МО́ШЧЫ,

астанкі людзей, якія падвергліся натуральнай муміфікацыі і аб’яўлены духавенствам цудатворнымі, нятленнымі. Шанаванне М. — элемент культу святых, аб’ект рэліг. пакланення ў праваслаўных і католікаў. М. захоўваюцца і выстаўляюцца ў храмах у т. зв. раках — грабніцах або каўчэгах.

т. 10, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАБАРАЧА́ЛЬНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

хімічныя рэакцыі, што адбываюцца толькі ў адным напрамку. Прыводзяць да поўнага ператварэння зыходных рэчываў у канчатковыя прадукты, якія не ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. Да Н.р. адносяцца, напр., рэакцыі гарэння, раскладання выбуховых рэчываў. Гл. таксама Абарачальныя рэакцыі.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕВЫТВО́РЧАЯ СФЕ́РА,

умоўная назва галін і відаў дзейнасці, якія не ствараюць матэрыяльныя каштоўнасці. У сав. эканам. статыстыцы да яе адносілі сферу быт. паслуг, навуку, культуру, адукацыю, ахову здароўя, кіраванне. Тэрмін «Н.с.» заменены паняццем сацыяльна-культурная сфера.

т. 11, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЛЕ́ЛЬ ЗЯМНА́Я (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач),

паралель геаграфічная, лінія сячэння паверхні зямнога шара плоскасцямі, паралельнымі экватару. Усе пункты, якія ляжаць на адной П.з. маюць аднолькавую геагр. шырату. Мерыдыяны і паралелі ўтвараюць градусную сетку Зямлі.

т. 12, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭНЦЫЯ́Л (ад лац. potentia сіла),

магчымасці, сродкі, энергет. і інш. рэсурсы, якія могуць быць выкарыстаны для вырашэння якой-н. задачы, дасягнення пэўнай мэты; магчымасці канкрэтнай асобы, грамадства, дзяржавы ў пэўнай галіне дзейнасці (напр., творчы П., эканамічны П.).

т. 12, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ФІЛЬ (франц. profil),

1) абрыс, від твару або прадмета збоку.

2) Вертыкальнае (папярочнае ці падоўжанае) сячэнне якога-н. участка, паверхні, прадмета; від, форма чаго-н. у разрэзе.

3) Сукупнасць асн. тыповых рыс, якія характарызуюць гаспадарку, прафесію, спецыяльнасць.

т. 13, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́НЫ І РУНІ́ЧНЫЯ АЛФАВІ́ТЫ (ад стараж.-герм. runa таямніца),

знакі і алфавіты з гэтых знакаў, якімі карысталіся стараж.-германскія і інш. плямёны. Адрозніваліся наяўнасцю ў літарных знаках вертыкальных і косых ліній, якія ўтвараюць вуглы. Гл. Рунічнае пісьмо.

т. 13, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАСА́ЗІ,

археал. культура амерыканскіх індзейцаў, якія з 1—2 ст. н.э. жывуць на сумежжы штатаў Арызона, Юта, Нью-Мексіка і Каларада (ЗША). Назва ад імя стараж. народа, продкаў сучаснага народа пуэбла. У час росквіту (перыяд класічнага Пуэбла, 1050—1300) асаназі займаліся земляробствам (асн. культура кукуруза), выраблялі характэрную паліхромную кераміку, будавалі т.зв. пуэбла (вял. колькасць прамавугольных жытлаў, якія цесна прыціснуты адно да аднаго і ўтвараюць некалькі паверхаў ці тэрас) і ківа (падземныя камеры ў пуэбла, выкарыстоўваліся як мужчынскія дамы і памяшканні для рэлігійных цырымоній). Іх найбольшыя гарады Пуэбла-Баніта, Меса-Вердэ і інш. З 1300 пачаўся перыяд заняпаду, які працягваўся да заваявання іх іспанцамі (канец 17 ст.). Некат. пуэбла заселеныя і цяпер.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

вуглевадародныя злучэнні і іх вытворныя. Падзяляюцца на ацыклічныя злучэнні, карбацыклічныя (гл. Ацыклічныя злучэнні, Араматычныя злучэнні) і гетэрацыклічныя злучэнні. Уласцівасці арганічных злучэнняў вызначаюцца прыродай замяшчальнікаў у вугляродным ланцугу ці цыкле, функцыянальных груп і наяўнасцю кратных сувязяў.

Арганічныя злучэнні, якія адрозніваюцца колькасцю CH2-груп, утвараюць гамалагічныя шэрагі, напр. метан (CH4), этан (C2H4), прапан (C3H8) і інш.; злучэнні з аднолькавым лікам атамаў вугляроду, але з рознымі функцыян. групамі — генетычныя шэрагі, напр. этан (C2H6), этылхларыд (C2H5Cl), этанол (C2H5OH), ацэтальдэгід (CH3CHO), воцатная к-та (CH3COOH) і інш. Паводле характару элементаў, якія ўтвараюць сувязь з атамам вугляроду, адрозніваюць галаген-, кісларод-, сера- і азотзмяшчальныя вытворныя вуглевадародаў, шэраг элементаарганічных злучэнняў, у т. л. металаарганічных злучэнняў. Арганічныя злучэнні даследуюцца арганічнай хіміяй.

т. 1, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НЫ (франц. bons),

папяровыя ці метал. знакі ў форме кароткатэрміновых даўгавых абавязацельстваў, якія выпускаюцца казначэйствамі, муніцыпальнымі органамі, фірмамі ці асобамі для часовай замены дзярж. грашовых знакаў пры іх недахопе ў абарачэнні. Бываюць боны абавязковага (дзярж. казначэйстваў, муніцыпальных органаў улады, акупацыйнай улады на занятай тэрыторыі; маюць законную сілу ў пэўным рэгіёне) і неабавязковага (прыватныя боны, выпушчаныя асобнымі прадпрыемствамі, арг-цыямі, установамі, т-вамі, прыватнымі асобамі; маюць сілу ў падпарадкаваных эмітэнту межах) абарачэння. Першыя боны ў Расіі з’явіліся ў 1840, на Беларусі — напярэдадні паўстання 1863—64. У б. СССР боны былі ў абарачэнні да грашовай рэформы 1922—24. Б. называюць таксама папяровыя грошы, якія выйшлі з абарачэння і сталі прадметам калекцыяніравання (гл. ў арт. Баністыка).

т. 3, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)