АЛЬТЭРНАНТЭ́РА

(Alternanthera),

тэлантэра, род кветкавых раслін сям. аксамітнікавых. Каля 200 відаў. Растуць у тропіках і субтропіках Амерыкі і Аўстраліі. На Беларусі некалькі відаў: альтэрнантэра рознакаляровая (A. versicolor), прыемная (A. amabilis), прыгожая (A. amoena) і інш., вырошчваюцца ў адкрытым грунце як лісцева-дэкаратыўныя.

Адна-, шматгадовыя травяністыя або паўкустовыя расліны. Лісце прадаўгавата-авальнае, цэласнае, рознага колеру — ружова-бурае, цёмна-фіялетавае, жоўта-зялёнае, на сонцы набывае асабліва яркую афарбоўку. Кветкі дробныя, непрыкметныя, у коласападобных або галоўчатых суквеццях. Размнажаюцца чаранкамі. Выкарыстоўваюцца ў дэкар. садоўніцтве.

т. 1, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРШФЕ́ЛЬДЫЯ

(Hirschfeldia),

род кветкавых раслін сям. капуставых. 2 віды. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі як рэдкая занесеная расліна трапляецца гіршфельдыя шэрая (Н. incana). Расце па чыгунках, на сухіх камяністых адхонах і ўздоўж дарог.

Апушаныя шэра-зялёныя аднагадовыя травяністыя расліны з моцнаразгалінаваным сцяблом, выш. да 0,6 м. Ніжняе лісце лірападобнае, з яйцападобнымі выемчата-зубчастымі сегментамі, у разетцы, верхняе — нешматлікае, маленькае, лінейнае. Кветкі дробныя, бледна-жоўтыя, з суцэльнымі пялёсткамі і трохлопасцевымі мядовымі залозкамі. Плод — цыліндрычны бугрысты стручок. Меданосныя расліны, месцамі — пустазелле.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЭ́ЦЫЯ

(Godetia),

род кветкавых раслін сям. скрыпнёвых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, асабліва ў Каліфорніі. На Беларусі культывуюць гадэцыю буйнакветную (Godetia grandiflora) і прывабную (Godetia amoena). Найб. пашыраны сарты: Вайсер Шван, Сібіл Шэрвуд, Метэор.

Аднагадовыя травяністыя апушаныя расліны з галінастым сцяблом выш. 20—40 см. Кветкі простыя або махровыя, лейкападобныя, дыям. 3—5 см, разнастайнай афарбоўкі. Плод — каробачка. Каштоўныя дэкар. святлалюбныя і холадаўстойлівыя расліны (выкарыстоўваюцца для рабатак, бардзюраў, пасадак групамі на газонах). Цвітуць з ліп. да восені. Размнажаюцца насеннем.

т. 4, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖУТ

(Corchorus),

род кветкавых раслін сям. ліпавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў трапічных раёнах Азіі, Афрыкі, Амерыкі і Аўстраліі.

Кусты, паўкусты, шмат- і аднагадовыя травяністыя расліны. Лісце чаргаванае, цэласнае. Кветкі дробныя, двухполыя. Плод — рабрыстая каробачка. Аднагадовыя віды — Дж. караткаплодны (С. capsularis) і даўгаплодны (С. olitorius) — валакністыя расліны выш. да 3 м; вырошчваюцца ў Індыі, Пакістане, Сярэдняй Азіі. Даюць трывалае валакно, якое ідзе на выраб тэхн. і інш. тканін, дываноў, вяровак і інш. Лісце і маладыя парасткі спажываюцца як агародніна.

Джут.

т. 6, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАКВЕ́ТНІК

(Leucojum),

род кветкавых раслін сям. амарылісавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Паўд. і Сярэдняй Еўропе, на Каўказе і ў Паўн. Афрыцы.

Дэкар. ранаквітучыя расліны. Найб. вядомыя белакветнік летні (Leucojum aestivum) і веснавы (Leucojum vernum). На Беларусі некаторыя віды белакветніка вырошчваюцца на прысядзібных участках, у бат. садах і парках.

Шматгадовыя цыбульныя травяністыя расліны з разеткай шырокалінейнага лісця і бязлістым кветаносам (стрэлкай) выш. да 60 см. Цыбуля яйцападобная з белай перапончатай абалонкай. Кветкі белыя, адзіночныя або ў малакветкавых суквеццях (завітках), на паніклых кветаножках. Плод — каробачка. Ядавітыя расліны (маюць алкалоіды лейкацын і лейкацыцін).

т. 2, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРБЕ́РА

(Gerbera),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў трапічных, радзей умераных абласцях Афрыкі і Азіі. Найб. вядомая ў кветкаводстве Г. Джэмсана (G. jamesonii), яе садовыя формы і сарты з буйнымі кошыкамі і язычковымі кветкамі, афарбаванымі ў яркія або пастэльныя тоны. Выкарыстоўваюць як вазонныя расліны або на зразанне. На Беларусі вырошчваюць як кветкава-дэкаратыўную культуру ў цяпліцах і аранжарэях, у паўд. краінах — ў адкрытым грунце.

Шматгадовыя травяністыя расліны з пакарочаным сцяблом. Прыкаранёвае лісце сабрана ў разетку. Кветкавыя кошыкі буйныя, адзіночныя, на доўгім кветаносе (стрэлцы). Плод — сямянка.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРЧО́ЎНІК

(Conioselinum),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 15 відаў. Пашыраны пераважна ў лясных раёнах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі вельмі рэдка ў паўн. і ўсх. раёнах трапляецца гірчоўнік татарскі, або похвенны (С. tataricum). Расце ў лісцевых лясах і хмызняках, у далінах невял. рэк. Патрабуе аховы.

Шматгадовыя голыя травяністыя расліны з прамастойным, каленчата-сагнутым у вузлах, уверсе разгалінаваным цыліндрычным сцяблом з шызым налётам, выш. да 150 см. Ніжняе лісце чаранковае, двойчы-тройчыперыстарассечанае, верхняе сядзячае, больш дробнае. Кветкі белыя, дробныя, у складаных парасоніках. Плод — голы, бліскучы віслаплоднік.

Дз.І.Траццякоў.

т. 5, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РМАЛА

(Peganum),

род кветкавых раслін сям. парналіснікавых. 6 відаў. Пашыраны на поўдні Еўропы, у Зах., Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы (Мексіка). На Беларусі ў Цэнтр. батанічным садзе АН Беларусі вырошчваюць гармалу звычайную, або магільнік (Р. harmala).

Шматгадовыя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем. Лісце рассечанае на ланцэтна-лінейныя сегменты Кветкі двухполыя, буйныя, адзіночныя, белыя. Плод — трохгнездавая каробачка. Фарбавальныя (з насення атрымліваюць трывалыя фарбы для шарсцяных і шаўковых тканін), лек. дэкар. і ядавітыя расліны. Маюць алкалоіды (гармалін, гармін і інш.), якія выкарыстоўваюць у медыцыне і ветэрынарыі.

т. 5, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СТРЫЦА,

лугавік (Deschampsia), род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны амаль ва ўсіх нетрапічных краінах зямнога шара, а таксама ў высакагор’ях тропікаў. На Беларусі на сырых лугах і ў лясах, хмызняках, па берагах рэк і канаў трапляецца 1 паліморфны від — вострыца дзірваністая, або шчучка (Deschampsia cespitosa).

Шматгадовыя травяністыя расліны з голымі ці пад суквеццямі шурпатымі прамастойнымі сцёбламі выш. да 1 м, звычайна ўтвараюць дзярніну. Лісце вузкалінейнае, вострашурпатарабрыстае. Каласкі 2—3-кветныя, шматлікія, сабраны ў раскідзістыя, рэдка сціснутыя мяцёлкі. Плод — зярняўка. Кармавыя расліны.

т. 4, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРСЯ́НКА

(Dipsacus),

род кветкавых раслін сям. варсянкавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Паўд. і Усх. Азіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі зрэдку культывуюцца варсянка пасяўная (Dipsacus sativus) і разразная (Dipsacus laciniatus).

Двух-, радзей шматгадовыя травяністыя расліны з моцным шыпаватым, прамастойным, уверсе вілавата разгалінаваным сцяблом выш. да 2 м. Лісце буйное, супраціўнае, сядзячае. Кветкі дробныя, фіялетавыя, бледна-жоўтыя, белыя або бэзаватыя, у прадаўгаватых або шарападобных галоўках. Плод — сямянка. Дэкар., тэхн. (суквецці і суплоддзі — «варсавальныя шышкі» — выкарыстоўваюць для варсавання шэрсці і тканін, адсюль назва) і меданосныя расліны.

т. 4, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)