ФАРМАЛІЗАВА́НАЯ МО́ВА, фармальная мова,
сукупнасць ланцужкоў сімвалаў з пэўнага алфавіта, складзеных у адпаведнасці з правіламі граматыкі: штучная мова (у адрозненне ад натуральнай, напр., беларускай), якая характарызуецца фармальным (гл. Фармалізацыя) вызначэннем класа выразаў і строгім тлумачэннем іх сэнсу. Мае фіксаваныя правілы ўтварэння «выразаў» (сінтаксіс Ф.м.) і прыпісвання гэтым выразам пэўнага сэнсу (семантыка). Напр., выразы «H2O», «вада», water можна лічыць элементамі Ф.м. хіміі. Выкарыстоўваецца пры пабудове злічэнняў, распрацоўцы штучных моў, матэм. мадэліраванні, алгарытмізацыі і праграмаванні задач розных класаў і інш.
т. 16, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РНЕКЕР (Berneker) Эрых (3.2.1874, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія, — 15.3.1937),
нямецкі мовазнавец-славіст. Далучаўся да младаграматызму. Акад. Польскай АН (1914). Праф. Пражскага (з 1902), Брэслаўскага (з 1909), Мюнхенскага (з 1911) ун-таў. Даследаванні па гісторыі і параўнальным слав. і балт. мовазнаўстве. Адзін з першых пачаў вывучаць стараж.-слав. сінтаксіс, у прыватнасці парадак слоў («Парадак слоў у славянскіх мовах», 1900). Асн. праца — «Славянскі этымалагічны слоўнік» (вып. 1—6, 1909—13, незавершаная, даведзена да слова «morъ»). У 1923—29 рэдагаваў час. «Archiv für slavische Philologie» («Архіў славянскай філалогіі»).
т. 3, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ПАЎ Барыс Сцяпанавіч (28.9.1925, Мінск — 13.8.1967),
бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1955). Скончыў БДУ (1951). Працаваў у Друку, з 1955 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1964 у Мінскім пед. ін-це. Даследаваў праблемы бел. сінтаксісу, стылістыкі і ўзаемадзеянне бел. мовы з інш. мовамі. Выступаў у друку з рэцэнзіямі на працы па бел. мовазнаўстве і творы бел. маст. л-ры. Сааўтар «Нарысаў па гісторыі беларускай мовы» (1957), «Курса сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Сінтаксіс» (1959), «Граматыкі беларускай мовы» (т. 1—2, 1962—66).
І.К.Германовіч.
т. 9, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМАН Барыс Юсцінавіч (н. 6.2.1945, С.-Пецярбург),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1984), праф. (1985). Скончыў Ленінградскі ун-т (1966). З 1968 працуе ў БДУ. Навук. даследаванні ў галіне агульнага, слав. і рус. мовазнаўства. Аўтар кніг: «Пераходнасць, стан, зваротнасць (на матэрыяле балгарскай і іншых славянскіх моў)» (1972), «Сінтаксіс маўленчай дзейнасці» (1978), «Балгарская мова» (1980), «Агульнае мовазнаўства»» (1983, у сааўт.), «Зборнік задач па ўводзінах у мовазнаўства» (1989), «Лінгвістыка кожнага дня» (1991), вучэбнага дапаможніка «Асновы мовазнаўства» (1996) і інш.
Тв.:
Язык: знакомый незнакомец. Мн., 1987;
Грамматика говорящего. СПб., 1994.
т. 11, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАТЭО́РЫЯ,
тэорыя, аб’ектам даследавання якой з’яўляецца якая-небудзь інш. тэорыя, якая аналізуе ўласцівасці, структуру, метады, лагічныя асновы (доказнасць, супярэчлівасць, строгасць і інш.) прадметнай тэорыі. М. ўстанаўлівае памеры тэорыі, спосабы ўвядзення новых паняццяў, дае магчымасць пабудаваць яе больш рацыянальным спосабам. Вынікі М. могуць фармалізавацца і вывучацца далей. Фармулюецца М. на метамове. Найб. пашырана М. логікі (металогіка) і матэматыкі (метаматэматыка). Задачай М. з’яўляецца даследаванне ўмоў фармалізацыі навук. тэорый, а таксама сінтакс. (лагічны сінтаксіс) і семантычных (семантыка лагічная) уласцівасцей фармалізаваных моў. Такія даследаванні набываюць асаблівае значэнне ў сувязі з развіццём кібернетыкі і выліч. тэхнікі.
В.М.Пешкаў.
т. 10, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НКРАЦ Генрых Якаўлевіч (15.5.1907, г. Запарожжа, Украіна — 2.10.1981),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1969), праф. (1970). Скончыў пед. ін-т у г. Энгельс (Расія, 1937). Працаваў у Маскоўскім ін-це замежных моў (1938—42). З 1946 выкладчык Алма-Ацінскага, з 1969 заг. кафедры Мінскага ін-таў замежных моў. Даследаваў фанетыку, фаналогію, марфалогію, сінтаксіс, гісторыю ням. мовы. Перакладаў з рус. мовы на нямецкую.
Тв.:
Семантика и лексико-грамматическая структура переспроса в немецком языке. Алма-Ата, 1957;
Нижненемецкий диалект в СССР (фонетика, словообразование, формообразование). Л., 1968;
Архитектоника слова. Мн., 1977.
А.Я.Міхневіч.
т. 12, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭЁ (Mayo) Пітэр Джон (н. 16.2.1944, Лондан),
англійскі мовазнавец-славіст. Д-р філалогіі (1982). Скончыў Бірмінгемскі ун-т (1966). У 1969—97 выкладчык Шэфілдскага ун-та, з 1998 — ун-та г. Эксетэр. Чл. Англа-беларускага таварыства ў Вялікабрытаніі. Даследуе лексікаграфію, марфалогію і сінтаксіс бел. і рус. моў. Аўтар «Граматыкі беларускай мовы» (1976), раздзела «Беларуская мова» ў калект. манаграфіі «Славянскія мовы» (1993), шматлікіх артыкулаў па пытаннях бел. мовы і л-ры, рэцэнзій на бел. мовазнаўчыя даследаванні, падручнікі, слоўнікі. У 1979—88 рэдактар «The Journal of Byelorussian Studies» («Часопіс беларускіх даследаванняў»), з 1989 — слав. аддзела рэфератыўнага бібліягр. даведніка «Modern Language Studies» («Сучасныя лінгвістычныя даследаванні»).
Т.М.Суша.
т. 11, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДГА́ЙСКІ Леанід Пракопавіч (25.11.1934, С.-Пецярбург — 4.8.1980),
бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1966), д-р пед. н. (1980). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1962), з 1968 працаваў у гэтым ін-це (з 1974 дэкан філал. ф-та, з 1978 прарэктар). Даследаваў сінтаксіс бел. мовы. Аўтар і сааўтар падручнікаў па бел. мове для пачатковых класаў і метадычных дапаможнікаў па выкладанні бел. мовы ў школе.
Тв.:
Словазлучэнне ў беларускай мове: Дзеяслоўна-іменныя словазлучэнні з акалічнаснымі адносінамі. Мн., 1971;
Вывучэнне беларускай мовы ў пачатковых класах: Граматыка, правапіс, развіццё мовы Мн., 1975;
Методыка беларускай мовы: (Граматыка і правапіс). 1—3 кл. Мн., 1981.
І.К.Германовіч.
т. 11, с. 492
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРА́К Леанід Іванавіч (н. 23.3.1930, в. Кульшыно Вілейскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мовазнавец. Засл. работнік адукацыі Беларусі (1990). Д-р філал. н. (1980), праф. (1982). Скончыў БДУ (1953). Працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1966 у БДУ. Даследуе сучасную бел. мову, пераважна яе сінтаксічныя і стылістычныя асаблівасці. Аўтар прац «Пунктуацыя беларускай мовы» (1969, 3-е выд. 1982), «Сучасная беларуская мова» (1974, 2-е выд. 1985), «Далучэнне ў сучаснай беларускай мове» (1975), «Даведнік па пунктуацыі беларускай мовы» (1980), «Сучасная беларуская мова: Сінтаксіс. Пунктуацыя» (1987) і інш. Сааўтар акад. «Граматыкі беларускай мовы» (т. 1—2, 1962—66), нарматыўнага «Слоўніка беларускай мовы» (1987), шэрагу навук. дапаможнікаў для сярэдняй і вышэйшай школы.
т. 3, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУ́БАТЫ (Zubatý) Іозеф (20.4.1855, Прага —21.3.1931),
чэшскі мовазнавец. Акадэмік (з 1904) і прэзідэнт (з 1928) Чэш. АН. Праф. Карлава ун-та (з 1891), ген. сакратар Каралеўскага чэш. т-ва навук (1911—16). Буйны індолаг — аўтар даследаванняў па пытаннях стараж.-інд. фанетыкі і граматыкі, інд. л-ры; пераклаў на чэш. мову 2 драмы Калідасы. Займаўся навук. вывучэннем індаеўрап. моў — класічных, балт. і слав. («Параўнальны сінтаксіс індаеўрапейскіх моў», 1901, і інш.); зрабіў значны ўклад у развіццё багемістыкі. У 1910—22 апублікаваў шэраг даследаванняў, прысвечаных этымалогіі рэдкіх слоў з розных моў, у т. л. беларускіх («азярод», «досыць», «льга», «латвы» і інш.).
Тв.:
Studie a články. Sv. 1—2. Praha, 1945—54.
І.І.Лучыц-Федарэц.
т. 7, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)