у складзе Расіі. Утворана 23.9.1937. Пл. 587,4 тыс.км². Насельніцтва 1547,4 тыс.чал. (1994), гар. 76%. Цэнтр — г.Архангельск. Уключае Ненецкую аўтаномную акругу і астравы Паўн. Ледавітага ак. (Калгуеў, Вайгач, Новая Зямля, Зямля Франца-Іосіфа, Салавецкія і інш.). Найб. гарады: Котлас, Северадзвінск, Навадзвінск, Анега.
Прырода. Размешчана на ПнУсх.-Еўрапейскай раўніны. У паўн.-зах. частцы тэр. цягнецца горны краж Ветраны Пояс (выш. да 344 м), на ПнУ — Ціманскі краж (выш. да 303 м), Канін Камень (да 242 м) і хр. Пай-Хой (выш. да 467 м). Цэнтральная ч. парэзана далінамі рэк, асобныя платопадобныя ўчасткі выш. 150—270 м (Каношскае і Няндомскае ўзвышшы, Беламорска-Кулойскае плато і інш.). На У ад Ціманскага кража — вялізная забалочаная Пячорская нізіна б.ч. якой занята Вяліказямельскай і Малазямельскай тундрамі з шэрагам марэнных градаў выш. да 250—275 м. Карысныя выкапні: медзь, баксіты, алмазы, свінцова-цынкавыя руды, вапнякі, даламіты, гліны, кварцавыя пяскі, нафта, прыродны газ, вял.запасы торфу. Клімат на Пн субарктычны, на Пд умерана кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -12 да -18 °C, ліп. ад 8 да 16 °C. Ападкаў 300—500 мм за год. На Пн шматгадовая мерзлата. Гал. рэкі: Паўн. Дзвіна (з прытокамі Вычэгда, Пінега і Вага), Пячора, Анега, Мязень. Густая сетка азёраў (каля 2,5 тыс.), найб. Лана, Кенвозера, Кожвозера. Рэзка выяўлена шыротная занальнасць глебава-расліннага покрыва. На ПнУ зона тундры (арктычная, мохава-лішайнікавая і хмызняковая) на тундрава-глеевых і тундрава-балотных глебах. Зона лесатундры занята рэдкалессем на тарфяна-глеевых і слабападзолістых глебах. Лясы займаюць ½ тэр. Архангельскай вобласці, пераважае тайга з елкі і хвоі, на У трапляюцца піхта і лістоўніца. У Архангельскай вобласці Пінежскі запаведнік.
Гаспадарка. Архангельская вобласць — буйны раён лесанарыхтоўкі, лесапілавання, лесаэкспарту, цэлюлозна-папяровай вытв-сці. Развіты машынабудаванне (суднабудаванне, суднарамонт, дарожныя машыны, абсталяванне для лясной прам-сці), лёгкая, харч.прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Гал. галіны сельскай гаспадаркі — малочная жывёлагадоўля (высокапрадукцыйная халмагорская буйн. раг. жывёла). На Пн — аленегадоўля, зверагадоўля, пушны і марскі промысел. Пасевы жыта, бульбы, агародніны. Марскі і рачны транспарт (водная трансп. сістэма — Паўн. Дзвіна з прытокамі), суднаходныя таксама Вычагда, Пячора, Мязень. Парты: Архангельск, Анега, Мязень, Нар’ян-Мар. Чыг. лініі Волагда-Архангельск, Канаш—Котлас—Мікуль. Касмадром Плясецк. Цэнтры нар. промыслаў: Каргапаль, Сольвычагодск, Халмагоры. Курорты: Сольвычагодск, Саланіха, Беламор’е і інш. На Салавецкіх а-вах гіст.-арх. і прыродны музей-запаведнік з Салавецкім манастыром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННЫ ВУ́ГАЛЬ,
цвёрды гаручы карысны выкапень расліннага паходжання, разнавіднасць вуглёў выкапнёвых, прамежкавая паміж бурым вугалем і антрацытам. Мае ў гаручай масе 75—92% вугляроду, 2,5—5,7 вадароду, 1,5—15% кіслароду, мінер. прымесей (крэменязём, гліністае рэчыва і інш.) ад 1—2% і больш. Прымесі пры згаранні вызначаюць яго попельнасць. Колер чорны, радзей шэра-чорны. Адрозніваюць К.в. бліскучы, паўбліскучы, паўматавы, матавы. Шчыльн. 1220—1340 кг/м³. Найб. цеплыня згарання (у пераліку на сухое бяспопельнае рэчыва) 39,5—36,8 МДж/кг. Утвараецца з прадуктаў разлажэння арган. рэшткаў вышэй шых раслін, змененых працэсамі метамарфізму ва ўмовах павышаных т-р і ціску. Вылучаюць 5 генет. груп К.в., кожная з якіх паводле тыпу рэчыва падзяляецца на класы. Вядомы практычна ва ўсіх геал. сістэмах — ад дэвону да неагену, але найб. пашыраны ў карбоне, пермі і юры. Залягае ў выглядзе лінзападобных пакладаў і пластоў, магутнасцю да дзесяткаў і соцень метраў на глыбінях ад паверхні да 2,5 км і глыбей.
Важнай характарыстыкай К.в. з’яўляецца ступень яго рэгіянальнага метамарфізму, або узровень пераўтварэння арган.ч. пры павышэнні ціску і т-ры з пагружэннем вугляноснай тоўшчы на глыбіню. Адбываецца паступовая змена хім. саставу вуглёў, іх фіз. уласцівасцей і ўнутрымалекулярнай будовы. На вышэйшай (канчатковай) стадыі метамарфізму К.в. ператвараецца ў антрацыты, а пры яўна выражанай крышт. структуры — у графіты. Узрастанне ступені метамарфізму ў арган. рэчыве К.в. выклікаецца паслядоўным павелічэннем адноснай колькасці вугляроду і змяншэннем колькасці кіслароду і вадароду, лятучых рэчываў; змяняюцца таксама цеплыня згарання, здольнасць спякацца і фіз. ўласцівасці вугалю. Гал.тэхнал. ўласцівасці, якія вызначаюць каштоўнасць К.в., — спякальнасць і каксаванне. Прамысл. класіфікацыі К.в. заснаваны на розных параметрах якасцей і саставу вуглёў — на цеплыні згарання, колькасці звязанага вугляроду і лятучых кампанентаў, на цеплыні згарання і здольнасці да каксавання (Японія); на генет. асаблівасцях і цеплыні згарання (Расія, Украіна) і г.д. Па велічыні выхаду лятучых рэчываў і характарыстыцы негаручых рэшткаў К.в. падзяляюцца на 10 марак: даўгаполымныя, газавыя, газаватлустыя, тлустыя, коксавыя тлустыя, коксавыя, коксавыя іншыя, слабаспякальныя, збедненыя спякальныя і бедныя. Сусв. рэсурсы К.в. па розных ацэнках вагаюцца ад 8 да 16 трыльёнаў т. Найб. разведаныя запасы сканцэнтраваны ў Расіі, Казахстане, ЗША, Германіі, Польшчы, на Украіне. Выкарыстоўваецца К.в. як тэхнал. і энергет. сыравіна, для атрымання вадкага паліва. Пры вытв-сці коксу атрымліваюць многія хім. рэчывы, на аснове якіх выпускаюць угнаенні, пластмасы, сінт. валокны, лакі, фарбы і інш. З К.в. ў прамысл. маштабах атрымліваюць многія каштоўныя элементы: ванадый, германій, галій, серу і інш.Гл. таксама Вугальная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛУРЫ́ЙСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫЯД), сілур (ад назвы стараж. племя сілураў, што некалі жыло ва Уэльсе, Вялікабрытанія),
трэцяя сістэма палеазойскай эратэмы (эры), якая адпавядае трэцяму перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі ардовікскай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі дэвонскай сістэмы (перыяду). Пачалася 440 млн.г. назад, доўжылася 30 млн.г. Вылучана ў 1835 англ. геолагам Р.І.Мурчысанам. Падзяляецца на ніжні і верхні аддзелы. Ніжні ўключае ландаверыйскі і уэнлокскі ярусы, якія падзяляюцца на 5 пад’ярусаў; верхні — лудлаўскі (2 пад’ярусы) і пржыдольскі. Для сілуру існуе адзіная шкала грапталітавых зон, складзеная паводле класічных разрэзаў у Вялікабрытаніі і Чэхіі.
Адклады гэтай сістэмы прадстаўлены мелкаводнымі шэльфавымі, пераважна карбанатнымі тоўшчамі з бентаснай фаунай і арганагеннымі пабудовамі (пашыраны на Усх.-Еўрапейскай і Сібірскай платформах, у Цэнтр. і Паўд. Кітаі, на паўн.-амер. Мідкантыненце, у Паўн. Афрыцы) і глыбакаводнымі тэрыгеннымі асадкамі з планктоннай фаунай. Найб. кантынентам у сілуры была Гандвана, больш дробныя масівы сушы — Лаўрэнція, Балта-Сарматыя, Ангарыда і інш. Сілурыйскаму перыяду папярэднічалі глабальнае покрыўнае зледзяненне, максімум рэгрэсіі і перарывы ў платформавым асадканамнажэнні. Пачатак сілуру адзначаны магутнай ландаверыйскай трансгрэсіяй, якая максімальна праявілася на Гандване, Паўн.-Амерыканскай і Сібірскай платформах. У канцы ранняга уэнлоку адзначаецца рэгрэсія, якая працягвалася да сярэдзіны ранняга дэвону. Геасінклінальныя зоны характарызуюцца дыферэнцыраванымі тэктанічнымі рухамі, праяўленнем падводнага вулканізму і стракатасцю асадкаў. У канцы сілурыйскага перыяду закончылася каледонская складкавасць. Нешматлікія літалагічныя індыкатары палеаклімату сведчаць пра гумідныя ўмовы ў ландаверыйскім веку, паступовым пацяпленні і арыдызацыі клімату ў уэнлоку і познім сілуры. У арганічным свеце да пач. сілуру сфарміраваны асн. класы беспазваночных арганізмаў і з’явіліся пазваночныя. Для мелкаводных зон характэрна ракушачна-каралавая фауна, у т. л. гідроідныя паліпы (табуляты, ругозы, строматапараты). Донная фауна прадстаўлена брахіяподамі і малюскамі (гастраподы, двухстворкавыя, тантакуліты), у лагунах і на адкрытым шэльфе — астракодамі, трылабітамі і ракаскарпіёнамі; вядомы бяссківічныя. У канцы сілуру з’явіліся рыбы — акантоды. Пелагіяль насялялі грапталіты, наўцілаідэі і канадонты. З расл. арганізмаў характэрны водарасці, з наземных — рэшткі псілафітаў. З карысных выкапняў да адкладаў сілуру прымеркаваны запасы нафты, буйныя радовішчы жал. руд, меднага калчадану, марганцу, фасфарытаў, гіпсу, каменнай солі і інш.
На Беларусі сілурыйскія адклады магутнасцю да 630 м пашыраны на ПдЗ (Брэсцкая ўпадзіна) і да 76 м на ПнЗ (схіл Бел. антэклізы). Яны складзены з вапнякова-мергельных парод са шматлікай выкапнёвай фаунай (грапталіты, брахіяподы, гастраподы, імшанкі, каралы і інш.) і акрытархамі. У гэты перыяд пераважала суша. Марскі басейн, што наступаў з З у выглядзе 2 заліваў — Балтыйскага і Падляска-Брэсцкага, найб. плошчу заняў у канцы ландаверыйскага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ФТА (тур. neft праз перс. ад грэч. naphtha),
вадкі гаручы карысны выкапень; складаная сумесь вуглевадародаў розных класаў з інш.арган. злучэннямі. Пашырана ў асадкавай абалонцы Зямлі. Утвараецца звычайна на глыб. больш за 1,2—2 км. Выкарыстоўваюць для атрымання вадкага паліва, змазачнага масла і інш. (гл.Нафтапрадукты), а таксама як сыравіну ў хім. прам-сці (гл.Нафтахімія, Нафтахімічная прамысловасць).
Масляністая вадкасць ад светла-рудога да цёмна-бурага (амаль чорнага) колеру з характэрным пахам, шчыльн. 730—1050 кг/м³ (звычайна 820—950 кг/м³); падзяляюць на лёгкую і цяжкую (шчыльн. меншая і большая за 900 кг/м³ адпаведна). Характарызуецца т-рай пачатку кіпення — звычайна 20—30 °C, часам 100 °C і вышэй Цеплата згарання 43,7—46,2 МДж/кг. У звычайных умовах не раствараецца ў вадзе, але можа ўтвараць з ёй устойлівыя эмульсіі. Фіз. ўласцівасці Н. абумоўлены яе хім. саставам. Н. ўяўляе сабой сумесь парафінавых, нафтэнавых (з 5- і 6-членнымі цыкламі) і араматычных вуглевадародаў, гетэраатамных арган. злучэнняў, пераважна сярністых, кіслародных і азоцістых. Кампанентамі Н з’яўляюцца таксама раствораныя ў ёй вуглевадародныя газы (гл.Газы нафтавыя спадарожныя), мінер. рэчывы і вада. Асн. элементы ў саставе Н. — вуглярод (82—87%) і вадарод (11—14%), ёсць таксама сера (ад 0,1 да 5%), азот і кісларод (звычайна не больш за 0,3—0,5%, часам да 1%); у Н. выяўлена больш за 50 розных элементаў. Н. розных радовішчаў адрозніваецца колькасцю вуглевадародаў розных класаў і прымесей. Класіфікуюць Н. паводле вуглевадароднага саставу фракцыі, што выкіпае пры т-ры 250—300 °C (хім класіфікацыя), колькасці серы і якасці вырабленых нафтапрадуктаў (тэхнал. класіфікацыя) Паводле хім. класіфікацыі адрозніваюць: Н. парафінавыя, нафтэнавыя і араматычныя (маюць больш за 50% вуглевадародаў адпаведнага класа), а таксама — змешаных тыпаў (разам з вуглевадародамі асн. класа маюць больш за 25% вуглевадародаў інш. класа). Па колькасці серы падзяляюць на маласярністыя (да 0,5% серы), сярністыя (0,51—2%) і высокасярністыя (больш за 2% серы), паводле якасці нафтапрадуктаў адрозніваюць 3 падкласы Н., якія падзяляюцца на гатункі.
Лічыцца, што Н ўтварылася з рэшткаў арган. рэчываў, рассеяных у асадкавых адкладах, пад уздзеяннем высокіх т-ры і ціску; некат. даследчыкі паходжанне Н. звязваюць з глыбіннымі магматычнымі працэсамі. Найбуйнейшыя нафтагазаносныя асадкавыя басейны прымеркаваны да ўнутрыплатформавых, унутрыскладкаватых, складкавата-платформавых і краявых прагінаў, а таксама перыакіянічных платформ. Радовішчы Н. (агульная пл. каля 80 млн.км²) выяўлены на ўсіх кантынентах акрамя Антарктыды (каля 50 млн.км²) і на шэльфавых плошчах акваторый (30 млн.км²); гл.Мінеральныя рэсурсы. У свеце каля 30 тыс. радовішчаў Н., агульныя запасы 155 073,4 млн.т (1997), з іх 15—20% — газанафтавыя. Адзін з найб. (па запасах) — Персідскага заліва нафтагазаносны басейн, дзе толькі ў 2 радовішчах Гавар (Саудаўская Аравія) і Бурган (Кувейт) сканцэнтравана больш за 12% разведаных нафтавых запасаў свету. Найб.запасы Н. (1997, млн.т.: Саудаўская Аравія — 35 863, Расія — 21 252,9, Ірак — 15 342,5, Кувейт — 12 972,6, Іран — 12 397,3, Венесуэла — 9945,6, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — 8718.
На Беларусі першы фантан Н. атрыманы ў 1953, на Ельскай структуры. Першае прамысл.Рэчыцкае радовішча нафты адкрыта ў 1964. Усяго адкрыта 62 радовішчы Н. (1999). Яны знаходзяцца ў Рэчыцкім, Светлагорскім, Акцябрскім, Калінкавіцкім, Петрыкаўскім р-нах Гомельскай вобл. і Глускім р-не Магілёўскай вобл.; прымеркаваны да паўн.ч.Прыпяцкага прагіну. Н. залягае ў пратэразойскіх адкладах, у падсалявых тэрыгенных (полацкі і ланскі гарызонты) і карбанатных (саргаеўскі, сямілуцкі, варонежскі), міжсалявых (задонскі, ялецкі, петрыкаўскі) і ўнутрысалявых (лебядзінскі) адкладах верхняга дэвону. Паклады Н. шматпластавыя (падсалявыя), масіўныя (міжсалявыя), літалагічныя (унутрысалявыя), скляпенневыя, тэктанічна і літалагічна экранаваныя. Глыб. залягання ад 1612 м (Бярэзінскае радовішча) да 4580 м (Першамайскае). Пл. нафтавых пакладаў ад менш за 1 км² да 50 км² (Рэчыцкае). Калектары асн. гарызонтаў кавернаватрэшчынныя карбанатныя пароды, у тэрыгеннай падсалявой тоўшчы — порыстыя пясчана-алеўрытавыя. Магутнасць нафтанасычаных парод ад 1—2 да 180 м (Паўд.-Аляксандраўскае). Паводле вуглевадароднага саставу Н. метанава-нафтэнавага тыпу, шчыльн. 787—985 кг/м³. Выхад светлых фракцый да 300 °C ад 24 да 68%. Колькасць парафіну да 15%, смол да 53%, серы 0,03—4,79%. У пластавых умовах умяшчае спадарожныя газы — 14—439 м³/т. Якасць Н. мяняецца па пл. Прыпяцкага прагіну: на Пн пераважаюць парафіністыя, смалістыя, маласярністыя, сярэдняй шчыльнасці, на Пд — цяжкія, высокасмалістыя, высокасярністыя, малапарафіністыя. Здабываюць Н. фантанным і механізаваным спосабамі. Разведка Н. вядзецца ВА «Белгеалогія» (б.«Беларусьгеалогія») і ВА«Беларусьнафта», здабыча — ВА «Беларусьнафта», гл. таксама Нафтаздабыўная прамысловасць. Частка здабытай Н. транспартуецца па нафтаправодзе «Дружба». Перапрацоўка Н. ажыццяўляецца на Наваполацкім вытворчым аб’яднанні «Нафтан» і «Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе (гл. таксама Нафтаперапрацоўчая прамысловасць). Рэалізацыя нафтапрадуктаў здабываецца праз нафтабазы і аўтазаправачныя станцыі. Каардынацыйная дзейнасць па пытаннях пошуку, разведкі, здабычы, транспарціроўкі, перапрацоўкі Н. і забеспячэння нар. гаспадаркі нафтапрадуктамі вядзецца Бел.дзярж. канцэрнам па нафце і хіміі «Белнафтахім». Даследаваннямі Н. займаюцца Бел.н.-д. геолага-разведачны ін-тВА «Белгеалогія» і Беларускі н.-д. і пракатны ін-т нафтавай і газавай прам-сці ВА «Беларусьнафта».
Літ.:
Егиазаров Ю.Г., Козлов Н.С., Куликов В.И. Химия промышленных нефтей Белоруссии. Мн., 1972;
Петров А.А. Углеводороды нефти. М., 1984;
Химия нефти и газа. 3 изд. СПб., 1995;
Геология и нефтегазоносность запада Восточно-Европейской платформы Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
фізіка-геаграфічны раён ва ўсх.ч.Беларускай грады на ПдУ Віцебскай і ПнУ Мінскай абласцей. Уваходзіць у Беларуска-Валдайскую правінцыю. Мяжуе з Чашніцкай раўнінай і Лучоскай нізінай на Пн, Верхнебярэзінскай ніз. на ПнЗ, Мінскім узв. на З, Цэнтральнабярэзінскай, Аршанска-Магілёўскай і Горацка-Мсціслаўскай раўнінамі на Пд і ПдУ. Выцягнута з З на У на 110 км, з Пн на Пд на 10—60 км. Абс. вышыні ад 150 м над узр. м. (урэз вады ў р. Дняпро) да 265 м (каля в. Янова Сенненскага р-на), пераважаюць 200—250 м. Над суседнімі раўнінамі і нізінамі ўзнімаецца на 100—127 м. Пл. каля 2,5 тыс.км². Аршанскае ўзвышша — краявое акумулятыўнае ўзвышша лёдападзельнага тыпу сожскага ледавіка, да якога на Пн прымыкаюць невял. краявыя грады паазерскага зледзянення
У геаструктурных адносінах прымеркавана да Аршанскай упадзіны. У будове ўзвышша пераважаюць ледавіковыя адклады трох-чатырох зледзяненняў, міжледавіковыя адклады менш развіты. Магутнасць тоўшчы антрапагенавай сістэмы 60—80 м, на лакальных падняццях ложа яна памяншаецца да 18 м, у ледавіковых лагчынах павялічваецца да 200 м. Карысныя выкапні: дэвонскія даламіты і даламітызаваныя вапнякі, антрапагенавыя цагляна-чарапічныя і керамічныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф. Вялікія запасы прэсных і мінер. водаў у Аршанскім гідрагеалагічным басейне, які ахоплівае ўсе гарызонты асадкавага чахла і частку крышт. фундамента.
У рэльефе Аршанскага ўзвышша вылучаюцца 2 няроўныя часткі. Меншая, паўн.-ўсх., характарызуецца градава-ўзгорыстым канцова-марэнным і камавым рэльефам Аршанскага стадыяла паазерскага зледзянення. Утварае выгнутую на Пд дугу, вышыня асобных узгоркаў 10—12 м, паміж імі шматлікія лагчыны сцёку талых ледавіковых водаў, тэрмакарставыя западзіны. Рэльеф асн. часткі Аршанскага ўзвышша (лёдападзельнага масіву Ашмянскага стадыяла перадапошняга зледзянення) узгорыста-ўвалісты і спадзіста-хвалісты, перапрацаваны дэнудацыяй, з перарывістым покрывам лёсападобных парод магутнасцю 0,5—7 м. Месцамі да схілаў прымыкаюць флювіякамы, камавыя масівы і озы. На водападзелах суфазійныя западзіны (да 2 м), у прырэчных частках, асабліва на правабярэжжы Дняпра, глыбокія лагчыны і разгалінаваныя яры да 15—20 м глыбіні. У Мацвеевым Рове (каля г.п. Копысь) агаленне адкладаў александрыйскага міжледавікоўя. Адметная рыса Аршанскага ўзвышша — скразныя даліны, найб. выразная паміж вярхоўямі рэк Друць і Усвейка. Т-растудз. -7,8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 630 мм за год. Па Аршанскім узвышшы праходзіць частка водападзелу паміж бас. Балтыйскага і Чорнага мораў, тут пачынаюцца рэкі Усвейка і Абалянка (бас.Зах. Дзвіны), Бобр, Друць і Адроў (бас. Дняпра). Ёсць невял. зарослыя азёры ў западзінах. Глебы дзярнова-падзолістыя сугліністыя, радзей супясчаныя на лёсападобных пародах, у паніжэннях — тарфяна-балотныя нізінныя, у далінах — поймавыя дзярнова-балотныя. Лясы мяшана-шыракалістыя, захаваліся на ўзгорыстых і забалочаных участках (каля 20% тэрыторыі). Пераважаюць ельнікі, субары, драбналістыя лясы. Лугі б.ч. сухадольныя. Месцамі нізінныя балоты. Пад ворывам каля 50% тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛТА́Й, Рэспубліка Алтай,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 92,6 тыс.км². Нас. 192 тыс.чал. (1993): алтайцы, рускія, казахі і інш.; гар. насельніцтва 30%. Сталіца — г.Горна-Алтайск.
Прырода. Тэр. размешчана ў высакагорнай паўн.ч. Алтая (выш. да 4506 м, г. Бялуха). Горныя хрыбты (Катунскі, Курайскі, Паўн. і Паўд. Чуйскія) падзелены глыбока ўрэзанымі далінамі і шырокімі катлавінамі, т.зв. стэпамі (Абайскі, Уймонскі, Чуйскі і інш.). Клімат рэзка кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -12 да -32 °C, ліп. 9—18 °C. Ападкаў ад 100 мм (у катлавінах) да 1000 мм (на ПнЗ) за год. Буйныя рэкі Катунь і Бія; воз. Цялецкае. Значныя запасы электраэнергіі. Лесасплаў па р. Бія. Глебы пераважна горна-падзолістыя, у паўн.-зах.ч. на ніжніх схілах гор і ў далінах чарназёмныя. 25% тэр. займаюць горна-таежныя лясы з перавагай хвойных парод (сібірская лістоўніца, кедр, піхта), на выш. больш за 2000—2500 м субальпійскія і альпійскія лугі. Алтайскі запаведнік.
Гісторыя. На тэр. Алтая выяўлены стаянкі чалавека эпохі палеаліту (Улалінка, У-Кан). Праз Алтай праходзілі гуны, цюркскія плямёны, уйгуры, енісейскія кыргызы, каракітаі, манголы. З пач. 13 ст. ўваходзіў у манг. імперыю Чынгісхана, потым у склад розных феад. аб’яднанняў. Шчыльнасць насельніцтва была невялікая. Яно займалася качавой жывёлагадоўляй, паляваннем, арэхавым промыслам; панавалі патрыярхальна-феад. адносіны. З каланізацыяй Сібіры Расіяй плямёны алтайскіх жывёлаводаў пачалі прымаць рус. падданства. Гэты працэс узмацніўся ў час спусташальнай вайны 1755 паміж Маньчжурскімі правіцелямі Кітая і Айрацкім ханствам (Джунгарыяй), у склад якога ўваходзіў Алтай. Ратуючыся ад знішчэння, у 1756 алтайцы прынялі падданства Расіі. У студз. — сак. 1918 тут абвешчана сав. ўлада. У чэрв. 1918 Алтай заняты белагвардзейцамі, са жн. 1919 пачаўся партыз. рух супраць войскаў Калчака. У кастр. 1919 партызаны аб’ядналіся ў дывізію (больш за 18 тыс.чал.) з бальшавіцкім штабам (камандзір І.Я.Траццяк). У крас. 1920 устаноўлена сав. ўлада. 1.6.1922 у складзе РСФСР утворана Айроцкая аўт.вобл., перайменаваная ў 1948 у Горна-Алтайскую аўт.вобл., а яе цэнтр Айрот-Тура — у Горна-Алтайск. У 1993 Алтай абвешчаны Рэспублікай у складзе Рас. Федэрацыі.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: лясная, дрэваапр., лёгкая (тэкст., гарбарная, абутковая), харч. (мясная, масларобная і інш.), вытв-сцьбуд. матэрыялаў, электраэнергетыка (будуюцца Чэмальская і Катунская ГЭС на р. Катунь). Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, авечкагадоўля, козагадоўля; гадуюць якаў, маралаў і плямістых аленяў. Пасевы кармавых і збожжавых культур у горных катлавінах і далінах буйных рэк (авёс, ячмень і інш.). Развіта пладаводства. Пчалярства. Пушны промысел. Асн. транспартная магістраль — Чуйскі тракт. Аэрапорт. Горнакліматычны і кумысалячэбны курорт Чэмал. Турызм (воз. Цялецкае, горна-лыжная траса даўж. 1500 м).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТА́Л (ням. Kapital першапачаткова — галоўная маёмасць, ад лац. capitalis галоўны),
пэўная сума сродкаў, якая дазваляе ўладальніку займацца прадпрымальніцтвам, перадаваць іх у пазыку і г. д.; сума накопленых матэрыяльных, грашовых, інтэлектуальных і інш. даброт. А.Сміт характарызаваў К. толькі як накоплены запас рэчаў і грошай, лічыў працу адзінай стваральніцай вартасці ў простай таварнай вытв-сці. З развіццём таварна-грашовых адносін працэс стварэння вартасці ўскладняўся, уцягваў і інш. фактары. Д.Рыкарда трактаваў К. як сродкі вытворчасці. К.Маркс лічыў К. самаўзрастаючай вартасцю, якая стварае прыбавачную вартасць, і даказваў, што К. — гэта не грошы; грошы становяцца К. толькі тады, калі на іх набываюцца сродкі вытв-сці і рабочая сіла, прычым стваральніцай прыросту вартасці (прыбавачнай вартасці) ён лічыў толькі працу наёмных рабочых.
К. — гэта грошы, якія пушчаны ў абарот і прыносяць ад гэтага даход (прыбытак). Яго ўсеагульная формула Г — Т — П, дзе Г — грашовыя сродкі, авансаваныя інвестарам, Т — тавар (купленыя сродкі вытв-сці, рабочая сіла і інш. элементы вытв-сці), П — прыбытак інвестара. Г — Т — затраты інвестара на закупку тавару. У формуле Г — Т — П грашовыя сродкі, укладзеныя ў вытв.-гандл. (камерцыйны) працэс, не затрачваюцца канчаткова, а толькі авансуюцца і вяртаюцца ўкладчыку (інвестару) з дадатковым даходам (П). На кожнай з 3 стадый К. прымае пэўную функцыянальную форму: на 1-й ён выступае як грашовы, на 2-й — як вытворчы, а на 3-й — як таварны К.
К., які адначасова існуе ў 3 функцыянальных формах, наз. прамысловым. Паводле формы ўкладання адрозніваюць прадпрымальніцкі К., укладзены ў розныя мерапрыемствы (праекты) шляхам прамых або партфельных інвестыцый, і пазыковы, дадзены ў пазыку на ўмовах зваротнасці і платнасці. Паводле аб’ектаў укладання К. падзяляецца на пастаянны, прызначаны (або затрачаны) на набыццё сродкаў вытв-сці, пераменны — на фарміраванне рабочай сілы; асноўны, укладзены ў асн. фонды, зваротны — у сродкі прадпрыемства, якія параўнальна лёгка трансфармуюцца ў наяўныя грошы (гатовая прадукцыя, вытв.запасы, дэбіторская запазычанасць, затраты будучых перыядаў і інш. элементы абаротных сродкаў). Сума асн. і абаротнага К. складае прадукцыйны К., а пастаяннага і пераменнага — авансаваны К., г. зн., прызначаны для набыцця сродкаў вытв-сці і фарміравання рабочай сілы. Адрозніваюць таксама венчурны К., які ўкладаецца ў аб’екты (праекты) з павышаным узроўнем рызыкі (напр., у новыя кампаніі навукаёмістых галін, інвестыцыі ў форме эмісіі новых акцый); акцыянерны К. — агульная сума акцый, ухваленых да выпуску або фактычна выпушчаных акц. т-вам; статутны К. — сума вытв. фондаў прадпрыемства, укладаў уласнікаў або ўдзельнікаў акц. т-ваў, якая фіксуецца ў іх статуце і знаходзіцца ў пастаянным карыстанні і распараджэнні.
Літ.:
Маркс К. Капітал. Т. 1—3. Мн., 1952—53;
Балабанов И.Т. Основы финансового менеджмента. М., 1997;
Долан Э.Дж., Линдсей Д.Е. Макроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́МНЫЯ ВО́ДЫ,
воды ў тоўшчы горных парод верхняй часткі зямной кары ў вадкім, цвёрдым і парападобным стане; частка водных рэсурсаў, карысныя выкапні. Фарміруюцца пры інфільтрацыі з зямной паверхні дажджавых, расталых, рачных, азёрных і марскіх вод, кандэнсацыі вадзяной пары ў порах або шчылінах парод, пры асадкаўтварэнні або крышталізацыі магмы. П.в., якія перамяшчаюцца пад уплывам сілы цяжару, наз. гравітацыйнымі або свабоднымі, у адрозненне ад звязаных вод, што ўтрымліваюцца малекулярнымі і інш. сіламі на часцінках горных парод. Слаі горных парод, насычаныя гравітацыйнымі водамі, утвараюць ваданосныя гарызонты. У першым ад паверхні зямлі безнапорным ваданосным гарызонце залягаюць грунтавыя воды. Непасрэдна над іх свабоднай паверхняй знаходзяцца капілярныя воды. Зона ад паверхні зямлі да люстэрка грунтавых вод, дзе адбываецца прасочванне вады з паверхні, наз. зонай аэрацыі. У зоне аэрацыі над нявытрыманымі слабапранікальнымі праслойкамі ўтвараецца верхаводка. Ніжэй за грунтавыя воды паміж слабапранікальнымі пародамі залягаюць пластавыя воды, якія знаходзяцца пад гідрастатычным ціскам (гл.Артэзіянскія воды), радзей, на асобных участках безнапорныя. Паводле ступені мінералізацыі П.в. падзяляюцца на прэсныя (да 1 г/л), саланаватыя (ад 1 да 10 г/л), салёныя (ад 10 да 35 г/л) і расолы (больш за 35 г/л). У вертыкальным разрэзе прэсныя гідракарбанатна-кальцыевыя воды змяняюцца мінералізаванымі сульфатна-натрыевымі або сульфатна-кальцыевымі, у глыбокіх гарызонтах — высокамінералізаванымі хларыдна-натрыевымі і хларыдна-кальцыевымі, а на вял. глыбіні са значнай колькасцю брому, ёду і інш. мікраэлементаў. П.в. з павышанай канцэнтрацыяй біялагічна актыўных кампанентаў (часам арган. рэчываў) і спецыфічнымі фіз.-хім. ўласцівасцямі (хім. састаў, т-ра, радыеактыўнасць і інш.) наз.мінеральнымі водамі. П.в. шырока выкарыстоўваюцца для розных мэт, з’яўляюцца крыніцай якаснай пітной вады. Агульныя запасы П.в. сушы складаюць 60 млн.км³, але пашыраны яны нераўнамерна. Парадак карыстання П.в. і іх ахова рэгулююцца водным заканадаўствам. Даследуе П.в. гідрагеалогія.
На тэр. Беларусі прэсныя П.в. прымеркаваны да верхняй ч. літасферы (да глыб. 150—450 м). Натуральныя рэсурсы П.в. складаюць 43,5 млн.м³, эксплуатацыйныя каля 50 млн.м³/сут, у т. л. зацверджаныя 6,4 млн.м³/сут (1997). Хім, састаў іх на большай ч.тэр. блізкі да фонавага. Вызначанае пагаршэнне якасці П.в. звязана з гасп. дзейнасцю. Гал. крыніцы забруджвання: населеныя пункты, жывёлагадоўчыя фермы, неэфектыўныя ачышчальныя збудаванні і інш. Назіранні за рэжымам П.в. вядуцца на 216 пастах, іх вынікі аналізуюцца і сістэматызуюцца ў водным кадастры.
Літ.:
Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 1996 г.). Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана на ПдЗ Расійскай Федэрацыі, у Перадкаўказзі. Абмываецца Таганрогскім зал. Азоўскага м. Утворана 13.9.1937. Пл. 100,8 тыс.км². Нас. 4341 тыс.чал. (2000), гарадскога 68%. Цэнтр — г.Растоў-на-Доне. Найб. гарады: Таганрог, Шахты, Валгадонск, Новачаркаск, Навашахцінск, Батайск, Каменск-Шахцінскі, Сальск.
Рэльеф пераважна раўнінны. На З — усх. адгор’і Данецкага кража (выш. 253 м), на Пн — Данская града, на ПдУ — узв. Ергені, на Пд — Кума-Маныцкая ўпадзіна і Сальска-Маныцкая града. Паверхня парэзаная далінамі рэк, ярамі, лагчынамі. Карысныя выкапні: кам. вугаль (ч.Данецкага вугальнага басейна; запасы 6576,8 млн.т), флюсавыя вапнякі, тугаплаўкія гліны, кухонная соль, прыродны газ і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -9 °C на Пн да -5 °C на Пд, ліп. 22—24 °C. Ападкаў 400—600 мм за год. Гал. рака Дон з прытокамі Северскі Данец, Чыр (справа), Сал, Маныч (злева), выкарыстоўваецца для арашэння. Найб.воз. Маныч-Гудзіла. Буйныя вадасховішчы Цымлянскае, Вясёлаўскае, Пралетарскае. Глебы чарназёмныя, на У цёмна-каштанавыя, месцамі саланцы, у поймах рэк алювіяльна-лугавыя. Амаль усе прыдатныя для сельскай гаспадаркі землі разараны, лясы захаваліся ў ярах і лагчынах (дуб, клён, ясень, вяз). Лясістасць 2,4%. Растоўскі запаведнік.
Р.в. — індустр.-аграрны рэгіён Расіі. У структуры валавога прадукту на долю прам-сці прыпадае 24,3%, сельскай гаспадаркі — 14,8%, буд-ва — 8,5%, транспарту — 8,6%. Вядучыя галіны прам-сці (паводле кошту прадукцыі, 1998): электраэнергетыка (Новачаркаская ДРЭС, Цымлянская ГЭС, Растоўская АЗС) — 25,4%; машынабудаванне і металаапрацоўка, у т. л.с.-г. (збожжаўборачныя камбайны, культыватары і інш.), энергет., вытв-сць электравозаў, экскаватараў, верталётаў, кавальска-прэсавага, металург., нафтавага і гандл. абсталявання, металаапр. станкоў, інструментаў, оптыка-мех., бытавых электрапрылад і інш. — 20,2%; харч. (мясная, алейна-тлушчавая, кансервавая, вінаробная) — 17,5%; паліўная (здабыча кам. вугалю, прыроднага газу) — 12,6%. Развіта чорная і каляровая металургія (ліставы пракат, сталь, трубы для нафтавай і газавай прам-сці), хім. і нафтахім. (тэрмапластмасы, лакі, фарбы, гумава-тэхн. вырабы, мыйныя сродкі), лёгкая (швейная, гарбарна-абугковая, трыкат.), дрэваапр., вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка збожжа-жывёлагадоўчага кірунку. С.-г. ўгоддзі займаюць 8,3 млн.га, у т. л. ворныя землі 6 млн.га (1998). Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень, рыс, кукуруза, проса), тэхн. (сланечнік, клешчавіна, каляндра, гарчыца), бульбу, агародніна-бахчавыя і кармавыя культуры. Садоўніцтва, вінаградарства. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, коней, птушку. Пчалярства. Даўж. чыгунак, 1935 км. Асн. чыгункі: Масква—Харкаў—Баку, Масква—Растоў-на-Доне—Новарасійск, Валгаград—Сальск—Ціхарэцк. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 10,5 тыс.км. Суднаходства па рэках Дон, Северскі Данец, Зах. Маныч, Азоўскім моры. Марскі порт — Таганрог, рачныя парты — Растоў-на-Доне, Усць-Данецкі, Курорты — Маныч, Вёшанскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́Н, Султанат Аман,
дзяржава на Б. Усходзе, займае паўд.-ўсх.ч. Аравійскага п-ва. Тэр. дзяржавы выцягнутая з ПдЗ на ПнУ на 940 км. Абмываецца водамі Аравійскага м. Мяжуе з Йеменам, Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі; граніцы на З праходзяць па пустыні і выразна не акрэслены. Абсалютная манархія. У адм. адносінах падзяляецца на 6 раёнаў і 59 губернатарстваў. Пл. 212,4 тыс.км. Нас. 1,9 млн.чал. (1994). Афіц. мова арабская, дзярж. рэлігія іслам. Сталіца — г.Маскат. Нац. свята — Дзень нараджэння султана Кабуса (18 ліст.).
Прырода. Тэр. Амана займае ўскраіну плато Аравійскага п-ва з гарамі Хаджар (найвыш. пункт краіны г. Шам, 3353 м) на ПнУ. На ПдЗ плато Дафар з гарамі Кара. Уздоўж Аманскага заліва вузкая (40—50 км) прыбярэжная нізіна Эль-Батына. У цэнтры — усх. ўскраіна пустыні Руб-эль-Халі. Карысныя выкапні: нафта (запасы 575 млн.т), прыродны газ (283 млрд.м³), медная (20 млн.т) і хромавая (2 млн.т) руды; ёсць каменны вугаль, вапняк, мармур, падземныя воды, невял. запасы свінцу, золата, серабра. Клімат трапічны, гарачы і сухі. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. каля 21 °C, у ліп. 32 °C. Ападкаў на раўнінах каля 125 мм, у гарах да 500 мм за год, выпадаюць пераважна летам. Пастаянных рэк няма, ёсць вадзі. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць, у гарах участкі саваннаў, лістападных трапічных лясоў. У аазісах фінікавыя і какосавыя пальмы, аліўкавыя дрэвы. Сярод жывёл — газелі, ліс, шакал, зайцы, тушканчыкі, яшчаркі, змеі.
Насельніцтва. Больш як 90% арабы, жывуць таксама персы, індусы, выхадцы з Усх. Афрыкі. Большая палавіна насельніцтва аселая, сканцэнтравана ў Эль-Батына і вакол Маската, ва ўнутр. раёнах і на ПдЗ — качавое і паўкачавое. Шчыльнасць 8,9 чал. на 1 км². Пераважае сельскае насельніцтва (каля 89%). Найб. гарады: Маскат, Эль-Матрах, Эс-Сахар, Назва, Салала.
Гісторыя. Ёсць звесткі, што ў 4—3-м тыс. да н.э. насельніцтва на тэр. Амана мела флот і займалася пасрэдніцтвам у гандлі паміж краінамі бас. рэк Ніл, Тыгр, Еўфрат і Інд. У 7—11 ст.тэр. Амана некалькі разоў уключалася ў склад Арабскага халіфата. У сярэдзіне 8 ст. аманскія плямёны аб’ядналіся вакол імама, якому належала духоўная і свецкая ўлада. Незалежны імамат Амана з перапынкамі існаваў да канца 18 ст. У пач. 16 ст. прыбярэжнай ч. Амана завалодалі партугальцы, у 1730-я г. заваявалі персы. З 2-й пал. 18 ст. Аман — аб’ект барацьбы паміж Англіяй, Францыяй і вахабітамі. На пач. 19 ст. кантроль над паўд.-ўсх.ч. Аравійскага п-ва ўстанавіла Англія. Тэр. Амана была падзелена на імамат Амана, султанат Маскат і т.зв. Пірацкі бераг (з 1853 Аман Дагаворны). У 1891 над Маскатам устаноўлены брыт. пратэктарат. Імамат Амана заставаўся незалежны. Яго кіраўнікі выступалі за ліквідацыю залежнасці Маската ад Англіі і ўз’яднанне краіны, што прывяло да ўзбр. канфліктаў паміж абодвума бакамі. Паводле Сібскага дагавора 1920 англ. ўлады і султан Маската прызналі імамат Амана незалежнай дзяржавай. У 1955, парушыўшы дагавор, англа-маскацкія войскі ўвайшлі на тэр. Амана і да 1959 акупіравалі большую яго частку; правіцелем Амана стаў султан Маската Саід бен Тэймур. У выніку дзярж. перавароту з ліп. 1970 на чале Амана стаў султан Кабус бен Саід. Са жн. 1970 краіна мае назву Султанат Аман. У вер. 1971 Аман прыняты ў Лігу арабскіх краін, у кастр. — у ААН. Супрацоўнічае з ЗША, падтрымлівае цесныя сувязі з Вялікабрытаніяй. Аман быў пасрэднікам ва ўрэгуляванні ірана-іракскай вайны 1980—88, з’яўляецца прыхільнікам стварэння бяз’ядзерных зон у розных ч. свету. Выступае за захаванне на сучасным этапе замежных войскаў у Персідскім заліве. Мае пагадненне з ЗША аб ваен. супрацоўніцтве.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча (38 млн.т., 1993) і экспарт (праз порт Міна-эль-Фахль каля Маската) нафты; дае каля 70% валавога ўнутр. прадукту (у 1992 ацэньваўся ў 10,4 млрд.амер.дол., штогадовы прырост да 13%) і больш за 90% паступленняў цвёрдай валюты. Гадавая магутнасць нафтаперапр. з-даў 3 млн.т. Разведку і здабычу нафты ажыццяўляюць змешаныя кампаніі (60% капіталаў ва ўрада Амана, 40% у зах.-еўрап. фірмаў). Прыродны газ (гадавая здабыча 2,8 млрд.м³) выкарыстоўваецца ў энергетыцы, працуюць з-ды па звадкаванні газу. Ёсць дзярж. прадпрыемствы: медзеплавільны з-д у г. Эс-Сахар, нафтаперапрацоўчы ў Маскаце, цэментны ў Русаі. Развіты рыбалоўства, буд.прам-сць, саматужныя промыслы (апрацоўка скур, прадзенне, ткацтва, вытв-сць ювелірных вырабаў, халоднай зброі, прадметаў хатняга ўжытку, перапрацоўка фінікаў). Сельская гаспадарка дае 3% валавога ўнутр. прадукту (у ёй занята 42% насельніцтва, разам з рыбалоўствам). Для земляробства прыдатныя 0,2% плошчы краіны, 4,7% пад пашай. Найб. асвоены Эль-Батына, прыбярэжная раўніна Дафара і вадзі ўнутр. раёнаў. Земляробства аазіснае, са штучным арашэннем. Гал. культура — фінікавая пальма (50% апрацаваных зямель). Вырошчваюць проса, кукурузу, ячмень, пшаніцу, траву альфу (ідзе на выраб паперы і тканін), гародніну, тытунь, лімоны, апельсіны, манга, бананы, вінаград, какосавыя арэхі. Увозіцца збожжа. Жывёлагадоўля экстэнсіўная. Бедуіны-качэўнікі гадуюць авечак, козаў, вярблюдаў. Асн. транспарт — марскі і аўтамабільны, сувязь з унутр. раёнамі — па караванных шляхах. Асн. парты Міна-Кабус, Райсут, Маскат, Эль-Матрах. Аўтамагістралі злучаюць Аман з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Даўж. аўтадарог каля 23 тыс.км, нафтаправодаў 800 км, газаправодаў 350 км. Міжнар. аэрапорты ў Эс-Сіб (прыгарад Маската) і Салале. Экспарт (4,9 млрд.амер.дол., 1991) — пераважна нафта, імпарт (3 млрд.амер.дол., 1991) — машыны і трансп. сродкі, змазачныя матэрыялы, прадукты харчавання. Буйнейшыя гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, ААЭ, Паўд. Карэя, Сінгапур. Грашовая адзінка — аманскі рыял.