ДЖАЗ-РО́К (англ. jazz-rock),

адзін з кірункаў джаза, стыль прафес. музыкі. Выкрышталізаваўся ў канцы 1960-х г. у выніку спалучэння некат. формаў сучаснага джаза і джазавых аранжыровак з элементамі рокавай рытмікі і інструментоўкі. З 1970-х г. у выніку запазычання ім элементаў экзатычных муз. культур і ўскладнення рытмікі і формы адбылося яго пераўтварэнне ў якасна новую разнавіднасць — ф’южн (ад англ. сумесь, сплаў). Найб. росквіту Дж.-р. дасягнуў у творчасці амер. груп «Чыкага», «Прагноз надвор’я», англ. «Калізей», музыкантаў М.Дэйвіса, О.Коўлмена, Дж.​Мак-Лафліна, Дж.​Дзюка, Ж.​Л.​Панці, Ч.​Корыя, Х.​Хэнкака і інш. Многія бел. музыканты ў той ці іншай ступені выкарыстоўваюць у сваёй творчасці элементы джаз-рока (групы Б.​Бернштэйна, «Яблычная гарбата» і інш).

Дз.​А.​Падбярззскі.

т. 6, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НААСФЕ́РА (ад грэч. noos розум + сфера),

новы эвалюцыйны Стан біясферы, пры якім разумная дзейнасць чалавека з’яўляецца гал., вырашальным фактарам яе глабальнага развіцця (часам яе вызначаюць як сферу розуму, антрапасферу, сацыясферу, тэхнасферу). Тэрмін «Н.» ўведзены франц. вучонымі Э.​Леруа і П.​Тэярам дэ Шардэнам у 1920-х г., якія тлумачылі яго ідэалістычна. У.Л.Вярнадскі развіў матэрыяліст. ўяўленне аб Н. як якасна новай форме арганізаванасці, што ўзнікае пры ўзаемадзеянні прыроды і грамадства, у выніку творчай дзейнасці чалавека, якая пераўтварае свет і грунтуецца на навук. думцы. Для Н. характэрна цесная ўзаемасувязь і гарманічнае спалучэнне законаў прыроды з законамі мыслення і сац.-эканам. законамі грамадства; чалавек павінен адказваць за лёс планеты і ўсяго жывога на ёй Пераход біясферы ў Н. для чалавецтва застаецца перспектывай.

т. 11, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фітаіндыка́тары

(ад фіта- + індыкатары)

расліны, характэрныя для пэўных экалагічных умоў, якія могуць якасна або колькасна ацэньвацца па прысутнасці гэтых раслін, напр. трыснёг у пустынных месцах сведчыць аб наяўнасці падземных водаў, палын халодны паказвае на прысутнасць у мацерыковых пародах вальфраму; індыкатарныя расліны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БІСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ (ад бі... + лац. sexualis палавы),

1) у сексапаталогіі — палавая цяга да асоб абодвух палоў.

2) Гермафрадытызм. У першым значэнні бісексуальнасць можа быць вынікам незавершанасці фарміравання псіхасексуальнай арыентацыі або сродкам «аховы» (жаданне гомасексуаліста выдаць сябе за гетэрасексуала). Вылучаюць некалькі тыпаў бісексуальных паводзін: бісексуальнасць пубертатнага перыяду, калі падлетак яшчэ не выявіў сваёй эратычнай перавагі і можа эксперыментаваць у абодвух кірунках; чаргаванне гетэра- і гомасексуальных паводзін на аснове ўсведамлення індывідам двух якасна розных сексуальных «сцэнарыяў»; сітуацыйна абумоўленая, або псеўдабісексуальнасць, напр. ва ўмовах вымушанай палавой ізаляцыі (армія, турма і інш.). Бісексуальнасць існуе таксама як паралельныя гома- і гетэрасексуальныя паводзіны, калі афіцыйны гетэрасексуальны шлюб сумяшчаецца з тайнымі гомасексуальнымі прыхільнасцямі мужа ці жонкі. Часцей гэта адбываецца як вынік позняй сексуальнай ідэнтыфікацыі мужа ці жонкі. Часам бісексуальнасць развіваецца ў выніку раўнадушша да полу партнёра.

т. 3, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГА́Я СІГНА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

якасна адметная, уласцівая толькі чалавеку форма вышэйшай нервовай дзейнасці — сістэма моўных сігналаў. Паняцце ўвёў І.П.Паўлаў (1932). З’яўляецца ў працэсе эвалюцыі ў цеснай сувязі з сац.-прац. фактарам як істотны дадатак да першай сігнальнай сістэмы, якая базіруецца на непасрэдным успрыняцці навакольнага асяроддзя (раздражняльнікаў) праз органы пачуццяў. Словы, што вымаўляюцца, чуюцца і бачацца, з’яўляюцца адцягненым, апасродкаваным вобразам канкрэтных прадметаў і з’яў рэальнага свету, сігналы першасных сігналаў. Яны надзяляюць чалавека здольнасцю да абстрагавання, абагульнення, мышлення, да навук. творчасці. Д.с.с. развіваецца ў ходзе антагенезу, паступова займае дамінуючае становішча. Нейрафізіял. структура мовы ўключае стадыю аферэнтнага сінтэзу, на аснове якой складаецца рашэнне выказаць якую-н. думку. Разам з гэтым фарміруецца і акцэптар выніку дзеяння — апарат, які праграміруе мэту і кантралюе яе рэалізацыю шляхам пастаяннай карэкцыі слоў, што выключае магчымыя памылкі ў выказванні думкі.

У.​М.​Калюноў.

т. 6, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАСПАЖЫВА́ННЕ,

1) расходаванне вады на патрэбы насельніцтва, прам-сці і інш. водакарыстальнікаў. Вада на водаспажыванне адбіраецца з воднага аб’екта беззваротна або вяртаецца, змененая якасна. Адрозніваюць водаспажыванне гасп.-пітное і камунальнае (для быт. мэт) і тэхн. або вытв. (для тэхнал. мэт прам-сці, энергетыкі, транспарту). Аб’ём водаспажывання залежыць ад нормы водаспажывання — удзельнага расходу вады за суткі 1 жыхаром або ўмоўнай адзінкай для дадзенай вытв-сці. У меліярацыі водаспажыванне — расходаванне вады на арашэнне, абвадненне пашы, водазабеспячэнне сельскіх нас. пунктаў, с.-г. комплексаў, на проціпажарныя і прыродаахоўныя мерапрыемствы, рыбныя гаспадаркі і інш. 2) Колькасць вады, неабходная для с.-г. культур ці севазвароту за пэўны час, каб забяспечыць нармальнае развіццё раслін. Велічыня водаспажывання адпавядае сумарнаму расходаванню вады на транспірацыю раслінамі і фіз. выпарэнне з паверхні глебы. У такім выпадку водаспажыванне разлічваецца таксама і для дзікарослых раслін.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 4, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

багаце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Станавіцца багатым, багацейшым. Панская пільня! Яна належала пану, а трымаў яе ад пана і багацеў з яе нейкі падпанак з гарадка. Чорны. Цяжка было жыць пасля вайны. Але год за годам калгас багацеў, больш важкім рабіўся працадзень. Гроднеў. // Абзаводзіцца чым‑н., разжывацца на што‑н. Краіна пасля вайны багацела на самую дасканалую тэхніку. Паслядовіч. // Станавіцца паўнейшым, павялічвацца. Гумно паўнела з колевым годам, І багацеў хлявец прыплодам. Колас. // Набываць якасна новыя рысы. Багацець духоўна. // Развівацца, удасканальвацца. Багацее мова, узнімаецца яе культура.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́макнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. вымак, ‑кла; зак.

1. Стаць вымаклым; змяніцца якасна ў выніку вымочвання ў вадзе. Іржышча выгарала, адлежалася пад сонцам, вымакла, як каноплі ў вадзе, а цяпер зноў узнялося шчоткай. Пташнікаў.

2. Загінуць, прапасці ад празмернай вільгаці (пра пасевы). [Рыгорыха:] — А як жыта? [Загароўская:] — Так, нічога, а туды пад Ганчароўку ці не ўзышло ці вымакла. Гурскі.

3. Стаць зусім мокрым; прамокнуць. Вымакнуць па пояс. Вымакнуць да ніткі. □ Аднаго дня быў дождж і мы вымаклі на полі, прыбеглі да гаспадыні ў хату і распалілі грубку. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КААПЕРА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ,

форма арганізацыі працы, пры якой многія работнікі прымаюць удзел у адным або ў розных, але звязаных паміж сабой працэсах працы. Абумоўліваецца падзелам працы і неабходнасцю злучэння асобных аперацый у адзіны вытв паток. Існуюць простыя К.п., калі ўсе работнікі выконваюць аднародную работу, і складаныя, заснаваныя на падзеле працы і выкарыстанні машын. Простая К.п. выкарыстоўваецца там, дзе работа можа быць падзелена на якасна аднародныя часткі, выкананне якіх даручаецца асобным работнікам, або там, дзе выкананне работы патрабуе злучэння аднародных сіл (напр., падыманне цяжараў). Складаная К.п. выкарыстоўваецца, калі ўвесь прац. працэс падзяляецца на разнастайныя аперацыі, якія выконваюцца работнікамі розных спецыяльнасцей. К.п. спрыяе павышэнню яе эфектыўнасці, бо пры складанні сіл яе ўдзельнікаў узнікае новая вытв. сіла, забяспечваецца рацыянальнае выкарыстанне рабочага часу і нараджаецца дух саперніцтва. Разнавіднасцю К.п. з’яўляюцца калект. формы арганізацыі працы, якія маюць на мэце выкананне прац. працэсу калектывам работнікаў, звязаных агульнасцю рабочай зоны, прадметамі і сродкамі працы. Калект. формы арганізацыі працы грунтуюцца на стварэнні брыгад.

М.​Ю.​Пасюк.

т. 7, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

перастая́ць, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сапсавацца, змяніцца якасна ад доўгага стаяння. Жыта перастаяла і асыпалася. Смятана перастаяла.

2. што. Перачакаць што‑н. стоячы. Перастаяць дождж пад страхой.

3. што. Захавацца ў якім‑н. становішчы нейкі час; праіснаваць даўжэй за што‑н. Вякі перастаіць сцяна, Усё стрывае цэгла. Бураўкін. Скрыпучае дрэва перастаіць здаровае. Прыказка. // Пастаяць больш чым трэба. Стаўшы каля машыны ў адзін рад — пагранічнік пасярэдзіне, Віктар з шафёрам па баках, дачакаліся шасці гадзін і на ўсялякі выпадак хвілін дзесяць перастаялі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)