БЕРЛА́НГА ((Berlanga) Луіс Гарсія) (н. 12.6.1921, г. Валенсія, Іспанія),
іспанскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Вучыўся ва ун-це ў Валенсіі, у кінаінстытуце ў Мадрыдзе (1947). З 1948 працуе як рэжысёр. Паставіў сатыр. фільмы «Шчыра запрашаем, містэр Маршал!» (1952), «Калабуч» (1956), «Кат» (1963), камедыі «Нацыянальная стрэльба» (1978), «Нацыянальны набытак» (1981), «Нацыянальнае III» (1982). Аўтар сцэнарыяў шэрагу сваіх фільмаў (у т. л. разам з рэж. Х.А.Бардэмам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭЛЬЯ́НА ((Orellana) Франсіска дэ) (1505 або 1511, горад Трухільё, Іспанія — 1546 або 1550),
іспанскі канкістадор; першы еўрапеец, які перасек Паўднёвую Амерыку ў самай шырокай частцы мацерыка і прасачыў сярэдняе і ніжняе цячэнне Амазонкі. Прымаў удзел у заваяванні Перу (1532—34) пад кіраўніцтвам Ф.Пісара. 26.12.1541 выйшаў з форта Гуаякіль, перабраўся цераз Анды, спусціўся да вусця ракі Напа і выплыў у Амазонку. 26.8.1542 дасягнуў Атлантычнага акіяна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТАМІ́РА (Altamira),
пячора ў правінцыі Кантабрыя (Іспанія). У 2-й пал. 19 ст. тут выяўлены наскальныя рознакаляровыя выявы жывёл, стаянка эпохі салютрэ і ранняга мадлену. Даўжыня пячоры каля 280 м (з шэрагам залаў). Памеры намаляваных фігур (бізонаў і інш.) да 2,25 м. Паводле радыевугляроднага аналізу малюнкі зроблены каля 15500 г. назад. Альтаміра — найб. значная па мастацкім багацці «галерэя» першабытнага чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСДРУБА́Л (Hasdrubal; ? — 221 ла н.э.),
карфагенскі палкаводзец. Узначальваў дэмакр. групоўку. Зяць Гамількара Баркі, у 237 суправаджаў яго ў ісп. паходзе, з 229 узначальваў карфагенскія войскі ў Іспаніі. Заснаваў г. Новы Карфаген (сучасны г. Картахена, Іспанія). Ажаніўшыся з іберыйскай прынцэсай, яшчэ больш узмацніў уплыў карфагенян у Іспаніі. У 226 падпісаў з рымлянамі дагавор, паводле якога р. Ібер (Эбра) стала мяжой карфагенскіх уладанняў у Іспаніі. Забіты кельцкім рабом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТО́РЫЯ ((Victoria) Томас Луіс дэ) (каля 1548, г. Авіла, Іспанія — 27.8.1611),
іспанскі кампазітар, арганіст; буйнейшы прадстаўнік ісп. культавай вак. поліфаніі. Вучань К.Маралеса. У 1565—89 жыў у Рыме, з 1594 у Мадрыдзе, арганіст і віцэ-капельмайстар каралеўскага манастыра францысканцаў. Аўтар мес, матэтаў, гімнаў, магніфікатаў, псалмаў і інш.Найб. вядомыя «Службы на страсны тыдзень», «Страсці па Матфею» (абодва 1585), «Меса на смерць каралевы Марыі» (1605).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕГРЫ́Н, Негрын Лопес (Negrín Lopez) Хуан (3.2.1894, г. Лас-Пальмас, Іспанія — 14.11.1956), іспанскі паліт. і дзярж. дзеяч. Праф. фізіялогіі і анатоміі. З 1929 чл.Іспанскай сацыялістычнай рабочай партыі. У час Іспанскай рэвалюцыі 1931—39дэп. картэсаў (з 1933). міністр фінансаў (з 1936), прэм’ер-міністр (з мая 1937) урада Нар. фронту, пазней і міністр абароны. У сак. 1939 эмігрыраваў, да 1945 лічыўся кіраўніком рэсп. ўрада Іспаніі ў эміграцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБРАЛТА́Р (Gibraltar),
уладанне Вялікабрытаніі на Пд Пірэнейскага п-ва, каля Гібралтарскага праліва. Нейтральнай зонай аддзелены ад ісп.г. Ла-Лінеа. Важны стратэг. пункт на Міжземным м.Пл. 6,5 км². Нас. 32 тыс.чал. (1993). Большасць насельніцтва гібралтарцы — нашчадкі іспанцаў, англічан, мальтыйцаў і інш.Афіц. мова — англійская, пашырана таксама іспанская. Паводле веравызнання 77% католікаў, па 7% мусульман і англікан. Каля паловы насельніцтва занята ў гандлі і абслуговых галінах. Гібралтар складаецца са скалы (выш. да 425 м) і пясчанага перашыйка, які злучае іх з паўвостравам. Прырода і клімат міжземнаморскія. Гаспадарка звязана пераважна з абслугоўваннем ваенна-марской і ваенна-паветр. баз Вялікабрытаніі, транзітнага порта (заходзіць каля 3 тыс. суднаў за год). Рээкспартны гандаль, увоз нафтапрадуктаў, харч. тавараў, прэснай вады. Замежны турызм (штогод 4,2—5 млн.чал.). Суднарамонтныя верфі. Швейныя ф-кі, з-ды па вытв-сці піва і мінер. вады, каваапрацоўчыя, тытунёвыя, рыбакансервавыя, алейныя прадпрыемствы. Асн.гандл. партнёры Вялікабрытанія, Іспанія, Данія, Японія. Грашовая адзінка — гібралтарскі фунт стэрлінгаў.
Гісторыя. Пасяленні чалавека на тэр. Гібралтара існавалі са стараж. часоў. Гібралтар быў вядомы стараж. грэкам і рымлянам пад назвай Кальпе, адзін з Геркулесавых слупоў. У пач. 8 ст.араб. палкаводзец Тарык ібн Сеід пабудаваў тут крэпасць Джэбель-ат-Тарык (гара Тарыка). Пазней крэпасць сталі называць Гібралтар, у 1160 побач з ёю ўзнік араба-маўрытанскі горад. У 1309—33 крэпасцю валодалі іспанцы, потым мараканцы, якія пабудавалі яшчэ больш магутныя ўмацаванні (частка іх захавалася да нашага часу). У 1462 Гібралтар зноў захоплены іспанцамі. У час вайны за ісп. спадчыну ў 1704 аб’яднаная англа-галандская эскадра пад камандаваннем англ. адмірала Дж.Рока захапіла Гібралтар. Паводле Утрэхцкага міру 1713 Гібралтар замацаваны за Вялікабрытаніяй і стаў яе ваен.-марской базай. У 18 ст.Іспанія неаднойчы спрабавала рознымі спосабамі вярнуць Гібралтар. Самая працяглая 4-гадовая яго аблога (1779—83) скончылася няўдачай. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 зноў прызнаны ўладаннем Вялікабрытаніі, у 1830 абвешчаны брыт. калоніяй. Значэнне Гібралтара вырасла пасля адкрыцця ў 1869 Суэцкага канала. У 1907 Вялікабрытанія, Францыя, Іспанія заключылі пагадненне аб захаванні ў Гібралтарскім праліве статус-кво. У 2-ю сусв. вайну ўсё грамадз. насельніцтва Гібралтара эвакуіравана ў Вялікабрытанію (пасля вайны вярнулася). Іспанія зноў заявіла аб сваім праве на Гібралтар, у 1966 яна аб’явіла блакаду Гібралтара, спыніла ўсе яго зносіны з мацерыком.
У маі 1969 прынята новая канстытуцыя Гібралтара, якая ўвяла мясц. самакіраванне, 30.7.1969 адбыліся першыя выбары ў мясц. Асамблею, сфарміраваны ўрад. Заканад. ўлада ў Гібралтары належаць губернатару, якога прызначае брыт. манарх, і палаце сходу. У 1975 (пасля смерці дыктатара Ф.Франка) Іспанія змякчыла свае пазіцыі — адмяніла абмежаванні на ўезд і выезд з Гібралтара, аднавіла тэлеф. сувязь і інш. У 1980 падпісана Лісабонскае пагадненне аб статусе Гібралтара. Аднак паміж Вялікабрытаніяй і Іспаніяй працягваецца саперніцтва за Гібралтар. У 1984 падпісана ісп.-брыт. дэкларацыя аб пачатку перагавораў па ўрэгуляванні праблемы Гібралтара. Адкрыццё ў 1985 сухапутнай граніцы аслабіла напружанне ў адносінах паміж гэтымі краінамі. У 1991 Гібралтар пакінулі апошнія часці брыт. сухапутных войск, засталіся толькі падраздзяленні ВМС і ВПС. На парламенцкіх выбарах у 1992 перамагла кіруючая Сацыяліст. партыя працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСА́НЬЯ ((Azana) Мануэль) (10.1.1880, г. Алькала-дэ-Энарэс, Іспанія — 4.11.1940),
іспанскі дзярж. і паліт. дзеяч, пісьменнік. Заснаваў партыю Рэсп. дзеяння (1930). Ваенны міністр (1931), кіраўнік урада (1931—33). Лідэр Леварэсп. партыі (з 1934), адзін з заснавальнікаў Нар. фронту (1935). Пасля перамогі Нар. фронту (1936) лідэр яго правага крыла, кіраўнік урада, з мая 1936 да 1.3.1939 — прэзідэнт рэспублікі. Пасля перамогі франкістаў у 1939 эмігрыраваў у Францыю. Аўтар літ. эсэ, аповесцяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУ́НЬЕС ДЭ БАЛЬБО́А ((Núñez de Balboa) Васка) (каля 1475, г. Херэс-дэлос-Кабальерас, Іспанія — 1517),
іспанскі канкістадор. У 1500 адправіўся ў Амерыку на в-аў Эспаньёла (цяпер Гаіці). У 1510 пераправіўся на Панамскі перашыек, у новую ісп. калонію, адкуль у пошуках зручнага шляху ў Перу у 1513 упершыню перасек Панамскі перашыек і дасягнуў берагоў Ціхага ак., які назваў Паўднёвым м. У пач. 1517 абвінавачаны ісп. губернатарам у змове і пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ТЫО (ісп. patio),
унутраны дворык, адкрыты ці перакрыты зашклёнымі рамамі, часта абкружаны галерэямі. Тып П. ўзыходзіць да класічнага перыстылю (прамавугольнай пляцоўкі, абкружанай з 4 бакоў крытай каланадай) і пашыраны ў міжземнаморскіх краінах (асабліва ў Іспаніі), Лац. Амерыкі. П. выкарыстоўваюцца таксама ў бел. архітэктуры (Дамы кнігі, літаратара, Мастацкая галерэя ў Мінску, гал. корпус мед. ін-та ў Гродне і інш.).
Патыо Хенераліфэ («Сада будаўніка») каля комплексу Альгамбра ў Гранадзе (Іспанія). 14 ст.