абрэвіяту́ра, ‑ы, ж.

1. Складанаскарочанае слова, напрыклад: мясцком, насценгазета, а таксама літарнае скарачэнне некалькіх слоў, напрыклад: БССР, ЦК КПСС, БелСЭ.

2. Умоўнае скарачэнне слоў на пісьме, напрыклад: і г. д. (і гэтак далей), гл. (глядзі) і інш.

[Лац. abbreviatura.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

арты́кул, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Невялікі навуковы або публіцыстычны твор у часопісе, газеце, зборніку.

Крытычны а.

2. Самастойны раздзел, параграф у юрыдычным дакуменце, слоўніку і пад.

А. канстытуцыі.

Слоўнікавы а.

3. Раздзел фінансавага плана, каштарыс, які вызначае крыніцу даходаў або мэту расходаў (спец.).

Расходны а.

4. Тып вырабу, умоўнае абазначэнне тавараў (спец.).

А. тканіны.

|| прым. арты́кульны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Сі́мвалумоўнае абазначэнне, знак’ (ТСБМ), сы́мвал ‘тс’ (Ласт.), сымбо́ль ‘тс’ (Некр. і Байк., Стан.), ст.-бел. симболъ, симболъ ‘тс’. Крыніца запазычання грэч. σύμβολον ‘знак’, адкуль трапіла рознымі шляхамі: праз ц.-слав. символъ, параўн. серб.-ц.-слав. симъволъ ‘тс’, ст.-рус. символ (гл. Фасмер, 3, 623) або праз лац. symbolum, ст.-польск. symbol ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 192).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шыфр, ‑у, м.

1. Сістэма ўмоўных знакаў для тайнага пісьма, якое чытаецца з дапамогай ключа. Кастусь быў старшым радыстам: усе сакрэтныя шыфры знаходзіліся ў яго. Ваданосаў. Урэшце прыйшоў [вучоны] на навуковы сход і з гордасцю сказаў: — Я знайшоў ключ да шыфру! Я дабіўся свайго — прачытаў тайнапіс! Дубоўка. // Умоўнае абазначэнне або замена слоў і пад. чым‑н. Думалі, што.. [Луцкевіч] не ведае шыфру перастуквання. Машара.

2. Умоўны знак або знакі на кнігах, рукапісах. падшыўках і пад., якія прымяняюцца пры іх захаванні ў бібліятэцы, архіве і ўказваюць дакладнае месцазнаходжанне. // Умоўнае абазначэнне якога‑н. сакрэтнага дакумента, сакрэтнай работы. Шыфр наверсе стаяў адзін, а работа была розная — для розных цэхаў і гаспадарак. Скрыган.

[Фр. chiffre.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эмбле́ма

(гр. emblema = рэльефная аздоба)

умоўнае або сімвалічнае выражэнне якога-н. паняцця, ідэі (напр. пяць кольцаў — э. Алімпійскіх гульняў).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МА́РКАЎСКІ ПРАЦЭ́С спецыяльны від выпадковых працэсаў без паслядзеяння. Служыць мадэллю для многіх працэсаў у фізіцы

(напр., распад радыеактыўнага рэчыва),

у біялогіі (рост папуляцыі, працэсы мутацыі), у хіміі, тэорыі масавага абслугоўвання.

Выпадковы працэс X(t) наз. М.п., калі для любых момантаў часу t0 i t1 (t0 < t1) умоўнае размеркаванне X(t1) пры ўмове, што зададзены ўсе значэнні X(t) пры t≤to, залежыць толькі ад X(t0). Гэтая вызначальная ўласцівасць М.п. наз. маркаўскай уласцівасцю або адсутнасцю паслядзеяння: стан нейкай сістэмы ў момант t0 адназначна вызначае размеркаванне імавернасцей будучага развіцця працэсу пры t > t0 і інфармацыя аб мінулым развіцці працэсу да моманту t0 не ўплывае на гэтае размеркаванне. Тэорыя М.п. бярэ пачатак ад работ 1907 А.А.Маркава, прысвечаных вывучэнню паслядоўнасці залежных выпрабаванняў (гл. Маркава ланцуг). Агульная тэорыя М.п. і іх класіфікацыя дадзены А.М.Калмагоравым (1931).

В.​І.​Бернік.

т. 10, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ікта́

(ар. ikta = надзел)

умоўнае падараванне зямельнага надзелу феадалу за ваенную ці грамадзянскую службу ў краінах Блізкага і Сярэд. Усходу перыяду сярэдневякоўя.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПАЛЯВА́Я ПО́ШТА,

1) спецыяльная служба фельд’егерска-паштовай сувязі паміж вайск. часцямі, ваен.-навуч. і інш. ўстановамі, а таксама ваеннаслужачымі і насельніцтвам краіны. Абмен інфармацыяй паміж войскам, яго часткамі і тэр. краіны існаваў з часоў узнікнення дзяржаў і армій (гл., напр., Марафонскі бег), у т. л. шырока практыкаваўся паміж княствамі і іх дружынамі ў Полацкай зямлі і інш. Як асобная служба пачала складвацца ў 2-й пал. 18 ст., у т. л. ў Рэчы Паспалітай; рас. ўладамі на тэр. Беларусі створана ў пач. 19 ст. Некат. элементы П.п. ў СССР створаны ў 1920-я г.; у час Вял. Айч. вайны называлася (з 8.7.1941) ваенна-палявой поштай.

2) У 1945—91 у Сав. Арміі і ВМФ (пасля 1991 у шэрагу краін СНД) умоўнае лічбавае найменне часцей і ўстаноў, якія дыслацыраваліся па-за межамі краіны.

3) У ваенны час найменне ўсіх вайск. часцей у шэрагу дзяржаў свету.

У.​К.​Зарэмскі.

т. 12, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

symbol [ˈsɪmbl] n.

1. сі́мвал, знак; эмбле́ма;

The cross is the symbol of Christianity. Крыж – сімвал хрысціянства.

The dove is a symbol of peace. Голуб – эмблема міру.

2. знак, умо́ўнае абазначэ́нне;

phonetic symbols фанеты́чныя зна́кі

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

сі́мвал, ‑а, м.

Умоўнае абазначэнне, знак якога‑н. прадмета, з’явы, ідэі. Белы голуб — сімвал міру. □ І няслі мы сцяг чырвоны, — Сімвал вольнасці і працы, — Ў бойках кулямі прабіты. Броўка. І тут здарылася якраз тое, што непазбежна павінна было здарыцца. Дзядзька Пятрусь стаў для Даніка сімвалам надзей і спадзяванняў. Майхровіч. Зубр — сімвал імклівай сілы — стаў эмблемай магутнага і нястрымнага руху наперад маладой беларускай сацыялістычнай індустрыі, сімвалам «машыннай сілы краіны». В. Вольскі. // У літаратуры — мастацкі вобраз, які ўмоўна перадае якую‑н. думку, ідэю, перажыванне. Не традыцыйная высокая муза, а народная жалейка стала сімвалам, увасабленнем паэзіі. Івашын. // Спец. Умоўнае абазначэнне якой‑н. велічыні, паняцця, прынятае той ці іншай навукай. Сімвалы хімічных элементаў.

•••

Сімвал веры — а) кароткі выклад асноўныя дагматаў хрысціянскай рэлігіі; б) перан. асноўныя перакананні.

Сімвал часу (кніжн.) — тое, што з’яўляецца найбольш тыповым для таго ці іншага часу.

[Ад грэч. symbolon — умоўны знак, прыкмета.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)