панано́сіць, ‑ношу, ‑носіш, ‑носіць; зак., чаго.

1. Прынесці за некалькі прыёмаў многа чаго‑н. [Ася:] — Мне ўжо і так маластоўскія дзяўчаты ўсяго пананосілі. — Бяры, бяры і папраўляйся, — весела кажам мы. Асіпенка.

2. Сваім рухам нанесці многа чаго‑н., утварыць што‑н. З акна былі відаць кучы камення на ўзлеску, ля поля, на іх ужо вецер пананосіў пылу. Чорны. / у безас. ужыв. Цяжка прайсці вуліцай у Грынях ля Раінінай хаты, куды пананосіла зімою з Выганчыку горы снегу. Пташнікаў.

3. і што. Нанесці на паперу, карту, схему ўсё, многае. Пананосіць населеныя пункты на карту.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папячы́, ‑пяку, ‑пячэш, ‑пячэ; ‑пячом, ‑печаце; пр. папёк, ‑пякла, ‑пякло; заг. папячы; зак., што.

1. і без дап. Пячы некаторы час. Лёнька .. паставіў на голую чарэнь халодныя пяткі — хай трохі папячэ ў іх. Капыловіч.

2. Прыгатаваць шляхам награвання на жары; спячы ўсё, многае. Бульбу мы папяклі на вогнішчы, хлеб падзялілі пароўну і смакавалі ўнакладку з яешняй, запіваючы .. вадой. Чыгрынаў.

3. Пашкодзіць чым‑н. гарачым, едкім, пякучым усё, многае. Я расту вось тут пад плотам І не так даўно ўзышла, А ўжо многім абармотам Рукі-ногі папякла. Крапіва. Не гуляй з вуглямі — рукі папячэш. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што.

1. Зрабіць усё, многае. Сабралася жонка ў поле і кажа мужыку: — Толькі ж глядзі, каб усю работу нарабіў. Якімовіч. Мы парабілі цяпер такія галубятні, што ніхто не далезе, ніхто не дастане. Брыль.

2. і без дап. Папрацаваць некаторы час. Малады цыган трохі парабіў у калгасе і пасля падаўся ў горад. Чыгрынаў.

•••

Нічога не паробіш; што (ж) паробіш — пра неабходнасць зрабіць не так, як хочацца, змірыцца з тым, што ёсць. Турсевіч цмокнуў, журботна паківаў галавою. — Гуляў і дагуляўся!.. Эх, Андрэй!.. Ну, ды нічога не паробіш. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

параскіда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Раскідаць усё, многае або ўсіх, многіх; раскінуць усё, многае. Цяпер гэтыя лістоўкі трэба было параскідаць нам па горадзе. Карпюк. Чарнявы сын Параскідае цацкі, На рукі просіцца, Ну, і пайшла гульня. Чарот. [Маці:] — Вайна нямногім так мінулася. І ў кожнага сваё гора. Можа, і яго гняздо параскідала. Чыгрынаў. [Міхаіл Фёдаравіч:] — Калі братоў лёс параскідаў па свеце — адзін служыў на Сахаліне, другі быў у ссылцы, трэці ўцёк у Турцыю, то ў іх была яшчэ сястра... «Полымя». Дрэвы выраслі, параскідалі ўбакі голле, закрылі дарогу пад сабою. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́рнасць 1, ‑і, ж.

Уласцівасць парнага ​1 (у 3 знач.).

па́рнасць 2, ‑і, ж.

Гарачае, насычанае выпарэннямі, вільгаццю паветра; вільготная цеплыня. А сонца жарыць, млеюць далі, І парнасць землю абняла. Колас. Сонца, пераваліўшыся за поўдзень, здавалася, шпарчэй пачало апускацца над лесам, але парнасць стаяла нясцерпная. Пташнікаў. Печ пагрэлася, па хаце пайшла парнасць. Чорны. // Выпарэнні, туман. Бліскацела іржавая балотная вада, над якою застыла парнасць. Пестрак. Цёплая парнасць падымалася ад возера, ад зямлі. Чарнышэвіч. Павітаўшыся, і госць і гаспадар прыселі на бервяне, прыгрэтым не так сонцам, як земляной парнасцю. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасаро́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каго.

1. Зрабіць так, каб было сорамна каму‑н.; пасарамаціць. Данілка хацеў пасароміць хлапчукоў, але яго апярэдзіў сусед. Кавалёў. Маша знайшла конюха і пасароміла яго за.. [дрэнныя] сані, загадала зацягнуць іх на вышкі. Шамякін. — Ты ведаеш, як пасароміў мяне гэты малады чалавек? — звярнуўся Аркадзь Цімафеевіч да Веры Васільеўны і расказаў, як Андрэй вырашыў асушыць Галы. Дуброўскі.

2. Зняславіць, абняславіць. Вучань я быў кемлівы, настаўніка не пасароміў. Шамякін. Сэрца маці згаджалася, а розум пратэставаў, баяўся, каб, крый божа, не нарабіла глупства па дурноце... Не пасароміла б сябе і яе, матку... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паце́рціся, патруся, патрэшся, патрэцца; патромся, патрацеся; пр. пацёрся, ‑церлася; заг. патрыся; зак.

1. Падушыцца, памяцца. Ягады пацерліся.

2. Знасіцца, выцерціся ў выніку доўгага ўжывання. [Макс] патрусіў калашыной сваіх старэнькіх штаноў, якія так пацерліся і знасіліся, што амаль прасвечваліся. Шамякін.

3. Разм. Пажыць, пабыць некаторы час дзе‑н., сярод каго‑н. Нягледзячы на свае маладыя гады, хлапец пацёрся ўжо каля людзей, шмат бачыў і добрага і благога. Гурскі. Гадоў пяць назад, дэмабілізаваўшыся з арміі, .. [Пётр] тыдняў з тры пацёрся ў вёсцы і раптам знік. Караткевіч.

4. Церціся некаторы час. Коні пацерліся пысамі аб .. [Кастусёвы] плечы. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што і чаго.

1. Прапусціць праз сіта, рэшата і пад. для ачысткі ад пабочных прымесей. Старая Лукашыха, Аўгеня, прыйшла да свае суседкі Югасі пазычыць падсітак прасеяць мукі. Колас. Нідзе, здаецца, няма столькі пяску, як на гэтай дарозе. Белы, чысты, сыпучы, як прысак. Яго нібы прасеялі праз сіта. Ракітны. / у перан. ужыв. Час потым прасеяў усё, паставіў усё на сваё месца. Мележ. Паэту не заўсёды ўдавалася так прасеяць моўны матэрыял, каб ачысціць яго ад слоў вузкаабласной лексікі, русізмаў, паланізмаў. Ярош.

2. і без дап. Сеяць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праўдзі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які любіць праўду, схільны гаварыць праўду. Семіпалаў аказаўся сумленным і праўдзівым чалавекам. Колас. Добры, успаміналі суседзі Андрэя, чалавек быў, праўдзівы, разумны. Васілевіч. // Які выражае праўдзівасць як уласцівасць характару. Твар быў даўгаваты, лоб шырокі і маршчыністы, вочы шчырыя і праўдзівыя. Чарнышэвіч.

2. Які адпавядае праўдзе, заснаваны на праўдзе. Праўдзівая аповесць. □ Калгаснікі выказалі вялікую ўдзячнасць [пісьменнікам] за праўдзівы наказ іх працоўнага жыцця. Хведаровіч.

3. Разм. Сапраўдны. Якуб Цімохавіч Кубраковіч, як было яго праўдзівае імя, быў раней настаўнікам у нашай Шамаўскай воласці, так што ведалі тут усю яго нешчаслівую гісторыю. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

проціле́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Размешчаны насупраць; які вядзе, ідзе ў адваротным напрамку. Збоку зашалясцела сена. Потым скрып. Не ў дзвярах, а ў процілеглым баку, у куце гумна... Чарнышэвіч. На процілеглым канцы першага з .. [пакояў], супраць дзвярэй, стаяў стол без настольніка. Колас. Рака разлілася так далёка, што процілеглы бераг хаваўся ў шызаватай дымцы. Даніленка.

2. Які супярэчыць чаму‑н., поўнасцю не супадае з чым‑н., карэнным чынам адрозніваецца ад чаго‑н. Процілеглыя погляды. Процілеглыя тэндэнцыі. □ Анэта і Агата, такія процілеглыя па характарах, на рабоце не выключалі, а дапаўнялі адна адну. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)