То́рба ’кайстра, невялікі мяшок з даматканай тканіны’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., ТС, Ян., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ’сумка’ (Сл. Брэс., Растарг.), ’паляўнічая сумка’ (Сцяшк.), ’жаночая сумка’, ’школьная сумка’ (Ян.), ’клінок для вырабу сыру’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал.), ’мяшэчак з палатна для рыбы’ (нараўл., З нар. сл.), ’чарговы дзённы харч, які належыць пастуху за кожную карову’ (Гіл.; барыс., Антропаў, вусн. паведамл.), ’сявенька’ (бых., ЛА, 5), ’мяшок з аўсом, што адзяваецца каню на галаву’ (ТСБМ), ’мяшок старца’ (Нас.), ’сумка з тканіны ці скуры для курэцкіх прылад’ (ЛА, 5), ’непаваротлівая, тоўстая жанчына’ (Нас., Шат., Мат. Гом., Сл. рэг. лекс.), ст.-бел.торба ’торба’ (з 1555 г.) запазычана з цюркскіх моў (Булыка, Лекс. запазыч., 105), параўн. тур., крым.-тат., азерб.torba ’мяшэчак, кайстра’, відаць, у перыяд найбольш інтэнсіўных сувязей ВКЛ з Крымскім ханствам у XVI ст. (Жураўскі, Тюрк. лекс. элем., 84, 88–89). Лексема пашырана ў многіх славянскіх мовах і дыялектах і лічыцца агульнаславянскай (Голуб-Ліер, 485; Фасмер, 4, 81; Махэк₂, 648; ЕСУМ, 5, 602). Сюды ж тарбе́шка ’торбачка’ (Нас., ТС), тарбано́шый ’механоша’, тарбаношка ’скураная сумка, якую сяляне насілі каля пояса паверх кашулі’ (Нас.), то́рбачнік ’жабрак’ (ТСБМ, Бяльк., Нар. Гом.), то́рбачнікі ’сумчатыя’ (Байк. і Некр.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
МЛЕКАКО́РМЯЧЫЯ, звяры,
сысуны (Mammalia),
клас найб. высокаарганізаваных пазваночных жывёл. 2 падкл.: першазвяры (атр.аднапраходныя) і сапраўдныя звяры (жывародныя), да якіх належаць ніжэйшыя звяры (атр.сумчатыя) і 17—23 атр. вышэйшых звяроў (плацэнтарныя), 95 сям., каля 4,5 тыс. відаў. Да М. адносяцца свойскія жывёлы (каля 15 відаў), чалавек (атр.прыматы). Продкі М. — палеазойскія рэптыліі. Вядома каля 3 тыс. выкапнёвых відаў М., пачынаючы з трыясу (каля 170 млн.г. назад). Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Паводле спосабу жыцця М. — падземныя, наземныя, паўводныя і водныя жывёлы. На Беларусі 6 атр. (насякомаедныя, рукакрылыя, драпежныя звяры, грызуны, парнакапытныя, зайцападобныя), 21 сям., 45 родаў, каля 75 відаў. Насяляюць лясы, палі, лугі, балоты, трапляюцца каля жылля чалавека. У Чырв. кнізе МСАП 230 відаў і 91 падвід, Беларусі — 14 відаў.
Памеры ад даўж. 4 см і масы 1,2 г (карлікавая белазубка з землярыйкавых) да выш. 4,5 м і масы 7,5 т (слон афрыканскі) у наземных М.; у водных — да даўж. 33 м і масы да 150 т (блакітны кіт). Асн. прыкметы М.; высокі ўзровень развіцця нервовай сістэмы, жывароднасць у спалучэнні з выкормліваннем дзіцянят малаком, дасканалая сістэма цепларэгуляцыі (гомаятэрмія). Цела ўкрыта валасамі, скура багатая залозамі (характэрны малочныя залозы), мае шэраг прыдаткаў капыты, кіпцюры, рогі. Шыйных пазванкоў, як правіла, 7. Зубы ў альвеолах, дыферэнцыраваныя на разцы, іклы і карэнныя. У сярэднім вуху 3 слыхавыя костачкі. Дыханне лёгачнае. Сэрца 4-камернае, з левай дугой аорты. Галаўны мозг з развітымі вял. паўшар’ямі, якія маюць «новую кару» — неакортэкс, у многіх М. са звілінамі. Апладненне ўнутранае. Амаль усе М. маюць плацэнту. Размнажэнне — ад круглагадавога (напр., мышы) да аднаго разу ў некалькі гадоў (маржы, сланы). Жыўленне — ад поўнай расліннаеднасці да драпежніцтва ці ўсёеднасці. Усе сістэмы органаў звычайна добра развітыя, але, улічваючы разнастайнасць М., ад агульнай схемы ёсць мноства адхіленняў, Раздзел заалогіі, што вывучае М., наз.тэрыялогія.
Літ.:
Млекопитающие Советского Союза. Т. 1—2. М., 1961—76;
Соколов В.Е. Систематика млекопитающих. [Ч. 1—3]. М., 1973—79;
Жизнь животных. Т. 7. Млекопитающие. 2 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ ГВІНЕ́Я (New Guinea; інданез.Ірыян),
в-аў на З Ціхага ак. (2-і па велічыні на Зямлі пасля Грэнландыі). Пл. 829 тыс.км² (паводле інш. даных — 771,9 тыс.км²). Нас. больш за 5 млн.ж. За 150 км на Пн ад Аўстраліі, аддзелены ад яе пралівам Торэса. Абмываецца на Пд Арафурскім і Каралавым морамі. Зах.ч. — тэр. Інданезіі (Ірыян-Джая), усх. — тэр.дзярж. Папуа—Новая Гвінея. Праз увесь востраў (2400 км) цягнуцца Цэнтральныя горы сярэдняй выш. 3500 м. Найвышэйшы пункт — г. Джая (5029 м). Горы складзены з крышт. і метамарфічных парод, на З пераважаюць пясчанікі. Уздоўж паўн.-ўсх. ўзбярэжжа цягнуцца Берагавыя горы, аддзеленыя ад Цэнтральных гор падоўжнымі алювіяльнымі раўнінамі. На Пд вялізная нізінная раўніна, якая перасякаецца шматлікімі рэкамі. Клімат паўн.ч. Н.Г. экватарыяльны, паўд.ч. — субэкватарыяльны з сухім зімовым перыядам. На нізінах сярэдняя т-ра 25—28 °C. У гарах з вышынёй клімат зменьваецца ад горнага трапічнага да нівальнага. На схілах гор выпадае больш за 4000 мм ападкаў, якія прыносяць зімой паўд.-ўсх. пасат, а летам паўн.-зах. мусон. На ПдЗ, дзе адчуваецца ўплыў зімовага аўстрал. мусону, гадавая колькасць ападкаў 1100 мм. Рэкі (Флай, Мамберама, Дыгул, Сепік, Раму) мнагаводныя, у перыяд дажджоў бурныя паводкі. На нізінах і схілах. гор развіты латэрытныя глебы, на ПнУ чырвоныя, на ўзбярэжжы балотныя. У раслінным покрыве пераважаюць вільготна-экватарыяльныя лясы (гілеі). На выш. 1500—3000 м пояс горных гілей з дрэвападобнымі папарацямі, вечназялёнымі лаўровымі дрэвамі, міртамі, хвойнымі з роду падакарпус, вышэй за 3800 м — высакатраўныя лугі з хмызнякамі рададэндранаў. На высокіх вяршынях гор — снежнікі і невял. ледавікі. У больш сухой паўд.ч. вострава развіты саванны з купінамі цвёрдых злакаў аланг-алангу, барадачу і аўстрал. відамі дрэў — банксіямі, эўкаліптамі і акацыямі. У вусцях рэк і ўздоўж нізінных берагоў мангравыя лясы. У жывёльным свеце пераважаюць сумчатыя млекакормячыя: газель, кенгуру, сумчаты барсук, дрэвавы кускус, апосум. Шматлікія птушкі (500 відаў), паўзуны, насякомыя. Вырошчваюць ямс, кукурузу, батат, плантацыі какосавых пальм, кавы, какавы, каўчуканосаў. Здабыча нафты. Рыбалоўства. Асн. гарады: Порт-Морсбі, Маданг (Папуа—Новая Гвінея), Саронг, Джаяпура (Інданезія).
М.В.Лаўрыновіч.
Да арт.Новая Гвінея. Вёска Бонгу, у якой больш як сто гадоў назад жыў М.М.Міклуха-Маклай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІЯ́НІЯ,
самая вял. сукупнасць астравоў (каля 10 тыс.) у цэнтр. і паўд.-зах.ч. Ціхага ак. паміж Аўстраліяй, Малайскім архіпелагам на З і шырокімі акіянскімі прасторамі на Пн, У і Пд. Размешчана паміж субтрапічнымі шыротамі Паўн. паўшар’я і ўмеранымі Паўднёвага. Пл. 1,26 млн.км². Нас. 10,3 млн.чал. (1987). Найбольшыя а-вы Новая Гвінея, Паўночны і Паўднёвы (2 апошнія ўваходзяць у склад Новай Зеландыі) займаюць у сукупнасці каля 80% тэр. Акіяніі. Пры падзеле сушы на часткі свету Акіянію звычайна аб’ядноўваюць з Аўстраліяй; часам вылучаюць як асобную частку свету. У Акіяніі размешчаны дзяржавы (1993): Вануату, Зах. Самоа, Кірыбаці, Мікранезія, Маршалавы Астравы, Науру, Новая Зеландыя, Палау, Папуа — Новая Гвінея, Саламонавы Астравы, Тонга, Тувалу, Фіджы, ч. Інданезіі. Гавайскія а-вы — штат ЗША. Многія а-вы — уладанні Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Чылі.
Паводле прыродных умоў і насельніцтва Акіянію падзяляюць на Меланезію, Мікранезію, Палінезію і Новую Зеландыю. Ёсць астравы мацерыковага паходжання (Новая Гвінея, Новая Каледонія, Фіджы), гарыстыя вулканічныя (Бугенвіль, Гаваі і інш.) і нізінныя каралавыя (Маршалавы, Науру і інш.) а-вы. Найб.выш. — 5029 м (г. Джая ў Новай Гвінеі). Гарыстыя а-вы Акіяніі размешчаны ў межах астраўных дугаў геасінклінальнай вобласці зах. ускраіны дна Ціхага ак. У цэнтр.ч. Ціхага ак. — найвыш. вулканы, якія ўтвараюць некаторыя з Гавайскіх а-воў (у т. л. Маўна-Кеа і Маўна-Лоа, больш за 4000 м); актыўны вулканізм і ў Новай Зеландыі. Радовішчы нікелю і жалеза (Новая Каледонія), фасфатаў (Науру), нафты (Новая Гвінея), золата (Папуа — Новая Гвінея, Фіджы), вугалю (Новая Зеландыя), медзі (Бугенвіль, Новая Каледонія), жал. руды (Новая Гвінея) і інш. Клімат акіянскі, вільготны, пераважна субэкватарыяльны і экватарыяльны, на Пд субтрапічны і ўмераны. У экватарыяльным поясе сярэднямесячная т-ра на працягу года 26—28 °C, на крайнім Пд ад 16 °C (люты) да 5 °C (жнівень). Ападкаў за год ад 1000 мм на У да 3000—4000 мм і больш на З (асабліва шмат на наветраных схілах гарыстых а-воў, напр., на Гавайскіх а-вах месцамі да 14000 мм). У цэнтр. Акіяніі і на З частыя тайфуны. У гарах Новай Гвінеі і на в-ве Паўднёвы Новай Зеландыі ледавікі. Рэкі кароткія, мнагаводныя, пераважна на буйных а-вах. Глебы чырваназёмы і латэрыты, у раёнах сезонных дажджоў — чырвона-бурыя саваннаў, у вільготных раёнах — балотныя і забалочаныя. На наветраных схілах гарыстых а-воў пераважаюць вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы, на падветраных — ксерафітныя лясы, хмызняковыя фармацыі. Трапляецца расліннасць тыпу саваннаў. На нізінных каралавых а-вах — зараснікі хмызняку, участкі лясоў, гаі какосавых пальмаў, хлебнага дрэва і інш.Асн. культурныя расліны — сагавыя і какосавыя пальмы, манга, цукр. трыснёг і інш. Фауна Акіяніі — аўстралійскія (яхідна, сумчатыя) і азіяцкія (дзік) віды; мала млекакормячых, мноства насякомых; каля 650 відаў птушак; шмат эндэмікаў.
Да арт.Акіянія. Паўднёвы востраў. Новая Зеландыя.Да арт.Акіянія. Вёска ў Папуа—Новай Гвінеі.