БАРЫСЕ́НКА (Уладзімір Аляксандравіч) (25.1.1912, в. Пеніца Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 12.4.1993),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Сумскае артыл. вучылішча (1937), афіцэрскую артыл. школу (1950). У Чырв. Арміі з 1931. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Ленінградскім і 2-м Бел. франтах. Удзельнік прарыву блакады Ленінграда, вызвалення Прыбалтыкі, Беларусі. У лютым 1944 каля Араніенбаўма (цяпер г. Ламаносаў, Расія) артполк пад яго камандаваннем знішчыў глыбокаэшаланіраваныя ўмацаванні, дзесяткі танкаў і гармат праціўніка. Да 1957 у Сав. Арміі.

т. 2, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫСЕ́НКА (Яўген Піліпавіч) (н. 25.7.1933, в. Хацкавічы Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі і жывёлагадоўлі. Д-р с.-г. н. (1993). Скончыў БСГА (1957). З 1967 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі, з 1990 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па тэхналогіях прыгатавання кармоў з выкарыстаннем высокабялковых кармавых культур і сіласавання кармоў з зернефуражных культур у сумесі з бабовымі. Пад яго кіраўніцтвам распрацавана сістэма інтэнсіўнага вядзення лугапашавай гаспадаркі.

Тв.:

Перспективные технологии заготовки травянистых кормов. Мн., 1990 (у сааўт.).

т. 2, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́САЎ (Уладзімір Паўлавіч) (28.7.1923, г.п. Уразава Белгарадскай вобл., Расія — 17.9.1987),

рускі кінарэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1983). Скончыў Усесаюзны Дзярж. ін-т кінематаграфіі (1952). Паставіў фільмы «Бітва ў дарозе», «Цішыня», «Шчыт і меч» (выканаў ролю разведчыка Бруна), «Факты мінулага дня» (Дзярж. прэмія Расіі 1982), «Дні Турбіных» (выканаў ролю Мышлаеўскага; тэлевізійны) і інш. З 1955 як характарны і камедыйны акцёр здымаўся ў кіно: «Я крочу па Маскве», «Злачынства і пакаранне», «Бег» і інш. У некаторых сваіх фільмах быў аўтарам ці сааўтарам сцэнарыяў.

т. 2, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАШКІ́РАЎ (Леанід Андрэевіч) (н. 24.12.1930, г. Рыльск Курскай вобл., Расія),

бел. фізікахімік. Д-р хім. н. (1973), праф. (1987). Скончыў Варонежскі ун-т (1954). З 1959 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі, з 1985 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. даследаванні па вывучэнні магнітных уласцівасцяў, механізма і кінетыкі цвердафазных рэакцый у сістэмах аксідаў металаў і стварэнні на іх аснове матэрыялаў для электроннай тэхнікі (ферытаў, звышправаднікоў, сегнетаэлектрыкаў).

Тв.:

Механизм и кинетика образования ферритов. Мн., 1988 (разам з У.​У.​Паньковым).

т. 2, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́КІШ (Освальд-Ян Лявонавіч) (н. 27.8.1938, в. Трабы Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. імунолаг. Д-р біял. н. (1973), праф. (1978). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1984). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1974 у Віцебскім мед. ін-це (з 1991 прарэктар). Навук. працы па даследаванні ролі алергічных рэакцый у патагенезе гельмінтозаў і ўплыў на іх спецыфічнай і патагенетычнай тэрапіі. Медаль Ц.​І.​Скрабіна УАСГНІЛ 1984.

Тв.:

Медицинская паразитология. Л, 1989;

Тропическая паразитология. Витебск, 1995 (разам з Л.​А.​Храмцовай).

т. 2, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 6 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,21 км², даўж. 750 м, найб. шыр. 460 м, найб. глыб. 5,1 м. Пл. вадазбору каля 1 км².

Схілы катлавіны разараныя, на У і ПнУ пад лесам і хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі сплавінныя. У цэнтры невял. востраў. Зарастае да глыб. 4 м; у флоры рэдкі для Беларусі від — наяда марская. На ПдЗ злучана ручаём з воз. Ясна.

т. 2, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА,

сорт грушы селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Вінёўка і Сапяжанка. Раянаваны ў Віцебскай вобл.

Дрэва моцнарослае, з шырокапірамідальнай негустой кронай. Плоданашэнне на 5—6-ы год пасля пасадкі. Сорт зімаўстойлівы, ураджайны, сярэднеўстойлівы да паршы, устойлівы да бактэрыяльнага рака. Плады сярэдняй велічыні (80—100 г), прадаўгавата-грушападобнай формы, з падоўжнай баразёнкай. Скурка светла-жоўтая са слабым румянцам з сонечнага боку. Мякаць снежна-белая, духмяная, паўмасляністая, сакаўная, салодкая з прыемнай кіслінкай, добрага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў канцы жніўня.

М.​Р.​Мялік.

т. 2, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАЖКО́ (Сяргей Мікалаевіч) (17.11.1870, г.п. Хоцімск Магілёўскай вобл. — 11.2.1956),

савецкі астраном. Чл.-кар. АН СССР (1929). Скончыў Маскоўскі ун-т (1892), працаваў там жа (з 1918 праф.). У 1918—31 дырэктар Маскоўскай абсерваторыі. Навук. працы па практычнай астраноміі і даследаванні пераменных зорак. Адкрыў заканамерную змену крывой і перыяду бляску цэфеід (т.зв. эфект Блажко). Прапанаваў новы спосаб фатаграфавання малых планет, сканструяваў некалькі арыгінальных прыбораў. Аўтар падручнікаў па астраноміі. Дзярж. прэмія СССР 1952.

Літ.:

С.​Н.​Блажко: [Некролог] // Астрон. журн. 1956. Т. 33, вып. 2.

С.М.Блажко.

т. 3, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗНЕ́Ц (Віктар Сямёнавіч) (10.4.1933, с. Уладзіміраўка Кампанееўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 2.4.1981),

украінскі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1957). Пісаў пераважна для дзяцей. Творы вызначаюцца драматызмам, глыбокім псіхалагізмам, паасобныя з элементамі казачнай фантастыкі (аповесці «Ветразі над стэпам», 1965; «Зямлянка», 1966; «Драўляне», 1968; «Маўчун», 1972; раман «Падземныя барыкады», 1977). Развіццю духоўнасці падлеткаў прысвечана аповесць «Гук павуцінкі» (1970). Літ. прэмія імя Л.​Украінкі 1988.

Тв.:

Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1983;

Бел. пер. — Гук павуцінкі: Аповесць. Мн., 1974.

В.​А.​Чабаненка.

т. 3, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОНСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры класіцызму. Пабудавана з дрэва ў 1826 у в. Блонь (Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.). Сіметрычны прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай апсідай. Над бабінцам званіца (васьмярык на чацверыку) са шпілем, над сяродкрыжжам 8-гранны светлавы барабан са шлемападобным купалам. Гал. фасад акцэнтаваны манум. порцікам, які ўтвараюць 4 мураваныя калонкі і трохвугольны франтон. Сцены гарызантальна ашаляваны, завершаны карнізам з поясам «сухарыкаў», разным фрызам. У інтэр’еры асн. частка 3-нефавая, над бабінцам хоры.

Блонская Троіцкая царква.

т. 3, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)