БЕ́ЛІЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1777—1852, у Магілёўскай (да 1796 і з 1802) і Беларускай губ. Утвораны паводле Указа імператрыцы Кацярыны II ад 22.3.1777 у адказ на прашэнне ўладальніка Гомеля графа П.А.Румянцава-Задунайскага аб перанясенні пав. цэнтра з Гомеля. Цэнтрам павета стала сяло Беліца, якому з гэтай нагоды нададзены статус горада. У 1786 пав. адміністрацыя пераехала ў спецыяльна пабудаваны для гэтага г. Новая Беліца. Новы ўладальнік г. Гомеля кн. І.Ф.Паскевіч-Эрыванскі дамогся ў 1852 пераводу пав. цэнтра зноў у Гомель (гл. Гомельскі павет).

М.І.Камінскі.

т. 3, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПЕНЬ,

вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Свіслач, каля аўтадарогі Асіповічы — в. Свіслач. Цэнтр сельсавета і калект.-далявой гаспадаркі «Ліпень». За 20 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Асіповічы, 126 км ад Магілёва. 1000 ж., 401 двор (1999). Лясніцтва, участак Асіповіцкага лясгаса, цэх па перапрацоўцы драўніны, швейны цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Каля вёскі селішча банцараўскай культуры (6—8 ст.) і эпохі Кіеўскай Русі (10—13 ст.).

т. 9, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСО́ЎСКІ (Міхаіл Якаўлевіч) (17.3.1931, в. Белы Мох Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 1.10.1970),

бел. жывапісец і графік. Скончыў Бел. тэатр.маст. ін-т (1960). У 1960—70 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працаваў у жанрах партрэта, быт., станковай графіцы. Жывапісныя работы вызначаюцца рэаліст. трактоўкай вобразаў, багаццем каларыту, псіхалагізмам: «Настаўніца» (1960), партрэты бел. пісьменнікаў Я.Брыля, Я.Семяжона (абодва 1967), Н.Гілевіча (1968) і інш. Аўтар шматлікіх малюнкаў, карыкатур і шаржаў на тэмы культ. жыцця (альбом «Няўрокам кажучы...», 1971).

Літ.:

Шматаў В.Ф. Беларуская сатырычная графіка (1945—1970 гг.). Мн., 1971.

М.Лісоўскі. Настаўніца. 1960.

т. 9, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦВІ́НАВІЦКАЯ ШКО́ЛА-КАМУ́НА,

першая савецкая доследна-паказальная працоўная школа. Існавала ў 1918—19 у в. Ліцвінавічы Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ. (цяпер Кармянскі р-н Гомельскай вобл.). Засн. П.М. Лепяшынскім. Навучанне і выхаванне ў школе спалучалася з працай. Фарміраванню і развіццю дзіцячага калектыву, выхаванню адказнасці, таварыскай узаемадапамогі садзейнічала добра арганізаванае самаабслугоўванне. Навуч. праграмы для школы распрацоўваў пед. калектыў. Навучэнцы вялі паліт.-асв. работу сярод насельніцтва. У 1919 школа пераведзена ў Маскву, з Лепяшынскім туды выехалі і 22 вучні, якія сталі выхаванцамі Маскоўскай доследна-паказальнай школы імя П.М.Лепяшынскага.

т. 9, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ДЧЫЦЫ,

помнікі археалогіі каля в. Лудчыцы Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.: стаянка грэнскай культуры (12—8 тыс. г. назад) і курганны могільнік 11 ст. На стаянцы выяўлены рэшткі авальнага заглыбленага ў мацярык жытла драўлянай канструкцыі накшталт ярангі. Знойдзены крамянёвыя прылады працы (наканечнікі стрэл, разцы, скрабкі, вастрыі, пласціны і інш.), паблізу жытла — рэшткі агнішча. Пахавальны абрад на могільніку — трупапалажэнне на мацерыку галавой на 3, адно пахаванне з нябожчыкам у становішчы седзячы на дошцы. Знойдзены пацеркі, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, бранзалеты, бронзавая літая фігурка чалавека і інш.

т. 9, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ МУЗЕ́Й ЭТНАГРА́ФІІ,

філіял Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея. Адкрыты ў 1981. Пл. экспазіцыі 760 м​2, каля 4,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Матэрыялы музея знаёмяць з матэрыяльнай і духоўнай культурай сялян Магілёўскага Падняпроўя і гарадскім побытам магіляўчан канца 19 — пач. 20 ст. Сярод экспанатаў прылады працы, прадметы побыту, нар. адзенне краснапольскага і магілёўскага строяў, калекцыі ручнікоў кожнага раёна Магілёўшчыны, абразоў магілёўскай іканапіснай школы 17—19 ст., кафлі і драўлянай скульптуры 17—19 ст., фарфоравага і сярэбранага посуду, самавараў, мэблі, газавых лямпаў, царк. кнігі, часопісы 19 — пач. 20 ст.

С.Б.Рыбакова, Ж.Я.Клімуць.

т. 9, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКАЎ (Пётр Іванавіч) (н. 1.7.1936, в. Вусце Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне інфармацыйна-вымяральнай тэхнікі. Канд. тэхн. н. (1970), праф. (1993). Скончыў Уральскі электрамех. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1962). З 1971 у Магілёўскім маш.-буд. ін-це (з 1997 навук. кіраўнік н.-д. цэнтра валаконна-аптычнай тэхнікі). Навук. працы па інфармацыйна-вымяральных сістэмах, валаконна-аптычнай тэхналогіі і тэхніцы кантролю і дыягностыкі.

Тв.:

Волоконно-оптические преобразователи в приборах технологического контроля. Мн., 1984 (разам з В.М.Шапавалавым);

Волоконно-оптическая интроскопия. Л., 1987 (разам з А.А.Кетковічам, Д.К.Сатаравым).

Пётр Маркаў.

т. 10, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНО́ЎСКІ (Яўген Іванавіч) (19.3. 1874, г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. — 25.7.1934),

бел. і расійскі вучоны ў галіне паразіталогіі і інфекц. хвароб, адзін з арганізатараў барацьбы з малярыяй у СССР. Д-р мед. н. (1909). Скончыў Маскоўскі ун-т (1899). Працаваў у Маскве: з 1921 арганізатар і дырэктар Ін-та малярыі, паразіталогіі і гельмінталогіі (наз. яго імем), з 1923 у Маскоўскім ун-це (заг. кафедры). Навук. працы па даследаванні лейшманіёзаў, малярыі, спірахетозаў і вывучэнні членістаногіх — пераносчыкаў узбуджальнікаў хвароб.

Тв.:

Этиология «восточной язвы» (bouton d’Orient) и краткие сведения об этой болезни. М., 1909.

т. 10, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РЧАНКА (Уладзімір Мацвеевіч) (н. 27.4.1949, в. Хадунь Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1986), праф. (1988). Скончыў БДУ (1971). З 1979 у Бел. тэхнал. ун-це (з 1986 заг. кафедры). Навук. працы па якаснай тэорыі кіравання ў дынамічных сістэмах, функцыянальна-дыферэнцыяльных ураўненнях. Распрацаваў алг. метады даследавання лінейных стацыянарных дынамічных сістэм з паслядзеяннем.

Тв.:

Об алгебраическом обосновании одного критерия управляемости // Дифференциальные уравнения. 1973. Т. 9, № 11;

К управляемости линейных систем с последействием // Докл. АН СССР. 1977. Т. 236, № 5.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 10, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЗЕВА (Глафіра Антонаўна) (н. 2.1.1911, в. Кабылянка Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне патафізіялогіі. Д-р мед. н., праф. (1959). Засл. дз. нав. Беларусі (1966). Скончыла Маскоўскі пед. (1933) і Віцебскі мед. (1940) ін-ты. У 1948—69 заг. кафедры, адначасова ў 1961—65 рэктар Віцебскага мед. ін-та. Навук. працы па ролі нерв. сістэмы ў патагенезе хвароб і кампенсацыі парушаных функцый, вострай ныркавай недастатковасці.

Тв.:

Роль нервной системы в механизме восстановления функций организма при смертельных кровопотерях (разам з Р.М.Прусам) // Вестн. хирургии им. Грекова. 1951. Т. 71, № 4.

т. 11, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)