ЛІПАГРАМАТЫ́ЧНЫ ВЕРШ,

верш, інструментаваны такім чынам, што ў ім адсутнічае які-небудзь адзін ці некалькі гукаў (літар). Часам Л.в. ствараюць дзеля мілагучнасці. Часцей за ўсё Л.в. — гэта своеасаблівы верш-забава, які дэманструе версіфікатарскія здольнасці паэта і гукавыя магчымасці пэўнай мовы. У бел. паэзіі Л.в. надзвычай рэдкія. Адзін з нямногіх — «Матылёк» Р.​Барадуліна, у якім выразная алітэрацыя на «л» і ні разу не ўжыты гук «р»:

Лілею
     млявы
          плёс
              люляе,
З-пад злежалых
              аблок
                   здалёк
Ляціць віхлясты і бялявы
Пялёстак лёгкі —
                  матылёк.
Ён кліча у блакіт лілею —
Каб не любіла больш да слёз
Бліскучы ад лускі і глею
Самлелы, 
           абмялелы 
                       плёс.

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

размеркава́цца, ‑мяркуецца; ‑мяркуемся, ‑мяркуецеся, ‑мяркуюцца; зак.

Раздзяліцца паміж кім‑н. якім‑н. чынам. Абавязкі размеркаваліся. // Раздзяліцца на групы. Экскурсанты размеркаваліся па групах. // Размясціцца па розных месцах. — Размеркаваліся? — пытаецца.. [чалавек] і загадвае свой тонкі як блінец, партфель на верхнюю паліцу. — Люблю вышыню!.. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

УСЕАГУ́ЛЬНАЕ ВЫ́БАРЧАЕ ПРА́ВА,

канстытуцыйны прынцып выбарчай сістэмы ў большасці сучасных дзяржаў, які азначае наданне актыўнага выбарчага права ўсім паўналетнім дзеяздольным грамадзянам краіны, а таксама пасіўнага выбарчага права ўсім грамадзянам, якія адпавядаюць дадатковым цэнзам выбарчым. Выбарчае права з’яўляецца ўсеагульным, калі яно не абмежавана якім-н. чынам — на падставе маёмаснага становішча, сац. адрозненняў, расы, нацыянальнасці або рэлігіі. У Рэспубліцы Беларусь прынцып У.в.п. замацаваны ў Канстытуцыі краіны і Выбарчым кодэксе. Выключэнне з У.в.п. складаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, асобы, якія ўтрымліваюцца паводле прыгавору суда ў месцах пазбаўлення волі. У галасаванні не прымаюць удзелу асобы, у адносінах да якіх у парадку, прадугледжаным крымін.-працэсуальным заканадаўствам, выбрана мера стрымання — утрыманне пад вартай.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 16, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

разгляда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Незак. да разгледзець, разглядзець.

2. (у спалучэнні з наступным «як»). Ацэньваць якім‑н. чынам; лічыць якім або кім‑, чым‑н. Чарнасоценныя газеты і часопісы разглядалі беларускую мову і літаратуру як нейкую «штуку палякаў», як «польскую інтрыгу». Казека. Чалавек толькі тады знаходзіць сваё асабістае шчасце, калі ён разглядае сябе як частку працоўнага калектыву. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здо́льнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць, асаблівасць каго‑н., што праяўляецца ў якой‑н. дзейснасці, учынках і пад.; уменне рабіць што‑н., весці сябе якім‑н. чынам і пад. Здольнасць рухацца. Разумовыя здольнасці. □ Да гэтага ж часу ніхто не ведаў аб ваяцкіх здольнасцях дзеда Талаша. Колас. За гэткія свае здольнасці збіраць і разносіць навіны .. [Тодара] ў вёсцы празвалі Поштай. Крапіва. // Стан, якасць каго‑, чаго‑н., неабходныя для здзяйснення чаго‑н. або выкарыстання якім‑н. чынам. Прапускная здольнасць дарог. Пакупная здольнасць насельніцтва.

2. звычайна мн. (здо́льнасці, ‑ей). Прыродныя схільнасці да занятку чым‑н.; дар, талент. Музычныя здольнасці. Здольнасці да матэматыкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́дзеліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.

1. Вылучыць з агульнай масы для якой‑н. мэты. Выдзеліць падводы для вывазкі дроў. Выдзеліць звеннявых. // Адзначыць якім‑н. чынам. Выдзеліць асноўную думку. □ Косця быў першы, каго Марынка тут нейкім чынам выдзеліла з астатніх. Шыцік.

2. Аддаць у карыстанне. Выдзеліць сыну частку маёмасці. □ Праўленне калгаса выдзеліла.. [Нямку] хатку ля канюшні. Кулакоўскі.

3. Вывесці на паверхню (з арганізма, са свайго саставу). Выдзеліць пот. Выдзеліць вуглякіслы газ. Выдзеліць цяпло.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адшы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак., што.

1. Адрабіць шыццём.

2. і без дап. Скончыць шыць.

3. Разм., каго. Адахвоціць, адбіць ахвоту наведваць каго‑н.; пазбавіцца ад каго‑н. Славік ламаў галаву, якім чынам адшыць Тараса і хоць на кароткі час застацца з .. [Мамай] з вока на вока. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

як-не́будзь, прысл.

1. Якім-небудзь чынам, спосабам; так або інакш. — Дык пераходзь да мяне, — шчыра прапанаваў дзед Лукаш. — Як-небудзь памесцімся. Усё лепш, чым па дварэ. Якімовіч. — Бяжы, дачушка, — сказала мне маці, — завярні [карову] як-небудзь к дому. Лось.

2. Калі-небудзь. Зайдзі да мяне як-небудзь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чын ​1, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. У дарэвалюцыйнай Расіі — званне па табелю аб рангах, якое прысвойвалася дзяржаўным і вайсковым служачым і давала пэўныя саслоўныя правы і перавагі. Чын маёра. Павысіць у чыне. Чын калежскага асэсара. // ‑а. Разм. Пасада або асоба, якая займае пасаду. [Кульгавы:] — Там спіртзавод быў. Мяне на гэты завод і прызначылі старшым. А як жа! Хадзіў, брат, і ў чынах. Чыгрынаў.

2. ‑у. Адпаведны ранг, цывільнае званне ў работнікаў пракуратуры СССР. Чын сапраўднага дзяржаўнага саветніка юстыцыі. // Ступень службовага становішча. Афіцэрскі чын.

•••

Класныя чыны — цывільныя званні, якія прысвойваюцца ў СССР пракурорска-следчым работнікам пракуратуры.

Ніжні чын — салдат у царскай арміі ў адрозненне ад афіцэраў.

Без чыноў — без цырымоній, папросту.

Па чыну — адпаведна званню, пасадзе.

Чын чынам (чынаром); чын па чыну — найлепш; так, як трэба.

чын ​2, ‑у, м.

У Т адз. у спалучэнні з прыметнікам і займеннікам ужываецца ў значэнне спосаб, прыём; гэта спалучэнне адпавядае прыслоўю са значэннем дадзенага прыметніка або займенніка. Карэнным чынам. Пэўным чынам. Належным чынам. □ Чытка рукапісу трылогіі была перапынена самым нечаканым чынам. Лужанін. Муха.. падсунуў галаву пад аптычны прыбор, быццам такім чынам мог закрыцца ад бомбаў і куль. Шамякін. Чалавечак, які ішоў на свет недазволеным медыцынай чынам, нагамі ўперад, аказаўся дзяўчынкай. Грамовіч. // У Т адз. у спалучэнні з некаторымі прыметнікамі і займеннікамі служыць для ўтварэння прыслоўяў і пабочных слоў, значэнне якіх залежыць ад значэння дадзенага прыметніка або займенніка. На плошчы было шмат людзей, галоўным чынам сялян. Гурскі. Алена цалкам далучылася да Максімавых поглядаў на Саўкава партызанства. Такім чынам, усе няяснасці і сумненні, прынесеныя Саўкам, цяпер развеяліся. Колас.

•••

Грэшным чынам (у знач. пабочн.) — трэба прызнацца; на жаль.

Ніякім чынам — ні ў якім разе.

чын ​3, ‑а, м.

Абл. Месца скрыжавання нітак асновы, дзе ходзіць чаўнок; зеў. Маленькі Зміцер ляжаў на печы і паглядаў, як пераменьваюцца чыны ў кроснах, як бегае [чаўнок] і рытмічна пастукваюць набіліцы. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паназнача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Прызначыць на якую‑н. пасаду, працу і пад. усіх, многіх.

2. Устанавіць, вызначыць што‑н. усім, многім. Паназначаць пенсіі.

3. Абазначыць, памеціць якім‑н. чынам усё, многае. Вырашылі [юныя натуралісты] заўтра ж схадзіць у лес, падшукаць і паназначаць кусты для перасадкі. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)