род кветкавых раслін сям. верасовых. Больш за 600 (па інш. звестках да 1300) відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від Р. жоўты (Rh. luteum), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў падлеску хваёвых лясоў, утварае зараснікі. З інтрадукаваных відаў найб. пашыраны Р.: даурскі (Rh. dahuricum), Ледэбура (Rh. ledebourii) і японскі (Rh. japonicum). Шмат сартоў і садовых форм вырошчваецца ў парках, альпінарыях, аранжарэях і пакоях (азаліі).
Вечназялёныя і лістападныя кусты, радзей невял. дрэвы. Лісце чаргаванае, суцэльнае. Кветкі буйныя, часта яркія, у шчыткападобных або парасонападобных суквеццях. Плод — каробачка. Некат. віды — меданосы, але іх мёд часта мае таксічнае ўздзеянне. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМАРЫ́Н (Rosmarinus),
род кветкавых раслін сям. губакветных. 1 від (паводле інш. звестак 3—5 блізкароднасных відаў). Пашыраны ў Міжземнамор’і, стварае характэрны элемент мясцовай расліннасці (маквіс). Са стараж. часу як эфіраалейную расліну культывуюць Р. лекавы (R.officinalis). На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і пакоях.
Вечназялёныя кусты выш. 0,5—2 м. Каранёвая сістэма дасягае глыб. 4 м. Старыя галіны дравяністыя, разгалінаваныя, маладыя парасткі густаапушаныя. Лісце лінейнае, падоўжанае (да 4 см), скурыстае, знізу белалямцавае. Кветкі блакітнаватыя, у гронкападобных пазушных суквеццях. Плод — арэшак. З лісця і парасткаў атрымліваюць эфірны алей, які выкарыстоўваецца ў медыцыне, парфумерыі, лікёра-гарэлачнай і кандытарскай прам-сці. Эфіраалейныя, лекавыя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТАРО́ПША (Silybum),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. 2 віды. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 від — Р. плямістая, або вострастракатая (S. marianum). Трапляецца каля жылля, на агародах, па краях дарог і палёў.
Р. плямістая — калючы адналетнік выш. 60—150 см, з верацёнападобным коранем і прамым, рабрыстым, лямцава-апушаным сцяблом. Лісце буйное, скурыстае, з вял. белымі плямамі і жоўтымі калючкамі, ніжняе — чаранковае, эліпсападобнае, верхняе — сядзячае, ланцэтнае, перыста-лопасцевае. Кветкі дробныя, трубчастыя, лілова-малінавыя, у адзіночных кошыках. Плод — сямянка. Маладое лісце і чаранкі ўжываюцца як салата, у насенні да 30% алею, прыдатнага ў ежу. Лек., дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ФІЯ (Raphia),
род кветкавых раслін сям. пальмаў. Каля 30 відаў. Пашыраны ў трапічнай Афрыцы, на Мадагаскары (1 від) і ў Паўд. Амерыцы (1 від). Трапляюцца на балотах, забалочаных глебах, затапляльных нізінах.
Аднаствольныя ці са шматлікімі стваламі пальмы выш. 9—12 м. Лісце перыстае, даўж. 15—20 м. Суквецці буйныя (дыяметрам 4—5 м), галінастыя, з песцікавымі і тычынкавымі кветкамі. Плады з валакністай абалонкай. Пасля плоданашэння расліна адмірае (монакарпічныя расліны). Лісце і чаранкі маюць трывалае валакно (піясава), з якога вырабляюць шчоткі і плеценыя вырабы. Лісце — дахавы матэрыял. З соку гатуюць пальмавае віно і гарэлку, плады спажываюць у ежу, з іх атрымліваюць алей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДБЕ́КІЯ (Rudbeckia),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы. Завезены ў Еўропу ў 17 ст. Лёгка дзічэюць. На Беларусі ў лугавых згуртаваннях, каля жылля, дарог, па берагах рэк трапляюцца Р. рассечаная (R. laciniata) і шурпатая (R. hirta). У культуры вырошчваюць Р.: бліскучую (R. fulgida), глянцавітую (R. nitida), двухколерную (R. bicolor), Залаты Шар (махровы сорт Р. рассечанай), рассечаную, шурпатую і інш.
Адна-, двух- ці шматгадовыя карэнішчавыя травы. Сцёблы высокія, разгалінаваныя, голыя або апушаныя, Лісце суцэльнае ці перыстараздзельнае. Кветкі ў буйных адзіночных кошыках з камбінаванай жоўтай, пурпуровай і карычневай афарбоўкай. Плод — сямянка. Дэкар. расліны.