БУЛЫ́КА (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 18.3.1935, в. Селішча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. мовазнавец. Чл.-кар. АН Беларусі (1994), д-р філал. н. (1981), праф. (1992). Скончыў БДУ (1959). З 1965 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследуе мову помнікаў стараж. бел. л-ры, старабел. графіку, арфаграфію, фанетыку, марфалогію, лексікалогію і інш.: «Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы» (1970), «Даўнія запазычанні беларускай мовы» (1972), «Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст.» (1980). Аўтар «Слоўніка іншамоўных слоў» (1993), рэдактар і сааўт. «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1—14, 1982—96).

А.М.Булыка.

т. 3, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЫ́КА (Галіна Аляксандраўна) (н. 6.12.1960, в. Восава Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэтэса. Дачка А.М.Булыкі. Скончыла хім. ф-т БДУ (1983), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1989). У 1990—94 у газ. «Культура», з 1994 у час. «Беларуская думка». Друкуецца з 1983. У зб-ках вершаў «Сінтэз» (1986), «Турмалін» (1994) — рацыяналізм і экспрэсіўнасць, эмац.-эстэтычнае асваенне «непаэтычных» фіз. і хім. з’яў і рэчываў, філасафічнасць, незвычайнасць міфалагічнай і фалькл. сімволікі, шматпланавасць, неадназначнасць сэнсу (вершы пра гісторыю, навуку, культуру, мастацтва, каханне і інш.).

І.​У.​Саламевіч.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ШЧЫК (Мікалай Уладзіміравіч) (н. 22.5.1948, в. Дзераўная Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). У 1975—81 выкладчык БПІ. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны («Які прыгожы гэты свет», 1976; «Узыходжанне» і «Трынаццаць», 1992), партрэта (Флора Дуднік, 1986, М.​А.​Каралькоў, 1995), пейзажа («Вечар у вёсцы», 1978, «Прастора», 1990, «Тумановы ранак», 1994) і інш. Дамінуючымі ў творчасці з’яўляюцца адвечныя пытанні філасофіі быцця, унутраны свет чалавека («Прысвячэнне Ефрасінні Полацкай», 1995, і ІНШ.).

Н.​В.​Федасеенка.

М.Бушчык. Прысвячэнне Ефрасінні Полацкай. 1995.

т. 3, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ГНА-СХЕ́ДА,

балота ў Беларусі, на Пд Мастоўскага і Пн Зэльвенскага р-наў Гродзенскай вобл., у пойме р. Зальвянка. Нізіннага тыпу. Пл. 11,3 тыс. га (у т. л. ў Мастоўскім раёне 5,8 тыс. га), у межах прамысл. пакладу 7 тыс. га. Глыб. торфу да 4 м, сярэдняя 1,5 м. Пач. запасы торфу 22,6 млн. т. Ёсць паклады мергелю магутнасцю да 1,5 м. На балоце пясчаныя ўзвышаныя астравы. Асушаецца з 1962, меліяраваныя землі выкарыстоўваюцца пад сенажаць. На астатняй частцы асокі, драбналессе і хмызнякі з бярозы, вярбы, чорнай вольхі.

т. 2, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛІЦКІ ВАЛУ́Н,

помнік прыроды на Беларусі. За 500 м на Пн ад в. Балічы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобласці. Валун шэрага гнейсу з мноствам крышталёў гранату, даўж. 4,1 м, шыр. 2 м, выш. 1,5 м, у абводзе 9,5 м, аб’ём 12,3 м³, маса каля 33 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс. г. назад са Скандынавіі. Мае 31 паўсферычнае паглыбленне (3—5 см у папярочніку, да 4 см глыбіні), зробленае чалавекам каля 2—2,5 тыс. г. назад. У язычніцкія часы прадмет пакланення.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 2, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬЦЭ́ВІЧ (Вацлаў Мартынавіч) (1876, в. Лялянцы Воранаўскага р-на Гродзенскай вобласці — 1902),

рэвалюцыянер, адзін з пачынальнікаў с.-д. руху на Беларусі і ў Літве. У вер. 1897 арыштаваны па справе Віленскага рабочага гуртка. Пасля турэмнага зняволення ў лют. 1899 высланы ў Вяцкую губ., адкуль уцёк на радзіму. Вёў рэв. прапаганду сярод рабочых Вільні, Гродна, Коўна. У жн. 1900 дэлегат 2-га з’езда Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПІЛ), на 3-м з’ездзе (вер. 1901) выбраны ў Гал. праўленне партыі. Памёр у Вільні ад сухотаў.

т. 2, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСКЕ́Т (франц. bosquet ад італьян. baschetto лясок, гаёк),

дэкаратыўная група дрэў або кустоў, густа пасаджаных вакол невял. замкнёнага ўчастка геам. формы і падстрыжаных у выглядзе высокіх роўных сценак (шпалер). Ствараюцца ў парках, бат. садах, дэндрарыях. У зялёных сценках баскету часам выразаюць спец. нішы для скульптур або малых арх. формаў. У еўрап. садова-паркавым мастацтве пашыраны з 16—18 ст. На Беларусі вядомы ў парках 18 ст. (Дубайскі парк, у в. Вялікае Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.). Элементы баскету выкарыстоўваюцца ў сучасным садова-паркавым мастацтве.

Баскет.

т. 2, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАГРУ́ДСКІ МІХА́ЙЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1900—05 у в. Белагруда (Лідскі р-н Гродзенскай вобл.), на высокім беразе р. Дзітва. 3-нефавая 2-вежавая базіліка з трансептам і 5-граннай апсідай з бакавымі сакрысціямі. Сіметрыя гал. фасада вылучана высокім арачным парталам уваходу, галерэяй і акном-ружай над ім. З цэглы вымураваны лапаткі, аркатурныя фрызы, ліштвы, профілі і раскрапоўкі. Аркі і люнеты ў інтэр’еры ўпрыгожаны фрэскавай арнаментальнай размалёўкай. У завяршэнні нефа манументальны на высокім цокалі 2-ярусны шматкалонны алтар у стылі неакласіцызму, над уваходам хоры.

Белагрудскі Міхайлаўскі касцёл.

т. 2, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 16—20 ст. Утвораны ў 1520 у Падляшскім, з 1566 у Брэсцкім ваяводстве ВКЛ. У крыніцах 16—17 ст. на старабел. мове Берасцейскі павет. Цэнтр — г. Брэст (Берасце, Бярэсце, Брэст-Літоўск, Брэст-над-Бугам). З 1795 у складзе Рас. імперыі: у Слонімскай, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губ. Пл. павета 4893,2 км², нас. 218,4 тыс. чал. (1897). У 1921—39 у Палескім ваяводстве ў Польшчы. 4.12.1939 уключаны ў склад Брэсцкай вобласці БССР. 15.1.1940 скасаваны, вобласць падзелена на раёны.

т. 3, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУЛЕ́ВІЧ (Рыгор Раманавіч) (19.4.1907, в. Вял. Кракотка Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 28.10.1974),

удзельнік рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, дзеяч бел. эміграцыі. Адзін з арганізатараў гурткоў Бел. сялянска-работніцкай грамады і Т-ва бел. школы, б-кі імя Я.​Купалы на радзіме. Каб пазбегнуць арышту, у 1928 эмігрыраваў у Канаду. Удзельнічаў у выпуску газ. «Канадский гудок», якая мела бел. старонку. Адзін са стваральнікаў Федэрацыі рус. канадцаў і яе друкаванага органа газ. «Вестник». Аўтар кн. «Рускія ў Канадзе» (Таронта, 1952), брашуры «50 год Беларускай рэспублікі» (Таронта, 1968).

т. 1, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)