мізэ́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі малы, нязначны. Вёска бедная. У большасці сялян надзелы вельмі мізэрныя. Сяргейчык. У батарэях рацыі засталіся апошнія мізэрныя рэшткі энергіі. Мележ. Сяргей .. востра адчуў, якія мізэрныя былі ўсе яго ранейшыя хваляванні ў параўнанні з тым, што рабілася цяпер у яго душы. Сіўцоў.

2. Схуднелы, худы. Мізэрныя, абарваныя стаялі сіроткі. Бядуля. Мікалай з замілаваннем глядзеў на .. [Верын] мізэрны маленькі твар. Дамашэвіч. // Чэзлы, чахлы (пра расліны). Абышоўшы пасевы ярыны, пастаяўшы каля мізэрнага жыта, .. [Шаманскі] падаўся на двор трэцяй брыгады. Дуброўскі.

3. перан. Які не мае належнага выгляду, убогі; бедны. У фае тэатра цыганскім табарам размясціўся калектыў са сваімі сем’ямі і мізэрнымі пажыткамі. Сяргейчык. Сляпянка некалі вылучалася сваімі мізэрнымі, падслепаватымі хатамі. Новікаў. // Несамавіты; дробны, малы. Вясёлая баявая Насця Чычка, ёмкая, з мужчынскімі ўхваткамі, бураю налятае на мізэрнага Міхайлу Драбка. Колас.

4. перан. З якім не лічацца, не паважаюць, які выклікае адмоўныя пачуцці; нікчэмны. Які мізэрны і ўбогі Той недалёкі чалавек, Што цягне да сваёй бярлогі Набыткі розныя ўвесь век. Панчанка.

[Ад лац. miser — бедны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скуго́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.

1. Жаласна выць, падвываць (пра жывёліну). Сабака ўсё выў. Не, нават не выў, а скавытаў, скавытаў ціха, расцяжна, бы ўсё роўна галасіў, некага аплакваў .. «Чаго ён гэтак жаласліва вые, чаго скуголіць?» Сачанка. Сабака аж заходзіўся на дварэ, а ваўчаня бегае па хаце і скуголіць. Пальчэўскі. Свінні, парасяты .. чухаліся аб жардзіны плота, паціху і нудна скуголілі ад холаду. Дуброўскі. // Утвараць гукі, падобныя на выццё. Мяце, скуголіць над платамі, над хатамі белая каламуць завірухі. Ракітны. Ніхто не мог падступіцца не тое што да склада, дык і да станцыі: асколкі снарадаў ляцелі, скуголілі на ўсё наваколле. Сабаленка. Шалёна біліся аб сцены аканіцы, сумотна скуголілі завескі, на якіх яны трымаліся. Колас. Глядзіш, праз пару месяцаў .. сіпаты гармонік [Гарыка] ўжо скуголіць па завуголлю суседніх вёсак. Скрыпка. // Разм. Ціха, жаласна плакаць, енчыць. А дзяўчынка скуголіць і скуголіць, быццам сваім плачам хоча перамагчы завею. Асіпенка. [Хлопец] неспакойна абмацваў каля сябе зямлю, а пасля пачаў скуголіць тонкім перарывістым голасам. Чорны.

2. перан. Разм. Наракаць, скардзіцца, прасіць чаго‑н. — І навошта гэта, і навошта, — скуголіў пасажыр. — Выпілі б па чарцы дый раз’ехаліся... Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха́та, ‑ы, ДМ хаце, ж.

1. Жылая сялянская пабудова, зрубленая з бярвення. Дзе была адна пустыня — Елкі ды бярозкі. — Поле будзе, пушча згіне, Стануць хаты, вёскі. Купала. Прасторная хата-пяцісценка, хляўчук, пуня. Верхавінне гонкіх сосен гойдаецца над гонтавым дахам. Хадкевіч.

2. Унутраная частка такой жыллёвай пабудовы; жылое памяшканне. На гэты дзень і сама хата Была прыбрана зухавата: Памыты лавы, стол, падлога. Колас. У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. У печы патрэсквалі і стралялі на хату чырвонымі вугельчыкамі дровы. Адамчык. // Падлога (з дошак або глінабітная). А месяцы праз два так хата зарасла, Што і зайсці ў яе агідна стала. Корбан. Не хітруе і лісіца, Ёй таксама не ляжыцца: Як мятлой, хвастом пушыстым Падмятае хату чыста. Муравейка. Дзе багата гаспадыняў, там хата не мецена. Прыказка. // Птушынае гняздо. Ластаўка ўецца віхураю — Над хатаю новай клапоча. Чарот. Натрудзіць дзяцел сваю дзюбу, збудуе сабе хату, і не паспеў яшчэ ў ёй асталявацца, як, глядзіш, ужо і кватарант з’явіўся: рыжая белка ці сама.. драпежніца-сава. Якімовіч.

3. Асобны сялянскі двор, гаспадарка; асобная сям’я. Вёска на пяцьдзесят хат. □ Тады, у тую восень, і нарабілі зямлянкі пад Курачовымі Цянямі. Збіраліся хатамі — і рабілі. Пташнікаў.

4. У назвах некаторых сельскіх устаноў. Хата-чытальня. Хата-лабараторыя.

•••

Адбіцца ад хаты — не быць дома, не глядзець гаспадаркі.

Выносіць смецце з хаты гл. выносіць.

Мая хата з краю — мяне гэта не датычыцца; гэта не мая справа.

На ўсю хату — а) вельмі моцна плакаць, гаварыць, крычаць. [Агапа] моцна заплакала на ўсю хату. Мурашка; б) займаць многа месца.

Чужую хату пільнаваць гл. пільнаваць.

Чым хата багата — форма ветлівага запрашэння.

Як у сваёй хаце — тое, што і як дома (гл. дома).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)