БЕЛАРУ́СКАЯ ДРАМАТЫ́ЧНАЯ СТУ́ДЫЯ ў Маскве.

Існавала ў 1921—26, з 1924 на правах ВНУ. Створана для падрыхтоўкі бел. нац. акцёрскіх кадраў. Маст. кіраўнік А.​Бондараў, з 1922 В.​Смышляеў, педагогі — рэжысёры і акцёры МХАТ-2 Б.​Афонін, А.​Гейрат, М.​Успенская, С.Гіяцынтава, В.​Громаў. У студыі пастаўлены спектаклі: нар. драма «Цар Максімілян», «Сон у летнюю ноч» У.​Шэкспіра, «Апраметная» В.​Шашалевіча, «Вакханкі» Еўрыпіда, «Эрас і Псіхея» Ю.​Жулаўскага, «Астап» А.​Глобы і «У мінулы час» І.​Бэна. У 1926 з выпускнікоў студыі створаны БДТ-2 (гл. Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа). Студыю скончылі 34 чал., у т. л. Т.Бандарчык, В.Барысевіч, М.Бялінская, З.Вялікі, Л.Гепнер, Я.Глебаўская, А.Ільінскі, Р.Кашэльнікава, А.Лагоўская, Л.Мазалеўская, П.Малчанаў, М.Міцкевіч, А.Радзялоўская, К.Саннікаў, С.Скальскі, С.Станюта, С.Стэльмах, М.Сянько, Ц.Сяргейчык, Л.Шынко.

Літ.:

Нефед В. Становление белорусского советского театра, 1917—1941. Мн., 1965. С. 131—142;

Сяргейчык Ц. Нататкі акцёра. Мн., 1966. С. 94—110.

т. 2, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ГАЎКІН (Міхаіл Іванавіч) (н. 13.7.1923, в. Рамешкі Яраслаўскай вобл., Расія),

расійскі акцёр. Нар. арт. Расіі (1977). Нар. арт. СССР (1988). Вучыўся ў Школе-студыі Маскоўскага маст. акад. т-ра. З 1948 у т-ры Паўн. флоту, у 1950—58 у Маскоўскім т-ры імя Ленінскага камсамола, у 1962—77 у Т-ры-студыі кінаакцёра. З 1941 у кіно (фільм «Справа Артамонавых»). Майстэрства П. вызначаецца вострай характарнасцю, духоўнасцю аблічча персанажаў, своеасаблівай камедыйнай абаяльнасцю. Зняўся ў фільмах: «Кутузаў» (1944), «Максімка», «Адмірал Ушакоў», «Караблі штурмуюць бастыёны» (усе 1953), «Салдат Іван Броўкін» (1955), «Іван Броўкін на цаліне» (1959), «Дзяўчаты» (1962), «Аперацыя “Ы” і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Вяселле ў Малінаўцы» (1967), «Дванаццаць крэслаў», «Шальменка-дзяншчык» (абодва 1971), «Новыя прыгоды капітана Урунгеля» (1979), «Спортлато» (1982), «Візіт да Мінатаўра» (1987), «Артыстка з Грыбава» (1988), «Балотная street, ці Сродак супраць сексу» (1991), «Стрэл у труне» (1992) і інш.

Г.​В.​Ратнікаў.

М.І.Пугаўкін.

т. 13, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАДЖАНЯ́Н (Сцяпан Меліксетавіч) (28.12.1863, г. Шуша, Нагорны Карабах — 13.12.1940),

жывапісец-партрэтыст. Нар. мастак Арменіі (1938). Вучыўся ў маст. студыі ў Марселі (1886—90) і ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1897—1900). Выкладаў у Ерэванскім маст. вучылішчы (1922—40). Рэаліст. партрэты Агаджаняна адметныя глыбокім псіхалагізмам, стрыманым каларытам (партрэты бацькі і маці, аўтапартрэт, «Дзядзька Седрак», «Васіл», «Беспрытульнік» і інш.).

т. 1, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУ́ДКІН (Марк Ісаакавіч) (13.9.1898, г. Клін Маскоўскай вобл. —25.9.1994),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1961). Герой Сац. Працы (1989). Скончыў школу 2-й Студыі Маск. маст. т-ра (1920). З 1918 удзельнічаў у спектаклях гэтай Студыі і Маскоўскага Маст. т-ра. З 1924, у трупе Маск. маст. акад. т-ра (з 1989 Маск. маст. акад. т-ра імя А.​Чэхава). Выконваў вострахарактарныя, сатыр. і камедыйныя ролі. Майстар пераўвасаблення. Стварыў шэраг драм. і глыбока псіхал. вобразаў. Сярод роляў: Дульчын, Круціцкі («Апошняя ахвяра», «На ўсялякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Шабельскі («Іванаў» Чэхава), Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Шарвінскі («Дні Турбіных» М.​Булгакава), Вронскі («Ганна Карэніна» паводле Л.​Талстога), Фёдар Карамазаў («Браты Карамазавы» паводле Ф.​Дастаеўскага), князь Абрэзаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Фігаро («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ), Хмелік («Сола для гадзінніка з боем» О.​Заградніка). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1949. Дзярж. прэмія Расіі 1974.

т. 13, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЗІ́НСКАС ((Rudzinskas) Юозас) (7.11.1905, Рыга — 11.1.1975),

літоўскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. Літвы (1954). Вучыўся ў студыі Дзярж. т-ра ў Каўнасе (1928—31). У 1932—35 і 1939—41 акцёр Шаўляйскага, у 1935—39 Клайпедскага драм. т-раў, у 1941—66 Драм. т-ра Літвы ў Вільнюсе (у 1949—51 і 1954—66 гал. рэжысёр, у 1954—58 і дырэктар), у 1946—49 выкладаў у студыі гэтага т-ра, з 1962 адначасова ў Кансерваторыі Літвы. Творчасць вылучалася псіхалагічнасцю, пластычнасцю, выразнасцю голасу, жэстаў і мімікі. Сярод роляў: Уладальнік («Уладальнік» В.​Мікалайціса-Пуцінаса), Херт («Надзеі» Х.​Хеерманса), Скіргайла («Скіргайла» В.​Крэве), Смірноў, Лапахін («Мядзведзь», «Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Захар, Ягор («Ворагі», «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Ціхан («Навальніца» А.​Астроўскага), Тарцюф («Тарцюф» Мальера). Паставіў «Картачны домік» Л.​Ленча (1951), «Гамлет» У.​Шэкспіра (1959), «Прывіды» Г.​Ібсена (1961), «На дне» М.​Горкага (1964), «Фауст» І.​В.​Гётэ (1965), «Скіргайла» (1966). Дзярж. прэміі СССР 1947, 1952.

т. 13, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯ́РСКІ (Міхаіл Сяргеевіч) (н. 26.12.1949, С.-Пецярбург),

рускі акцёр. Нар. арт. Расіі (1990). Скончыў Ленінградскі ін-т т-ра, музыкі і кінематаграфіі (1972). У 1972—87 у т-ры імя Ленсавета, з 1988 маст. кіраўнік эстраднага т-ра-студыі «Бенефіс» (С.-Пецярбург). З 1974 здымаецца ў кіна- і тэлефільмах: «Масты», «Душа», «Лішні білет», «Мама» (СССР—Румынія—Францыя), «Сабака на сене», «Д’Артаньян і тры мушкецёры», «Гардэмарыны, наперад!», «Тарцюф» і інш.

т. 2, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РАНАЎ (Ігар Леанідавіч) (н. 20.1.1936, г. Екацярынбург, Расія),

рускі спявак (барытон). Засл. арт. Расіі (1970). Скончыў Горкаўскую кансерваторыю (1960), выкладаў у ёй (1980—92). У 1961—87 саліст Горкаўскага т-ра оперы і балета. З 1993 у Бел. акадэміі музыкі. На сцэне Опернай студыі акадэміі паставіў оперы «Утаймаванне свавольніцы» В.​Шабаліна, «Любоўны напітак» Г.​Даніцэці, «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага, кампазіцыю паводле оперы «Так робяць усе» В.​А.​Моцарта.

т. 3, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЯ МАСТА́ЦКАЯ СТУ́ДЫЯ імя М.​А.​Урубеля.

Існавала ў Гомелі ў 1919—21. Арганізавана мастакамі А.​Быхоўскім і С.​Каўроўскім. Яе навучэнцы стварылі шмат плакатаў, карыкатур, дыяграм, заклікаў для прапаганды рэв. ідэй на Беларусі. Сярод плакатыстаў вылучаўся Быхоўскі — аўтар вострых, экспрэсіўных, цікавых па задуме твораў: «Чырвоны набат», «Дапамажыце параненаму чырвонаармейцу» і інш. Сярод вучняў студыі нар. мастак СССР Г.Ніскі, мастакі А.Шаўчэнка, Я.​Целяшэўскі, карыкатурыст Л.​Смехаў і інш.

т. 5, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прытво́рства, ‑а, н.

1. Няшчырыя, ілжывыя паводзіны з мэтай увесці ў зман. Увогуле ўзаемаадносіны паміж людзьмі на заводзе.. [Славіку] падабаліся. Няма той інтэлігенцкай ветлівасці, як на студыі, але няма і прытворства. Шамякін. Халуста пакрысе пачаў рабіцца такім, якім ён быў заўсёды на людзях, і Беразоўскі не мог зразумець, дзе пачынаецца і канчаецца яго прытворства. Чарнышэвіч.

2. Тое, што і прытворнасць. — Мы яшчэ не паспелі пазнаёміцца, а ўжо быццам як сварыліся. — Няўжо? — здзіўлена ўсклікнуў Хрупак, і Залуцкі адчуў у яго здзіўленае прытворства. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВЫЛЧА́НАЎ (Рангел) (н. 12.10.1928, Сафія),

балгарскі кінарэжысёр. Нар. арт. Балгарыі (1981). Скончыў Вышэйшы ін-т тэатр. мастацтва ў Сафіі (1952). Працаваў асістэнтам рэжысёра і акцёрам на Студыі маст. фільмаў (Сафія). З 1958 выступае як рэжысёр: «Першы ўрок» (1960), «Сонца і цень» (1962), «Інспектар і ноч» (1963), «Ваўчыца» (1965), «З каханнем і пяшчотай» (1978), «Апошнія жаданні» (1983). Яго фільмы вызначаюцца псіхал. глыбінёй, паэтычнасцю, іх пафас накіраваны на сцвярджэнне права чалавека на мір, шчасце, каханне.

т. 4, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)