зава́ла, ‑ы, ж.
1. Прыстасаванне ў форме металічнага стрыжня або палкі для запірання дзвярэй. Жудро і Макарэнка зачыніліся на замок і завалу. Новікаў. Баніфацый імгненна зачыніў дзверы і наклаў завалу. Чарнышэвіч. У сенцах зноў заскрыпелі дзверы, грукнула адкінутая завала знадворных дзвярэй. Краўчанка.
2. Тое, што і завал (у 1 знач.). У гэту ноч яму [Грысю] з Модарам загадана зрабіць завалу на адной важнай дарозе. Кулакоўскі.
3. перан. Лянівы чалавек; лежабок. — Ну і народ, каб ён апрогся! Так запусціць зямлю нядбала? Не гаспадар быў, а завала! — Антось стаіць, штось разважае. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
навастры́цца, ‑ваструся, ‑вострышся, ‑вострыцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пасля наточвання зрабіцца вострым. Піла добра навастрылася.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Стаць, зрабіцца больш адчувальным (пра органы пачуццяў).
3. перан. Разм. Стаць, зрабіцца больш уважлівым; насцеражыцца. — Ой, Мішка, што нядаўна было! — Сяргей аж за галаву схапіўся. — Што? — навастрыўся Міша. Курто.
4. Разм. Набыць уменне, спрыт, стаць спрактыкаваным у чым‑н. У адной хаце славіўся на ўсё сяло пчаляр, які так навастрыўся ў пчалярскай справе сваёй, што нават гаварыць з пчоламі ўмее. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
назначэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. назначаць — назначыць.
2. Распараджэнне, пастанова аб прызначэнні на якую‑н. пасаду, работу. Атрымаць назначэнне. □ Дэсант лічыўся разгромленым, і .. [камандзір] чакаў новага назначэння. Чорны. // Разм. Дакумент, які пацвярджае прызначэнне на пасаду, работу. У кішэні ляжала назначэнне на новую работу.
3. Асноўная функцыя, роля каго‑, чаго‑н. Атрад асобага назначэння. // Мэта, прызначэнне каго‑, чаго‑н. Мець сваё назначэнне. □ Сваё галоўнае назначэнне, як настаўніка, Лабановіч вызначаў так: абудзіць у вучнях і выклікаць да дзеяння крытычны розум. Колас.
4. Прадпісанне ўрача. Доктар Сільвановіч запісваў у картачку назначэнне хвораму. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напе́рці, ‑пру, ‑прэш, ‑прэ; ‑пром, ‑праце; пр. напёр, ‑перла; заг. напры; зак.
Разм.
1. Штурхаючы, націснуць на каго‑, што‑н. Наперці на дзверы. Наперці на людзей.
2. чаго. Прынесці, прывезці ў вялікай колькасці чаго‑н. Наперці дроў з лесу.
3. чаго. Напхаць у вялікай колькасці чаго‑н. Наперці вопраткі ў шафу.
4. безас. каму. Вельмі спатрэбіцца, прыспічыць. — Я, пане Арлоўскі, ноччу са Слуцка ехаў, не спаў, а вам разлічыцца са мной цяжка, бо валі спаць хочацца. А мне хіба не хочацца? Ды мне грошы трэба. — Ай-яй! Так ужо вам наперла, пане Ашакевіч. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наўсця́ж, прысл. і прыназ.
1. прысл. Ва ўсю даўжыню чаго‑н. І гудуць касілкі, Свішчуць тонка косы, І наўсцяж кладуцца Роўныя пракосы. Астрэйка.
2. прысл. На ўсёй прасторы, ва ўсіх напрамках; навокал. І ўся зямля наўсцяж — Законны наш спажытак. Колас. А жыта красуе, а жыта красуе, Каб потым наўсцяж палавецы.. Кляўко.
3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «наўсцяж» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на прадмет, уздоўж па лініі якога што‑н. размяшчаецца, рухаецца. Самалёты, як развярнуліся, так і паляцелі наўсцяж дарогі, на захад, на гарадок. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
недалу́жны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Слабы, хваравіты. Быў гэты певень крыху недалужны, кульгаў на адну нагу. Лынькоў. // Бяссільны. Пакуль пануе звон ланцужны, То твой пратэст — крык недалужны. Колас.
2. Непрыглядны, няскладны, няўклюдны. З выгляду [чалавек] так сабе — недалужны, затое на язык бойкі: за словам у кішэню не лезе. Якімовіч. // Недарэчны, сказаны не да месца. [Лясніцкі] хацеў быў перавесці.. [Нініны словы] на жарт, але замест гэтага вырваўся з вуснаў недалужны дакор. Зарэцкі.
3. перан. Недалёкі, прастакаваты. [Рыбаку] на хвіліну здалося, што Партноў.. нейкі недалужны блытанік, але тут жа ён здагадаўся: следчы хоча заблытаць яго. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
не́льга, безас. у знач. вык.
1. Немагчыма; няма магчымасці. Да майго слыху даляталі толькі адны галасы, слоў жа разабраць было нельга. Нікановіч. Пісаць больш нельга, бо ў нас трывога, І я кладу за плечы клунак свой. Астрэйка. Шкадавала маці Ігнася, ой, як шкадавала, — выказаць нельга. Мурашка.
2. Забаронена, не дазваляецца. Курыць тут нельга: побач бензін. // Няможна, не трэба. Нельга ж так мучыць каня, трэба адпачыць жывёле. Сёмка даў каню захвачаны [з дому] авёс і .. прылёг каля воза. Гартны. — Глеба гатова, марудзіць нельга, трэба сеяць, каб не спазніцца. Зарэцкі.
•••
Нельга не адзначыць гл. адзначыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пад’ёмны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да пад’ёму (у 1 знач.). Пад’ёмная сіла крылаў. // Які служыць для пад’ёму чаго‑н. Пад’ёмны кран. Пад’ёмны механізм. □ Тэадаліт мае тры пад’ёмныя вінты — пры дапамозе іх прыводзяць лімб у гарызантальнае становішча... Пташнікаў.
2. Зроблены так, каб можна было падняць. Пад’ёмная заслона. Пад’ёмны мост.
3. у знач. наз. пад’ёмныя, ‑ых. Грошы, якія выдаюцца пры пераездзе на новае месца работы. Атрымаць пад’ёмныя. □ [Чалавек], здаецца, не адказаў на маё прывітанне, а папрасіў маё накіраванне. Прабег яго вачыма, паклікаў нейкую Надзю, загадаў ёй мяне «правесці загадам» і выплаціць пад’ёмныя. Гаўрылкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́дла, ‑ы, ж.
1. Труп жывёліны; мярцвячына. Калі звер галодны дарвецца да падлы — да яго падыходзяць бліжэй: не чуе, заняўшыся. Пташнікаў. Гэтыя агідныя звяры [гіены] кормяцца больш усялякай падлаю і рэдка нападаюць на людзей. Маўр.
2. Разм. зневаж. Аб кім‑, чым‑н. вельмі дрэнным. [Антон:] — Яшчэ гэтага толькі нам не хапала, каб псаваць сваё здароўе праз кожную падлу. Машара. Ды перабраў тут дзядзька меру: На слуп узбіўся, на халеру, Ды так аб падлу штурхануўся, Што свет яму перавярнуўся. Колас. // Лаянка, грубы зварот. — Пятрусь, уставай! — гукнула старая на печ. — Уставай, падла ты, тры гадзіны! Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паду́жаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм.
1. Перамагчы, асіліць у барацьбе. [Міша:] — Чаму так? Славік баксёр першага разраду, а падужаць мяне не можа. Мыслівец. Здавалася, што гаварыла возера Доўгае: «Ну, дзе вам падужаць мяне. Я маю такую сілу, што на ўсіх вас хопіць». Броўка. // Пераадолець чыё‑н. супраціўленне, справіцца з кім‑н. У саюзе будзь З рабочым класам, — Усіх і ўсё Падужаць зможам... Чарот.
2. Справіцца з чым‑н., што патрабуе фізічных намаганняў і пад. [Старожка:] — Памажыце мне прынесці тую канапу, а то я сама не падужаю. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)