ГРЫ́ДНІЦА,

1) у старажытнарускай архітэктуры вял. памяшканне ў княжацкім палацы або асобная пабудова, дзе жыла грыдзь (малодшая княжацкая дружына), прымалі гасцей, наладжвалі святочныя баляванні.

2) На Беларусі ў 16—18 ст. — жылы пакой для чэлядзі ў сядзібным доме або флігель, які злучаўся з панскімі пакоямі сенцамі, часам уключаў камору; асобныя жылыя будынкі ў традыцыях нар. жылля, з 1 або 2 жылымі пакоямі. Грыдніцай называлі таксама вял. жылыя пакоі ў манастырах, часам — курныя хаты пры корчмах.

т. 5, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГУНО́ВЫ,

рускія архітэктары. Прыгонныя графаў Шарамецевых. Фёдар Сямёнавіч Аргуноў (каля 1732 — каля 1768). Прадстаўнік рус. барока. Дваюрадны брат жывапісца І.П.Аргунова. Удзельнічаў у буд-ве палаца Шарамецева ў Пецярбургу (1750—55). Па яго праектах пабудаваны кухонны флігель (1775), павільён «Грот» (1755—75), магчыма, аранжарэя (1761—64) у Кускове (Масква). Павел Іванавіч (каля 1768—1806). Прадстаўнік класіцызму. Сын жывапісца І.П.Аргунова. Удзельнічаў у буд-ве драўлянага палаца-тэатра Шарамецевых у Астанкіне (цяпер у межах Масквы, 1791—98); па яго праектах створаны інтэр’еры.

т. 1, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ліха́ч, ‑а, м.

1. Неадабр. Вадзіцель машыны, які з-за самахвальства грэбуе правіламі бяспекі язды. Шафёр [цяпер] вёў машыну з асцярожнасцю вучня: куды знік той ліхач, які ляцеў па лясной дарозе з хуткасцю ветру. Шамякін.

2. Уст. Фурман экіпажа, запрэжанага добрым жвавым канём, а таксама экіпаж з такім канём. Я пагнаў сані пад самы флігель, адгарнуў футравую папаху. Так рабілі тыя ліхачы, што аднаго разу прывозілі паноў у нашу карчму. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДВАРНІ́ЗГАЛАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 2-й пал. 19 ст. Размешчана на паўн.-зах. ускраіне в. Двор Нізгалава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл., на беразе р. Ула. Комплекс у стылі позняга класіцызму ўключае 1-павярховы мураваны сядзібны дом (пашкоджаны ў 1944, адноўлены ў 1970), флігель, кухню, вяндлярню, 2 гасп. корпусы.

Тэрыторыя сядзібнай забудовы злучаецца з паркам невял. курцінамі з елак, хвой і клёнаў. Кампазіцыя парку (пл. 4 га) — прыклад перабудовы рэгулярнага парку ў пейзажны. Сярод насаджэнняў рэдкія ў рэспубліцы экзэмпляры бярозы далекарлійскай (выш. 17 м, дыяметр ствала 58 см) і кедра еўрап. калонападобнага (выш. 12 м, дыяметр ствала 48 см).

А.А.Міцянін.

т. 6, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ад’юта́нт

(ням. Adjutant, ад лац. adiutans, -ntis = памочнік)

1) ваеннаслужачы пры камандзіры для выканання службовых даручэнняў;

2) афіцэр, адказны за справаводства ў штабах дарэвалюцыйнай рускай арміі;

3) прыдворны ваенны чын у свіце манарха (генерал-а., флігель-а.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НАК,

помнік архітэктуры барока ў Мінску. Уваходзіў у ансамбль Высокага рынку (сучасная пл. Свабоды). Засн. ў 1633 А.Слушкам. Напачатку пабудаваны драўляныя касцёл і кляштар, у 1642 пачалі ўзводзіць мураваныя будынкі, у 1687 новы касцёл асвячоны. У 1741—65 пасля пажару касцёл рэканструяваны. Кляштар уключаў касцёл, жылы корпус, флігель і гасп. пабудовы. Касцёл і жылы корпус утваралі замкнёны ўнутр. двор. З ПнУ ад жылога корпуса знаходзіцца 2-павярховы лямус, з ПдУ — 3-павярховы флігель, накрыты вальмавым дахам. У кампазіцыі дамінуе будынак касцёла — 3-нефавая 6-слуповая базіліка з 3-граннай алтарнай апсідай, да якой сіметрычна прыбудаваны прамавугольныя ў плане сакрысціі. Гал. фасад з дзвюма 6-яруснымі вежамі (выш. 34 м), завершанымі складанымі барочнымі купаламі, дэкарыраванымі пілястрамі, прафіляванымі карнізамі, праёмамі і нішамі з паўцыркульнымі завяршэннямі. Паміж вежамі размешчаны складаны па малюнку шчыт, упрыгожаны падвойнымі пілястрамі, карнізнымі паясамі. Бакавыя фасады раскрапаваны пілястрамі, карнізнымі паясамі, прарэзаны вял. лучковымі і арачнымі аконнымі праёмамі. Інтэр’ер у 1-й пал. 19 ст. ўпрыгожаны 7 стукавымі алтарамі. Жылы корпус 2-павярховы прамавугольны ў плане. Яго паўд.-ўсх. фасад вылучаны 2 рызалітамі. Рытм фасадаў ствараюць прамавугольныя аконныя праёмы і пілястры. У 1853 кляштар скасаваны. Пасля задушэння паўстання 1863—64 у будынку працавала дзярж. следчая камісія. З 1870 у будынках кляштара размяшчаўся правасл. манастыр св. Духа. Пасля Вял. Айч. вайны ў ім — правасл. кафедральны сабор.

У.М.Дзянісаў.

Мінскі касцёл і кляштар бернардзінак.
Да арт. Мінскі касцёл і кляштар бернардзінак. Інтэр’ер сучаснага кафедральнага сабора. 1999.

т. 10, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАЎ (Эдуард Трафімавіч) (1811, Эстонія — 17.7.1884),

расійскі дзярж. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1869). Скончыў Царскасельскі ліцэй (1829). З 1838 флігель-ад’ютант імператара Мікалая І. З 1844 у дзеючай арміі на Каўказе, у 1849 у Венгрыі, у 1853—56 на Балтыйскім тэатры ваен. дзеянняў Крымскай вайны. З крас. 1866 ліфляндскі, эстляндскі і курляндскі ген.-губернатар, камандуючы войскамі Рыжскай ваен. акругі. У кастр. 1866 — сак. 1868 віленскі, ковенскі, гродзенскі і мінскі ген.-губернатар, гал. начальнік Віцебскай і Магілёўскай губ., камандуючы войскамі Віленскай ваен. акругі. З мэтай пашырэння ў краі сац. базы самадзяржаўя лічыў неабходным аслабіць рэпрэсіі і абмежаванні ў адносінах да ўдзельнікаў паўстання 1963—64. З 1868 член, з 1881 старшыня дэпартамента дзярж. эканоміі Дзярж. савета Расіі.

т. 2, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗІ́ШЧАНСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НЦАЎ.

Існаваў у 1662—1865 у в. Гарадзішча (цяпер Пінскі р-н Брэсцкай вобл.). Засн. трокскім ваяводам Я.Копацем, які ў якасці фундушу даў фальваркі з в. Бышляк, Бяла, Волька, Гарадзішча, Заазер’е, Купяцічы, Любель, Селішча, Сошна, Цёлкавічы (у 1818 у іх было 350 сялян). У ансамбль кляштара ўваходзілі мураваныя касцёл, 2-павярховы жылы корпус, званіца, кузня, бровар, крама, флігель, калодзеж. Касцёл св. Ганны пабудаваны ў 1774, меў разьбяныя алтары, амбон і інш., сцены і скляпенні аздоблены размалёўкамі. У школе пры кляштары ў пач. 19 ст. навучалася 15 шляхецкіх дзяцей, працавала сталярная майстэрня, у б-цы было 1574 кнігі (1829). У 1865 кляштар скасаваны, касцёл закрыты. У 1910 касцёл зноў дзеючы, у 1944 разбураны ням.-фаш. захопнікамі. Захаваўся жылы корпус.

А.А.Ярашэвіч.

т. 5, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЛАДАЎСКІ ПАЛА́Ц.

Існаваў з канца 18 ст. да 1940-х г. у в. Моладава Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1798 паводле праекта арх. ВанГроса; меў рысы стылю ампір. Належаў Скірмунтам. Мураваны 1-павярховы прамавугольны ў плане на высокім цокалі будынак з 3 рызалітамі, накрыты вальмавым дахам. Сцены, аздобленыя рустам, завяршаліся антаблементам і карнізам на сухарыках. Цэнтр. рызаліт на гал. фасадзе вылучаны дарычным порцікам з 2 парамі калон і трохвугольным франтонам, на фасадзе, што выходзіў у парк, — 3-граннай галерэйкай з вальмавым пакрыццём. Бакавыя рызаліты на гал. і паркавым фасадах вылучаны 4-калоннымі порцікамі з трохвугольнымі франтонамі. Высокія прамавугольныя аконныя праёмы з франтончыкамі ў завяршэнні і скульпт. ўстаўкамі пад карнізамі. Каля палаца стаяў прамавугольны ў плане флігель з порцікамі на гал. фасадзе. Недалёка ад палаца размешчана Моладаўская капліца.

Ю.А.Якімовіч.

Моладаўскі палац. Фота 1920-х г.

т. 10, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫ́НТУПСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры пач. 20 ст. ў г.п. Лынтупы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Першапачатковая драўляная сядзіба апісана ў інвентары 1591. Належала Гільзенам, сучасны выгляд набыла пры ўладальніку Ю.Бішэўскім. Ансамбль сядзібы падзяляецца на 2 зоны. Перад сядзібным домам размешчана парадная зона, якая ўключае партэр, мураваны арачны мост, капліцу, службовы флігель і бровар. За домам і ставам — выцягнутая па папярочнай восі гасп. зона. Цэнтр ансамбля — 2-павярховы мураваны сядзібны дом (1907, арх. Т.Раствароўскі) у стылі неарэнесансу. У асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынка дамінуе тарцовая 3-ярусная чацверыковая вежа. Насычаная арх. пластыка ўключае канеліраваныя калоны, пілястры, анты, рустоўку, ракавіны, атык з балюстрадай і інш. Парк пейзажна-рэгулярнага тыпу (пл. 6 га). Насаджэнні згрупаваны па перыметры 4 ставоў і каналаў паміж імі на р. Лынтупка. У парку растуць клён серабрысты, елка блакітная, лістоўніца еўрап., піхта сіб. і інш. Сярод інш. пабудоў вылучаецца вежа-вяндлярня з машыкулямі і вокнамі-байніцамі ў рэтраспектыўна-замкавым стылі, у 1897 пабудаваны МЛЫН.

А.М.Кулагін.

Лынтупская сядзіба. Галоўны фасад сядзібнага дома.

т. 9, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)