады праграюцца да 18—22 °C, на прыбярэжных і мелкаводных участках да 24 °C. Пераважаюць паўд.-зах. і зах. вятры. Пры скорасці ветру 3—5 м/с выш. хваль 0,2—0,5 м, найб. — 1,5 м пры зах. ветры, з якім звязаны найб. разгон хваль уздоўж вадасховішча. Празрыстасць вады павялічваецца ад 1—1,5 м у вярхоўях да 2,5 м каля плаціны. Зарастае нязначна (10% плошчы) урэчнікамі, вадзяной грэчкай і інш. У сярэдзіне чэрв. пачынаецца «цвіценне» вады пры масавым развіцці сіне-зялёных водарасцей, адміранне якіх увосень пагаршае якасць вады і вядзе да заглейвання дна. Вакол вадасховішча створана зона адпачынку. Выкарыстоўваецца для заняткаў водна-лыжным, водна-маторным, вяслярным і парусным спортам, для летняй і зімовай рыбнай лоўлі (водзяцца шчупак, акунь, лешч, сярэбраны карась, джгір, трохіголкавая колюшка, плотка, верхаводка). На астравах гняздуюцца качкі, чайкі (у т. л. чайка малая, занесеная ў Чырв. кнігу Беларусі), у некаторыя гады — лебедзі.

Вілейскае вадасховішча.

т. 4, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ВЕНСКІ РАЁН,

на ПдУ Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,3 тыс. км². Нас. 24 тыс. чал. (1997), гарадскога 38%. Сярэдняя шчыльн. 20 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Дуброўна, р.п. Асінторф, 149 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 10 сельсаветаў: Баеўскі, Валяўкоўскі, Дабрынскі, Зарубскі, Засценкаўскі, Кляноўскі, Малабахаўскі, Маласавінскі, Пірагоўскі, Рэдзькаўскі.

Паверхня раўнінная, хваліста-платопадобная. На Пд частка Смаленскага ўзвышша, на ПнЗ адгор’е Аршанскага ўзвышша, на Пн Лучоская нізіна. Найвышэйшая адзнака 226,4 м (на ПдЗ ад в. Ляхаўка). Пераважаюць вышыні 180—210 м. Карысныя выкапні: торф. гліны, гравій, пясок. Сярэдняя т-ра студз. -8 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 618 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. З ПнУ на ПдЗ раёна перасякае р. Дняпро з прытокамі Мярэя, Расасенка, Дубровенка (Задубровенка), на Пн — Вярхіта, на ПдЗ — вярхоўі Проні і Басі. Па тэр. раёна праходзіць Балтыйска-Чарнаморскі водападзел. Найб. азёры Казённае і Афанасьеўскае. Дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы займаюць 91,4% с.-г. угоддзяў. Пад лесам 19% тэр., пераважна на Пн. Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя і інш., трапляюцца шыракалістыя, з іх 72% — штучныя насаджэнні. Балоты займаюць каля 5,2 тыс. га, найб. Асінаўскае балота і Шчэрбінскі Мох. Зоны адпачынку Лясная дача і Дняпроўка.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 78 тыс. га, з іх асушана 27 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 13 калгасаў, 7 саўгасаў, міжгасп. прадпрыемства па кормавытворчасці. С.-г. вытв-сць спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі і льнаводстве, пашыраны пасевы збожжавых культур і бульбы. Прадпрыемствы паліўнай, лёгкай, харч. і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Брэст—Масква, транзітныя магістральныя газаправоды. Дуброўна аўтадарогамі звязана з Оршай, Горкамі, Асінторфам. Красным (Расія). У раёне 14 сярэдніх, 9 базавых, 4 пач. і 3 муз. школы, школа-інтэрнат, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 18 дашкольных устаноў, СПТВ, 2 бальніцы, 16 фельч.-ак. пунктаў, 28 дамоў культуры і клубаў, 28 б-к. Помнікі архітэктуры: паркі ў в. Арловічы (19 — пач. 20 ст.) і ў в. Станіславова (19 ст.). Выдаецца газ. «Дняпроўская праўда».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 6, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НТЫЯ ЗЯМЛІ́,

сілікатная абалонка «цвёрдай» Зямлі паміж зямной карой і ядром Зямлі; адна з геасфер. Складае 83% аб’ёму і 67% масы Зямлі. Звесткі пра будову і стан рэчыва М.З. атрымліваюць шляхам сейсмалагічных назіранняў. Верхняя мяжа праходзіць на глыб. ад некалькіх кіламетраў (пад акіянамі) да 75 км (пад кантынентамі) па Махаровічыча паверхні і характарызуецца перападам скорасці сейсмічных хваль ад 6,4—7 км/с у зямной кары да 8—8,4 км/с у падкоравым слоі мантыі; ніжняя — на глыб. каля 2,9 тыс. км на мяжы з ядром Зямлі, з перападам скорасці хваль ад 13,25 км/с у мантыі да 8,5 км/с у верхняй частцы ядра. Мантыя падзяляецца на верхнюю (слой B) да глыб. 400 км, сярэднюю (слой C, слой Б.Б.Галіцына) да глыб. 950—1 тыс. км (паводле інш. меркаванняў да 900 км), дзе назіраецца рэзкае нарастанне хуткасцей сейсмічных хваль з глыбінёй, і ніжнюю (слой Д), дзе скорасці манатонна павялічваюцца да падэшвы. Т-ра М.З. 2000—2500 °C. Шчыльн. рэчыва М.З. з глыбінёй нарастае ад 3,3—3,4 г/см³ у падкоравым слоі да 3,65—3,7 г/см³ на глыб. 400 км, у слоі C — рэзка нарастае да 4,55—4,65 г/см³ на глыб. 950—1 тыс. км, потым павольна павялічваецца да 5,55—5,65 г/см³ каля падэшвы М.З. Ціск у нізе М.З. (1,35—1,40)∙10​11 Па, мяркуецца, што пры высокіх цісках рэчыва мантыі знаходзіцца ў цвёрдым крышталічным стане, акрамя астэнасферы, дзе яно, магчыма, аморфнае. Сярэдняя вязкасць рэчыва М.З. каля 10​23—10​25 П, у астэнасферы пад акіянамі 10​19—10​20, пад кантынентамі 10​21—10​22 П. У версе М.З. складзена з лерцалітаў, перыдатытаў, эклагітаў, ніжэй — з піралітаў. Па супастаўленні геафіз. і мінер. даных мяркуецца, што паводле мінералаг. складу М.З. падзяляецца на верхнюю — алівінавую, сярэднюю — шпінеле-пераўскіта-ільменітавую. дзе вылучаюць 2 зоны на глыб.,420 км і 670 км, і ніжнюю — пераўскітавую. У М.З. існуюць канвектыўныя патокі рэчыва, аб чым, магчыма, сведчыць дрэйф літасферных пліт, якія неаднаразова перамешвалі састаў верхняй і ніжняй мантыі. З працэсамі ў М.З. звязаны тэктанічныя рухі, магматызм, вулканізм і інш.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 10, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСЛАВА́НСКАЯ МО́ВА, агульнаславянская мова,

мова старажытных славян перыяду іх адноснага адзінства. У 2-й пал. 1-га тыс. н.э. распалася на асобныя славянскія мовы. На думку некат. вучоных, паміж індаеўрап. і праслав. перыядамі існаваў перыяд балтаславянскай прамовы, з якой П.м. вылучылася ў канцы 1-га тыс. да н.э. Разам з прабалт., індаіран. і армянскай П.м. належыць да групы satem індаеўрапейскіх моў. Носьбіты П.м. змянілі тэр. жыхарства (слав. прарадзіму) у Цэнтр. і Усх. Еўропе; верагодна ў 1-м тыс. да н.э. тэр. прарадзімы славян (да гэтага часу размяшчаліся больш на З і Пн) ахоплівала Прыпяцкае Палессе. П.м. зведала дыялектнае чляненне. Адна са стараж. дыялектных ’яе рыс — адрозненне выбухнога і фрыкатыўнага вымаўлення «г». Перад распадам П.м. вылучаліся паўн. і паўд., зах. і ўсх. дыялектныя зоны. За час існавання зазнала істотныя змены. У фанетыцы пры вылучэнні з індаеўрап. адзінства мяккія заднеязычныя зычныя ператварыліся ў свісцячыя, супалі прыдыхальныя і непрыдыхальныя зычныя, у пэўных пазіцыях s перайшло ў «х», адбылася дэлабіялізацыя галосных. Фанет. працэсы праходзілі ў 2 гал. кірунках: узыходнай гучнасці (манафтангізацыя дыфтонгаў, узнікненне насавых галосных, станаўленне закона адкрытага складу і інш.) і гармоніі (палаталізацыя заднеязычных зычных, змена гукаў побач з j і інш.) складу. У марфалогіі адбывалася перабудова сістэмы часцін мовы (падзел імені на назоўнікі і прыметнікі, узнікненне ўмоў для вылучэння лічэбнікаў, рост прыслоўяў), тыпаў скланення, утварэнне новага імперфекта ў дзеяслова, станаўленне апазіцыі незакончанага і закончанага трывання. Пашырылася прэфіксальнае словаўтварэнне дзеясловаў, суфіксальнае — назоўнікаў і прыметнікаў, замацоўваўся слав. тып простага сказа, ствараліся перадумовы для развіцця складанага сказа. Лексіка П.м. значна ўзбагацілася ўласнымі новаўтварэннямі, часткова запазычаннямі з балт., германскіх, іранскіх і інш. моў. П.м. не мела пісьмовай фіксацыі. Стан і развіццё яе рэканструююцца параўнальна-гістарычным мовазнаўствам. П.м. як продка ўсіх сучасных слав. моў вывучае славянскае мовазнаўства.

Літ.:

Чекман В.Н. Исследования по исторической фонетике праславянского языка. Мн., 1979;

Супрун А.Е., Калюта А.М. Введение в славянскую филологию. Мн., 1981;

Мартынов В.В. Становление праславянского языка по данным славяно-иноязычных контактов. Мн., 1982;

Этимологический словарь славянских языков: Праславянский лексический фонд. Вып. 1—25. М., 1974—99.

А.​Я.​Супрун.

т. 13, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)