ПЛІ́СКА,

старажытны горад, першая балгарская сталіца (7 — канец 9 ст.). Руіны знаходзяцца за 25 км на ПнУ ад сучаснага г. Шумен у Балгарыі. Агульная плошча П. каля 23 км², у цэнтры знаходзілася цытадэль з магутнымі абарончымі сценамі, Вялікім і Малым палацамі, якія былі складзены з вял. каменных блокаў. Горад абкружалі земляны вал і роў. Археал. даследаванні П. вядуцца з канца 19 ст. Знойдзены рэшткі зброі, прылады працы, упрыгожанні, кераміка, арх. дэталі. Для культуры больш характэрны слав. рысы, сустракаюцца і элементы, характэрныя для культуры цюркаў-пратабалгар, якія прыйшлі на тэр. Балгарыі з Прыазоўя. У 893 сталіца з П. перанесена ў Прэслаў; з 17 ст. — руіны.

т. 12, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭАЛІТЫ́ЧНЫЯ ФЕРМЕ́НТЫ, пратэазы,

ферменты класа гідралаз; каталізуюць гідроліз пептыдных сувязей у бялках і пептыдах. Прысутнічаюць ва ўсіх жывых арганізмах. У пазваночных жывёл бываюць пазаклетачныя (П.ф. стрававальнага тракту — пепсін, трыпсін і інш., крыві — трамбін, рэнін, плазмін і інш.) і ўнутрыклетачныя (катэпсіны). Пазаклетачныя выпрацоўваюцца звычайна ў выглядзе неактыўных праферментаў. П.ф. падзяляюць на 2 групы: эндапептыдазы, якія каталізуюць гідроліз пептыдных сувязей унутры поліпептыднага ланцуга і экзапептыдазы, якія каталізуюць адшчапленне ад поліпептыднага ланцуга канцавых амінакіслот (з N - або С-канца малекулы). Выкарыстоўваюць у даследаваннях для ўстанаўлення будовы бялкоў і пептыдаў, у харч. прам-сці (мякчэнне мяса, сыраварства), у медыцыне (гаенне ран і апёкаў, лячэнне пухлін і інш.).

т. 13, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЁМНАЯ СЯМ’Я́,

форма ўладкавання і выхавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і П.с. ўтвараецца на падставе дагавора аб перадачы дзіцяці (дзяцей) у сям’ю і прац. дагавора, што заключаецца паміж органамі апекі і папячыцельства і прыёмнымі бацькамі (мужам і жонкай або асобнымі грамадзянамі, якія жадаюць узяць дзяцей на выхаванне ў сям’ю). На выхаванне ў П.с. перадаецца дзіця (дзеці), якое не дасягнула паўналецця, на тэрмін, прадугледжаны дагаворам. Парадак перадачы дзяцей у П.с., умовы, якім павінны адпавядаць прыёмныя дзеці і прыёмныя бацькі, вызначаны заканадаўствам. На ўтрыманне кожнага дзіцяці П.с. штомесяц выплачваюцца грашовыя сродкі ў парадку, вызначаным урадам.

Г.​А.​Маслыка.

т. 13, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФРАКТО́МЕТР (ад лац. refractus пераломлены + ...метр),

аптычная прылада для вымярэння паказчыка пераламлення святла ў газах, вадкіх і цвёрдых асяроддзях. Бываюць лабараторныя і прамысловыя, якія наз. таксама рэфрактаметрычнымі датчыкамі.

У лабараторных Р., прынцып дзеяння якіх заснаваны на пераламленні святла, даследаванаму ўзору надаюць форму прызмы і па вымераным вугле адхілення прамянёў у ёй вылічваюць пераламлення паказчык n. У Р., якія выкарыстоўваюць поўнае ўнутранае адбіццё. n вызначаецца па значэнні лімітнага вугла выхаду праменя з даследаванага ўзору ў асяроддзе з вядомым n (ці ў адваротным напрамку). Прамысловыя Р. прызначаны для неперарыўнай аўтам. рэгістрацыі дынамікі вытв. працэсаў; іх выкарыстоўваюць і ў аўтам. лініях для рэгулявання тэхнал. працэсаў.

т. 14, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНАПТЫ́ЧНАЯ МЕТЭАРАЛО́ГІЯ,

раздзел метэаралогіі, які вывучае атмасферныя працэсы, што вызначаюць умовы надвор ’я, а таксама іх змены для распрацоўкі прагнозу надвор’я. Даследуе буйнамаштабныя атм. працэсы (узнікненне і перамяшчэнне цыклонаў і антыцыклонаў, паветраных мас і франтоў атмасферных), якія ахопліваюць па гарызанталі сотні і тысячы кіламетраў. Аналіз атм. працэсаў праводзіцца пры дапамозе сінаптычных карт, верт. разрэзаў атмасферы, аэралагічных дыяграм. У сінаптычным аналізе выкарыстоўваюцца таксама фотаздымкі воблакаў з метэаралагічных спадарожнікаў, матэрыялы назіранняў за воблакамі, ападкамі і інш. атм. з’явамі пры дапамозе метэаралагічных радыёлакатараў. На падставе заканамернасцей, якія выяўляюцца пры вывучэнні матэрыялаў, скарыстання лічбавых метадаў прагнозу і рашэння ўраўненняў гідра- і тэрмадынамікі пры дапамозе ЭВМ, распрацоўваюцца прагнозы надвор’я.

т. 14, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІРЭ́НА (франц. siréne ад грэч. seirēn сірэна, міфічная дзева, якая прываблівала мараходаў сваімі спевамі),

прылада для атрымання гукавых ці ультрагукавых ваганняў шляхам перарывання струменя паветра ці пары.

Паводле прынцыпу работы С. бываюць дынамічныя (вярчальныя) і пульсуючыя. Больш пашыраны дынамічныя, якія падзяляюцца на восевыя і радыяльныя. Першыя складаюцца з 2 дыскаў з адтулінамі, праз якія прапускаецца струмень газу пад ціскам Пры вярчэнні аднаго дыска (ротара) адносна другога (статара) у моманты супадзення адтулін струмень праходзіць, у моманты перакрыцця — спыняецца. У радыяльных сістэмах замест дыскаў ужываюцца кааксіяльныя пустыя цыліндры ці поршні са шчылінамі. Выкарыстоўваюцца на маяках, суднах, у сістэмах апавяшчэння аб небяспеках і інш. Гл. таксама Газаструменныя выпрамяняльнікі.

т. 14, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАНІ́РАВАННЕ (ад англ. scan разгортваць; праглядаць) у медыцыне, метад даследавання асаблівасцей анат. будовы і размяшчэння ўнутр. органаў, шкілета, выяўлення пухлін (іх метастазаў) і інш. Адрозніваюць радыеізатопнае С. (шляхам графічнай рэгістрацыі размеркавання ў арганізме радыефармацэўтычнага прэпарата з дапамогай аўтам. рэгістравальных прылад — сканераў, якія ажыццяўляюць парадковае перамяшчэнне дэтэктара над ч. цела, што даследуецца) і ультрагукавое (з выкарыстаннем ультрагуку). Пры радыеізатопным С. выпрамяненне радыеізатопаў рэгіструецца і пераўтвараецца спец. электронным прыстасаваннем у штрыхавыя адзнакі на паперы (утвараецца чорна-белая або каляровая сканаграма). Пры аналізе сканаграм выяўляюць ачагі (участкі) залішняга або недастатковага назапашвання прэпарата, якія характарызуюць павышаную або паніжаную функцыян. актыўнасць органа, тканкі.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАПЦЫ́,

адна са старых рускіх сектаў, якая вылучылася з хрыставер’я (хлыстоў). У 1760—70-я г. пашырылася сярод аброчных сялян у шэрагу цэнтр. губерняў Расіі. Заснавальнікам і найб. аўтарытэтам С. лічыўся К.​Селіванаў. Аскетызм у С. прыняў крайнюю форму: патрабаваў ад вернікаў «вогненнага хрышчэння» — кастрацыі. Лічылася, што менавіта С. (са спасылкай на Евангелле, дзе ідзе размова пра С., якія самі спаклалі сябе для царства нябеснага) будуць тымі выбраннікамі, «ангелападобнымі людзьмі», якія застануцца пасля страшнага суда. Царскія ўлады жорстка праследавалі С., неаднаразова ссылалі. У пачатку 20 ст. налічвалася прыблізна 5—6 тыс. С. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі абшчыны С. распаліся.

т. 14, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ле́мег, ле́міг, ляме́г ’бервяно ў франтоне’ (Касп.), ’папярочнае бервяно ў закоце’ (Сцяшк., Бяльк., КЭС, лаг.), лемягі́, лімягі́ ’франтон’, ’зашчытак у пунях’ (лепел., ДАБМ, к. 230; Сл. паўн.-зах., Мат. Бых., Бяльк.), лямёга ’зашчытак’ (П. С.). Рус. ле́мег, лемиг, лемя́г арл. ’прасценак’, маек, ’кроквы’, смал. ’маціца’, пск. леме́га ’драбіны’, лемега́, ле́меги ’тоўстыя жэрдкі, на якія насцілаюцца дошкі ў драбінах’, ’сані для перавозкі грузаў’, польск. lemiąż, lemiąże ’жэрдкі, якія ўзмацняюць вільчык страхі’, палаб. letnąz ’кроква’, н.-луж. lenijaz, lemjaz, rjemjaz, lemʼes ’лёстка ў драбіце’, чэш. lemez ’кроква’, ’бервяно ў франтоне’, ст.-чэш. letniez ’бэлька’, славац. olemäziť(seno) ’прыціснуць (сена)’, славен. lęmez ’кроква’, ’друк, дручок’, серб.-харв. лемез, Ijemez ’жэрдка, якая прыціскае страху’. Прасл. lěmęgъ ’бэлька, дручок, якія прыціскаюць страху, сена ў возе’, зах.- і паўдн.-слав. лексемы зыходзяць з lemě-gъ+jь > lěmez (у Шустара–Шэўца (11, 814) падаецца гэта форма ў выглядзе: lemędzь, lěmędzь). Мае адпаведнікі толькі ў літ. мове: liemuo, liemens ’ствол дрэва’, ’аснова’, ’тулава’ (Слаўскі, 2, 144–145; Скок, 2, 335; Бязлай, 2, 132–133). Трубачоў дае слав. праформу ў выглядзе lěmę/lěmene, выведзеную з рус. валаг. лима ’бруха’ (якое з *lěma), чарапавецк. лемена ’лішай, плямы на целе’ (Этымалогія–72, 177).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рэда́кцыя

(фр. rédaction, ад лац. redactus = прыведзены ў парадак)

1) апрацоўка і падрыхтоўка рукапісу да друку;

2) пэўны тэкст або пэўная фармуліроўка, якія чым-н. адрозніваюцца ад падобных тэкстаў або фармуліровак (напр. новая р. статута);

3) група работнікаў, якія займаюцца падрыхтоўкай рукапісу да выдання;

4) калектыў рэдактараў, работнікаў, якія кіруюць перыядычным органам друку;

5) памяшканне, дзе працуюць рэдакцыйныя работнікі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)