ЕЎРАПЕ́ЙСКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ВУ́ГАЛЮ І СТА́ЛІ (ЕАВС),
дзяржаўна-манапалістычная арганізацыя, створаная ў 1951 з мэтай садзейнічаць пашырэнню і мадэрнізацыі здабычы вугалю, руды. вытв-сці металу. Напачатку аб’ядноўвала ФРГ, Францыю, Італію, Бельгію, Нідэрланды і Люксембург, пазней з расшырэннем складу ўдзельнікаў Еўрапейскай эканамічнай супольнасці ўключыла Вялікабрытанію, Данію, Ірландыю, Грэцыю, Іспанію і Партугалію. У 1967 органы аб’яднання зліліся з органамі ЕЭС і Еўраатама. Штаб-кватэра ў г. Брусель (Бельгія).
т. 6, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РЭНО́»
(Renault S.A.),
аўтамабільны канцэрн Францыі. Засн. ў 1895 прадпрымальнікам Л.Рэно. У 2-ю сусв. вайну прадпрыемствы канцэрна знішчаны больш чым на 80%. У 1945 нацыяналізаваны, з 1990 акц. т-ва. З 1979 супрацоўнічае з канцэрнам «Вольва», у 1993 абедзве фірмы аб’ядналіся пад назвай «Рэно-Вольва-Атаматыў». Спецыялізуецца на выпуску легкавых і грузавых аўтамабіляў тыпу «Рэно» розных мадыфікацый і цягнікоў. Штаб-кватэра ў г. Булонь-Біянкур.
т. 14, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НСКІ ЛЕГІЁН (American Legion),
у ЗША арг-цыя былых удзельнікаў розных войнаў. Засн. ў 1919 у Парыжы вайскоўцамі амер. экспедыцыйнага корпуса ў Еўропе, узаконена як афіц. арг-цыя актам Кангрэса ЗША. Штаб-кватэра ў г. Індыянапаліс. Узначальваецца выканкомам і нац. камандорам, якіх штогод выбірае з’езд легіянераў. Выступае за сац. абарону ветэранаў войнаў, займаецца ваенна-патрыят. выхаваннем моладзі. Паліт. пазіцыі Амерыканскага легіёна характарызуюцца антыпрафсаюзным курсам, негатыўным стаўленнем да іншаземцаў.
т. 1, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́ТНЫ ПАШТО́ВЫ САЮ́З (СПС),
міжнародная міжурадавая арг-цыя; спецыялізаваная ўстанова ААН (з 1947).
Засн. ў 1874 на 1-м Міжнар. паштовым кангрэсе; да 1878 наз. Усеагульны паштовы саюз. Мэта яго стварэння — удасканаленне міжнар. паштовай службы. Членамі СПС з’яўляюцца 175 краін, у т. л. Беларусь (з 1947). Гал. органы: Сусв. паштовы кангрэс, Выканаўчы к-т, Кансультатыўны савет па паштовых даследаваннях, Міжнар. бюро (сакратарыят). Штаб-кватэра у г. Берн (Швейцарыя).
т. 15, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМНІ́СТЫЯ МІЖНАРО́ДНАЯ (Amnesty International),
міжнар. праваахоўная няўрадавая арганізацыя. Створана ў 1961 у Лондане. Мае філіялы ў 44 краінах свету, прадстаўлена індывід. членамі ў 155 краінах і тэрыторыях (1994). Асн. мэты: юрыд. дапамога зняволеным за паліт. і рэліг. перакананні («нявольнікам сумлення») і іх сем’ям. Выступае супраць катаванняў і смяротнай кары, рыхтуе незалежныя даклады аб парушэннях правоў чалавека. Кіруючыя органы — сесія (склікаецца штогод), выканаўчы камітэт, сакратарыят. Штаб-кватэра ў Лондане. Нобелеўская прэмія міру 1977.
т. 1, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ СПАДАРО́ЖНІКАВАЙ СУ́ВЯЗІ (ІНТЭЛСАТ). Створана ў 1973. Яе членамі з’яўляюцца больш за 150 дзяржаў. Умова для ўдзелу ў яе рабоце — членства ў Міжнародным саюзе электрасувязі. Асн. мэта арг-цыі: прадастаўленне на камерцыйнай аснове карыстання спадарожнікамі сувязі і звязаным з імі абсталяваннем, неабходным для забеспячэння высокай якасці і надзейнасці паслуг міжнар. грамадскай карэспандэнцыі ва ўсіх раёнах свету. Кіруючыя органы ІНТЭЛСАТ — Асамблея бакоў, Нарада ўдзельнікаў, Савет кіраўнікоў і Выканаўчы орган. Штаб-кватэра ў Вашынгтоне.
т. 10, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ БАРАЦЬБІТО́Ў СУПРАЦІЎЛЕ́ННЯ (Fédération Internationale des Résistants; ФІР),
міжнароднае аб’яднанне нац. асацыяцый б. удзельнікаў Руху Супраціўлення, партызан, вязняў фаш. канцлагераў, ахвяр фаш. рэжыму. Утворана ў 1951. Аб’ядноўвае 75 нац. арг-цый з 27 краін (1998). Вядзе барацьбу за мір, супраць адраджэння фашызму ва ўсіх яго формах, у абарону правоў і інтарэсаў барацьбітоў Супраціўлення. Вышэйшы орган — кангрэс, на якім выбіраюцца прэзідэнт, віцэ-прэзідэнты, члены Бюро і Ген. Савета. Выканаўчы орган — Сакратарыят. Штаб-кватэра ў Вене.
т. 10, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́НТЭ-КА́РЛА (Monte Carlo),
горад у Манака. Каля 12 тыс. ж. (1997). Порт на Міжземным м. Кліматычны курорт. Буйны цэнтр міжнар. турызму і банкаўскіх аперацый. Сусветна вядомае казіно, пабудаванае ў 1878 (дае каля 4% нац. гадавога прыбытку). Суднарамонт. Адна з самых магутных у Еўропе радыёстанцый. Оперны т-р Музей выяўл. мастацтваў. Штогадовыя міжнар. фестывалі цыркавога мастацтва, тэлевізійных фільмаў і інш. Штогадовыя сусв. «Ралі Монтэ-Карла» (з 1911). Штаб-кватэра Міжнар. акадэміі па турызме.
т. 10, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮНА́ЙТЭД ПРЭС ІНТЭРНЭ́ШАНАЛ (ЮПІ; United Press International; UPI),
адно з найбуйнейшых інфарм. агенцтваў свету; камерцыйнае прадпрыемства ЗША. Створана ў 1958 у выніку зліцця агенцтваў Юнайтэд Прэс (1907) і Інтэрнэшанал Ньюс Сервіс (1909). Штаб-кватэра ў Нью-Йорку. Распаўсюджвае паведамленні друку і радыё, тэлефільмы навін, кабельныя тэлевізійныя праграмы, фотаматэрыялы для 6 тыс. карыстальнікаў. Інфармацыю ЮПІ на англ., араб., ісп. мовах прымаюць больш за 100 краін свету. Мае 230 замежных бюро.
Л.А.Фядотаў.
т. 18, кн. 1, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ ДАГАВО́РУ ПАЎДНЁВА-УСХО́ДНЯЙ А́ЗІІ (South-East Asia Treaty Organization; СЕАТО),
ваенна-паліт. рэгіянальная арганізацыя ў Паўд.-Усх. Азіі ў 1954—77. Створана ў вер. 1954 у Маніле паводле Паўд.-Азіяцкага дагавору аб калект. абароне. Уваходзілі Аўстралія, Вялікабрытанія, ЗША, Новая Зеландыя, Пакістан (выйшаў у 1973), Тайланд, Філіпіны, Францыя (з 1965 абмежавала, з 1974 спыніла ўдзел у арг-цыі). Штаб-кватэра знаходзілася ў Бангкоку. У 1975 Тайланд і Філіпіны выказаліся за роспуск блока. У чэрв. 1977 дзейнасць арг-цыі спынена.
т. 1, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)