МЕГАСФЕ́Н (Megasthenēs; каля 350, Іонія, М. Азія — каля 290 да н.э.),

старажытнагрэчаскі гісторык і этнограф. Па даручэнні Селеўка I Нікатара ў 300—290 да н.э. ўзначальваў пасольства пры двары караля Індыі Чандрагупты. Аўтар твора «Індыка» (у 4 кн., захаваліся дробныя фрагменты), у якім шмат каштоўных звестак пра грамадскі лад, рэлігію, звычаі і гісторыю тагачаснай Індыі, а таксама геагр. інфармацыя, у т. л. першыя звесткі пра Гімалаі. Твор М. выкарыстоўвалі ў сваёй працы ант. гісторыкі Дыядор Сіцылійскі, Страбон, Арыян, Пліній Малодшы.

т. 10, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭ́ФАНСАН (Stefansson) Вільялмур (3.11.1879, г. Гімлі, Канада —26.8.1962),

канадскі палярны даследчык і этнограф. У 1904—05 праводзіў археал. і этнаграф. даследаванні ў Ісландыі, у 1906—12 — на паўн.-зах. узбярэжжы Амерыкі. У 1913—18 кіраваў Канадскай арктычнай экспедыцыяй, даследаваў а-вы Банкс і Прынс-Патрык. У 1915 адкрыў «Зямлю Бордэн» (фактычна групу з 3 а-воў), у 1916 — а-вы Міен і Лохід. Яго імем названы востраў каля паўн.-ўсх. ўзбярэжжа в-ва Вікторыя.

Літ.:

Ольхина Е.А. Вильялмур Стефансон. М., 1970.

т. 15, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРСЕ́НЬЕЎ Уладзімір Клаўдзіевіч (10.9.1872, С.-Пецярбург — 4.9.1930),

пісьменнік, даследчык Д. Усходу, этнограф. У 1902—03 і 1906—12 як афіцэр-тапограф ажыццявіў шэраг экспедыцый па Пд Прымор’я і Сіхатэ-Аліні. Падарожнічаў па Камчатцы (1913), правабярэжжы Амура (1926), па маршруце Сав. Гавань — Хабараўск (1927). Працаваў у ВНУ Д. Усходу. Апісаў прыроду і побыт жыхароў даследаваных ім мясцін.

Тв.:

Бел. пер. — У нетрах Усурыйскага краю. Мн., 1929;

Дэрсу Узала. Мн., 1935;

Па Усурыйскаму краю: (Падарожжа ў горную вобласць Сіхатэ-Алінь у 1902—1906 гг.). Мн., 1952.

т. 1, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРКО́ЎСКІ Сцяпан Андрэевіч (10.4.1905, г. Слуцк — 11.6.1966),

бел. этнограф, літ. крытык. Скончыў БДУ (1926). Працаваў у Інбелкульце, Ін-це гісторыі АН Беларусі (1926—36). У 1936 рэпрэсіраваны. Працаваў у лагерах Краснаярскага краю, Сярэдняй Азіі, Казахстана. Рэабілітаваны ў 1955. У 1956—66 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Друкаваўся з 1925. Аўтар артыкулаў па гісторыі, фальклоры, этнаграфіі, краязнаўстве, бел. л-ры, даследавання «Першае мая на Беларусі» (1927, 3-е выд. 1932). Складальнік альбома бел. нар. набіванак, кн. твораў В.​Маракова, В.​Каваля, А.​Дудара, М.​Нікановіча.

І.​У.​Саламевіч.

т. 2, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЕВА Наталля Іванаўна (18.7. 1894, г. Разань, Расія — 19.3.1978),

расійскі этнограф. Канд. гіст. н. (1928). Вучылася на Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсах. Працавала ў Разанскім краязнаўчым музеі, Дзярж. акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры, 1-м Маскоўскім ун-це. Даследавала матэрыяльную культуру беларусаў (экспедыцыі ўздоўж Прыпяці ў 1927 і 1930). Аўтар першых фундаментальных прац пра бел. нар. жыллё («Жыллё і гаспадарчыя пабудовы Беларускай ССР», 1929), прадзенне і ткацтва, якія разглядаліся ў сувязі з матэрыяльнай культурай рускіх і ўкраінцаў («Прадзенне і ткацтва ўсходніх славян у XIX — пачатку XX ст.», 1956).

В.​К.​Бандарчык.

т. 9, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЮЧЭ́НКАЎ Сяргей Аляксеевіч (н. 5.11.1949, Мінск),

бел. этнограф. Канд. гіст. н. (1982). Скончыў БДУ (1973). Працаваў у філіяле Дзярж. музея Беларусі ў Заслаўі (1975—77), у 1977—91 у Ін-це мастацтвазнаўства этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе матэрыяльную і духоўную культуру, промыслы і рамёствы беларусаў, сучасную прац. абраднасць, грамадскі побыт насельніцтва, музейныя калекцыі Беларусі. Аўтар манаграфіі «Беларускае народнае ганчарства» (1984), сааўтар прац «Помнікі этнаграфіі» (1981), «Промыслы і рамёствы Беларусі» (1984). Удзельнічаў у распрацоўцы навукова-метадычных прынцыпаў стварэння Бел. дзярж. музея нар. архітэктуры і побыту.

Л.​А.​Суднік.

т. 10, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РГАН (Morgan) Льюіс Генры (21.11. 1818, Нью-Йорк — 17.12.1881),

амерыканскі этнограф, гісторык. Чл. Нац. АН ЗША (1875). Заснавальнік т-ва для вывучэння і дапамогі індзейцам (1840). Даследчык першабытнага грамадства, сцвярджаў ідэю прагрэсу і адзінства гіст. шляху чалавецтва. Першым паказаў значэнне роду як асн. ячэйкі першабытнага грамадства, эвалюцыю сям’і і шлюбу ад групавых форм да індывідуальных, абгрунтаваў палажэнне аб развіцці ўласнасці ад калектыўных форм да прыватных. Аўтар прац «Ліга іракезаў» (1851), «Старажытнае грамадства, або Даследаванне ліній чалавечага прагрэсу ад дзікасці праз варварства да цывілізацыі» (1877).

т. 10, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЦІХ Аляксандр Фёдаравіч (5.7.1831, Пецярбургская губ. — пасля 1900),

рускі этнограф, ваенны картограф. Ген.-лейтэнант (1891). Скончыў Інжынерную акадэмію (1853) і Акадэмію Генштаба (1858). Стаяў на пазіцыях вялікадзярж. шавінізму. Склаў «Атлас народанасельніцтва Заходнярускага краю паводле веравызнанняў» (1863), У якім памылкова адносіў беларусаў-католікаў да палякаў. Найб. каштоўныя яго этнагр. карты з этнічнай статыстыкай Беларусі, некат. абласцей Расіі, замежных слав. народаў («Этнаграфічная карта Еўрапейскай Расіі», 1875). Яго працы, прысвечаныя Зах. краю («Матэрыялы для этнаграфіі Царства Польскага: Люблінская і Аўгустоўская губерні», 1864, і інш.), мелі апісальны характар.

В.​К.​Бандарчык.

т. 13, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБАЛЕ́НКА Эла Раманаўна (н. 26.9.1936, г. Гомель),

бел. этнограф. Дачка Р.К.Сабаленкі. Канд. гіст. н. (1967). Скончыла БДУ (1959). 31960 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, у 1977—2000 выкладала ў Бел. ун-це культуры ў Мінску. Аўтар манаграфіі «Этнаграфічная спадчына Якуба Коласа» (1969), раздзела «Беларусы» («Этнаграфія ўсходніх славян», 1987), раздзелаў у калект. манаграфіях «Беларускае народнае жыллё» (1973), «Змены ў побыце і культуры сельскага насельніцтва Беларусі» (1976), «Этнічныя працэсы і лад жыцця» (1980), адзін з аўтараў раздзела «Беларусь» у кн. «Краіны і народы» (М., 1984).

Л.​А.​Суднік.

т. 14, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕО́РГІ Іван Іванавіч (Іаган Готліб; 31.12.1729, Памор’е, Польшча — 27.10.1802),

этнограф, прыродазнавец і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1783). Вучыўся ў К.Лінея. З 1770 у Пецярбургскай АН. У 1768—74 з экспедыцыяй наведаў ПдУ Расіі, Алтай, Забайкалле, Урал, Паволжа, абследаваў і склаў карту воз. Байкал, апісаў клімат, флору і фауну наваколля. Аўтар працы пра народы Расіі «Апісанне ўсіх народаў, якія пражываюць у Расійскай дзяржаве, а таксама іх жыццёвых абрадаў, веравызнанняў, звычак, вопраткі, жылля і іншых векапомнасцей» (ч. 1—3, 1776—77). Займаўся таксама хіміяй, медыцынай, гісторыяй навук. адкрыццяў у Расіі, Іране і інш.

Літ.:

Токарев С.А. История русской этнографии. М., 1966.

т. 5, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)