ГО́МЕЛЬСКІ КА́БЕЛЬНЫ ЗАВО́Д, «Гомелькабель». Створаны ў 1958 на базе Гомельскага з-да «Металапракат». Выпускаў неізаляваныя і эмальправады. З 1996 адкрытае акц. т-ва «Гомелькабель». Мае цэх абмотачных правадоў і 3 участкі (неізаляваных правадоў, перамоткі рухавікоў, тавараў нар. ўжытку). Асн. прадукцыя (1997): правады розных марак і метал. саставу для паветр. ліній электраперадач, правады медныя са шкловалакністай ізаляцыяй, дрот алюмініевы і медны, шнуры тэлефонныя і накрыўкі пластмасавыя, шклянкі і куфлі мерныя, падаўжальнікі электрычныя і тэлефонныя і інш. Асн. сыравіна паступае з краін далёкага замежжа і Расіі.
т. 5, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЦАГАВІ́НСКА-БАСНІ́ЙСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1882,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць аўстра-венг. панавання ў Босніі і Герцагавіне. Штуршком да яго паслужыла ўвядзенне воінскай павіннасці (закон ад 4.11.1881). Пачалося з нападу групы ўзбр. сялян ноччу 10 студз. на жандарскую казарму ў г. Улог, потым пашырылася на Паўн.-Усх. Герцагавіну і Паўд.-Усх. Боснію; ва Улогу (стаў цэнтрам паўстання) быў створаны орган улады паўстанцаў — меджліс. У студз.—лют. дрэнна ўзброеныя паўстанцы на чале з С.Кавачавічам і С.Фортам намагаліся заняць гарады Фоча і Трнава. Задушана ў крас. аўстра-венг. войскамі пад камандаваннем фельдмаршала Іаванавіча.
т. 5, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́Л ІМАВЕ́РНАСЦІ,
агульная назва некалькіх звязаных адна з адной спец. функцый, напр., інтэграл памылак
. У тэорыі імавернасцей пераважна выкарыстоўваюць І.і. Гаўса
.
Для выпадковай велічыні x, якая мае нармальнае размеркаванне з матэм. чаканнем 0 і дысперсіяй σ2, імавернасць таго, што |x|≤t роўная er𝑓(t/√2). Для вылічэння І.і. створаны спец. табліцы.
т. 7, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л 2 ½»,
пашыраная назва Міжнар. рабочага аб’яднання сацыяліст. партый (ці Венскага інтэрнацыянала), якое існавала ў 1921—23. Створаны на міжнар. канферэнцыі ў Вене (22—27.2.1921). Аб’ядноўваў партыі і групы т.зв. «цэнтрысцкага» кірунку, якія парвалі з «правым» «апартуністычным» Бернскім інтэрнацыяналам і не далучыліся да «левага» Камуністычнага Інтэрнацыянала. У ім былі прадстаўлены партыі і групы з многіх краін Еўропы і ЗША, а таксама рас. меншавікі і эсэры. Не маючы трывалай ідэйнай асновы, паступова перайшоў на пазіцыі Бернскага інтэрнацыянала, з якім у маі 1923 зліўся ў Сацыялістычны рабочы інтэрнацыянал.
т. 7, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІУ́ДА МАКАВЕ́Й (стараж.-яўр. Молат; ? — 160 да н.э.),
кіраўнік нар. паўстання супраць панавання Селеўкідаў у Іудзеі. У адказ на рэліг. праследаванні іудзеяў селеўкідскім царом Антыёхам IV у 167 І.М. узначаліў паўстанцкі рух. Атрымаў шэраг перамог, у 164 захапіў Іерусалім і нанава асвяціў храм. У 161 заключыў саюз з Рымам. Пасля гібелі І.М. ў бітве пры Элеасе барацьбу за заваяванне поўнай паліт. незалежнасці Іудзеі (142 да н.э.) узначальвалі яго браты. Маст. вобраз І.М. створаны ў трагедыі О.Людвіга, араторыі Г.Ф.Гендэля, оперы А.Рубінштэйна і інш.
т. 7, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЬМА́ ПРУТКО́Ў,
калектыўны літ. псеўданім і сатыр. вобраз, створаны ў 1850—60-я г. групай рус. пісьменнікаў, у якую ўваходзілі А.К.Талстой і браты Аляксей, Аляксандр і Уладзімір Жамчужнікавы. Камічны партрэт К.П. намалявалі Аляксей Жамчужнікаў, А.Бейдэман і Л.Лагорыо. Сатыр. творы К.П. (вершы, байкі, літ. пародыі, эпіграмы, афарызмы, камедыі) накіраваны супраць коснасці, кансерватызму, абмежаванасці, тупасці чыноўніцтва, літ. эпігонства. Многія яго выслоўі сталі крылатымі. Творы К.П. публікаваліся ў час. «Искра», «Современник» і інш.
Тв.:
Соч. М., 1982.
Літ.:
Жуков Д. Козьма Прутков и его друзья. 2 изд. М., 1983.
т. 7, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЧАКА́ ЎРАД,
адзін з гал. цэнтраў антыбальшавіцкага (белага) руху ў Расіі ў час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22. Створаны 18.11.1918 адм. А.В.Калчаком («вярх. правіцель») замест скінутага ім урада Уфімскай дырэкторыі. Размяшчаўся ў г. Омск. Складаўся з савета міністраў і савета вярх. правіцеля; у губернях кіравалі губернатары. Меў значныя ўзбр. і паліцэйскія сілы. У рознай ступені кантраляваў тэр. Сібіры, Урала, Д. Усходу. Намагаўся аднавіць парадкі, якія існавалі да 1917 у Рас. імперыі, праследаваў бальшавікоў і інш. Пасля заняцця Омска часцямі Чырв. Арміі Калчак 4.1.1920 перадаў уладныя паўнамоцтвы ген. А.Д.Дзянікіну.
т. 7, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПРЫ́ЧЫО (італьян. capriccio літар. капрыз),
капрыс, інструментальная п’еса свабоднай будовы ў віртуозным стылі. Сярод гіст. разнавіднасцей К. — п’еса імітацыйнага складу, блізкая да рычэркара ці фантазіі; праграмная жанравая сцэнка; характарная рамант. мініяцюра для фп. або аркестравы твор з ярка выяўленай нац. афарбоўкай, падобны да рапсодыі. Узоры К. створаны І.С.Бахам, Н.Паганіні, П.Чайкоўскім, М.Рымскім-Корсакавым. У бел. музыцы К. прадстаўлены ў творчасці А.Багатырова, Р.Бутвілоўскага, Г.Вагнера, Г.Гарэлавай, А.Мдывані, С.Картэса («Капрычас» для фп. з арк. паводле графічнай серыі Ф.Гоі) і інш.
Р.М.Аладава.
т. 8, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПТУРО́ВЫ СУД,
часовы надзвычайны суд у Рэчы Паспалітай па разгляду тэрміновых спраў у часы бескаралеўя. Са смерцю манарха звычайныя суды, якія ажыццяўлялі правасуддзе імем караля, спынялі сваю дзейнасць (акрамя гродскіх). Упершыню К.с. створаны канфедэрацыяй шляхты пасля смерці Жыгімонта II у 1572. Стафан Баторый прызнаў К.с. і зацвердзіў іх пастановы (выракі). Пасля яго смерці ў 1586 малапольская шляхта выбрала каптуровых суддзяў у асобе ваявод. Іх зацвердзіў Варшаўскі канвакацыйны сейм 1587, які дазволіў выбраць К.с. ва ўсіх ваяводствах, у т. л. ў ВКЛ. Практыку ўтварэння К.с. скасаваў сейм 1768.
т. 8, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКІ ЗАВО́Д ГУ́МАВА-ТЭХНІ́ЧНЫХ ВЫ́РАБАЎ.
Створаны 25.4.1975 у г. Капыль Мінскай вобл. на базе Капыльскага райпрамкамбіната. Меў 2 цэхі: гумава-тэхнічных вырабаў і мэблевы. У 1997 пабудаваны цэх падрыхтоўкі сыравіны для вытв-сці тэхн. гумы і трыкат. палатна. Асн. прадукцыя (1998): гумавыя боты, галёшы розных мадэляў, шыны для дзіцячых веласіпедаў, тэхпласціна, наборы мэблі «Беларуская хата», для кухні, прыхожай, шафы для вопраткі, тэхн. дакументацыі, кніжныя паліцы і інш. Вытв-сць гумавага абутку складае 75% ад агульнага аб’ёму прадукцыі. Сыравіна для абутку закупляецца ў Расіі, на Украіне, для мэблі — на Беларусі.
т. 8, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)