надклас (клас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Найбуйнейшая група жывёл (больш за 1 млн. відаў, каля 70% ад агульнай колькасці відаў). Вядомы з сярэдняга дэвону (каля 380 млн. гадоў назад). Пашыраны ўсюды, большасць наземныя, жывуць таксама ў вадаёмах, глебе, інш. арганізмах, арган. рэштках. 2 класы (падкласы): скрытнасківічныя (Entognatha) і адкрытасківічныя (Ectognatha). Клас скрытнасківічных уключае падкласы (атр.): бязвусікавыя насякомыя, двуххвосткі і нагахвосткі; адкрытасківічных — шчацінахвостак і вышэйшых, або крылатых, Н. (Pterygota, каля 30 атр.), якіх падзяляюць на 2 групы: з няпоўным і поўным ператварэннем. У групу з няпоўным ператварэннем уваходзяць атр.: аўсянікі, багамолы, вошы, вяснянкі, клапы, палачнікі, пузыраногія, пухаеды, раўнакрылыя хобатныя, сенаеды, скурыстакрылыя, стракозы, тараканавыя, тэрміты, эмбіі, гемімерыды, грылаблатыды, зараптары, прамакрылыя; у групу з поўным ператварэннем — блохі, вееракрылыя, віслакрылыя, вярблюдкі, двухкрылыя, жукі, матылі, перапончатакрылыя, сеткакрылыя, скарпіёнавы мухі, шыцікі. На Беларусі больш за 30 тыс. відаў з 26 атр. (найб.: блохі, двухкрылыя, жукі, клапы, матылі, перапончатакрылыя, пузыраногія, раўнакрылыя хобатныя, стракозы, шыцікі). У Чырв. кнізе Беларусі 79 відаў з 16 атрадаў.
Даўж. ад 0,2 мм (наезнікі-яйцаеды) да 33 см (трапічныя палачнікі). Цела членістае, укрыта кутыкулай (утварае вонкавы шкілет) і адчувальнымі ўтварэннямі — сэнсіламі; падзелена на галаву, грудзі і брушка. Галава нясе ротавыя органы (грызучага, сысучага, колюча-сысучага або ліжучага тыпу), простыя і пару складаных (фасетачных) вачэй, пару вусікаў — антэн. Грудзі з 3 членікаў (пярэдня-, сярэдня- і заднягрудзі), якія нясуць па пары членістых ног і ў большасці відаў 1—2 пары перапончатых крылаў (на сярэдне- і заднегрудзях). Брушка з некалькіх (да 11) сегментаў, у многіх Н. мае канцавыя прыдаткі (джалы, яйцаклады, цэркі). Поласць цела другасная. Будова органаў стрававання залежыць ад тыпу корму. Крывяносная сістэма незамкнёная, рух крыві (гемалімфы) забяспечваецца пульсуючым аддзелам спіннога сасуда — сэрцам. Органы дыхання — сістэма трубачак (трахей), праз якія паветра непасрэдна дасягае тканак і клетак цела, у водных лічынак — шчэлепы. Развіты эндакрынныя, пахучыя, слінныя, воска- і шоўкааддзяляльныя, ядавітыя і інш. залозы. Выдзяляльная сістэма прадстаўлена мальпігіевымі сасудамі, ц. н. с. — т.зв. галаўным мозгам, падглотачным гангліем і брушным ланцужком тулаўных гангліяў. Валодаюць зрокам, нюхам, слыхам, дотыкам, смакам і гігратэрмічным пачуццем. Паводзіны разнастайныя і складаныя. Большасць Н. раздзельнаполыя, з выяўленым палавым дымарфізмам. Развіццё з метамарфозам — няпоўным (уключае 3 стадыі: яйцо, лічынка, або німфа, і дарослае Н., або імага) ці поўным (паміж лічынкай і імага — стадыя кукалкі).
Н. ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў у біясферы (выкарыстоўваюць разнастайныя кармы і самі з’яўляюцца кормам для многіх арганізмаў, выконваюць сан. функцыю), у глебаўтварэнні, апыляюць расліны. Многія Н. — шкоднікі раслін (гл.Шкоднікі збожжа і збожжапрадуктаў, Шкоднікі лесу, Шкоднікі сельскагаспадарчых культур), паразіты жывёл і чалавека, пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (напр., крывасмокі). Некат Н. выкарыстоўваюць для атрымання харч., лек. рэчываў, тэхн. сыравіны (напр., пчол, шаўкапрадаў), у біял. ахове с.-г. і лясных раслін (напр., божых каровак, жужаляў, наезнікаў). Вывучае Н. энтамалогія.
Літ.:
Яхонтов В.В. Экология насекомых. 2 изд. М., 1969;
Бей-Биенко Г.Я. Общая энтомология. 3 изд. М., 1980;
Фабр П.Ж.А. Инстинкт и нравы насекомых: Пер. с фр.Т. 1—2. М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДАРАСЦІ (Algae),
зборная група ніжэйшых споравых, пераважна водных, раслін. Для водарасцей характэрна адсутнасць тыповых для вышэйшых раслін сцябла, лісця і каранёў, аднак у некаторых цела падзелена на ліста- і сцеблападобныя часткі. Прадстаўлены аднаклетачнымі (ад долей мкм), каланіяльнымі і шматклетачнымі слаявіннымі, або таломнымі (даўж. да 60 м), жыццёвымі формамі. Сасудзістая сістэма адсутнічае. Рухомыя водарасці маюць жгуцікі, часам вочка і скарачальныя вакуолі. Размнажэнне разнастайнае: вегетатыўнае, бясполае і палавое (галагамія, ізагамія, анізагамія і аагамія). У шэрагу водарасцей назіраецца строгае чаргаванне пакаленняў — спарафіта і гаметафіта. Жыўленне аўтатрофнае, гетэратрофнае і галазойнае (фагатрофнае); ёсць паразітныя формы. Хларапласты (храматафоры) клетак маюць хларафіл a і b ці a і c, таксама дадатковыя пігменты — фікабіліны (фікацыян, фікаэрытрын, фікаксанцін, карацін і інш.), якія маскіруюць зялёны колер хларафілу і надаюць водарасцям жоўта-зялёную, жоўтую, бурую, чырв., сінюю і сіне-зялёную афарбоўкі.
Вядома больш за 38 тыс. відаў. У залежнасці ад біяхім. асаблівасцей (набору пігментаў, саставу клетачнай абалонкі, тыпу запасных рэчываў) і субмікраскапічнай будовы клетак іх адносяць да аднаго з 10 аддзелаў (тыпаў) водарасцей: дыятомавыя, зялёныя, чырвоныя, сіне-зялёныя, бурыя, пірафітавыя, жоўта-зялёныя, залацістыя, харавыя і эўгленавыя (гл. адпаведныя артыкулы). Усе аддзелы ў працэсе эвалюцыі развіваліся ў асноўным незалежна. Найб. старажытныя з іх — сіне-зялёныя (цыянеі). Водарасці — найб. верагодныя продкі наземных раслін. Сіне-зялёныя і прахларафітавыя водарасці — пракарыёты. Іх часта лічаць асобнай групай арган. свету або адносяць да бактэрый. Пашыраны па ўсім зямным шары. Жывуць пераважна ў вадзе (прэснай і салёнай), у глебе і на яе паверхні, на кары дрэў, камянях, інш. субстратах, у снезе, лёдзе, у сімбіёзе з інш. раслінамі (напр., лішайнікі), могуць выкарыстоўваць для жыццядзейнасці атм., грунтавую і інш. вільгаць. На Беларусі адзначана больш за 2200 відаў, разнавіднасцей і формаў, якія аб’ядноўваюцца ў 300 родаў, 210 з іх глебавыя водарасці, астатнія пашыраны ў розных вадаёмах, на кары дрэў, камянях, розных грунтах і інш. субстратах. Найб. разнастайныя паводле відавога складу дыятомавыя (каля 930 таксонаў з 47 родаў) і зялёныя (640 таксонаў з 139 родаў); зарэгістраваны 320 таксонаў сіне-зялёных, 186 эўгленавых, больш за 50 залацістых, каля 50 жоўта-зялёных, больш за 40 пірафітавых, 13 харавых і 3 віды чырвоных водарасцей.
Водарасці (пераважна фітапланктон) — галоўныя прадуцэнты арган. рэчываў у водным асяроддзі (іх біямаса ў Сусветным ак. складае 1,7 млрд.т), у працэсе фотасінтэзу выдзяляюць у ваду і атмасферу кісларод. Многія віды водарасцей — індыкатары якасці вады, вызначаюць трафічны статус вадаёма. Багатыя вітамінамі (напр., 100 г сухой масы хларэлы задавальняюць сутачную патрэбу чалавека і с.-г. жывёлы ў вітамінах), мінер. солямі, мікраэлементамі. Колькасць бялку, алею і вугляводаў у розных відаў водарасцей ад 5 да 50—80%. Выкарыстоўваюцца ў харч., мед., папяровай, нафтавай, хім. і інш. прам-сці, з іх атрымліваюць агар-агар, альгінаты, ёд, калійныя солі, цэлюлозу, спірт, кармавы бялок, воцатную і альгінавыя кіслоты. Многія водарасці спажываюцца чалавекам (пераважна марскія — марская капуста і салата), ідуць на корм жывёле, угнаенне, служаць важнымі кампанентамі замкнёных экасістэм на касм. караблях і падлодках (напр., хларэла), таксама сістэм біял. ачысткі сцёкавых вод (напр., пратакокавыя водарасці), кормам для зоапланктону і рыб. Масавае развіццё («цвіценне») водарасцей пагаршае якасць вады, парушае работу фільтраў на ачышчальных збудаваннях, выклікае замор рыбы. Некаторыя віды выдзяляюць таксічныя рэчывы, небяспечныя для жывых арганізмаў. Для барацьбы з непажаданымі відамі водарасцей выкарыстоўваюць альгіцыды. Адклады выкапнёвых дыятомавых водарасцей утвараюць вапняковыя і даламітавыя пароды — дыятаміты і інш. Вывучэнне выкапнёвых водарасцей і іх адкладаў мае важнае стратыграфічнае і палеаэкалагічнае значэнне. Водарасці — прадмет вывучэння альгалогіі.
Літ.:
Водоросли: Справ. Киев, 1989;
Жизнь растений. Т. 3. Водоросли. Лишайники. М., 1977;
Саут Р., Уиттик А. Основы альгологии: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОСТ,
збудаванне, якое пракладвае шлях над перашкодай. Узводзяць цераз рэкі і інш. вадацёкі (уласна М.), цераз дарогі (пуцеправоды), яры і цясніны (віядукі), а таксама замест насыпаў і плацін (эстакады). Паводле прызначэння адрозніваюць пешаходныя, аўтадарожныя, чыгуначныя масты, сумешчаныя, для водазабеспячэння (акведукі), пропуску водных шляхоў (М.-каналы), газа- і нафтаправодаў; паводле працягласці бываюць малыя (да 25 м), сярэднія (25—100 м), вялікія (больш за 100 м), пазакласныя (больш за 500 м, у якіх ёсць пралёты болей за 100 м); паводле канструкцыі — арачныя, бэлечныя масты, вантавыя масты, вісячыя масты, рамныя масты, камбінаваныя. Асобную групу ўтвараюць наплаўныя масты, развадныя масты, зборна-разборныя, а таксама масты ваенныя.
М. падзяляюць таксама на: адно-, двух- і шматпралётныя; з яздой па версе, па нізе, па сярэдзіне; нізка- і высакаводныя; жалезабетонныя, стальныя, сталежалезабетонныя, бетонныя, драўляныя (пераважна часовыя). М. звычайна складаецца з пралётных канструкцый і апор (прамежкавых быкоў і канцавых устояў). Апоры М. бываюць масіўныя, ражавыя, па́левыя, на па́левых абалонках, апускных калодзежах і кесонах; устоі спалучаюць М. з земляным палатном дарогі. На пралётнай канструкцыі размяшчаюць праезную ч., пешаходныя праходы, трубаправоды. Асн. параметры М.: агульная даўжыня, даўжыня пралётных канструкцый, шырыня праезнай ч. і тратуараў, падмаставы габарыт. Будуюць па тыпавых або індывід. праектах, выпрабоўваюць на статычныя і дынамічныя нагрузкі. Будаваць М. (драўляныя і каменныя) пачалі са стараж. часоў, на Русі — з 10 ст. драўляныя (пераважна наплаўныя), з пач. 16 ст. — каменныя. Першы метал. (чыгунны) М. пабудаваны ў Англіі ў 1779, у Расіі — у 1784 у Пецярбургу; вял. ланцуговы М. — у 1847—53 у Кіеве. З пач. 20 ст. значнае пашырэнне набылі жалезабетонныя М. З пач. 19 ст. пачалі будаваць вісячыя масты, пралёты іх хутка павялічваліся. У 1937 цераз праліў у Сан-Францыска (ЗША) пабудаваны унікальны вісячы М. з пралётам 1281 м. У тэорыю і практыку мостабудавання значны ўклад зрабілі працы рас. і сав. вучоных М.А.Белялюбскага, Дз.І.Жураўскага, С.В.Кербедза, Л.Ф.Нікалаі, Я.А.Патона, Р.П.Перадзерыя, Л.Дз.Праскуракова, Ф.С.Ясінскага; Э.Фрэйсінэ (Францыя), Р.Маяра (Швейцарыя) і інш.
Многія М. з’яўляюцца помнікамі дойлідства і інж. мастацтва. М. стараж.-рым. дасягнулі адзінства архітэктуры і інжынерыі: выразная архітэктоніка масіўнай шматарачнай канструкцыі, амаль пазбаўленай дэкору, надавала ім выгляд суровай магутнасці (М. Алькантара цераз цясніну р. Таха ў Іспаніі, 98—106 н.э., будаўнік Гай Юлій Лацэр). Найб. пашыраныя да сярэдзіны 19 ст. каменныя М. мелі масіўныя ўстоі і пралёты, што стварала ўражанне ўстойлівасці і надзейнасці. Метал. М. сталі менш грувасткімі і набылі ажурнасць сілуэта (М. цераз р. Дору ў г. Порту ў Партугаліі, 1881—85, інж. А.Г.Эйфель). Яны паўплывалі на стылістыку М. 20 ст.Вял. пластычнай выразнасцю адметныя жалезабетонныя М. Іх дынамічнасць і зрокавая лёгкасць форм надаюць буйным збудаванням своеасаблівую элегантнасць (М. цераз р. Арв у Швейцарыі, 1936, інж. Р.Маяр). Арыгінальныя сілуэты М. істотна ўплываюць на арх. аблічча горада (напр., М. ў Празе, Будапешце, Пецярбургу, Кіеве і інш.).
Сярод найб. значных і прыгожых М.: цераз р. Дзебед каля манастыра Санаін у Арменіі (1192), цераз р. Эльба ў г. Дрэздэн (Германія; 1260), Карлаў М. у Празе (1357), Санта-Трыніты ў Фларэнцыі (Італія; 1567), вісячы Бруклінскі М. у Нью-Йорку (1869—83), Таўэрскі ў Лондане (1886—94), чыг. арачны Мюнгстэнскі цераз даліну р. Вупер каля г. Золінген (Германія; 1897, выш. каля 107 м), цераз р. Св Лаўрэнція ў г. Квебек (Канада; 1899—1917, пралёт 549 м), Вял. Маскварэцкі ў Маскве (1938), Патона ў Кіеве (1951), цераз праліў Басфор (Турцыя; 1973), цераз эстуарый Хамбер на У Вялікабрытаніі (даўж, 1410 м, 1981). Шэдэўрам цяслярнага мастацтва з’яўляюцца драўляныя рыштаванні і кружала Чортавага М. на аўтамагістралі Гера—Іена ў Германіі (1937). Самыя высокія М.: у свеце — на выш. 321 м перасякае Каралеўскі каньён у штаце Каларада, ЗША (пралёт 218 м, 1929), у Еўропе — М. «Еўропа» (выш. 190 м, даўж. 820 м) цераз р. Зіль у г. Інсбрук, Аўстрыя (1959—63). Найб. колькасць М. у г. Гамбург (Германія) — 2,5 тыс., у С.-Пецярбургу — каля 800, у т. л. М. Анічкаў, Банкаўскі, Ільвіны мосцік і інш. У Еўропе захавалася некалькі забудаваных М.: Лонданскі цераз р. Тэмза (1209; да 14 ст. ўяўляў сабой своеасаблівы гар. квартал з 5-павярховымі дамамі), у Парыжы на М. Мянялаў асталяваліся банкіры; М. Понтэ-Векіо ў Фларэнцыі (Італія) з ювелірнымі крамамі; М. крамнікаў у г. Эрфурт (Германія) пабудаваны ў 1325 цераз р. Гера, дзе абапал яго стаяць 34 адрэстаўрыраваныя 2- і 3-павярховыя фахверкавыя дамы. Сярод вядомых стваральнікаў М.: у Англіі Т.Тэлфард, А.Дэрбі, Дж.Уілкінсан, Р.Стэфенсан, у Францыі Эйфель, у Італіі Л.Б.Альберці, Б.Аманаці, у Швейцарыі І.У.Грубенман, у ЗША В.Роблінг і яго сын Дж.А.Роблінг, Дж.Фінлей, на Украіне Я.А.Патон.
На Беларусі драўляныя М. вядомы з 10—11 ст. Іх будавалі цераз рэкі, каналы, балоты, замкавыя равы і інш. Яны мелі 2 асн. апорныя канструкцыі — на палях і ізбіцах. Замкавыя М. падымаліся на спец. ланцугах (узводах). У 1567 у Гродне цераз Нёман пабудаваны драўляны М. з каменнымі падпорамі. У 18—19 ст. узведзены каменныя арачныя М. ў Брэсце, Віцебску і інш. Шэраг чыг. М. пабудаваны з пракладкай Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі (участак Парэчча—Гродна ўведзены ў эксплуатацыю ў 1862) і ўчастка Смаленск—Брэст (у 1871). У 1950—80-я г. пабудаваны: М. цераз р.Зах. Дзвіна ў Віцебску, цераз р. Дняпро ў Магілёве і Рэчыцы (усе арх. В.Ладыгіна), цераз р. Свіслач на праспекце Скарыны і вул. М.Багдановіча ў Мінску, пуцеправоды цераз яр Дзебра ў Магілёве і чыгунку станцыі Мінск-Пасажырскі ў Мінску і інш. На Беларусі больш за 4600 аўтадарожных і каля 2000 чыг. М. (1999). Найб. М. цераз р. Прыпяць каля г. Мазыр Гомельскай вобл.даўж. 947 м пабудаваны ў 1995.
Літ.:
Кётэ Р. Мосты: Пер. с нем. [М., 1991].
І.І.Леановіч, Т.Р.Мартыненка (архітэктура).
Карлаў мост у Празе. 1357.Таўэрскі мост у Лондане. 1886—94.Мюнгстэнскі чыгуначны арачны мост цераз даліну р. Вупер каля г. Золінген. Германія. 1897.Драўляныя рыштаванні і кружала «чортавага» моста на аўтамагістралі Гера—Іена. Германія. 1937.Мост цераз р. Заходняя Дзвіна ў Віцебску. 1953—55.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПУА—НО́ВАЯ ГВІНЕ́Я (Papua New Guinea),
Незалежная дзяржава Папуа—Новая Гвінея (Independent State of Papua New Guinea), дзяржава на ПдЗ Ціхага ак. Займае ўсх.ч. в-ва Новая Гвінея з суседнімі астравамі (агульная пл. каля 400 тыс.км²), архіпелаг Бісмарка, у т. л. а-вы Новая Брытанія (пл. 36,6 тыс.км²) і Новая Ірландыя (пл. 8,6 тыс.км²), паўн.ч. Саламонавых а-воў, у т. л.в-аўБугенвіль (пл. 10 тыс.км²). На в-ве Новая Гвінея мяжуе з Інданезіяй. Абмываецца морамі Ціхага ак.: Новагвінейскім, Саламонавым, Каралавым. Пл. краіны 461,7 тыс.км². Нас. 4705,1 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г.Порт-Морсбі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (16 вер.).
Дзяржаўны лад. П.—Н.Г. — канстытуцыйная парламенцкая манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1975. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога ў краіне прадстаўляе ген.-губернатар, назначаны на 6 гадоў паводле прадстаўлення ўрада. Заканад. орган — аднапалатны Нац. парламент (109 дэпутатаў, выбіраюцца ўсеагульным галасаваннем на 5 гадоў). Урад краіны — Нац. выканаўчы савет на чале з прэм’ер-міністрам, які прызначаецца ген.-губернатарам і падсправаздачны парламенту.
Прырода. Пераважае горны рэльеф. На Новай Гвінеі горы цягнуцца з ПнЗ на ПдУ, дасягаюць 4508 м (г. Вільгельм). На Пд вострава нізіны і раўніны. Большасць інш. астравоў гарыстыя. Есць 18 дзеючых вулканаў, бываюць землетрасенні. З карысных выкапняў найб. значэнне мае медная руда (в-аў Бугенвіль), ёсць запасы золата, нафты і прыроднага газу, цынкавых, хромавых і нікелевых руд. Клімат экватарыяльны (на Пн) і субэкватарыяльны (на Пд). Сярэднія т-ры ўвесь год на ўзбярэжжы і раўнінах каля 26 °C. У гарах вышынная пояснасць. Ападкаў ад 1000 мм на ўзбярэжжы, да 6500 мм у гарах. Год падзяляецца на дажджлівы (снеж.—крас., менш акрэслены на Пн) і сухі сезоны. Шмат мнагаводных рэк, найб. Флай і Сепік. Лясы і хмызнякі займаюць 92,9% тэрыторыі. На раўнінах і ніжніх схілах гор пашыраны вільготныя трапічныя лясы з пальмамі, бамбукамі, дрэвападобнымі папарацямі, панданусамі і інш. На выш. 1000—2000 м пераважаюць вільготныя трапічныя лясы з араўкарыямі і паўд. букам, на вяршынях гор — высакагорныя лугі і хмызнякі. У асобных раёнах на Пд участкі саваннаў. Жывёльны свет астраўнога тыпу, прадстаўлены пераважна эндэмікамі. Захаваліся асобныя віды кенгуру, яхідна і праяхідна, дрэвавыя кускусы, шэрстахвосты, бандыкуты. Шмат кажаноў, птушак, паўзуноў, насякомых. Нац. паркі Варырата, Мак-Адам, ёсць рэзерваты.
Насельніцтва. Жыве бальш за 700 народаў і плямён. Больш за 85% складаюць папуасы, якія жывуць пераважна ва ўнутр. частках Новай Гвінеі і на вялікіх астравах; на ўзбярэжжах месцамі жывуць меланезійцы (каля 14%). У гарадах невял. групы англа-аўстралійцаў. Вернікі пратэстанты (44%), католікі (22%), прыхільнікі мясц.рэліг. культаў (34%). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 2,3% (1999). Сярэдняя шчыльн. каля 10,2 чал. на 1 км². На ўзбярэжжы і ў гарах на выш. 1200—2000 мшчыльн. дасягае 50—100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 16% насельніцтва. Найб. горад Порт-Морсбі (каля 200 тыс.ж.; 2000), каля 30—40 тыс.ж. у гарадах Рабаул, Маданг, Лаэ. У сельскай гаспадарцы занята 64% насельніцтва.
Гісторыя П. — Н.Г. заселена продкамі сучасных папуасаў каля 30 тыс.г. назад. Каля 5 тыс.г. назад у прыбярэжных раёнах пасяліліся продкі меланезійцаў. Першым з еўрапейцаў Новую Гвінею наведаў партуг. капітан Ж.Мінезіш. У 1545 ісп. капітан І.О.Рэтэс даў востраву назву Новая Гвінея. У 1700 брыт. мараплавец У.Дампір адкрыў паўн. ўзбярэжжа П. — Н.Г. і в-аў Новая Брытанія, які ў 18—19 ст. даследавалі брыт. і франц. мараплаўцы (Дж.Кук, Л.А.Бугенвіль і інш.). У 1870—80-я г. сярод жыхароў паўн.-ўсх.ч. П. — Н.Г. жыў рус. вучоны-этнограф М.М.Міклуха-Маклай. У 1884 паўн.-ўсх.ч. Новай Гвінеі абвешчана герм. пратэктаратам Новая Гвінея, а паўд.-ўсх.ч. — брыт. пратэктаратам Папуа (з 1888 калонія); усх.ч. вострава адышла да Нідэрландаў (цяпер — прав. Інданезіі Ірыян-Джая). У 1906 Вялікабрытанія перадала Папуа пад кіраванне Аўстраліі. У 1-ю сусв. вайну Аўстралія акупіравала герм.ч. Новай Гвінеі і атрымала ў 1912 ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ёю (з 1946 падапечная тэр.ААН пад кіраваннем Аўстраліі). У 2-ю сусв. вайну б.ч. П. — Н.Г. акупіравалі яп. войскі, тут адбыўся шэраг важных бітваў. У ліп. 1949 тэр. Папуа і Новая Гвінея аб’яднаны ў адзіную адм. адзінку «Тэр. Папуа і Новая Гвінея» (з 1971 П. — Н.Г.). У 1951 створаны мясц.Заканад. савет, у 1964 — Тэр. асамблея. У 1973 атрымала ўнутр. самакіраванне.
16.9.1975 абвешчана незалежнасць П. — Н.Г. У краіне ўсталяваўся парламенцкі лад са шматпартыйнай дэмакратыяй, для якога характэрны няўстойлівыя парламенцкія кааліцыі і блокі. Гал. мэта ўсіх урадаў — пераадоленне адсталасці краіны, б.ч. насельніцтва якой вядзе прымітыўны лад жыцця. Дзейнічаюць паліт. партыі: «Пангу парці», Нар.-дэмакр. рух, Нар.-прагрэс. партыя П. — Н.Г. — чл.ААН (з 1975), Садружнасці.
Гаспадарка. Краіна параўнальна нізкага ўзроўню развіцця. Валавы нац. прадукт (ВУП) на 1 чал. — каля 2,4 тыс.дол. за год. Гал. галіна — сельская гаспадарка. У апошнія дзесяцігоддзі развіваецца гарнарудная прам-сць. У сельскай гаспадарцы ствараецца 28% ВУП, у прам-сці (пераважна гарнаруднай) — 35%, у абслуговых галінах — 37%. У сельскай гаспадарцы пераважаюць натуральныя і паўнатуральныя гаспадаркі пл. да 0,5—1 га, развіваецца кааператыўны рух, ёсць плантацыі, якія належаць англа-аўстралійцам. Гаспадаркі мясц. насельніцтва заснаваны на выкарыстанні ручной працы, пашырана лядна-агнявое земляробства. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 500 тыс.га, пад лугамі і пашай каля 100 тыс.га. На плантацыях вырошчваюць какосавую пальму (штогод атрымліваюць каля 150 тыс.т копры), каву, какаву, каўчуканосы, бананы; у гаспадарках мясц. насельніцтва — сорга, тара, ямс, батат, маніёк, цукр. трыснёг, хлебнае дрэва, агародніну. Жывёлагадоўля развіта слаба, гал. галіна — свінагадоўля. У 1997 буйн. раг. жывёлы 105 тыс. галоў, свіней 1,5 млн. галоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (тунец), лоўля крабаў і крэветак. Паляўніцтва. Нарыхтоўка дзікарослай сагавай пальмы, каштоўнай драўніны. У прам-сці гал. роля належыць здабычы меднай руды на в-ве Бугенвіль (каля 200 тыс. меднага канцэнтрату штогод). Здабываюць таксама золата (горныя раёны в-ва Новая Гвінея, каля 15 т штогод), серабро, цынк, нафту. Здабычу карысных выкапняў вядуць замежныя кампаніі. У 1996 атрымана 1,7 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі (71% даюць цеплавыя электрастанцыі, 29% — ГЭС). Гал. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці: ф-кі па абагачэнні меднай руды, фанерныя з-ды, лесапілкі, па апрацоўцы какосавых арэхаў, кавы, какавы, чаю, тытуню, алейныя, піваварныя. Ёсць з-ды бетонных вырабаў, прадпрыемствы па выпуску харч. прадуктаў, суднабуд. і суднарамонтныя, металаапр. майстэрні і інш. Шырока развіты саматужныя промыслы: выраб керамікі, драўляных прадметаў хатняга ўжытку, традыц. лодак, сувеніраў і інш. Развіваецца замежны турызм. Транспарт аўтамабільны, унутр. водны, марскі. У краіне 19,6 тыс.км аўтадарог, з іх 0,7 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 10,9 тыс.кмунутр.водных шляхоў, 19 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Порт-Морсбі і Рабаула. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам. Гал. парты: Порт-Морсбі, Рабаул, Лаэ, Маданг. У 1997 экспарт склаў 2,2 млрд.дол., імпарт — 1,5 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць канцэнтрат медзі, золата, нафта (разам 72% кошту экспарту), драўніна, копра, пальмавы алей, кава, какава, чай, крабы, крэветкі; у імпарце — машыны і трансп. сродкі, спажывецкія і харч. тавары, паліва, хімікаты. Гал.гандл. партнёры: Аўстралія, Японія, ЗША. Краіна атрымлівае дапамогу ад Аўстраліі, Японіі, Новай Зеландыі і інш. Грашовая адзінка — кіна.
В.М.Сасноўскі (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Папуа—Новай Гвінеі.Да арт.Папуа—Новая Гвінея. Сталіца краіны г. Порт-Морсбі.Да арт.Папуа—Новая Гвінея. Тыповая папуаская вёска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі. Размешчана на З краіны, мяжуе з Польшчай і Літвой. Утворана 20.9.1944. Пл. 25 тыс.км². Нас. 1215,6 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Гродна. У вобласці 17 раёнаў: Астравецкі, Ашмянскі, Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Гродзенскі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі, Іўеўскі, Карэліцкі, Лідскі, Мастоўскі, Навагрудскі, Свіслацкі, Слонімскі, Смаргонскі, Шчучынскі (гл. адпаведныя арт.), 12 гарадоў, у т. л. 6 абл. падпарадкавання — Гродна, Ваўкавыск, Ліда, Навагрудак, Слонім, Смаргонь, 21 гар. пасёлак, 195 сельсаветаў, 4414 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Характэрны раўнінны рэльеф (130—190 м). Цэнтральнае становішча займае Нёманская нізіна, выцягнутая ўздоўж Нёмана. Пры выхадзе Нёмана за межы рэспублікі знаходзіцца самы нізкі пункт краіны — 80 м над узр. мора. На Пн і ПнУ — Лідская раўніна (да 170 м) і Ашмянскае ўзвышша (да 320 м), на крайнім ПнУ — ч.Нарачана-Вілейскай нізіны. На Пд і У марэнныя згладжаныя ўзвышшы: Гродзенскае ўзвышша, Ваўкавыскае ўзвышша, Навагрудскае ўзвышша, на ім найвышэйшы пункт вобласці — Замкавая гара (323 м). Карысныя выкапні: жал. руды (Навасёлкаўскае радовішча ільменіт-магнетытавых руд у Карэліцкім р-не і шэраг рудапраяўленняў уздоўж граніцы з Літвой у Гродзенскім р-не), торф (пераважна на Нёманскай нізіне), мел, цагельныя і чарапічныя гліны, цэментная сыравіна (гал. радовішчы ў Ваўкавыскім р-не), сілікатныя пяскі, вапняковая сыравіна, пясчана-гравійны матэрыял. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая і кароткая, лета доўгае і ўмерана цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,6 °C у Карэліцкім і Навагрудскім р-нах да -5 °C на ПдЗ у Бераставіцкім і Свіслацкім р-нах, у ліп. 17—18,2 °C. Вегетац. перыяд 189—200 сут. Гадавая колькасць ападкаў 520—640 мм (у Навагрудку 706 мм), 71% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Амаль уся тэр. вобласці адносіцца да бас. Нёмана і яго прытокаў: Бярэзіны, Гаўі, Дзітвы, Лебяды, Котры (справа), Ушы, Сэрвачы, Шчары, Ласосны (злева). На ПнУ — р. Вілія (з Ашмянкай). На ПнЗ пачынаецца р. Нараў — прыток Віслы. Вядомы Аўгустоўскі канал, які злучаў басейны Нёмана і Віслы. Найб. азёры: Белае, Рыбніца, Малочнае, Свіцязь (у межах Свіцязянскага ландшафтнага заказніка), Свір і Вішнеўскае (на мяжы з Мінскай вобл.). Глебы с.-г. угоддзяў значна завалунены і эрадзіраваны, часткова пераўвільготнены і забалочаны. Дзярнова-падзолістыя глебы складаюць 78,9% пл.с.-г. угоддзяў, дзярнова-падзолістыя забалочаныя — 17,5%. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя глебы — 56,9%, ёсць сугліністыя — 23,1%, пясчаныя і тарфяныя — па 10%. Асушаныя землі займаюць 18,5% с.-г. угоддзяў. Сярэдняя лясістасць 33%, ад 10 — 12% у Бераставіцкім і Зэльвенскім р-нах да 50% у Свіслацкім. Лясы пераважна хваёвыя (68,8%) і яловыя (11%), менш бярозавых, чорнаальховых, дубовых, грабавых, ясянёвых. Захаваліся буйныя лясныя масівы — пушчы: Налібоцкая, Ліпічанская, Графская, Белавежская (часткова). Балоты, пераважна нізінныя, займаюць 6,6% тэр. вобласці, б.ч. іх асушана. Пад лугамі 14,4%, 2/3 іх нізінныя. На тэр. вобласці частка нац. парку Белавежская пушча, 10 прыродных заказнікаў рэсп. значэння, 50 помнікаў прыроды. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС радыеактыўнаму забруджванню падверглася 6,8% тэр. вобласці.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (65,1%), палякі (24,7%), жывуць таксама рускія (7,7%), украінцы (1,4%) і інш. Гарадскога нас. 61,4%. Сярэдняя шчыльн. 48,6 чал. На 1 км², сельскага нас. 18,9 чал. На 1 км², вагаецца ад 12,7 чал. на 1 км² у Свіслацкім да 22,8 чал. на 1 км² у Шчучынскім і Лідскім раёнах. Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Гродна (301), Ліда (101), Слонім (53), Ваўкавыск (44), Смаргонь (38), Навагрудак (31). Для вобласці характэрна зніжэнне натуральнага прыросту насельніцтва (з 1993 адмоўны). З 1994 адбываецца абсалютнае скарачэнне колькасці насельніцтва вобласці.
Гаспадарка. У гасп. комплексе пераважае прамысловасць, у якой занята 27,6% працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. За 1991—94 аб’ём прамысл. вытв-сці панізіўся на 33%, асабліва вял. спад адбыўся ў хім. (на 63%), буд. матэрыялаў (на 44%), лёгкай (на 42%) прам-сці. Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадуктаў хім., машынабуд., дрэваапр., цэлюлозна-папяровай, буд. матэрыялаў, лёгкай і харч. галін. У 1994 у Гродзенскай вобласці было атрымана (у % да агульнарэсп. вытв-сці): азотных угнаенняў 100, сернай кіслаты 44,6, лакафарбавых матэрыялаў 71,7, бульбаўборачных машын 100, радыёэлектронных прылад 73, фанеры 24,4, паперы 28,3, кардону 21,2, драўняна-стружкавых пліт 26, цэменту 53, шыферу 65, вапны 61,6, баваўнянай пражы 32,3, шарсцяных тканін 22, тытунёвых вырабаў 100, піва 15,7. Асн.прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў шматгаліновых цэнтрах: Гродне, Лідзе, Слоніме, Ваўкавыску, Навагрудку, Смаргоні. У Гродне выпускаюцца азотныя ўгнаенні, капралактам, капронавае валакно, разнастайная машынабуд. прадукцыя, шарсцяныя тканіны, баваўняная пража і ніткі, швейныя вырабы, абутак, тытунёвыя вырабы і інш. У Лідзе размешчана вытв-сцьс.-г. Машын, аўтобусаў, лакаў і фарбаў, электратэхн. вырабаў, абутку, харч. канцэнтратаў, піва і інш. Слонім вядомы прадукцыяй камвольна-прадзільнай ф-кі і кардонна-папяровага з-да; Ваўкавыск — з-дам дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, малочна-кансервавым камбінатам дзіцячых прадуктаў, а таксама размешчаным паблізу (пас. Краснасельскі) аб’яднаннем «Ваўкавыскцэментнашыфер»; Навагрудак — з-дам газавай апаратуры, металаапр. аб’яднаннем, прадпрыемствамі лёгкай і харч. прам-сці; Смаргонь — машынабудаваннем, камбінатам сілікатабетонных вырабаў. Шырока вядома прадукцыя шклозавода «Нёман» у Бярозаўцы Лідскага р-на. Самае буйное прадпрыемства дрэваапр. прам-сці ВА «Мастоўдрэў». Невял. і сярэднія прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, драўніны, па здабычы торфу, вытв-сці буд. матэрыялаў размеркаваны па раённых цэнтрах, гар. і рабочых пасёлках.
Сельская гаспадарка — высокаразвітая галіна, у ёй занята 22,8% працуючых. Па эфектыўнасці с.-г. вытв-сці Гродзенская вобласць займае вядучае месца сярод абласцей краіны. Большасць раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжа, бульбы, а таксама цукр. буракоў на З і лёну на У. У прыгарадных зонах значных гарадоў развіта агародніцтва і садоўніцтва. Сельгасугоддзі займаюць 51,5% тэрыторыі, ворныя землі — 35,9% (1994). Пры ўдзельнай вазе вобласці ў агульных сельгасугоддзях і ворных землях каля 14% вобласць дае (1995) 17,2% агульнарэсп. вытв-сці збожжа, 17,5% бульбы, 15% ільновалакна, 39% цукр. буракоў, 16,2% мяса (у жывой вазе), 16% малака. На долю раслінаводства прыпадае (1994) 45%, жывёлагадоўлі — 55% прадукцыі сельскай гаспадаркі. Доля раслінаводства з 1990 павышаецца, жывёлагадоўлі — зніжаецца. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (гл.табл. 1), павялічваюцца плошчы пад цукр. буракамі. Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад цукр. буракамі і льном-даўгунцом.
На пач. 1995 у Гродзенскай вобласці 329 фермерскіх гаспадарак, якія мелі 4,3 тыс.га зямлі, у т. л. 3,3 тыс.га ворыва. Доля асабістых і фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме вытв-сці с.-г. прадукцыі павялічваецца: бульбы з 58,5% (1990) да 90% (1994), агародніны з 34,2% да 79,4%, пладоў і ягад да 95%. Жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, развіта свінагадоўля, у прыгарадных зонах значных гарадоў — птушкагадоўля. Пагалоўе жывёлы з 1991 зніжаецца (гл.табл. 2). Доля асабістых і фермерскіх гаспадарак павялічылася па вытв-сці мяса з 16% (1990) да 26,9% (1994), малака з 32% да 41,4%, яец з 45,7% да 52,3%.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 672 км. Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі: Мінск—Маладзечна—Смаргонь—Вільнюс, Вільнюс—Ліда—Баранавічы—Лунінец, Маладзечна—Ліда—Масты—Гродна, Вільнюс—Гродна—Беласток, Гродна—Ваўкавыск—Баранавічы, якія звязваюць вобласць з Польшчай, Літвой, Украінай, Расіяй, з астатнімі абласцямі краіны. Чыг. вузлы: Гродна, Ліда, Масты, Ваўкавыск. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,6 тыс.км. Асн. магістралі Мінск—Ашмяны—Вільнюс, Мінск—Ліда—Гродна, Баранавічы—Слонім—Ваўкавыск—Гродна, Вільнюс—Ліда—Слонім. Мясц. суднаходства па рэках Нёман і Шчара. Даўж.водных шляхоў 521 км. Па тэр. вобласці праходзяць адгалінаванні газаправодаў Дашава—Мінск і «Ззянне Поўначы»: Івацэвічы—Слонім—Ліда—Вільнюс, Івацэвічы—Слонім—Гродна. У Гродне аэрапорт. Прыгранічнае становішча вобласці спрыяе развіццю яе эканам. сувязей з Польшчай, Літвой, Расіяй (Калінінградская вобл.) у рамках еўрарэгіёна «Нёман».
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс.га)
Гады
1990
1994
Уся пасяўная плошча
893
870,6
Збожжавыя і зернебабовыя
417,9
407,7
Тэхнічныя культуры
54,3
38,5
у тым ліку:
лён-даўгунец
27
12,6
цукровыя буракі
14,2
17,8
Бульба
92,7
107,3
Агародніна
3,9
10,9
Кармавыя культуры
324,2
306,2
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках
Пагалоўе (тыс. галоў)
Гады
1990
1994
Буйная рагатая жывёла
977,1
787,1
у т.л. каровы
334,5
314,7
Свінні
905,5
731,3
Авечкі і козы
63,1
29,5
Птушка
7765,7
6794,7
Да арт.Гродзенская вобласць. Краявід у Навагрудскім раёне (уверсе). Машынная зала Гродзенскага вытворчага аб’яднання «Азот».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎРЫТА́НІЯ, Ісламская Рэспубліка Маўрытанія (Аль-Джумхурыя аль-Ісламія аль-Мурытанія),
дзяржава на ПнЗ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Зах. Сахарай і Алжырам, на У з Малі, на Пд з Малі і Сенегалам. На З абмываецца Атлантычным ак.Пл. 1030,7 тыс.км². Нас. 2,5 млн.чал. (1998). Дзярж. мова — арабская; выкарыстоўваюцца таксама французская і мясц. мовы. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Нуакшот. Падзяляецца на 12 абласцей і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 ліст.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 6 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны парламент: ніжняя палата — Нац. сход (выбіраецца прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў), верхняя палата — Сенат (выбіраецца непрамым галасаваннем кіраўнікамі мясц. органаў на 6 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт.
Прырода. У рэльефе пераважаюць раўніны і плато. Пустыня Сахара на Пн займае 2/3 краіны. Амаль усюды масівы дзюн і барханаў. Трапляюцца рэдкія аазісы. У цэнтр.ч. вапнякова-пясчаністае плато Адрар (выш. да 732 м). Найб.выш. на ПнЗ — 915 м. З карысных выкапняў найб. значэнне маюць вял. запасы жал. руды. Ёсць медныя, уранавыя, нікелевыя, алавяныя і тытанавыя руды, фасфарыты, каменная соль і інш. Клімат трапічны пустынны, вельмі сухі. Сярэднія т-ры студз. 16—20 °C, ліп. 30—32 °C. Ападкаў ад 25—50 мм за год на Пн да 200—300 мм на крайнім Пд. Адзначаюцца засушлівыя гады і шматгадовыя перыяды, калі ападкаў амаль не выпадае. Рэк з пастаянным сцёкам, за выключэннем р. Сенегал, няма. Рэчышчы часовых водных патокаў запаўняюцца на кароткі тэрмін пасля дажджоў. Расліннае покрыва вельмі разрэджанае, пераважае эфемерная травяністая расліннасць. На крайнім Пд паўпустыні з ксерафітнымі хмызнякамі і акацыямі. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету — шакалы, ліс фенек, змеі і яшчаркі. Нац. парк Бан-д’Арген уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Арабы і берберы (агульная назва маўры) складаюць каля 65% насельніцтва, жывуць у асн. на Пн і ў сярэдняй ч. краіны. Негроідныя народы (тукулер, фульбе, сараколе і інш.) жывуць на Пд, пераважна ў даліне р. Сенегал. Існуе падзел на плямёны. Усе вернікі — мусульмане-суніты. Сярэднегадавы прырост больш за 2,5%. Сярэдняя шчыльн. 2,5 чал. на 1 км². 80% насельніцтва жыве ў паўд.ч. краіны, у т. л. каля 20% у даліне р. Сенегал, дзе шчыльн. дасягае 15—20 чал. на 1 км². Больш за 25% насельніцтва качэўнікі. У гарадах жыве 51%. У г. Нуакшот 735 тыс.ж., у г. Нуадыбу каля 50 тыс.ж. (1995); астатнія гарады па 10—20 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы занята каля 70% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 14%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Са стараж. часоў на тэр. М. пражывалі негроідныя плямёны. У 1-м тыс.н.э. іх падпарадкавалі сабе берберы-санханджа. На тэр. паўночнай М. ўзніклі дзярж. ўтварэнні, якія доўгі час кантралявалі гандл. шляхі паміж Паўн. Афрыкай і каралеўствам Гана. Паўд. М. ў 8 — сярэдзіне 11 ст. ўваходзіла ў склад дзяржаў Гана, Тэкрур і інш. У 11—12 ст. М. заваявана Альмаравідамі. У 13—14 ст.паўд. М. ўваходзіла ў склад дзяржавы Малі. У 14—15 ст. М. заваявана арабамі, нашчадкі якіх сталі вышэйшым саслоўем маўрытанскага грамадства, а араб. мова паступова выцесніла берберскія дыялекты. З 15 ст. М. наведвалі еўрапейцы. У 2-й пал. 19 ст. каланізацыю тэр. М. пачала Францыя, якая абвясціла ў 1903 М. сваім пратэктаратам (з 1922 — калонія). З 1946 «заморская тэрыторыя», з 1958 аўт. рэспубліка ў складзе франц. Супольнасці.
28.11.1960 абвешчана незалежная Ісламская Рэспубліка М. Дзяржаву і ўрад М. ўзначаліў прэзідэнт М. ульд Дада (з 1961), які перавыбіраўся ў 1966, 1971 і 1976. Паводле канстытуцыі 1965 адзінай легальнай партыяй засталася створаная ў 1961 Партыя маўрытанскага народа. У канцы 1960 — пач. 1970-х г. М. пацярпела ад моцнай засухі. У 1976 М. і Марока падзялілі паміж сабой Зах. Сахару, якая знаходзілася пад уладай Іспаніі. Вайна з зах.-сахарскімі паўстанцамі з фронту ПОЛІСАРЫО прычыніла вял. страты маўрытанскай эканоміцы. У ліп. 1978 ульд Дада скінуты ваеннымі, і ўлада перайшла да Ваен.к-танац. адраджэння (з крас. 1979 — Ваен.к-тнац. выратавання, ВКНВ) на чале з М. ульд Салехам. У жн. 1979 М. вывела свае войскі з Зах. Сахары. Пасля шэрагу ваен. пераваротаў у снеж. 1984 да ўлады прыйшоў палк. М. ульд Сід Ахмед Тая. У 1989 абвастрыліся адносіны паміж М. і Сенегалам, што прывяло да прымусовай высылкі дзесяткаў тыс.чал. з адной краіны ў другую. У 1991 пачалася дэмакратызацыя паліт. жыцця: прынята новая канстытуцыя, уведзена шматпартыйнасць. На прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах, якія адбыліся ў студз. 1992, прэзідэнтам выбраны ульд Сід Ахмед Тая, яго Рэсп.с.-д. партыя атрымала большасць месцаў у парламенце. У крас. 1992 ВКНВ распушчаны. М. — член ААН (з 1961), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Лігі араб. дзяржаў (з 1973). Дзейнічаюць Рэсп.с.-д. партыя, Рух за рэформу і Саюз за дэмакратыю і прагрэс.
Гаспадарка. М. — слабаразвітая краіна. Штогадовы даход на 1 чал. — 520 долараў. Сельская гаспадарка і рыбалоўства даюць 30% даходаў, прам-сць — 19,2%, абслуговыя галіны — каля 50%. Аграрны сектар характарызуецца крайняй адсталасцю і залежнасцю ад прыродна-кліматычных умоў. Апрацоўваецца каля 1 млн.га, з іх 95% у даліне р. Сенегал. Збор збожжавых (сорга, проса, рыс, кукуруза) у 1997 склаў каля 150 тыс.т (30% патрэб краіны). Вырошчваюць таксама батат, арахіс, бабовыя культуры, агародніну, у аазісах — фінікавую пальму (800 тыс. дрэў). Нізкапрадукцыйная жывёлагадоўля мае экстэнсіўны характар. Пад пашай каля 25 млн.га, пераважна на Пд. Пагалоўе (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 1,3, вярблюдаў — больш за 1, авечак і коз — 8,5. Штогод з некат. відаў акацый збіраюць 5—6 тыс.т гуміарабіку — каля 10% сусв. вытв-сці. Развіта марское рыбалоўства (550 тыс.т, пераважна сардзіны і тунца, 1997). З морапрадуктаў найб. значэнне маюць лангусты і крэветкі. Гал. рыбалоўны порт Нуадыбу. Сярод галін прам-сці вылучаецца горназдабыўная. Штогод здабываецца больш за 10 млн.тжал. руды. Асн. радовішча Іджыль на Пн краіны. Амаль уся руда экспартуецца праз рудаэкспартны порт Кансада (каля Нуадыбу), куды яна паступае па спецыяльна пабудаванай чыгунцы (даўж. 670 км). Вядзецца здабыча меднай руды (каля Акжужта), золата (каля 1,3 т штогод), гіпсу. Са стараж. часоў традыцыйная здабыча каменнай солі ў Сахары. Асн. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці ў гарадах Нуакшот (суднаверф, цукрова-рафінадны з-д, ф-ка па абагачэнні меднай руды, з-д па апрасненні марской вады, ЦЭС, асобныя прадпрыемствы харч., дрэваапр., металаапр. прам-сці), Нуадыбу (нафтаперапр., сталеплавільны, цэментны з-ды, прадпрыемствы суднарамонту і рыбаперапрацоўкі, ЦЭС), Каэды (мясакамбінат і з-д па апрацоўцы скур). Энергетыка заснавана на імпартнай нафце. Гадавая выпрацоўка электраэнергіі каля 150 млн.кВт∙гадз. Развіты саматужныя промыслы, асабліва выраб прадметаў хатняга ўжытку, адзення, упрыгожанняў, апрацоўка скуры, дыванаткацтва. Транспарт пераважна аўтамабільны і марскі. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 1800 км. Гал. марскія парты — Нуакшот (пераважна імпарт) і Нуадыбу разам з Кансада (экспарт жал. руды). Там жа міжнар. аэрапорты. Суднаходства па р. Сенегал. У 1995 экспарт склаў 483 млн.дол., імпарт — 365 млн. долараў. Вывозяцца жал. руда (каля 30% кошту), рыба, жывёла і скуры, золата, гіпс. Увозяцца разнастайныя прамысл. тавары, нафтапрадукты, харч. прадукты і інш.Асн.гандл. партнёры — Францыя, Германія, Японія, Італія, Іспанія. Развіваецца замежны турызм (да 50 тыс.чал. штогод). Знешні доўг — 2,3 млрд. долараў. Краіна штогод атрымлівае фін. і харч. дапамогу пераважна ад Францыі і ЗША. Грашовая адзінка — угія.
Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНА́МА (Panamá),
Рэспубліка Панама (República de Panamá), краіна ў Цэнтр. Амерыцы, на Панамскім перашыйку. Мяжуе на У і ПдУ з Калумбіяй, на З з Коста-Рыкай; на Пн абмываецца водамі Карыбскага м., на Пд — Ціхага ак.Пл. 78,2 тыс.км². Нас. 2778,5 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Панама. Краіна падзяляецца на 9 правінцый і 2 тэрыторыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 ліст.).
Дзяржаўны лад П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972, дапоўненая ў 1983. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Заканад. сходу, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў, выканаўчая ўлада — ураду, які назначаецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Каля палавіны паверхні займаюць нізінныя раўніны. Праз усю тэр. П. цягнуцца горныя хрыбты: на З Кардыльера-дэ-Верагуа (выш. да 3475 м, дзеючы вулкан Бару), на Пн і У Кардыльера-дэ-Сан-Блас, Серанія-дэль-Дар’ен, на Пд горы п-ва Асуэра. Бываюць землетрасенні. У недрах П. ёсць руды медзі, малібдэну, жалеза, марганцу, золата, серабра. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра на раўнінах 25—28 °C. Ападкаў на падветраных схілах на Пн 2500—3700 мм, на Пд 1200—2000 мм за год. Шмат кароткіх рэк. Найб. значная р. Чагрэс, яе падпёртыя воды ўтвараюць азёры Гатун і Мадэн, якія жывяць шлюзы Панамскага канала. Пад лесам і хмызнякамі каля 44% тэрыторыі. Пашыраны вечназялёныя лясы, на ПдЗ — саванна і лістападныя лясы, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. У складзе фауны шмат відаў малпаў, тапіры, пума, ягуар, мурашкаеды; птушкі (асабліва папугаі), паўзуны. Прыбярэжныя воды, рэкі і азёры багатыя рыбай. Нац. парк Дар’ен (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны).
Насельніцтва. Асн. насельніцтва панамцы — нашчадкі ісп. каланістаў, індзейцаў і неграў. Каля 70% панамцаў складаюць метысы, ёсць негры і мулаты (каля 14%), белыя (10%), індзейцы (6%). 85% вернікаў католікі, 15% пратэстанты. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,53%. Сярэдняя шчыльн. каля 35 чал. на 1 км². Большая ч. насельніцтва жыве на ціхаакіянскіх схілах гор, паміж каналам і зах. мяжой. У гарадах 56% насельніцтва. Найб. гарады — Панама (465 тыс.чал.), Калон (141 тыс.чал., 1997). У сельскай гаспадарцы занята 27% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і буд-ве — 13%, у абслуговых галінах — 60%.
ГісторыяТэр. П. заселена чалавекам каля 10 тыс.г. назад. Карэннае насельніцтва — індзейцы плямён карыбаў і чыбча. У пач. 16 ст. заваявана ісп.канкістадорамі. У 1519 заснаваны г. Панама, які даў назву ўсёй краіне. З 1542 у складзе віцэ-каралеўства Перу, з 1560 ген.-капітанства Гватэмала, у 1718—23 і 1740—1810 віцэ-каралеўства Новая Гранада. У ходзе вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 П. 28.11.1821 абвясціла незалежнасць ад Іспаніі і ўвайшла ў склад федэратыўнай рэспублікі Вялікая Калумбія. З 1831 П. — дэпартамент Новай Гранады (з 1886 Калумбія). У 2-й пал. 19 ст. панамцы неаднаразова (1885, 1895, 1899, 1900) узнімалі антыкалумбійскія паўстанні. 3.11.1903 пры ваен. дапамозе ЗША абвешчана незалежная Панамская Рэспубліка, яе першым прэзідэнтам (1904—08) стаў А.Герэра. Далейшыя адносіны з ЗША вызначаліся амерыкана-панамскімі дагаворамі 1903, 1936, 1955, 1977. Паводле дагавора 1903 ЗША атрымалі ў бестэрміновую арэнду паласу тэр. краіны ад Атлантычнага да Ціхага ак. (гл.Панамскага канала зона) для буд-ва і наступнай эксплуатацыі Панамскага канала (у 1879—1902 яго будавала Францыя, дабудаваны ЗША у 1904—14). Паводле канстытуцыі 1904 ЗША мелі права высаджваць войскі ў любой частцы П.
У 2-ю сусв. вайну 1939—45 П. фармальна абвясціла вайну Японіі, Германіі і Італіі. З канца 1950-х г. пад уплывам рэвалюцыі на Кубе і нацыяналізацыі Суэцкага канала (1956) адносіны П. з ЗША пагоршыліся, узмацніліся патрабаванні перадачы П. канала і яго зоны. У 1968 ваен. пераварот прывёў да ўлады патрыят. хунту на чале з ген. А.Тарыхасам Эрэрам, які нацыяналізаваў уласнасць кампаній ЗША і мясц. буйных уласнікаў. Амер.-панамскія дагаворы 1977 прадугледжвалі паэтапную перадачу П. Панамскага канала і яго зоны, ліквідацыю амер.ваен. баз. Пасля гібелі ў 1981 Тарыхаса Эрэры ўлада сканцэнтравалася ў руках ген. М.Нар’егі Марэны. У снеж. 1989 ЗША шляхам узбр. інтэрвенцыі скінулі рэжым Нар’егі, абвінаваціўшы яго ў сувязях з наркамафіяй і узурпацыі ўлады. У 1994 прэзідэнтам П. абраны Э.Перэс Бальядарэс, які пачаў ліберальныя рэформы. У маі 1999 прэзідэнтам абрана М.Маскоса. Напярэдадні 1.1.2000 пад кантроль П. канчаткова перайшоў Панамскі канал з яго зонай. П. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1948), Руху недалучэння і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 28.10.1998.
У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Арнульфісцкая, Сапраўдная ліберальная, Рэв.-дэмакр., Ліберальна-рэсп., Лейбарысцкая і інш.Асн. прафцэнтры: Канфедэрацыя працоўных Рэспублікі Панама, Нац. савет працоўных П., Прафцэнтр працоўных Панамскага перашыйка.
Гаспадарка. П. — аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва 7300 дол. ЗША. Доля ў ВУП сельскай гаспадаркі 8%, прам-сці 18%, абслуговых галін 74%. П. — адзін з найб.фін.-гандл. і трансп. цэнтраў Лац. Амерыкі, каля 80% яе эканам. дзейнасці прыпадае на знешні гандаль і паслугі. Вял. значэнне ў эканоміцы П. належыць Панамскаму каналу; даходы ад яго складаюць больш за 70% ВУП. У П. дзейнічаюць каля 140 замежных банкаў. Існуе Свабодная зона Калон (гандл. абарот 11 млрд. долараў, 1997). Вял. ролю ў эканоміцы П. адыгрывае амер. капітал, прамыя ўкладанні складаюць больш за 6 млрд. долараў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці трапічных культур. Апрацоўваецца каля 7% тэр. краіны, пастаянна засяваецца 2%, пад пашай 20%. Пераважная форма землекарыстання — латыфундыі. Гал. экспартная культура — бананы. Асн. раён бананавых плантацый на ціхаакіянскім узбярэжжы, штогадовы збор больш за 1 млн.т (адно з вядучых месцаў у свеце па экспарце). На экспарт вырошчваюць таксама каву, какаву, сізаль, цукр. трыснёг, ананасы, цытрусавыя, тытунь. Гал.харч. культуры: рыс, кукуруза, бабовыя. Развіта жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (1,44 млн. галоў, 1997), свіней (245 тыс. галоў), птушку (10 млн. галоў). Рыбалоўства, лоўля крэветак, пераважна на экспарт у ЗША. У лясах нарыхтоўка каштоўнай драўніны (махагоні). Прам-сць прадстаўлена пераважна дробнымі прадпрыемствамі. Невял. здабыча медзі, золата, серабра. У г. Лас-Мінас нафтаперапр.з-д (на нафце з Эквадора). Вытв-сць электраэнергіі 4,7 млрд.кВт∙гадз (1997), пераважна на ГЭС (70%). Перапрацоўка і кансерваванне малака, фруктаў, агародніны, рыбы, вытв-сць цукру, спіртных напіткаў, тытунёвых вырабаў у гарадах Панама, Калон, Кансепсьён і інш.Вытв-сць абутку, швейных вырабаў (Панама, Давід), мэблі, фанеры, паперы, кардону (Альмірантэ, Давід). Выраб навігацыйнага абсталявання, электратэхнікі, фармацэўтычных і паліграф. тавараў (Калон), суднарамонт (Панама, Калон, Бальбоа), буд. матэрыялы (цэмент, кераміка і інш.). Пашыраны саматужныя промыслы. Развіты турызм (даход — 376 млн. долараў). Даўж. аўтадарог 11,1 тыс.км, у т. л. 3,7 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Гал. аўтадарога — Панамерыканская шаша. Даўж. чыгунак 355 км, водных шляхоў 800 км. Пад флагам П. з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага прац. заканадаўства плаваюць 4,6 тыс. суднаў агульнай грузападымальнасцю 98,4 млн. брута-рэг. т (1998) з 71 краіны. Гад. парты — Панама, Бальбоа, Калон, Крыстобаль. У краіне 43 аэрапорты, у т. л.міжнар. Такумен. У 1997 экспарт склаў 6,8 млрд. долараў, імпарт 7,38 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць бананы (43%), крэветкі (11%), цукар, адзенне, абутак, кава, у імпарце — прамысл. тавары, абсталяванне (21%), нафта (11%), харч. прадукты, хімікаты. Гал.гандл. партнёры — ЗША, краіны Цэнтр. Амерыкі, Японія. Грашовая адзінка — бальбоа.
Літ.:
Панама, 1903—1970 гг.: Нация — империализм. Нар. силы — олигархия. Кризис и рев. путь: Пер. с исп. М., 1974;
Леонов Н.С. Омар Торрихос: «Я не хочу войти в историю, я хочу войти в зону канала». М., 1990.
Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Панамы.Да арт.Панама. Цэнтральная частка г. Панама — сталіцы дзяржавы.Да арт.Панама. Панамскі канал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАМБІ́К (Moçambique),
Рэспубліка Мазамбік (República de Moçambique), дзяржава на ПдУ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Танзаніяй, на З з Малаві, Замбіяй і Зімбабве, на ПдЗ з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР), на У абмываецца Мазамбікскім пралівам Індыйскага ак.Пл. 802 тыс.км². Нас. 18 641 тыс.чал. (1998). Дзярж. мова — партугальская. Сталіца — г.Мапуту. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (25 чэрвеня).
Дзяржаўны лад. М — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сходу прадстаўнікоў, які складаецца з 250 дэпутатаў, выбраных насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прызначаны прэзідэнтам урад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Тэр. М. выцягнута ўздоўж узбярэжжа Індыйскага ак. на 3 тыс. км. Берагавая лінія на Пн ад г. Мазамбік расчлянёная, берагі невысокія, але скалістыя і стромкія, на Пд — нізкія, плоскія, забалочаныя, з пясчанымі пляжамі і мангравымі зараснікамі. Усх. частка краіны занята ўзгорыстай, месцамі забалочанай Мазамбікскай нізінай (шыр. ад 80 км на Пн да 400 км на Пд). На Пн размешчана частка Усх.-Афр. пласкагор’я з плато Ньяса і Мазамбікскім (выш. да 2419 м), на З — плато Матабеле (г. Бінга, 2436 м — найвышэйшы пункт М.), складзеныя з гранітаў і гнейсаў, моцна парэзаныя рачнымі далінамі. Уздоўж мяжы з ПАР — вулканічныя горы Лебомба. Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал., танталавыя, тытанавыя, медныя, берыліевыя, і літыевыя руды, баксіты, фасфарыты, золата, прыродны газ, азбест, вапнякі, мармур, каштоўныя камяні. Клімат на Пн субэкватарыяльны, на Пд трапічны. Сярэднія т-ры студз. на Мазамбікскай нізіне 26—30 °C, ліп. 15—20 °C, на пласкагор’і — ніжэй на 3—5 °C. Ападкаў за год 750—1000 мм на пласкагор’і і на Пд Мазамбікскай нізіны, да 1500 мм на Пн. Вільготны сезон з ліст. да крас.—мая. Буйныя рэкі: Замбезі, Лімпопа, Саві, Рувума, парожыстыя на плато і суднаходныя на нізіне. У межах М. ўсх. бераг воз. Ньяса (Малаві). Вадасховішча Кабора-Баса. Пераважаюць чырвона-бурыя глебы саваннаў, на паўн. плато — карычнявата-чырвоныя глебы сухіх лясоў, у далінах рэк — алювіяльныя. Расліннасць — саванны, на Пн рэдкалессі, на высокіх участках плато горныя лясы, па берагах буйных рэк вечназялёныя галерэйныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў; шматлікія віды пальмаў. У жывёльным свеце сланы, антылопы, зебры, насарогі, львы, леапарды, гіены і інш.Нац. паркі: в-ваў Мазамбік (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Гарангоса, Баньіне, Зінаве, Базарута, некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. 99,6% складаюць народы моўнай сям’і банту. на ПнУ краіны жывуць макуа, на Пд ад ракі Саві — тсонга, у бас.р. Замбезі і ў раёне воз. Ньяса — малаві, у міжрэччы Саві і Замбезі — шона. Выхадцы з Еўропы і Азіі жывуць пераважна ў гарадах (партугальцы, індыйцы, пакістанцы). Асн. частка афр. насельніцтва (50%) — прыхільнікі мясц.традыц. культаў, 30% — хрысціяне (католікі), 20% — мусульмане. Прырост насельніцтва 2,6%. Сярэдняя шчыльн. 23 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены раёны на Пд і ўздоўж узбярэжжа. У гарадах жыве 35% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж.): Мапуту — больш за 1200, Бейра — каля 350, Нампула — каля 250.
Гісторыя Найб.стараж. насельніцтва М. — бушмены і гатэнтоты, выцесненыя ў 5—8 ст. плямёнамі банту. З 8 ст. сюды праніклі арабы, якія заснавалі на ўзбярэжжы М шэраг гандл. цэнтраў. Да пач. 2-га тыс. ў міжрэччы Замбезі — Лімпопа склалася дзярж. ўтварэнне Манаматапа (захаваліся рэшткі збудаванняў з вял. гранітных блокаў), якое адыгрывала важную ролю ў араба-суахілійскім гандлі. У 1498 М. наведаў партуг. мараплавец В. да Гама. Да сярэдзіны 16 ст. партугальцы захапілі шэраг апорных пунктаў на ўзбярэжжы М. Яны навязалі няроўныя дагаворы правіцелям Манаматапы, якая прыйшла ў заняпад і распалася ў пач. 18 ст.; у 16—19 ст. адсюль вёўся вываз рабоў на плантацыі ў Бразілію. У 1752 партуг. ўладанні ў паўд.-ўсх. Афрыцы аб’яднаны ў адзімую калонію М. На працягу 19 ст. партугальцы вялі ўпартую барацьбу з дзяржавай Ватуа ў міжрэччы Лімпопа — Пунгве, якая была заваявана ў пач. 20 ст. У 1951 М. абвешчаны «заморскай правінцыяй» Партугаліі, у 1972 — яе «заморскім штатам». Грамадз. правамі карысталася толькі невял. група т.зв. «асіміляваных» афрыканцаў. У 1962 на базе нац.-вызв.афр. арг-цый створаны Фронт вызвалення М. (ФРЭЛІМО) на чале з Э.Мандлане (з 1969 — С.Машэлам). У 1964 ФРЭЛІМО пачаў узбр. паўстанне супраць партуг. панавання і да 1974 кантраляваў значную ч. М. Пасля падзення дыктатуры ў Партугаліі ў вер. 1974 паміж новымі ўладамі і ФРЭЛІМО падпісаны дагавор аб стварэнні пераходнага ўрада М. 25.6.1975 абвешчана Нар. Рэспубліка М. (НРМ), прэзідэнтам якой стаў Машэл. У 1977 ФРЭЛІМО ператвораны ў партыю ФРЭЛІМО — «авангардную марксісцка-ленінскую партыю». Быў заключаны дагавор аб дружбе з СССР (1977), узяты курс на пабудову ў М. сацыялізму, нацыяналізаваны прыватныя прадпрыемствы, створаны кааператывы. На практыцы гэта прывяло да пагаршэння эканам. становішча М. і росту незадаволенасці, што падштурхнула апазіцыю да стварэння на тэр.Паўд. Радэзіі (цяпер Зімбабве) Мазамбікскага нац. супраціўлення (РЭНАМО) на чале з А.Длакамам, якое пачало ўзбр. барацьбу супраць рэжыму ФРЭЛІМО. У выніку ваен. дзеянняў 1977—92 загінула больш за 1 млн. мазамбікцаў і каля 2 млн. сталі бежанцамі. Урад быў вымушаны пачаць рыначныя эканам. рэформы, якія паглыбіліся з прыходам да ўлады ў 1986 Ж.А.Чысана. У 1989 ФРЭЛІМО адмовілася ад ідэалогіі марксізму-ленінізму. З 1990 дзейнічае новая канстытуцыя, паводле якой уведзена шматпартыйнасць, краіна перайменавана ў Рэспубліку М. У кастр. 1992 падпісана пагадненне з РЭНАМО пра спыненне агню і ператварэнне апошняй у паліт. партыю. На ўсеагульных выбарах перамагла ФРЭЛІМО, Чысана зноў выбраны прэзідэнтам М. Дзейнічаюць паліт. партыі: партыя ФРЭЛІМО, Мазамбікскае нац. супраціўленне (РЭНАМО), Дэмакр. саюз. М. — член ААН (з 1975), Арг-цыі афр. адзінства, Садружнасці (з 1995).
Гаспадарка. М. — аграрная краіна. З 1987 адбываецца пераход да рыначных адносін у эканоміцы. Праграма эканам. аднаўлення накіравана на развіццё сельскай гаспадаркі, перапрацоўчай і лёгкай прам-сці. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. каля 670 дол. ЗША (1994). Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, якая дае 46% ВУП. У ёй занята каля 80% эканам. актыўнага насельніцтва. Апрацоўваецца каля 4% тэрыторыі, пераважае лядна-агнявое земляробства. Асн. экспартныя культуры: бавоўнік (вырошчваюць у правінцыях Замбезія, Нампула, Сафала, Кабу-Дэлгаду), арэх кэш’ю (уздоўж узбярэжжа), цукр. трыснёг (даліна Замбезі), цытрусавыя, чай, какосавая пальма, сізаль, джут, тытунь. Для ўнутр. патрэб вырошчваюць кукурузу (збор 734 тыс. т, 1995), рыс (113), сорга (243), батат (72), маніёк (4,2 млн. т), арахіс, сланечнік, бананы, памідоры, фасолю, садавіну. Асн. відамі харчавання краіна забяспечвае сябе толькі на 10%. Жывёлагадоўля развіта слаба, пераважна ў раёнах, дзе няма мухі цэцэ (Газа, Мапуту). Пагалоўе (млн. галоў, 1995): буйн. раг. жывёлы — 1,28, авечак — 0,21, коз — 0,38, свіней — 0,16. Вытв-сць (тыс. т): ялавічыны — 38, свініны — 13, мяса птушкі — 29, каровінага малака — 59, казінага малака — 10. Марское, рачное і азёрнае рыбалоўства. Улоў рыбы і крэветак каля 30 тыс. т штогод. Развіта лясная гаспадарка, у т. л. нарыхтоўка драўніны каштоўных парод дрэў (эбенавае, жалезнае, ружовае). На долю прам-сці прыпадае каля 27% ВУП. У сувязі са спадам вытв-сці большая ч. прадпрыемстваў працуе на 10—40% магутнасці. Вядучая галіна — горназдабыўная. Вядзецца здабыча (тыс. т) каменнага вугалю — каля 30, баксітаў — каля 20, танталавай і жал. руды, каштоўных і паўкаштоўных камянёў (гранат, ізумруд, аквамарын, тапаз і інш.). Вытв-сць электраэнергіі 465 млн. кВт гадз пераважна на ГЭС. Больш за 50% электраэнергіі экспартуецца з ПАР. Харч.прам-сць (цукр., алейная, мукамольная, кансервавая, рыбная, мясная) працуе на мясц. сыравіне. Асн. цэнтры: Мапуту, Бейра, Шымойо. З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. (перапрацоўка і вытв-сць вырабаў з бавоўны, копры, сізалю, джуту), трыкат., абутковая. Прадпрыемствы ў Шымойо, Нампуле, Мапуту, Бейры, Накале. Хім. і нафтахім. прам-сць (вытв-сць угнаенняў, фарбавальнікаў, мыйных сродкаў, сернай к-ты, аўтапакрышак) у Мапуту і Бейры. Дрэваапр.прам-сць развіта ў Мапуту, Бейры, Нампуле (мэблевая) і ў Іньямінзе (цэлюлозна-папяровая). Ёсць невял. прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. прам-сці па вытв-сці і рамонце трансп. сродкаў. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент) у Мапуту, Накале і інш.Даўж. чыгунак 4 тыс. км, аўтадарог 36 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5 тыс. км, водных шляхоў 3,8 тыс. км. Асн.трансп. магістралі служаць для транзітных перавозак паміж партамі М. і суседнімі краінамі. Гал. марскія парты: Мапуту, Бейра, Накала, Келімане. Міжнар. аэрапорты ў Мапуту і Бейры. Нафтаправод Бейра—Мутарэ (Зімбабве). Экспарт (150 млн.дол. ЗША, 1994): крэветкі, арэхі кэш’ю, бавоўна, цукар, копра, чай, цытрусавыя, драўніна, каксавальны вугаль, танталавы канцэнтрат.
Імпарт (1 млрд.дол. ЗША, 1994): нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, прамысл. сыравіна, тэкстыль, спажывецкія і харч. тавары. Асн.гандл. партнёры: ПАР, Вялікабрытанія, Партугалія, Іспанія. Важнай крыніцай валютных паступленняў з’яўляюцца пераводы ад мазамбікцаў, якія працуюць у ПАР, і зборы ад транзітных грузаў. Грашовая адзінка — метыкал.
З.М.Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Мазамбіка.Да арт.Мазамбік. Цэнтральная частка г. Мапуту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАРА́ГУА (Nicaragua),
Рэспубліка Нікарагуа (República de Nicaragua), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. На Пн мяжуе з Гандурасам, на Пд — з Коста-Рыкай, на У абмываецца Карыбскім м., на З — Ціхім ак.Пл. 129,5 тыс.км². Нас. 4717,1 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца, гал.прамысл. і трансп. цэнтр — г.Манагуа. Падзяляецца на 15 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1987 з папраўкамі 1995. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Нац. асамблея (93 дэпутаты), якая выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які ствараецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Цэнтр. частка — нагор’е з крышт. і метамарфічных парод (выш. да 2438 м). У зах.ч. нагор’я — тэктанічная ўпадзіна з азёрамі Нікарагуа і Манагуа. Уздоўж упадзіны — ланцуг вулканаў, некаторыя з іх актыўныя. Горныя і перадгорныя раёны церпяць ад вывяржэнняў вулканаў і землетрасенняў. На У шырокая алювіяльная нізіна — Маскітавы бераг (займае палавіну краіны). Невялікія раўнінныя ўчасткі на зах. узбярэжжы. Ёсць радовішчы золата, серабра, медзі, вальфраму, свінцу, цынку, нафты, прыроднага газу. Клімат трапічны, пасатны (на У), субэкватарыяльны (на З). Т-ра паветра круглы год каля 25—28 °C. Ападкаў на У 2000—6500 мм за год, на З — каля 1000—1500 мм (сухі перыяд май — лістапад). Бываюць трапічныя ўраганы (самы разбуральны адзначаны ў 1998). Рэкі мнагаводныя, найб. Рыо-Грандэ-дэ-Матагальпа і Сан-Хуан. Пад лесам і хмызнякамі 27% тэр. На У трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на З лістападныя лясы і хмызнякі. Для жывёльнага свету характэрны малпы, тапіры, мурашкаеды, пекары. Шмат грызуноў, кажаноў, птушак. Нац. паркі — Волькан-Масая, Саслая; рэзерват Апанас.
Насельніцтва. Больш за 90% складаюць нікарагуанцы — народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Па расавым складзе пераважаюць метысы, ёсць мулаты, групы еўрап. і афр. паходжання. Індзейцаў 5%. Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін. Сярод вернікаў католікаў 95%, пратэстантаў 5%. Сярэднегадавы прырост каля 2,8%. Сярэдняя шчыльн. 36,4 чал. на 1 км². Каля 75% насельніцтва жыве на 3, дзе шчыльн. перавышае 100 чал. на 1 км². У гарадах 63% насельніцтва. Найб. горад Манагуа — 1124 тыс.ж. з прыгарадамі (1998). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Леон, Матагальпа, Гранада. У сельскай гаспадарцы заняты 31% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 15%, у абслуговых галінах — 54%.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Н. насялялі індзейскія плямёны маскіта (міскіта), чаратэгі, нікарао (адсюль назва краіны) і інш. Ў 6—10 ст. сюды з Мексікі прыйшлі плямёны тальтэкаў, потым ацтэкаў. 16.9.1502 узбярэжжа Н. адкрыў Х.Калумб. У 1522 краіну пачалі заваёўваць іспанцы. Яны ў 1524 заснавалі тут гарады Леон (першая сталіца Н.) і Гранада, уключылі землі Н. ў склад аўдзьенсіі (адм.-суд. адзінка) Санта-Дамінга (1523). потым аўдзьенсіі Панама (1539), генерал-капітанства Гватэмала (1573). У ходзе ісп. каланізацыі б.ч. індзейцаў Н. асімілявана ці знішчана, ацалелі пераважна маскіта, што жылі на Карыбскім узбярэжжы, названым ад іх Маскітавым берагам. Ён у 1678 — сярэдзіне 19 ст. быў брыт. пратэктаратам. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 Н. далучана да Мекс. імперыі (1822), потым да федэрацыі Злучаных правінцый Цэнтральнай Амерыкі (1823). З крас. 1838 самаст. рэспубліка. У 1-й пал. 19 ст. тут склаліся паліт. партыі лібералаў (асн. падтрымка — г. Леон) і кансерватараў (цэнтр уплыву — г. Гранада), якія і надалей сапернічалі за ўладу. З 1850 краіна стала аб’ектам эканам., паліт. і ваен. экспансіі ЗША. З 1858 сталіца Н. — г. Манагуа. У 1867—93 уладу ўзначальвалі кансерватары. Ліберальны ўрад прэзідэнта Х.С.Селая (1893—1909) увёў усеагульнае выбарчае права, грамадз. шлюб, аддзяліў царкву ад дзяржавы. садзейнічаў развіццю нар. адукацыі, пашырыў чыг.буд-ва, намагаўся абмежаваць пранікненне ў эканоміку Н. амер. капіталу. У 1912—25 і 1926—33 краіна акупіравана атрадамі марской пяхоты ЗША Іх вываду садзейнічала ўзмацненне нац.-вызв. руху, які з 1927 узначальваў А.С.Сандзіна. Пасля яго забойства (люты 1934) і дзярж. перавароту 1936 у краіне пачала ўсталёўвацца праамер. дыктатура сям’і Самоса.
Пры прэзідэнце А.Самосе Гарсія (1936—47, 1950—56) Н. абвясціла вайну Германіі, Італіі і Японіі (снеж. 1941), устанавіла дыпламат. адносіны з СССР (1944); пасля 2-й сусв. вайны ўдзельнічала ва ўзбр. інтэрвенцыі ў Коста-Рыцы (1948) і Гватэмале (1954). Унутры краіны разгортваліся рэпрэсіі супраць апазіц. сіл (з 1945), якія працягваліся пры прэзідэнтах Л.Самосе Дэбайле (1957—63) і А.Самосе Дэбайле (1967—72, 1974—79; абодва сыны Самосы Гарсія). Пад уплывам Кубінскай рэвалюцыі 1959 у Н. актывізаваліся апазіц. сілы, якія стварылі Сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення (СФНВ; 1961), разгарнулі партыз. вайну супраць Нац. гвардыі — гал. апоры дыктатуры Самосы, што ў выніку Нікарагуанскай рэвалюцыі 1979 прывяло да падзення дыктатуры. Быў створаны дэмакр. ўрад Нац. адраджэння. 4.11.1984 адбыліся першыя ў Н. свабодныя ўсеагульныя выбары. Прэзідэнтам і віцэ-прэзідэнтам рэспублікі сталі кандыдаты СФНВ Д.Артэга Сааведра і С.Рамірэс. З 1981 спынена эканам. дапамога з боку ЗША, у Н. з тэр. Гандураса пачаліся ўварванні ўзбр. атрадаў контрас (б. вайскоўцы Нац. гвардыі). Ва ўмовах цяжкага эканам. крызісу, выкліканага грамадз. вайной (спынена ў сак. 1988), на прэзідэнцкіх выбарах у лют. 1990 перамог кандыдат ад Апазіц.нац. саюза (блок з 14 антысандзінісцкіх партый) В.Барыяс дэ Чамора. У 1990 распушчаны атрады контрас, ЗША спынілі гандл. эмбарга, але эканам. цяжкасці ў Н. захаваліся. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 перамог кандыдат ад Ліберальнага альянсу А.Алеман Лакаё, які ўзяў курс на дасягненне ў краіне нац. згоды.
Н. — чл.ААН (з 1945, адна з дзяржаў-заснавальніц), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1948), Арг-цыі цэнтр.-амер. дзяржаў (з 1951), Цэнтр.-амер. агульнага рынку (з 1960), Лац.-амер.эканам. сістэмы (з 1975). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1994.
Паліт. партыі: Ліберальны альянс (складаецца з Ліберальна-канстытуцыяналістычнай, Неаліберальнай партый і партыі Ліберальнага адзінства) — кіруючая, Сандзінісцкі фронт нац. вызвалення, Незалежная ліберальная партыя, Нікарагуанская сацыяліст. партыя, С.-д. партыя, Нац. партыя, Кансерватыўная партыя Н. і інш.Прафс. аб’яднанні: Асацыяцыя працоўных сельскай гаспадаркі, Усеагульная канфедэрацыя працы (незалежная), Канфедэрацыя прафс. адзінства, Прафцэнтр нікарагуанскіх працоўных, Нац. фронт працоўных.
Гаспадарка Н. — аграрная краіна з экспартным кірункам сельскай гаспадаркі і слаба развітой прам-сцю. Значна пацярпела ад грамадз. вайны (спынена ў 1988) і разбуральнага ўрагану 1998. Валавы ўнутр. прадукт у 1998—11,6 млрд.дол. (каля 2,5 тыс.дол. на 1 чал.). 32% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 24% — у прам-сці, 44% — у абслуговых галінах. Сельская гаспадарка — аснова эканомікі краіны. Выкарыстоўваецца каля 7,2 млн.га, у т. л. 1,3 млн.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, 5,9 млн.га пад пашай. Каля 100 тыс.га пасяўных зямель арашаецца. Экспартныя культуры (збор тыс.т, 1998): кава — 50, бавоўна — 120, цукр. трыснёг, кунжут, какава, бананы. Асн. раён земляробства на З краіны, кава на вышыні 500—1000 м, бавоўна на раўнінных участках. На свае патрэбы вырошчваюць (збор тыс.т, 1998): кукурузу — 310, рыс — 210, фасолю, маніёк, сорга, агародніну. Трапічнае садоўніцтва (пераважна цытрусавыя). Асн. галіна жывёлагадоўлі — развядзенне мясной буйн. раг. жывёлы і свіней. Пагалоўе (тыс. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 1700, свіней — 420, свойскай птушкі — 7900. Рыбалоўства, промысел крэветак. Лесанарыхтоўкі (чырвонае дрэва, кедр, кебрача, каўчуканосы). Большая ч.прамысл. прадпрыемстваў звязана з перапрацоўкай с.-г. прадукцыі. Горназдабыўная прам-сць дае менш за 1% кошту прамысл. прадукцыі. Вядзецца невял. здабыча золата, серабра, кухоннай солі, медных і цынкавых руд. У 1996 атрымана 1,7 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 49% на ЦЭС, 21% на ГЭС. Працуюць геатэрмальныя электрастанцыі і інш. На долю харч. прам-сці прыпадае 75% прамысл. вытв-сці. Пераважаюць невялікія прадпрыемствы па апрацоўцы кавы, цукровыя, мукамольныя, хлебапякарныя, алейныя, кансервавыя, па выпуску піва, алкагольных і безалкагольных напіткаў, малочныя з-ды, мясакамбінаты і інш.Тэкст. ф-кі ў гарадах Манагуа, Леон, Дыр’ямба, цэм.з-д у г. Сан-Рафаэльдэль-Сур, нафтаперапр.з-д у Манагуа, металаапр. прадпрыемствы ў Тыпітапе. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, хім., тытунёвай, мэблевай, запалкавай прам-сці. Шырока развіта паўсаматужная і саматужная вытв-сць вырабаў з керамікі, дрэва, скуры, металаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Краіну перасякае з Пн на Пд Панамерыканская шаша. Аўтадарог 16,4 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 1,8 тыс.км, унутр.водных шляхоў 2,2 тыс.км, у т. л. па азёрах Нікарагуа і Манагуа, чыгунак 0,4 тыс.км. У краіне 13 аэрапортаў з цвёрдым пакрыццём лётнага поля. Знешнегандл. сувязі пераважна праз порт Карынта. У 1997 экспарт склаў 704 млн.дол., імпарт — 1,45 млрд.дол. У экспарце пераважаюць кава, бавоўна, морапрадукты, мяса, цукар, бананы, у імпарце — прамысл. вырабы і паліва. Гал.гандл. партнёры: ЗША, краіны Цэнтр. Амерыкі, Германія, Канада.
Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Знешні доўг больш за 12 млрд.дол. Грашовая адзінка — кордаба.
Літ.:
Лещинер Р.Е. Никарагуа. М., 1965;
Горнов М.Ф., Смирнова Н.Ю. Никарагуа: возрожденная земля Сандино М., 1986;
Строев А.П. Никарагуанские очерки: По пути соц.-экон. возрождения. М., 1989. Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Нікарагуа.Да арт.Нікарагуа. Ландшафт на захадзе краіны, каля г. Леон.Да арт.Нікарагуа. Новы кафедральны сабор у Манагуа.Нікарагуа. Горад Манагуа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНЕГА́Л (Sénégal),
Рэспубліка Сенегал (République du Sénégal), дзяржава на З Афрыкі. Мяжуе на Пн з Маўрытаніяй, на У — з Малі, на Пд — з Гвінеяй і Гвінеяй-Бісау. Тэр. краіны з З на У разразае тэр. дзяржавы Гамбія (утварае паўанклаў). На З краіна абмываецца Атл. акіянам. Пл. 196,2 тыс.км². Нас. 9987,5 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — французская, шырока распаўсюджаны мовы валоф і фульбе. Сталіца — г.Дакар. С. падзяляецца на 10 абласцей. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 крас.).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1963 (са зменамі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 7 гадоў. Заканад. ўлада належыць Нац. сходу (140 дэпутатаў) з тэрмінам паўнамоцтваў 5 гадоў. Палавіна складу парламента выбіраецца паводле прапарцыянальнай сістэмы, палавіна — паводле мажарытарнай. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. Паверхня — раўніна, нізінная на З, узгорыстая на У. На крайнім ПдУ — астанцовыя масівы (выш. да 581 м). З карысных выкапняў найб. значэнне маюць фасфарыты. Ёсць жал. руда, пяскі з ільменітам, рутылам і цырконам, буд. матэрыялы і інш. Клімат субэкватарыяльны. Сярэднія месячныя т-ры ад 23 °C (студз.) да 28 °C (ліп.). За год выпадае ад 250 мм ападкаў на Пн да 1500 мм на Пд. Дажджлівы сезон у ліп.—вер. на Пн, май — ліст. на Пд. Найб. рэкі Сенегал, Гамбія (вярхоўі) і Казаманс. Пераважае расліннасць саваннаў, на Пн — апустыненая, травяністая і хмызняковая, на Пд — з рэдкалессямі і групамі баабабаў. Па далінах рэк галерэйныя лясы, уздоўж ніжняга цячэння р. Казаманс лістападна-вечназялёныя. У жывёльным свеце захаваліся антылопы, з драпежнікаў — шакал, гіена, леапард. Многа паўзуноў, з насякомых — муха цэцэ, тэрміты, камары. Мора багатае рыбай (тунец, сардзіны, макрэль) і вустрыцамі. Нац. паркі — Ніякола-Коба, Джудж (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Дэльта Салума і інш.; ёсць заказнікі.
Насельніцтва. Каля 90% складаюць народы зах. бантоіднай групы — валоф (43%), фульбе (24%), серэр (15%), дыёла (4%). На Пд і У жывуць мандынга, санінке, сусу (размаўляюць на мовах сям’і мандэ). У гарадах невял. групы еўрапейцаў і ліванцаў. Сярод вернікаў найб. мусульман (92%), ёсць паслядоўнікі мясц. анімістычных вераванняў (6%; на Пд), католікі (2%; у гарадах). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 3,3% (1999). Сярэдняя шчыльн. 51 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 100 чал. на 1 км²) заселены раён Зялёнага Мыса на З, дзе знаходзіцца сталіца краіны г. Дакар з нас. 2079 тыс.ж. (2000). Гарадское насельніцтва складае 47%, акрамя сталіцы толькі ў гарадах Каалак, Тыес, Сен-Луі, Дыўрбель, Зігіншор і Руфіск перавышае 100 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы занята 60% насельніцтва. Значная эміграцыя, пераважна ў Францыю.
Гісторыя. Паселішчы чалавека на тэр. С. вядомы з часоў ніжняга палеаліту. З 9 ст. тут жылі народы тукулер, валоф, фульбе; тэр. С. ўваходзіла ў склад дзяржаў Гана, Малі, Сангаі. У 15 ст. з’явіліся еўрапейцы (з 1446 партугальцы, у 16 ст. іх выцеснілі галандцы), якія гандлявалі рабамі. У 17 ст. С. каланізаваны французамі (у 1659 засн.г. Сен-Луі). Да 1854 абвешчаны франц. калоніяй, але поўнасцю заваяваны французамі ў 1879—90. Эканам. цэнтрам калоніі быў г. Дакар (засн. ў 1857). У 1848—51 і з 1871 краіна мела сваіх дэпутатаў у Нац. сходзе Францыі (уласна афрыканцаў з 1914). У франц.калан. войсках у Афрыцы служылі сенегальскія стралкі. З 1895 С. — частка Франц.Зах. Афрыкі. У 2-ю сусв. вайну да 1943 пад уладай франц. прагерм. ўрада «Вішы», потым адна з апорных баз антыгітлераўскай «Змагарнай Францыі». У 1946 С. атрымаў статус заморскай тэр. Францыі. у 1957 — унутр. аўтаномію. Вядучай паліт. сілай краіны з 1958 быў Прагрэс. саюз С. (ПСС). З 1958 С. аўтаномная рэспубліка ў складзе франц. Супольнасці. У 1959 ён аб’яднаўся з Франц. Суданам у Федэрацыю Малі (з 20.6.1960 незалежная, 20.8.1960 распалася).
5.9.1960 С. стаў незалежнай рэспублікай на чале з прэзідэнтам Л.С.Сенгорам (ген. сакратар ПСС). Пасля адхілення ад улады апазіцыйна настроенага кіраўніка ўрада М.Дыя (у 1962—74 зняволены) Сенгор адначасова быў і прэм’ер-міністрам краіны (1962—70). У дзяржаве будаваўся «дэмакр.афр. сацыялізм» (спробы сумясціць афр. традыцыі і каштоўнасці індустр. грамадства). З 1966 існаваў аднапарт. рэжым ПСС (з 1976 наз.Сацыяліст. партыя), які ў знешняй палітыцы арыентаваўся на Францыю. У 1974 дазволена дзейнасць інш. партый, у т. л.Дэмакр. партыі С. (ген. сакратар А.Вад). Пры пераемніку Сенгора А.Дыуфу (з 1983 прэзідэнт, у 1983—91 адначасова і прэм’ер-міністр С.) у краіне паглыбіліся паліт. і сац.эканам. пераўтварэнні, палепшаны адносіны з Анголай і Эфіопіяй. У 1982—89 С. разам з Гамбіяй утвараў канфедэрацыю Сенегамбія. У 1988 адбыліся міжэтн. хваляванні на памежжы С. і Маўрытаніі, з 1990 унутры краіны ўзнік канфлікт вакол пытання незалежнасці паўд. правінцыі Казаманс. У сак. 2000 прэзідэнтам С. выбраны Вад. С. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства. Дзейнічаюць Сацыяліст. партыя, Дэмакр. партыя С., інш. партыі і рухі.
Гаспадарка. С. — эканамічна слабаразвітая краіна з параўнальна развітымі сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам і гарнаруднай прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. за год 1600 дол. (2000). Сельская гаспадарка дае 19% ВУП, прам-сць 17%, абслуговыя галіны 64%. Пасля заваявання незалежнасці разам з прыцягненнем замежнага (пераважна французскага) і нац. прыватнага капіталу ўрад імкнецца расшырыць дзярж. сектар. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 2,4 млн.га зямлі пад ворыва і шматгадовыя насаджэнні, каля 3,2 млн.га пад натуральную пашу (саванны і саванныя лясы). Каля 80 тыс.га зямлі арашаецца. Гал. ролю адыгрывае земляробства. Землеўладанне пераважна абшчыннае, у найб. развітых зах. раёнах прыватнае, значная частка сялян арандатары; ёсць збытавыя кааператывы і дзярж. плантацыі. Каля 50% ворных зямель занята пад арахіс (штогадовы збор 700—900 тыс.т, адно з першых месцаў у свеце). Асн. раён вырошчвання арахісу — зах. і цэнтр.ч. краіны. На ўласныя патрэбы вырошчваюць проса і сорга (паўсюдна), маніёк і рыс (на Пн у нізоўях р. Сенегал, на Пд у бас.р. Казаманс), батат, кукурузу, агародніну. Новыя культуры — цукр. трыснёг і бавоўнік. Таварнае пладаводства і агародніцтва ў раёне г. Дакар. Алейная пальма і бананы распаўсюджаны на Пд. На Пн у саваннах — збор камедзі з дзікарослай акацыі. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая і ў меншай ступені качавая, малапрадукцыйная, найб. развіта на Пн і ПнУ. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы (на Пн — зебу, на Пд — буйвалы) 2,96, авечак 4,3, коз 3,6, свіней 0,33. Гадуюць таксама коней (каля 200 тыс.), аслоў (каля 200 тыс.), вярблюдаў (каля 6 тыс.). Развіта птушкагадоўля (у 1997—45 млн. курэй). Расце значэнне марскога рыбалоўства. У 1999 вылаўлена 507 тыс.т рыбы. Тунцовыя кансервы і свежамарожаная рыба экспартуюцца ў Еўропу, сушаная, вяленая і салёная — у краіны Экватарыяльнай Афрыкі. Развіты вустрычны промысел. Гал. цэнтры рыбалоўства і рыбаперапрацоўкі Дакар, Руфіск, Жааль, Сен-Луі. Найб. развіты харч. і харчасмакавая прам-сць. Працуюць прадпрыемствы па перапрацоўцы арахісу і атрыманні арахісавага алею (адно з вядучых месцаў у свеце), мукамольныя, піваварныя, цукр., тытунёвыя, мылаварныя. Развіта тэкст.прам-сць (бавоўнаачышчальны з-д у г. Тамбакунда, 3 тэкст. ф-кі ў Дакары, камбінат у г. Тыес) і гарбарна-абутковая (ф-ка ў г. Руфіск). Ёсць прадпрыемствы па металаапрацоўцы (у асн. для гарнаруднай прам-сці і сельскай гаспадаркі), па зборцы аўтамабіляў і лёгкіх самалётаў, цэм., лесапільныя, мэблевыя, запалкавыя. У Мбао каля г. Руфіск нафтаперапр. і мінер. угнаенняў з-ды, у г. Дакар суднабудаванне і суднарамонт, ліцейная вытв-сць у г. Тыес і інш. Здабыча фасфарытаў (больш за 2 млн.т штогод, асн. радовішчы Тайба і Пало каля г. Тыес), мармуру, інш.буд. матэрыялаў, солі з марской вады (каля г. Каалак). Энергетыка засн. на імпартуемай нафце. Асн.ЦЭС у Дакары і суседніх гарадах (каля 90% агульнай магутнасці). У 1998 атрымана 1,2 млрд кВт∙гадз электраэнергіі. Развіты саматужныя промыслы (ганчарны, выраб цыновак, маст. рэчаў і сувеніраў, ювелірных упрыгожанняў, мэблі, драўлянага посуду і інш.). Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. У С. 14,6 тыс.км аўтадарог, з іх 4,3 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 110 тыс. легкавых аўтамабіляў, 50 тыс. грузавых і аўтобусаў; 0,9 тыс.км чыгункі (найб. важная лінія перасякае краіну з З на У і далей да р. Нігер у Малі), 0,9 тыс.кмунутр.водных шляхоў (выкарыстоўваюцца пераважна ў перыяд дажджоў, у т. л. 785 км па р. Сенегал). Гал. марскія парты Дакар (каля 70% экспарту і імпарту С., абслугоўвае Малі і інш. краіны Зах. Афрыкі), Сен-Луі (экспарт фасфарытаў), Каалак, Зігіншор. 20 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Дакара. У 1998 экспарт склаў 925 млн.дол., імпарт 1,2 млрд.дол. У экспарце пераважаюць арахіс і прадукты яго перапрацоўкі (больш за 50%), рыба і рыбапрадукты, фасфарыты, нафтапрадукты, бавоўна; у імпарце — харч. і прамысл. тавары, машыны і металы, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (20% экспарту, 36% імпарту), інш. краіны Зах. Еўропы, суседнія краіны, Індыя, ЗША, Кітай. Замежны турызм (штогод каля 500 тыс. замежных турыстаў, турысцкі сезон у сухі зімовы перыяд) прыносіць даход у 160—200 млн.дол. Краіна атрымлівае эканам. дапамогу пераважна ад Францыі. Грашовая адзінка — франк КФА.
Літ.:
Кашин Ю.С. Сенегал. М., 1973;
Кузнецов Л.М. На самой западной точке Африки: Дакар. М., 1980.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Сенегала.Да арт.Сенегал (дзяржава). У даліне р. Сенегал.