АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАГА ДАГАВО́РУ (The Central Treaty Organization; СЕНТО),

ваенна-палітычная арганізацыя на Б. і Сярэднім Усходзе ў 1955—79, да сак. 1959 наз. Арг-цыя Дагавору Блізкага Усходу. Дагавор аб яе стварэнні падпісаны ў 1955 у Багдадзе (Багдадскі пакт). Уваходзілі Ірак (выйшаў у 1958), Іран, Пакістан, Турцыя і Вялікабрытанія, у 1959 далучыліся ЗША. Пасля выхаду з СЕНТО Ірана і Пакістана (1979) па ініцыятыве Турцыі арг-цыя спыніла сваю дзейнасць.

т. 1, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКО́ПАЛСКАЯ БІ́ТВА 1396,

бітва, што адбылася 25 вер. каля г. Нікопал (Балгарыя) паміж арміяй тур. султана Баязіда I і войскам крыжаносцаў (французы, іспанцы, італьянцы, англічане, чэхі і інш.), якім камандаваў венг. кароль Жыгманд (гл. Сігізмунд I). Больш падрыхтаваная тур. армія (гл. таксама Янычары) разграміла феад. рыцарскае войска крыжаносцаў (большасць забіта, частка трапіла ў палон, невял. колькасці пашчасціла ўцячы). У выніку гэтай перамогі Турцыя замацавала сваё панаванне на Балканскім п-ве.

т. 11, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНА́Н, Каджа Мімар Сінан (1489 ці 1490, г. Кайсеры, Турцыя — 1588),

турэцкі архітэктар і інжынер. З 1538 гал. архітэктар султана Сулеймана I Кануні. Творча пераасэнсоўваў канстр.-маст. вопыт візант. дойлідства. Узводзіў велічныя цэнтрычныя купальныя мячэці з інтэр’ерамі, аздобленымі керамічнымі пліткамі (Шахзадэ, 1548, Сулеймана I, 1550—57, у г. Стамбул; Джума-Джамі, 1552, у г. Еўпаторыя, Рэспубліка Крым, і інш.), маўзалеі, палацы, масты, умацаванні.

Сінан. Мячэць Сулеймана I у Стамбуле.

т. 14, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТРО́ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1936 аб рэжыме чарнаморскіх праліваў.

Адбылася 22 чэрв. — 20 ліп. ў г. Мантро (Швейцарыя) з удзелам прадстаўнікоў Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі, СССР, Турцыі, Балгарыі, Румыніі, Грэцыі, Югаславіі. Склікана па ініцыятыве тур. ўрада для перагляду канвенцыі аб чарнаморскіх пралівах, прынятай на Лазанскай канферэнцыі 1922—23. Пасля дыскусій пераважна паміж прадстаўнікамі Вялікабрытаніі і СССР 20.7.1936 падпісана канвенцыя на 20 гадоў (набыла сілу 9.11.1936, двойчы працягвалася), якая ў асн. дзейнічае і цяпер. Паводле яе Турцыі дадзена права рэмілітарызаваць зону праліваў (Басфор, Дарданелы, Мармуровае м.) і кантраляваць выкананне канвенцыі, дазволены свабодны праход праз пралівы гандл. суднаў усіх краін у мірны і ваен. час, любых ваен. караблёў чарнаморскіх дзяржаў (пасля апавяшчэння тур. улад) і да 9 невял. ваен. караблёў агульным водазмяшчэннем 15 тыс. т нечарнаморскіх дзяржаў у мірны час. Калі Турцыя ваюе або знаходзіцца перад пагрозаю вайны, яна можа дазволіць або забараніць праход праз пралівы любых ваен. суднаў; у час вайны, у якой Турцыя не ўдзельнічае, забараняецца праход праз пралівы ваен. караблёў любой дзяржавы, што ваюе. У 1938 да канвенцыі далучылася Італія.

Кр.: Международное право в документах. 2 изд. М., 1997.

Літ.:

Калинкин Г.Ф. Режим морских пространств. М., 1981.

т. 10, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗА́Л ((Özal) Тургут) (13.10.1927, г. Малацья, Турцыя — 17.4.1993),

дзярж. і паліт. дзеяч Турцыі. Скончыў Стамбульскі тэхн. ун-т (1950). Займаўся выкладчыцкай дзейнасцю, працаваў у розных мін-вах і прыватных кампаніях, у 1967—71 узначальваў дзярж. планавую арг-цыю. У 1980—82 нам. прэм’ер-міністра па эканам. пытаннях. У 1983 пасля зняцця ў Турцыі забароны на паліт. дзейнасць — ген. старшыня Партыі айчыны. У 1983—89 прэм’ер-міністр, у 1989—93 прэзідэнт Турэцкай рэспублікі.

Т.Азал.

т. 1, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЯНДЖЫ́НСКАЕ ХА́НСТВА,

феадальная дзяржава ў 18 — пач. 19 ст. ў Азербайджане, у даліне р. Кура. Цэнтр — г. Гянджа. Першы хан Гянджынскага ханства — Шахверні хан Зіяд аглы, які ў сярэдзіне 18 ст. змагаўся супраць іранскага Надзір-шаха. Тэр. Гянджынскага ханства ўвесь час імкнуліся захапіць Іран ці Турцыя. У ханстве ішла барацьба паміж прыхільнікамі іранскай і тур. знешнепаліт. арыентацыі і прыхільнікамі далучэння да Расіі. У 1795 заваявана Іранам. З 1804 у складзе Рас. імперыі.

т. 5, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ту́рак 1 ‘жыхар Турцыі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Федар. 4, Сл. ПЗБ, Зайка Кос.), ту́рок ‘тс’ (ТС, Вруб.), ‘Турцыя, Турэччына’: немца, турка ваяваць (Карскі 2–3, 397), ту́ркі ‘тс’: Куды цябе мамка аддае: / Ці ў туркі, ці ў татары (барыс., Песні сямі вёсак), ту́рак ‘упарты чалавек’ (беласт., Сл. ПЗБ), ‘някемлівы чалавек’ (Мат. Гом., Зайка Кос.), ту́рок ‘чалавек з разумовымі недахопамі’ (ТС), ту́рык ‘дурань’ (Юрч. Вытв.), ст.-бел. турокъ (1480 г.), турчинъ, турчынъ (1499 г.) ‘жыхар Турцыі’ (ГСБМ). Параўн. укр. ту́рок, рус. ту́рок, стараж.-рус. турокъ (XV ст.). Запазычанне з тур. türk ‘турак, цюрак’, звязанае (паводле ЕСУМ, 5, 682) з türk ‘грубы, жорсткі, разбойніцкі’, уйг. türk ‘сіла; моцны’, чагат. ‘жорсткі, храбры’, якія зводзяцца да ст.-цюрк. türk ‘цюркская дынастыя’, якую кітайцы называлі Tu‑küz ці Ту‑кю (Фасмер, 4, 125). Запазычанне адсылаецца і да манг. türkün ‘бацькі і родзічы замужняй жанчыны’. Гл. таксама Фасмер (4, 83–84). Сюды ж турча́нка ‘жанчына турэцкай нацыянальнасці’ (ТСБМ), Турэ́ччына ‘Турцыя’; Турцыя — са ст.-польск. Turcja, якое з новалац. Turcia, гэтаксама прыметнік турэцкі са ст.-польск. turecki < Turek ‘турак’ (Фасмер, 4, 126); ту́рка ‘турак’ (Байк. і Некр.), турэцкі баго́н — нейкая расліна (ТС), турэцкіе агуркі — бальшые і доўгіе (Ян.), турэцкі рамонак ‘рамонак пахучы, Matricaria matricarioides (L.)’ (лельч., Нар. лекс.).

Ту́рак 2 ‘бубны (масць у картах)’: бубен, або званок, або турак (Наша Ніва, 2002, 15 лют.). Відавочна, адпавядае польск. turek ‘чырвоная кветка’ на базе колеру бубновай карты або значэння ‘палявая кветка’, што можа атаясамлівацца са званочкам (Варш. сл.), дакладней — з контурам кветкі «званковай» (бубновай) карты. Сувязь з Turek ‘турак’ застаецца няяснай.

Ту́рак 3 ‘грыб курачка, Rozites casperata (Fr.) P. Karsten’ (кам., маладз., смаляв., Сярж.–Яшк.). Заходняя лакалізацыя назвы сведчыць пра магчымае запазычанне польск. turek ‘від грыба з вялікай апушанай шапачкай арэхападобнай формы пясчанага колеру’ (Варш. сл.). Мяркуецца, што грыб нагадвае турэцкі галаўны ўбор, адсюль зыходнае Turek, гл. турак 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЭКАНАМІ́ЧНАГА СУПРАЦО́ЎНІЦТВА І РАЗВІЦЦЯ́ (Organization for Ekonomic Cooperation and Development; АЭСР),

міждзяржаўная арг-цыя. Створана ў 1961 у Парыжы. Уваходзяць 18 еўрап. краін, а таксама ЗША, Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя, Японія, Турцыя (1994). Асн. мэты арг-цыі — імкненне да эканам. росту, павышэння ўзроўню жыцця і занятасці насельніцтва, падтрыманне фін. стабільнасці праз лібералізацыю міжнар. гандлю і руху капіталу, праз каардынацыю эканам. дапамогі менш развітым краінам. Кожная краіна-ўдзельніца прадстаўлена пастаяннай дэлегацыяй у Савеце АЭСР. Штаб-кватэра ў Парыжы.

т. 1, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА,

армянская феад. дзяржава (860—1045) са сталіцай у г. Ані (зараз Турцыя). Узнікла ў выніку аб’яднання Арменіі Багратыдамі і вызвалення ад улады Арабскага халіфата. Найбуйнейшае сярод феад. дзяржаў сярэдневяковай Арменіі, аб’ядноўвала яе большую частку. Высокага ўзроўню развіцця дасягнулі ў Анійскім царстве рамёствы і гандаль, навука, архітэктура, л-ра і мастацтва. Узмацненне феад. эксплуатацыі выклікала антыфеад. нар. рух тандракійцаў. У 10 ст. ў выніку феад. раздробленасці ў Анійскім царстве ўтварылася некалькі царстваў — васалаў Багратыдаў. У 1045 заваявана Візантыяй.

т. 1, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУДАНІ́ЙСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1922,

падпісана 11.10.1922 у г. Муданья (Турцыя) прадстаўнікамі Вял. нац. сходу Турцыі з аднаго боку і ўрадаў Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі — з другога; 13.10.1922 да іх далучылася Грэцыя. М.п. скончыла грэка-турэцкую вайну 1919—22 і канстатавала перамогу кемалісцкай рэвалюцыі. Прадугледжвала вывад у 30-дзённы тэрмін грэч. войск з Усх. Фракіі за р. Марыца і часовае захаванне войск саюзнікаў у г. Стамбул і раёне Чарнаморскіх праліваў да падпісання мірнага дагавора. Дзейнічала да заключэння Лазанскага мірнага дагавора 1923.

т. 11, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)