КАТАЛЕ́ПСІЯ (ад грэч. katalēpsis захоп, утрыманне),

расстройства рухальнай функцыі, якое праяўляецца ў захаванні хворым доўгі час нададзенай яму позы, у т. л. і вельмі нязручнай. Бывае пры Паркінсона хваробе, істэрыі, шызафрэніі. К. можа выклікацца штучна ў стане гіпнозу. Лечаць асн. захворванне ў псіхіятрычным стацыянары.

т. 8, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДВО́ЙТ, лантвойт,

лентвойт (стараж.-верхненям. lentvoget),

службовая асоба ў гарадах ВКЛ, якія мелі магдэбургскае права, намеснік войта. Выконваў даручэнні войта, у час адсутнасці войта — яго абавязкі. Прызначаўся войтам або ўладальнікам горада, у 16—17 ст. мяшчанства некат. гарадоў (Магілёў, Пінск, Брэст) дамаглося права выбіраць Л.

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯМЁШКА,

у беларусаў рэдкая страва з мукі. Жытнюю, радзей грэцкую муку падпрэжвалі, потым засыпалі ў круты вар або залівалі ім, варылі ў печы пры агні. У наш час Л. часам называюць зацірку, рэдкі кулеш, мяшанку жывёле. Вядома на Брэстчыне, Гомельшчыне, Магілёўшчыне.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 9, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РА,

самастойны атрад цяжкаўзброенай пяхоты колькасцю больш за 1000 чал. у стараж. Спарце (з 431 да н.э.); тактычная адзінка спартанскай арміі. Кожная М. ўключала 4 лохі, лох — 2 пентакостысы, пентакостыс — 2 брацтвы або двайную энамотыю. У час бою падраздзяленні М. дзейнічалі ў складзе фалангі.

т. 10, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЕР ((Payer) Юліус) (1.9.1842, Шонаў, каля г. Цепліцы, Чэхія — 30.8.1915),

аўстрыйскі палярны даследчык. У 1872—74 узначаліў разам з К.Вайпрэхтам экспедыцыю на судне «Тэгетгоф», у час якой быў адкрыты архіпелаг, названы Зямлёй Франца-Іосіфа.

Тв.:

Рус. пер. — 725 дней во льдах Арктики. Л., 1935.

т. 11, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДЖА (санскр. — князь, цар, правіцель),

княжацкі тытул у дзяржавах Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Існуе са стараж. часоў, упамінаецца ў Ведах. У сярэднявеччы — правіцель невял. княства, васал махараджаў, індус паводле веравызнання. Ў час брыт. калан. панавання ў Індыі — адзін з ганаровых тытулаў буйных землеўладальнікаў-індусаў.

т. 13, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКАЕ КНЯ́СТВА,

удзельнае княства ў 13 ст. ў бас. р. Рось (левы прыток Нёмана). Цэнтр — г. Ваўкавыск. Паводле пісьмовых крыніц, вядомы адзіны князь Глеб. Іпацьеўскі летапіс пад 1256 паведамляе, што ў паходах галіцка-валынскіх і мазавецкіх князёў на яцвягаў удзельнічалі князі новагародскі Раман, свіслацкі Ізяслаў і ваўкавыскі Глеб як васальна залежны ад галіцка-валынскага князя. У час паходу татарскага ваяводы Бурундая на Літву ў 1258 галіцкі кн. Даніла Раманавіч захапіў Ваўкавыск, узяў у палон кн. Глеба. У 1260—80-я г. княства падуладнае князям ВКЛ Войшалку, Шварну, Трайдзеню. У 1289 князі ВКЛ Будзікід і Будзівід перадалі Ваўкавыскае княства валынскаму кн. Мсціславу Данілавічу, «абы с ними мир держал». Верагодна, Ваўкавыскае княства існавала працяглы час у складзе ВКЛ у канцы 13 — пач. 14 ст.

Я.​Г.​Звяруга.

т. 4, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРУ́ЗДЗІН (Сяргей Аляксеевіч) (22.7.1926, Масква — 4.3.1991),

рускі пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага (1958). У 1966—91 гал. рэдактар час. «Дружба народов». Аўтар раманаў «Паўтарэнне пройдзенага» (1964), «Аповесці пра жанчын» (1967), «Лізавета Паўлаўна» (1979), аповесцяў «Само сабой» (1980), «Час лістападу» (1982; пра партыз. рух на Беларусі ў Вял. Айч. вайну), зб-каў апавяданняў і аповесцяў «Я люблю нашу вуліцу...» (1969), «Тое, што было ўчора» (1975), «Вершы мінулых гадоў» (1983), а таксама кн. «Людзі і кнігі. Літаратурныя нататкі» (1978). Пісаў творы для дзяцей. Выступаў з артыкуламі пра творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Броўкі, І.​Мележа, М.​Танка, А.​Адамовіча, В.​Быкава, І.​Шамякіна, І.​Чыгрынава, В.​Казько. На бел. мову перакладзены кн. Баруздзіна «Месяц і сонца» (1972; пер. А.​Марціновіч), «Краіна, дзе мы жывём» (1977; пер. Е.​Лось).

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АНА́ЛАЎ» ШКО́ЛА кірунак у гістарыяграфіі, які склаўся ў Францыі вакол заснаванага ў 1929 час. «Annales d’histoire économique et sociale» [«Аналы эканамічнай і сацыяльнай гісторыі»; цяпер «Annales. Ekonomies, sociétés, civilisations» («Аналы. Эканоміка, грамадства, цывілізацыі»)]. Стваральнікі і рэдактары часопіса — франц. гісторыкі М.Блок і Л.​Феўр, іх пераемнікі — Ф.​Брадэль, Ж.​Ле Гоф, Э.​Леруа Ладзюры, М.​Феро і інш. Прадстаўнікі «Аналаў» школы засяроджваліся на глыбінных працэсах, якія рухаюць гісторыю, пашырылі паняцце сац. гісторыі, разумеючы гіст. чалавека не толькі ў межах яго паліт. паводзін, але і ў звычайным жыцці і сац. псіхалогіі. Разглядаюць гіст. падзею, факт, біяграфію гіст. дзеяча як прызму, праз якую можна больш поўна аднавіць карціну жыцця людзей мінулых эпох; вывучаюць ментальныя працэсы ў грамадстве. У цяперашні час «Аналаў» школа (наз. таксама «новая гіст. навука») — моцны інтэлектуальны рух, які аб’ядноўвае вучоных Францыі, ЗША Англіі, Германіі, Аўстрыі, Італіі, Польшчы і інш. краін.

т. 1, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІНШЭ́ВІЧ (Леў Аляксандравіч) (6.2.1898, С.-Пецярбург — 1980),

бел. і ўкр. гісторык. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (з 1916), скончыў Кіеўскую вайск. школу (1918). У 1918 прыняў грамадзянства БНР. З 1921 працаваў ва Укр. АН. Супрацоўнічаў з бел. час. «Полымя», Інбелкультам і Бел. АН. З 1933 праф. Нежынскага пед. ін-та. Абвінавачаны ў бел. і ўкр. «бурж. нацыяналізме» і звольнены. З канца 1930-х г. працаваў у Смаленску. У час Вял. Айч. вайны жыў на Украіне. З 1944 у Зах. Германіі, затым у ЗША. У 1950-я г. працаваў у цэнтры па вывучэнні СССР у Вашынгтоне. Вывучаў гісторыю Беларусі і Украіны 16—17 ст.; супрацоўнічаў з Бел. ін-там навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Аўтар прац пра сав. арбітраж і гістарыяграфію.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)