эмацыянальнае выяўленне і адчуванне патрэбы чалавека ў ежы ўвогуле або ў асобных яе відах. У адрозненне ад пачуцця голаду звязаны з прыемнымі эмоцыямі і ўяўленнямі. Адбітак на яго (стымулявальны ўплыў або прыгнечанне) могуць накладваць нац. традыцыі, індывід. прывычкі і прыхільнасці, выгляд, пах, кампаненты, смакавыя якасці і спосабы падачы ежы. Фізіял. аснову апетыту складае ўмеранае ўзбуджэнне пэўных аддзелаў ц. н. с., што суправаджаецца слінацячэннем, выдзяленнем «запаляльнага» стрававальнага соку, узмацненнем перыстальтыкі стрававальна-кішачнага тракту. У аснове расстройстваў апетыту могуць ляжаць парушэнні рэжыму і ўмоў харчавання, рэзкія змены яго звыклага рацыёну, а таксама ўкладу жыцця, фіз. і нерв. ператамленне, захворванні і інш. фактары. У асобных выпадках яны могуць выклікаць поўную адсутнасць апетыту (анарэксія) ці неадольнае жаданне есці (булімія), што сведчыць пра неабходнасць мед. абследавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯМА́СА (ад бія... + маса),
агульная маса асобін віду, іх папуляцый, груп ці згуртаванняў (раслін, мікраарганізмаў, жывёл), якая прыпадае на адзінку паверхні або аб’ёму месцапражывання; адзін з важнейшых экалагічных тэрмінаў. Біямасы часцей за ўсё выражаюць у масе сырога або сухога рэчыва (г/м², кг/га, г/м³, кг/м³ і інш.). Біямаса раслін наз. фітамасай, жывёл — заамасай, бактэрый — бактэрыямасай.
Сумарная біямаса сухога арган. рэчыва біясферы складае 85—100∙109т, з якіх фітамасе належыць 97—99%, заамасе — 1—3% (90—95% складаюць беспазваночныя). Для Беларусі агульная біямаса сухога рэчыва жывых арганізмаў складае 2—3∙109т. На паказчыках біямасы грунтуюцца ўсе разлікі характару і інтэнсіўнасці біялагічнага кругавароту рэчываў. Вызначэнне біямасы выкарыстоўваюць для вывучэння біялагічнай прадукцыйнасці груп арганізмаў, асобных біяцэнозаў і біясферы ў цэлым, пры прагназаванні гасп. дзейнасці чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЕ́ДНАЯ ПАГА́НКА (Amanita phalloides),
мухамор зялёны, белы мухамор, шапкавы базідыяльны грыб сям. мухаморавых. Пашырана ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца зрэдку пераважна ў зах. і паўд. раёнах. Расце ў свежых і вільготных шыракалістых і мяшаных лясах, у сфагнавых хвойніках з дамешкай бярозы.
Шапка дыям. 5—10 см, званочкавая, пазней пуката-распасцёртая, бледна- або аліўкава-зялёная, радзей белаватая, слізкаватая, укрытая рэдкімі шматкамі. Пласцінкі белыя або ледзь зеленаватыя. Ножка белая, з кольцам у верхняй ч., каля асновы расшыраная накшталт клубня, з адкрытай вольвай (похвай). Утварае мікарызу з лісцевымі дрэвамі. Смяротна ядавіты грыб; мае таксічныя поліпептыды: фалаідзін (смяротная доза для чалавека 0,02—0,03 г), фалаін, α- і β-аманіціны і інш. Нярэдкія выпадкі атручэння з-за памылак пры вызначэнні віду ў час збору грыбоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОНЧ-АСМАЛО́ЎСКІ (Глеб Анатолевіч) (3.11.1890, в. Блонь Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 1.11.1943),
антраполаг і археолаг. Д-ргіст.н. Сын А.В.Бонч-Асмалоўскага. Скончыў Петраградскі ун-т (1923). У 1924—30 у Ленінградскім ун-це. З 1930 навук. супрацоўнік Геалагічнага ін-та АНСССР і Дзярж. акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры. У 1926—27 і 1934 разам з К.М.Палікарповічам вёў археал. раскопкі на Гомельшчыне і Смаленшчыне (Бердыж, Гамкава, Каменная гара). Удзельнік этнагр. і археал. экспедыцый на Каўказе і ў Крыме. У час раскопак у пячоры Кіік-Каба (Крым, 1923—24) упершыню на тэр.СССР выявіў рэшткі выкапнёвага чалавека — неандэртальца, прылады працы ранняга палеаліту. У 1934 арыштаваны, засуджаны на 3 гады лагераў. Пакаранне адбываў у Варкуце. Пасля вяртання жыў пад Ленінградам. Рэабілітаваны ў 1942.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧАЯ ФІ́ЗІКА,
сукупнасць навуковых дысцыплін, якія вывучаюць фіз. з’явы і працэсы, звязаныя з эксплуатацыяй збудаванняў; галіна прыкладной фізікі. Падзяляецца на будаўнічую кліматалогію, будаўнічую святлатэхніку, будаўнічую цеплатэхніку, буд. акустыку, аэрадынаміку, тэорыю даўгавечнасці буд. канструкцый. Станаўленне будаўнічай фізікі як навукі прыпадае на пач. 20 ст. (раней пытанні будаўнічай фізікі інжынеры і архітэктары вырашалі доследным шляхам). На Беларусі праблемамі будаўнічай фізікі пачалі займацца ў АН Беларусі (А.В.Лыкаў, Б.М.Смольскі), БПІ (Э.Х.Адэльскі), іх распрацоўваюць у БПА (М.Т.Салдаткін, В.Дз.Сізоў, Б.М.Хрусталёў, А.І.Юркоў), НДІбуд. матэрыялаў (Г.С.Гарнашэвіч).
Вызначае ўплыў фіз.-кліматычных і фіз.-хім. атмасферных уздзеянняў на буд. канструкцыі, патрабаванні да матэрыялаў і канструкцый для забеспячэння найб. спрыяльных для чалавека тэмпературна-вільготнасных, акустычных і святлотэхн. умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АНА́ЛАЎ» ШКО́ЛА кірунак у гістарыяграфіі, які склаўся ў Францыі вакол заснаванага ў 1929 час. «Annales d’histoire économique et sociale» [«Аналы эканамічнай і сацыяльнай гісторыі»; цяпер «Annales. Ekonomies, sociétés, civilisations» («Аналы. Эканоміка, грамадства, цывілізацыі»)]. Стваральнікі і рэдактары часопіса — франц. гісторыкі М.Блок і Л.Феўр, іх пераемнікі — Ф.Брадэль, Ж.Ле Гоф, Э.Леруа Ладзюры, М.Феро і інш. Прадстаўнікі «Аналаў» школы засяроджваліся на глыбінных працэсах, якія рухаюць гісторыю, пашырылі паняцце сац. гісторыі, разумеючы гіст.чалавека не толькі ў межах яго паліт. паводзін, але і ў звычайным жыцці і сац. псіхалогіі. Разглядаюць гіст. падзею, факт, біяграфію гіст. дзеяча як прызму, праз якую можна больш поўна аднавіць карціну жыцця людзей мінулых эпох; вывучаюць ментальныя працэсы ў грамадстве. У цяперашні час «Аналаў» школа (наз. таксама «новая гіст. навука») — моцны інтэлектуальны рух, які аб’ядноўвае вучоных Францыі, ЗША Англіі, Германіі, Аўстрыі, Італіі, Польшчы і інш. краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТЫ́ЎНЫЯ ТЫ́ПЫ,
папуляцыі чалавека, аб’яднаныя фізіялагічнымі і марфалагічнымі адзнакамі, сфарміраванымі ў залежнасці ад геакліматычных умоў. У розных кліматычных зонах у людзей незалежна ад іх расавай і этн. прыналежнасці назіраецца тэндэнцыя да змены фізіял. і марфалаг. рысаў у кірунку, найб. спрыяльным для існавання ў гэтым асяроддзі. Напр., у арктычных умовах адзначаецца павышанае развіццё мускулатуры, мінералізацыя касцяка, павелічэнне колькасці бялку ў сываратцы крыві, змена ахоўных уласцівасцяў арганізма (паскарэнне рэакцыі асядання эрытрацытаў, нейтрафілёз, павелічэнне гама-глабулінавых фракцый сывараткі крыві). Паводле асаблівасцяў адаптыўных рэакцый вылучаюць арктычны, кантынентальны, трапічны, высакагорны тыпы, тып сярэдняй зоны, арыдны (тып пустыні). Вывучэнне біял. адаптацыі і адаптыўных тыпаў спрыяе высвятленню працэсу расаўтварэння.
Літ.:
Алексеева Т.И. Адаптивные процессы в популяциях человека. М., 1986;
Тегако Л.И., Саливон И.И. Экологические аспекты в антропологических исследованиях на территории БССР. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЕКТЫВІ́ЗМ,
1) кірунак у гнасеалогіі, у аснове якога ляжыць арыентацыя пазнавальнай дзейнасці на сац.-паліт. «нейтральнасць», на ўстрыманне ад сац.-крытычных ацэнак, суджэнняў аб яе каштоўнасцях і мэтах. Тым самым ён абмяжоўвае «разумнае мысленне», нярэдка маскіруючы гнасеалагічны суб’ектывізм. Аб’ектывізм адмаўляе самаст. ролю актыўных дзеянняў гіст. суб’ектаў, трактуе іх як цалкам абумоўленыя фатальным ходам рэчаў, уплывам тэхніка-тэхнал. і навук. фактараў. У найноўшай сваёй форме сцыентызму Аб’ектывізм выражаецца ў тэндэнцыі звесці ўсю культуру да навукі, а праблемы чалавека і грамадства — да навук.-тэхн. задач.
2) Кірунак у этыцы, які прызнае аб’ектыўныя каштоўнасці і прадпісанні і спрабуе ўстанавіць аб’ектыўны крытэрый і аб’ектыўную мэту маральнага дзеяння (гл.Норма).
Літ.:
Поппер К. Логика и рост научного звания. М., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАДНІ́,
насякомыя з атр. двухкрылых. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Належаць да 3 сям.: насаглотачных (Oestridae), падскурных (Hypodermatidae) і страўнікавых (Jastrophilidae) аваднёў. Каля 160 відаў, з іх на Беларусі 11. Найб. трапляюцца авадзень авечы (Oestrus ovis), авадзень бычыны (Hypoderma bovis) і авадзень кручок (Jastrophilus intestinalis). Часта аваднёў блытаюць са сляпнямі.
Цела даўж. 9—22 мм, укрыта валаскамі, радзей голае. Ротавыя органы рудыментарныя. Не жывяцца, жывуць 3—25 сутак за кошт рэчываў, назапашаных у лічынкавай стадыі. У развіцці праходзяць стадыі яйца, лічынкі (9—10 месяцаў), кукалкі, дарослай асобіны. Самкі насаглотачных аваднёў жывародныя, падскурных і страўнікавых адкладваюць яйцы. Спелыя лічынкі акукліваюцца ў глебе, гнаі, паразітуюць у скуры, лобных пазухах, насаглотцы, страўніку, галаве, вачах жывёл і чалавека. Вельмі шкодзяць жывёлагадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТЭАЛО́ГІЯ (ад астэа... + ...логія),
1) раздзел анатоміі, які вывучае будову, развіццё і змены касцявога шкілета. Вылучаюць астэалогію агульную, прыватную (пра развіццё і будову асобных касцей), параўнальную, узроставую. Агульная астэалогія вывучае фіз.-хім. якасці косці, тканкавы, клетачны і субклетачны ўзроўні структурнай арганізацыі, уплыў розных фактараў на працэсы росту і перабудовы косці. Сучасныя даследаванні ў галіне астэалогіі звязаны з пошукамі спосабаў уплыву на працэсы рэгенерацыі, вызначэннем прычын эктапічнага росту, ацэнкай характару марфалагічных змяненняў пры трансплантацыі касцей. Прыватная астэалогія грунтуецца на вывучэнні анат. прэпаратаў і выкарыстанні метадаў даследавання шкілета жывога чалавека (рэнтгенаграфія, камп’ютэрная тамаграфія, ядзерна-магнітны рэзананс).
2) Астэалогія ў антрапалогіі вывучае варыяцыі памераў і формы чалавечага шкілета ў цэлым, а таксама асобных яго касцей. Даныя астэалогіі выкарыстоўваюць таксама ў палеанталогіі, расазнаўстве і інш.