Існаваў у 14—18 ст. у г.п.Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Размяшчаўся на ўзвышаным левым беразе р. Дняпро на месцы гарадзішча летапіснай Копысі. Быў ваен.-адм. цэнтрам стараж. горада. У ходзе ваен. падзей 16—17 ст. зведаў неаднаразовыя аблогі і разбурэнні. У час Паўн. вайны 1700—21 рус.войскі ў 1707 спалілі замкавыя ўмацаванні і забралі ўсю зброю з арсенала. Паводле інвентароў Копысі за 1726—73, замак меў 4 бастыёны, драўляныя сцены, уязную вежу-браму з двайнымі варотамі і магутнымі запорамі. Пасля 1772 умацаванні К.з. не аднаўляліся і з цягам часу зніклі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧЭ́К-ХАН, Мірза Кучэк-хан (1880/81, г. Рэшт, Іран — ліст. 1921),
іранскі паліт. дзеяч. Меў рэліг. адукацыю. Удзельнік Іранскай рэвалюцыі 1905—11. У 1-ю сусв. вайну кіраўнік руху партызан-джэнгелійцаў супраць брыт. і рас. войск. Вясной 1918 заключыў пагадненне з брыт. камандаваннем і згадзіўся прапусціць брыт.войскі ў Баку. У 1920 уступіў у саюз з іранскімі камуністамі, узначальваў урад (май—ліп. 1920) і Рэв.к-т (з мая 1921) Гілянскай рэспублікі. 29.9.1921 здзейсніў пераварот, знішчыў б.ч. кіраўніцтва Гілянскага абкома Іранскай кампартыі. Атрады К.-х. разгромлены шахскімі войскамі, а сам ён загінуў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКІТА́НТЫ (ням. Marketender ад італьян. mercatante гандляр),
дробныя гандляры прадуктамі харчавання і прадметамі салдацкага ўжытку, якія суправаджалі войскі ў паходах, на манеўрах і вучэннях, а таксама ў час вайны; мелі свае крамы ў ваен. гарнізонах. Вядомы з антычнасці. Найб. пашыраны ў эпоху феадалізму (у т. л. ў арміі ВКЛ), калі не было цэнтралізаванага забеспячэння войск. У Зах. Еўропе М. лічыліся неад’емным элементам войска. У Францыі і інш. краінах М. часцей былі жанчыны (маркітанткі); зрэдку яны насілі асобную форму адзення і выконвалі ролю сясцёр міласэрнасці. Дзейнасць М. рэгламентавалася адпаведнымі палажэннямі і вайсковымі статутамі. Служба М. існавала да пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЭ́ЛАС, Марэлас-і-Павон (Morelos y Pavón) Хасэ Марыя (30.9.1765, г. Вальядалід, цяпер Марэлія, Мексіка — 22.12.1815), нацыянальны герой Мексікі. Скончыў духоўную семінарыю, быў настаўнікам, вясковым святаром. У 1810 далучыўся да нар. паўстання пад кіраўніцтвам М.Ідальга, (гл.арт.Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26). Пасля гібелі Ідальга (1811) М. узначаліў паўстанцаў і ў 1812—13 нанёс паражэнні іспанцам. У вер. 1813 склікаў у Чыльпансінга Нац. кангрэс, які прыняў дэкларацыю аб незалежнасці Мексікі, абвясціў М. генералісімусам і кіраўніком выканаўчай улады краіны. Да канца 1815 ісп.войскі разграмілі паўстанцкую армію, М. узяты ў палон і пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ЗРЭНСКАЯ ЛІ́ГА, Албанская ліга,
албанская нац.арг-цыя ў 1878—81. Створана 10.6.1878 у г. Прызрэн на сходзе прадстаўнікоў алб. знаці, гандляроў і чыноўніцтва ў знак пратэсту супраць рашэння Берлінскага кангрэса 1878 перадаць землі з алб. насельніцтвам у склад Грэцыі і Чарнагорыі. Напачатку карысталася падтрымкай тур. улад. У ліст. 1878 патрабавала аўтаноміі Албаніі ў складзе Асманскай імперыі. У жн. 1880 стварыла алб. адміністрацыю, ў студз. 1881 — Цэнтр. савет П.Л., (старшыня са жн. 1880 — Абдуль-бей Фрашэры), які абвясціў сябе часовым алб. урадам. У крас. 1881 тур. армія разбіла войскі П.л., і яна спыніла існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛКА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ 1912—13.
1-я балканская вайна (9.10.1912—30.5.1913) супраць Турцыі рэалізавала намеры Балканскага саюза 1912. Скарыстаўшы занятасць Турцыі вайной з Італіяй у Паўн. Афрыцы, Чарнагорыя, Балгарыя, Сербія і Грэцыя абвясцілі ёй вайну. На фракійскім тэатры балг.войскі разбілі тур. часці каля Лозенграда і на лініі Люлебургаз-Бунар-Хісар, акружылі тур. корпус каля г. Эдырне (Адрыянопаль). На македонскім тэатры сербскія і чарнагорскія войскі перамаглі туркаў у Паўн. Албаніі, Косаве і Паўн. Македоніі; грэч. часці занялі Эпір, Фесалію і Паўд. Македонію. 3.12.1912 падпісана перамір’е. У студз. 1913 новы тур. ўрад младатуркаў аднавіў ваен. дзеянні. Але няўдалая высадка іх дэсанта ў тыле балг. войскаў каля крэпасці Чаталджы, страта крэпасці Эдырне і паланенне балгарамі 60-тысячнага тур. гарнізона, здача крэпасці Яніна грэкам прымусілі Турцыю спыніць баі. Паводле Лонданскага мірнага дагавора ад 30.5.1913 Турцыя страціла свае еўрап. ўладанні (акрамя Стамбула і часткі Усх. Фракіі). 2-я балканская вайна (29.6—10.8.1913) — вайна Балгарыі супраць Грэцыі, Сербіі і Чарнагорыі (да іх далучыліся Румынія і Турцыя) — стала вынікам спрэчкі паміж б. саюзнікамі з-за падзелу Македоніі. Правал балг. наступлення на сербскія і грэч. пазіцыі, уварванне рум. войскаў у Балгарыю, захоп туркамі ў ліпені Эдырне і амаль усёй Усх. Фракіі прывялі да капітуляцыі балгараў. Паводле Бухарэсцкага мірнага дагавору ад 10.8.1913 Балгарыя ўступіла Румыніі Паўд. Дабруджу, Грэцыі — Паўд. Македонію і частку Зах. Фракіі, Сербіі — амаль усю Паўн. Македонію. Пазней Балгарыя перадала Турцыі амаль усю Усх. Фракію (паводле міру, заключанага ў Стамбуле 29.9.1913).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ СА ШВЕ́ЦЫЯЙ 1600—29,
вайна за панаванне на Балтыйскім моры. Кароль польскі і вял.кн.ВКЛ Жыгімонт III Ваза, які адначасова быў каралём шведскім, у 1599 лютэранскай апазіцыяй Швецыі быў пазбаўлены трона. У 1600 Жыгімонт III уключыў Эстляндыю ў склад Рэчы Паспалітай, што стала зачэпкай для вайны. У Кірхгомльскай бітве 27.9.1605 пад Рыгай вызначылася войска ВКЛ на чале з гетманам польным Я.К.Хадкевічам. У 1606 флот Рэчы Паспалітай атрымаў перамогу над шведамі ў бітве каля п-ва Хэль. У 1609 войскі Хадкевіча ўзялі г. Пярну, атрымалі перамогу каля Рыгі і ваен. дзеянні прыпыніліся. У 1617 ваен. дзеянні аднавіліся, шведы занялі Пярну. У 1621 шведскі кароль Густаў II Адольф заняў б.ч. Інфлянтаў з Рыгай, пазней Мітаву (Елгаву), якую ў 1622 вярнуў гетман польны К.Радзівіл. У 1625 Густаў II Адольф распачаў наступленне на незанятай ім ч. Інфлянтаў і на Жамойцію. Войску ВКЛ удалося адстаяць г. Дынабург (Даўгаўпілс). Ваен. дзеянні былі перанесены ў Прусію і далей у Германію. Войскі Рэчы Паспалітай атрымалі перамогі на моры каля Алівы (1627) і на сушы каля Тшцяны (1629), але шведы занялі ўсю Прусію. Паводле дагавора аб перамір’і [падпісаны 26.9.1629 у г. Альтмарк (Новы-Тарг)] большасць балтыйскіх партоў і Інфлянты да Зах. Дзвіны адышлі Швецыі. У Рэчы Паспалітай засталіся парты Каралевец (Кёнігсберг), Гданьск і Пуцк. Канчатковы мір падпісаны ў 1635, калі швед. войска выйшла з тэр. Прусіі, васальнай у адносінах да Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РНСКІЯ БІ́ТВЫў першую сусветную вайну,
1) буйная сустрэчная бітва паміж саюзнымі англа-франц. і герм. войскамі каля р. Марна 5—12.9.1914. Англа-франц.войскі (усяго 64 дывізіі, 3000 гармат, каманд.ген. Ж.Жофр) сіламі 6-й франц. арміі атакавалі фланг 1-й герм. арміі, потым увялі ў бой астатнія сілы і прыпынілі наступленне герм. часцей (49 дывізій, 3364 гарматы, каманд.ген. Х.Мольтке Малодшы) на Парыж і прымусілі іх адступіць за р. Эна. Перамога англа-франц. войск паклала пач. пералому ў кампаніі 1914 на Зах. фронце і прывяла да правалу герм.стратэг. плана «бліцкрыгу» («маланкавай вайны») па хуткім разгроме праціўніка на Зах. фронце. Перамозе саюзнікаў садзейнічала адцягненне герм. камандаваннем 2 карпусоў і кав. дывізіі з Зах. фронту на рас.-герм. фронт для адбіцця наступлення рас. войск ва Усх. Прусіі (гл.Усходне-Пруская аперацыя 1914).
2) Бітва паміж франц. і герм. войскамі ў сектары р. Марна 15.7—4.8.1918. Пасля спынення 15—17 ліп.франц. войскамі (36 дывізій, 3080 гармат, каманд.ген. Ф.Фош) герм. сіл (48 дывізій, 6353 гарматы, камандуючыя фельдмаршал П. фон Гіндэнбург і ген. Э.Людэндорф), якія наступалі на Парыж, 18 ліп.франц.войскі пры падтрымцы танкаў перайшлі ў контрнаступленне і адкінулі герм. арміі да Эны. Страты герм. войск склалі 120 тыс., саюзнікаў — 60 тыс.чал. У выніку бітвы сарваны герм. план схіліць Антанту да выгаднага для Германіі міру, знікла пагроза акупацыі Парыжа, стратэг. ініцыятыва канчаткова перайшла да саюзнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЧА́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1916,
наступальная аперацыя рас. войск 5, 1, 2 і 10-й армій 18—28 сак. ў раёне воз. Нарач у 1-ю сусв. вайну. На канферэнцыі дзяржаў Антанты ў Шантыйі (14.2.1916, Францыя) было дасягнута пагадненне пачаць наступленне супраць Германіі на Зах. фронце 1 ліп., а на Усх. (рас.) фронце — 15 чэрвеня. Аднак з-за цяжкага становішча франц. армій пад Вердэнам (гл.Вердэнская аперацыя 1916) рас. камандаванне па просьбе саюзнікаў вырашыла пачаць наступленне датэрмінова. Аперацыя праводзілася левым флангам Паўн. і правым флангам Зах. франтоў у раёне Дзвінск — воз. Нарач. Гал. ўдар наносіла 2-я рас. армія з мэтай прарваць фронт 2 групамі: 3 карпусы наступалі на Пн ад чыгункі Паставы—Свянцяны і 3 карпусы паміж азёрамі Нарач і Вішнеўскае. Часці 5-й арміі дзейнічалі ў раёне Дзвінска, 14-ы корпус 1-й арміі — у раёне Відзаў. 10-я армія вяла баі ў напрамку Крэва—Ашмяны. Войскі дзейнічалі ў час веснавога бездарожжа, разрознена, без агульнага ўзаемадзеяння. З-за недахопу цяжкай артылерыі і снарадаў да яе не было забяспечана падаўленне абароны праціўніка. У канцы сакавіка наступленне спынена з-за немагчымасці перамяшчэння войск у неспрыяльных умовах надвор’я. У выніку Н.а. рас.войскі атрымалі толькі мясц. поспех і панеслі вял. страты (толькі 2-я армія страціла каля 78,5 тыс. забітымі і параненымі). Аднак аперацыя аказала значную дапамогу саюзнікам, адцягнуўшы на сябе вял. частку войск праціўніка: 22—28 сак. наступленне немцаў на Вердэн аслабла, а потым спынілася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́КАНСТРУ́КЦЫЯ ПО́ЎДНЯ 1865—77,
перыяд радыкальных сац.-эканам. пераўтварэнняў у амер.паўд. штатах пасля грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65; састаўная частка (2-я фаза) другой Амер. рэвалюцыі 1861—77. Праведзена ў час прэзідэнцтва Э.Джонсана (1865—68) і У.С.Гранта (1869—77) з мэтай аднаўлення дзярж. адзінства ЗША і перабудовы жыцця паўд. штатаў краіны. Вырашала пытанні індустрыялізацыі, памяншэння ўплыву плантатараў, надання грамадз. правоў негрыцянскаму насельніцтву ў паўд. (б. рабаўладальніцкіх) штатах ЗША. Гал. рухаючыя сілы — радыкальнае крыло Рэсп. партыі (на федэральным узроўні), узбр. атрады (на мясц. узроўні). Фактычна пачалася з закону аб Рэканструкцыі ад 2.3.1867. Паводле рашэння кангрэса федэральныя войскі былі ўведзены ў паўд. штаты, іх тэр. падзелена на 5 ваен. акруг на чале з генераламі. У 1867 упершыню ў кангрэс ЗША выбраны 16 неграў. Яны ўваходзілі і ў мясц. органы ўлады. У ходзе Р.П. ў рэгіёне актывізавалася развіццё прам-сці, транспарту (чыг.буд-ва), гандлю, добраўпарадкоўваліся населеныя пункты, пашырылася асвета сярод неграў. Але з-за супраціўлення плантатараў і інш. кансерватыўных сіл (гл.Ку-клукс-клан) не ўдалося радыкальна вырашыць агр. пытанне, у большасці паўд. штатаў узмацніліся расісцкія настроі (да 1877 рэспубліканцы кантралявалі ўладу толькі ў 3 з 11 мясц. штатаў). У крас. 1877 федэральныя войскі выведзены з паўд. штатаў. У выніку Р.П. замацавана дзярж. адзінства ЗША, устаноўленае ў ходзе грамадз. вайны, зроблены захады па інтэграванні негрыцянскага насельніцтва ў амер. грамадства.
Літ.:
Фонер Э. Рабство, гражданская война и реконструкция: новейшая историография // Новая и новейшая история. 1991. №6.