геаметрычнае цела, якое змяшчае цалкам адрэзак, што злучае 2 любыя яго пункты; аб’яднанне выпуклай вобласці ў прасторы з яе мяжой. Напр., целы Архімеда, шар, куб, паўпрастора. Мяжа выпуклага цела ўтварае выпуклую паверхню (гл.Выпукласць і ўвагнутасць), праз кожны пункт якой праходзіць не менш як 1 апорная плоскасць, што мае агульны пункт (адрэзак або частку плоскасці) з мяжой, але не перасякае яе.
Выпуклае цела бывае 5 тыпаў: канечнае (мяжа — замкнёная выпуклая паверхня), бясконцае (адна бясконцая паверхня, напр., парабалоід), бясконцыя ў абодва бакі цыліндры (замкнёная выпуклая цыліндрычная паверхня, напр., бясконцы кругавы цыліндр), слаі паміж парамі паралельных плоскасцей, уся прастора. Асновы тэорыі выпуклага цела распрацавалі ў 19 ст.ням. матэматыкі Г.Брун і Г.Мінкоўскі; агульную тэорыю — сав. матэматыкі А.Д.Аляксандраў, А.В.Пагарэлаў і інш.Гл. таксама Мнагаграннік, Мноства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАСКО́П (грэч. hōroskopos літар. які назірае час),
табліца ўзаемнага размяшчэння планет і зорак на пэўны момент часу для зададзенага месца. Па гараскопе робяцца спробы прадказваць лёс чалавека, рысы яго характару, здароўе, кар’еру і інш. Гараскоп складаюць на канкрэтнага чалавека (індывідуальны), на дзяржаву, горад, прадпрыемства (мунданны), на пачатак якой-н. дзейнасці ці каб атрымаць адказ на пэўнае пытанне (характарны), на які-н. перыяд жыцця чалавека (салярны, планетарны, звязаны з Месяцам і інш.).
Першыя гараскопы складалі ў Вавілоне ў 5 ст. да н.э. Прадказанні першапачаткова мелі агульны характар. Удасканаленне гараскопа вяло да большай канкрэтызацыі. Цікавасць да складання гараскопа патрабавала добрага ведання астраноміі і стымулявала яе развіццё. Гараскоп змяшчае камбінацыю вял. колькасці элементаў (знакаў задыяка, нябесных дамоў, планет, зорак і інш.), якія знаходзяцца ў неперарыўным руху і, зафіксаваныя ў пэўны момант часу, даюць своеасаблівую матрыцу, што даследуецца астролагамі. Гл. таксама Астралогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАШО́ВАЕ АБАРАЧЭ́ННЕ,
бесперапынны рух грошай у наяўнай і безнаяўнай формах, звязаны з кругаваротам тавараў, а таксама нетаварнымі плацяжамі і разлікамі ў гаспадарцы. Агульны закон грашовага абарачэння — закон колькасці неабходных для абарачэння грошай, які дзейнічае пры ўсіх спосабах вытв-сці, дзе існуе таварнае і грашовае абарачэнне, і пры любых грашовых сістэмах. Ён выяўляе сувязь такіх паказчыкаў, як грашовая маса, сума цэн тавараў і паслуг, крэдыт, плацяжы, якія ўзаемна пагашаюцца, хуткасць грашовага абарачэння. Важная характарыстыка грашовага абарачэння — устойлівасць, адно з праяўленняў якой — стабільнасць усіх відаў цэн і тарыфаў. Значная частка плацежнага абароту ў прамыслова развітых краінах прыпадае на фін. аперацыі з рознымі відамі каштоўных папер, пазыковыя аперацыі, падатковыя плацяжы і інш.фін. здзелкі. Большая частка грашовага абарачэння ажыццяўляецца ў безнаяўнай форме, што звязана з рэзкім павелічэннем аб’ёму плацежна-разліковых аперацый. Наяўнае грашовае абарачэнне вагаецца ў розных краінах і складае ад 10 да 20% унутр. грашовага абароту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РНЫЯ КАТАЛО́ГІ,
спісы зорак з указаннем іх экватарыяльных каардынат, уласных скарасцей, зорных велічынь і інш. характарыстык, аднесеных да пачатку якога-небудзь года; аснова для вывучэння будовы і руху ў зорных сістэмах, устанаўлення сістэмы нябесных каардынат. Першы З.к. складзены ў Кітаі каля 355 да н.э. (800 зорак). Найб. распаўсюджаны «Агульны каталог» Боса (1937, 33 342 зоркі).
Адрозніваюць З.к. абсалютныя (атрыманы з абс. вымярэнняў, незалежна ад ранейшых З.к.) і адносныя (атрыманы дыферэнцыяльным метадам: месцазнаходжанне зоркі вызначаюць адносна становішчаў інш. зорак з вызначанымі каардынатамі). Абавязкова прыводзіцца дата назіранняў. На падставе абс. і адносных З.к. складаюцца фундаментальныя каталогі месцазнаходжанняў зорак. Акрамя дакладных каталогаў складаюцца т.зв. агляды неба з прыбліжанымі значэннямі каардынат зорак і іх зорных велічынь. Найб. распаўсюджаныя «Бонскі агляд» (1859—87, 324 188 зорак, 64 карты зорнага неба); Кордаўскі і Кейпскі агляды. Нумарацыяй зорак у З.к. карыстаюцца для іх абазначэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТРА́ГІН (Леў Сямёнавіч) (3.9.1908, Масква — 3.5.1988),
савецкі матэматык. Акад.АНСССР (1958; чл.-кар. 1939), Герой Сац. Працы (1969). У 14 гадоў аслеп. Скончыў Маскоўскі ун-т (1929). З 1930 у Маскоўскім ун-це (з 1935 праф.), адначасова з 1934 у Матэм. ін-це імя У.А.Сцяклова АНСССР (з 1939 заг. аддзела). Навук. працы па тапалогіі, тэорыі неперарыўных груп, дыферэнцыяльных ураўн., тэорыі кіравання. Адкрыў агульны закон дваістасці, пабудаваў тэорыю характараў неперарыўных камутатыўных груп. Стварыў тэорыю аптымальных працэсаў, у аснове якой ляжыць прынцып максімуму П. Ленінская прэмія 1962. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1975. Міжнар. прэмія імя М.І.Лабачэўскага АНСССР 1966.
Тв.:
Обыкновенные дифференциальные уравнения. 5 изд. М., 1982;
Математическая теория оптимальных процессов. 4 изд. М., 1983 (у сааўт.);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДАПАМО́ГІ НАВУЧЭ́НЦАМ.
Засн. ў 1875 у Мінску для аказання матэрыяльнай дапамогі выхаванцам навуч. устаноў горада з мэтай падтрымкі выпускнікоў гімназій, вучылішчаў і студэнтаў ВНУ. Кіравалася статутам; калегіяльны орган — агульны сход, які выбіраў праўленне, апошняе — старшыню, сакратара і казначэя. Старшынёй т-ва працяглы час быў І.І.Самойла. Сярод ганаровых чл.т-ва быў мастак І.К.Айвазоўскі. У 1900 у т-ве было 275 чл. Сродкі т-ва складаліся з членскіх узносаў, ахвяраванняў, працэнтаў з капіталу і прыбыткаў ад дабрачынных мерапрыемстваў і латарэй. Прадстаўнікі т-ва збіралі ахвяраванні па прыватных дамах, праводзілі вечарыны на карысць студэнтаў. Сродкі ад іх складалі фонд дапамогі (4—5 тыс.руб. за год), якая ішла на аднаразовыя субсідыі, плату за навучанне і падручнікі. Дапамогай т-ва карысталіся пераважна навучэнцы мінскіх мужчынскай і жаночай гімназій, рэальнага вучылішча і гарадскога 4-класнага вучылішча. Да 1907 т-ва спыніла сваё існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАСТРАНГІЛІ́ДЫ (Metastrongylidae),
сямейства круглых чарвей. 13 відаў. На Беларусі адзначаны метастронгілюсы падоўжаны (Metastrongylus elongatus), пакрыты, або сціплы (M. pudendotectus), і салёны (M. salmi). Паразітуюць у бронхах і лёгкіх дзікоў, свойскіх свіней (асн. гаспадары), зрэдку жвачных, сабак, чалавека. Узбуджальнікі метастрангілёзу.
Цела ніткападобнае, белае, у самцоў даўж. да 26 мм, у самак да 50 мм. Развіццё з прамежкавым гаспадаром (дажджавыя чэрві). Яйцы з лічынкамі адкладваюцца ў бронхах, выводзяцца праз стрававальны тракт у вонкавае асяроддзе. Заглынутыя дажджавым чарвяком лічынкі пранікаюць у яго крывяносную сістэму, дзе праз 10—20 сут становяцца інвазійнымі. Пасля паядання жывёлай інвазаваных чарвей лічынкі М. пранікаюць праз сценку кішэчніка ў лімфатычныя вузлы, адтуль з лімфай і крывёю — у лёгкія і бронхі, дзе праз 25—35 сут пасля інвазіі дасягаюць палавой спеласці.
Да арт.Метастрангіліды. Метастронгілюс падоўжаны: 1 — агульны выгляд; 2—3 — заднія канцы цела самца і самкі (адпаведна); 4 — пярэдні канец цела; 5 — яйцо з лічынкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫТАНІ́Т,
запаленне брушыны. Узнікае пераважна як ускладненне запаленчага працэсу ў органах брушной поласці (апендыцыт, халецыстыт, прабадная язва страўніка ці 12-перснай кішкі). Радзей сустракаецца як першаснае захворванне (пнеўмакокавы П. у дзяўчынак). Бывае інфекц. (выклікаецца кішэчнай палачкай, стрэптакокам, стафілакокам і інш.), асептычны (ад пападання ў брушную поласць крыві, жоўці, мачы). Адрозніваюць П. востры і хранічны. Найб. характэрныя прыкметы вострага П.: боль у жываце, напружанне (потым расслабленне) мышцаў брушной сценкі, ірвота. Пры П. адбываецца цяжкая інтаксікацыя. Класіфікуецца паводле гадзінных фактараў: першыя 24 гадзіны, пасля 72 гадзін, тэрмінальная стадыя. У першыя гадзіны ўсмоктванне ў кроў рэзка нарастае, што мае ахоўны характар (асабліва, калі змесціва перытанеальнай поласці не таксічнае, яно нейтралізуецца ў крыві і П. працякае лёгка); калі таксічнае (напр., у абадочнай кішцы), арганізм хутка гіне. Улічваецца таксама пашыранасць працэсу: мясцовы, дыфузны, агульны (пры якім смяротнасць дасягае 60—80%). Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.