БРАНКО́ВІЧ (Ніна Несцераўна) (н. 18.11.1951, в. Хрыса Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. спявачка (альт). Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыла Брэсцкае муз. вучылішча (1973). З 1974 у квартэце «Купалінка» (з 1976 у складзе фалькл.-харэагр. ансамбля «Харошкі»), у 1987—96 у Бел. філармоніі. Манеры выканання спявачкі найб. блізкія бел. нар. песні лірычнага плана («Каля майго церама», «Павей, ветрык», «Шумяць вербы», «Зялёны гай», «Купалялё»). У складзе квартэта зрабіла шмат запісаў на радыё і грампласцінкі, у т. л. кампакт-дыск (Парыж, 1995).

т. 3, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ТЧЫКАЎ (Генадзь Іванавіч) (10.3.1914, в. Міхееўка Кудымкарскага р-на Пермскай вобл., Расія — 10.12.1944),

удзельнік партыз. руху на Украіне і Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую ваен. школу сувязі (1936). У сак. 1943 на чале групы разведчыкаў закінуты ў тыл ворага, дзейнічаў у раёне Гомеля, Чарнігава, Шчорса, Ноўгарада-Северскага, са снеж. 1943 у Баранавічах, Ваўкавыску, Слоніме, Бярозе, Ружанах; група перадала ў штаб 1-га Бел. фронту больш за 450 данясенняў. Загінуў у баі на тэр. Польшчы.

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЖЭ́СКІ (Вітольд Часлававіч) (25.11.1913, с. Рутанка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 16.10.1984),

бел. вучоны ў галіне сац. гігіены і аховы здароўя. Д-р мед. н. (1969). Скончыў Ленінградскі мед. ін-т (1936). З 1936 працаваў у Расіі, у 1961—82 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па гісторыі земскай хірургіі.

Тв.:

Земская хирургия // Клинич. хирургия. 1963. № 12;

Роль губернских земских больниц в организации медицинской помощи населению // Сов. здравоохранение. 1968. № 1.

Літ.:

Плешавеня А. Асабісты фонд // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1987. № 2.

т. 3, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БРЭСЛА́Ў»

(«Breslau», № 36),

кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў у акупіраваным Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Праводзілася 5—19.9.1942 сіламі 5 батальёнаў вермахта, вучэбнага палка ВПС і паліцэйскіх падраздзяленняў з мэтай акружыць і знішчыць партызан, якія наносілі ўдары па гарнізонах фашыстаў у в. Прыбар і Ніканавічы. У ходзе аперацыі каля в. Ухлясць карнікі атрымалі адпор, вялі працяглы бой з партызанамі, але не здолелі акружыць іх і знішчыць. У раёне аперацыі фашысты загубілі больш за 1000 сав. грамадзян.

т. 3, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́ЙСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1916 з цэглы ў г. Вілейка Мінскай вобл. Храм падоўжна-восевай 4-часткавай кампазіцыі: 2-ярусная званіца (чацвярык на прамавугольным прытворы), завершаная 8-гранным шатром з цыбулепадобным купалком, трапезная, асн. аб’ём з бакавымі прыдзеламі накрыты 4-схільным дахам з 5 купаламі, паўкруглая апсіда. Гал. ўваход вырашаны лучковым праёмам з круглым акном над ім. У дэкоры выкарыстаны формы стараж.-рус. дойлідства (бочкападобнае перакрыцце прыдзелаў, кілепадобныя ліштвы вокнаў, аркатура, парэбрык, філёнгі). Іл. гл. да арт. Вілейка.

т. 4, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́ЙСКІ КРЫЖАЎЗВІ́ЖАНСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры пач. 20 ст. Пабудаваны ў 1906—13 у г. Вілейка Мінскай вобл. паводле праекта арх. А.​Клейна. Спалучае рысы раманскай і гатычнай архітэктуры. Мураваная 3-нефавая базіліка з развітым трансептам, тарцы якога завершаны высокімі трохвугольнымі франтонамі, і 5-граннай апсідай з асіметрычнымі прыбудовамі па баках. Дамінанта кампазіцыі — вежа. Яе 4 бакі завершаны трохвугольнымі шчытамі з круглымі і стральчатымі аконнымі праёмамі, вуглы фланкіраваны маленькімі ігольчатымі вежамі. У інтэр’еры — размалёўка пад мазаічныя арабескі. Іл. гл. да арт. Вілейка.

т. 4, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЦЬ, Прабойная канава,

рака ў Калінкавіцкім і Хойніцкім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток Прыпяці. Даўж. 70 км. Пл. вадазбору 991 км². Пачынаецца каля в. Нахаў Калінкавіцкага р-на, цячэ ў Хойніцкім р-не па нізіне Гомельскае Палессе. Прытокі — невял. ручаі і меліярац. канавы. Даліна невыразная, у нізоўі зліваецца з поймай Прыпяці. Да в. Барысаўшчына Хойніцкага р-на пойма двухбаковая; яе шыр. 200—300 м. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у 3-й дэкадзе сакавіка.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАСАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

неалітычная культура плямён, якія ў канцы 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. насялялі ўзбярэжжы Ніжняй Акі, Клязьмы і Верхняй Волгі (Расія). Назва ад стаянкі каля в. Воласава Уладзімірскай вобл. Асн. занятак насельніцтва — рыбалоўства. Жылі ў паўзямлянках на вял. паселішчах. Выраблялі крамянёвыя прылады, таўстасценны керамічны посуд з круглым або плоскім дном, багата арнаментаваны рамачным і грабеньчатым штампамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне. Знойдзены крамянёвыя і касцяныя фігуркі птушак, жывёл і чалавека. Магчыма, плямёны Воласаўскай культуры былі продкамі фіна-уграў.

т. 4, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬСЯ,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 8 км на З ад г. Паставы. Пл. 0,25 км², даўж. 840 м, найб. шыр. 390 м, найб. глыб. 2,5 м, даўж. берагавой лініі 2,6 км. Пл. вадазбору 43,2 км². Схілы катлавіны выш. 3—4 м, на Пд і ПдУ 5—7 м, разараныя, месцамі пад лугамі. Берагі нізкія, месцамі сплавінныя. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шыр. 5—250 м. Упадае ручай Вінгра, выцякае ручай у Мядзелку.

т. 4, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РАНЬ,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл. у бас. р. Ула, за 14 км на ПнЗ ад г. Лепель. Пл. 2,4 км², даўж. 2,6 км, найб. шыр. 1,47 км, найб. Глыб. 16 м, даўж. берагавой лініі 9,8 км. Пл. вадазбору 57,1 км². Схілы катлавіны выш. 2—3 м, на ПнЗ да 8 м, месцамі разараныя. Дно з падводнымі падняццямі, лагчынамі і косамі, да глыб. 2 м пясчанае. Каля 25% плошчы займае расліннасць. На Пн упадае р. Вароніца, сцёк у р. Зеха.

т. 4, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)