БАБРУ́ЙСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Бабруйскае староства,

дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ. Займала большасць тэр. сучасных Бабруйскага, Кіраўскага і прылеглыя да іх ч. Жлобінскага і Светлагорскага р-наў. Напачатку ўваходзіла, відаць, у Свіслацкае княства. З 15 ст. воласцю кіраваў намеснік, якога прызначаў вял. князь. У 1560 тут праведзена адм. рэформа — замест стараж. адзінак падаткаабкладання (дымоў) уведзены службы. На працягу 15—16 ст. некалькі сёл воласці былі падараваны вял. князем розным феадалам. У 1565 тэр. Бабруйскай воласці ўключана ў Рэчыцкі пав. Менскага ваяв. Валочная памера ў воласці праведзена ў 1611—39, замест службаў намерана 475 аселых валок, на якіх месцілася каля 1 тыс. сял. двароў. Акрамя таго, у Бабруйску было 409 мяшчанскіх дамоў і ў прадмесцях 286 гаспадарак агароднікаў. У 17—18 ст. намеснікі (дзяржаўцы) зваліся старостамі, а сама воласць — староствам. У 2-й пал. 16 — 1-й пал. 17 ст. на пасаду бабруйскага старосты прызначаліся прадстаўнікі шляхецкага роду Трызнаў, потым інш. буйныя феадалы, у т. л. Радзівілы. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1793) са староства ў якасці павятовага цэнтра вылучаны г. Бабруйск, а само яно паступова падзялілася на некалькі асобных маёнткаў.

В.​Л.​Насевіч.

т. 2, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЦКІЯ-ГО́РСКІЯ,

княжацкі род герба «Друцк», адгалінаванне роду кн. Друцкіх. Найб. вядомыя:

Васіль Пуцяціч (каля 1430 — да 1495), валодаў маёнткам Горы ў Аршанскім пав. (адсюль 2-я частка прозвішча). Ежы (каля 1600—43), харужы аршанскі (1639), староста упіцкі (1640). Рыгор Ежы (каля 1585—1659), староста цэльскі, аршанскі (1635—50). Атрымаўшы прызначэнне мсціслаўскім ваяводам (1650), перадаў Аршанскае староства сыну Міхаілу. Другі яго сын Еранім быў старостам суражскім. На ўнуках Рыгора Ежы род Д.-Г. згас.

В.​Л.​Насевіч.

т. 6, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПО́ЙСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Прапойскае староства,

буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у 16—18 ст. З пач. 16 ст. воласцю кіравалі намеснікі, якім звычайна належала і суседняя Чачэрская воласць. Намеснік падпарадкоўваўся віленскаму ваяводу. Паводле адм. рэформы 1565—66 уключана ў Рэчыцкі пав. Менскага ваяв. (ізаляваныя анклавы П.в., верагодна, адносіліся да Аршанскага пав. і Мсціслаўскага ваяв.). У вер. 1772 далучана да Рас. імперыі, неўзабаве падаравана Кацярынай II кн. А.​М.​Галіцыну, пасля чаго ператварылася ў прыватны маёнтак.

В.​Л.​Насевіч.

т. 13, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЧЫ́ЛА (Васіль Мацвеевіч) (1690, в. Лобжа Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 28.8.1744),

кіраўнік сял. руху і антыфеад. Крычаўскага паўстання 1743—44. Быў войтам в. Селішчы Крычаўскага староства Радзівілаў. У маі 1740 узначаліў узбр. атрад з некалькіх сотняў сялян, да якога пазней далучыліся сяляне з інш. шляхецкіх уладанняў і з-за мяжы. Пасля задушэння паўстання Вашчылу ўдалося ўцячы на рас. мяжу, дзе ён выдаў сябе за рас. падданага. Г.​Радзівіл патрабаваў яго выдаць. Пакуль ішло следства, Вашчыла сядзеў у Кіева-Пячэрскай крэпасці, захварэў на дызентэрыю і неўзабаве памёр.

т. 4, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ «КАРАЛЕ́ЎСКІ ДВОР».

Існаваў у Бабруйску з 2-й пал. 16 ст. да 1649 як рэзідэнцыя Бабруйскага староства. Размяшчаўся непадалёку ад Бабруйскага замка на беразе р. Бярэзіна. Цэнтр кампазіцыі — вял. драўляны дом на 7 падклецях (у іх размяшчаліся службовыя памяшканні). Жылая частка ўключала прыхожую, сталовую, 6 камор і 4 жылыя пакоі з камінамі і печамі з рознакаляровай паліванай кафлі. На галерэю жылой часткі вяла 2-маршавая вонкавая лесвіца. Двор быў абнесены астрогам. За дваром над Бярэзінай размяшчаліся стайня з вазоўняй і бровар, на р. Бабруйка — млын.

т. 2, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ ЭКАНО́МІЯ,

феадальная каралеўская (велікакняжацкая) гаспадарка ў ВКЛ у 1589—1796. Створана ў выніку пераўтварэння Гродзенскага староства ў дзярж. маёнтак, прыбыткі ад якога ішлі на ўтрыманне вял. князя, яго двара, дзярж. апарата, войска і інш. Мела асобнае адм.-гасп. кіраванне. У 1783 падзялялася на «губерні» (Азёрскую, Дамброўскую, Квасаўскую, Крынкаўскую, Сакольскую, Яноўскую), у склад якіх уваходзілі 49 ключоў, 24 фальваркі, 1 лентвойтаўства, 13 гарадоў і мястэчак, 368 вёсак і 5 пушчаў; нас. 42 380 чал. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) уладанні эканоміі перададзены, часткова прададзены прыватным асобам.

т. 5, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ ЭКАНО́МІЯ, Берасцейскае староства,

феад. каралеўская гаспадарка ў ВКЛ у 16—18 ст. Створана ў 1598 з дзярж. маёнткаў, даходы якіх ішлі на ўтрыманне каралеўскага двара, у т. л. мястэчак Дзівін, Ламазы, Пяшчатка, Воін, Мілейчыцы. У 16—17 ст. была асобнай адм.-гасп. адзінкай, маёнткі яе здаваліся ў арэнду. У пач. 18 ст. аб’яднана з Кобрынскай эканоміяй. У 1783 у Берасцейскай эканоміі 45 ключоў, 8 гарадоў, 223 вёскі, 5745 валок зямлі (1 валока — 21,36 га), нас. 47 тыс. чал., уключала таксама Белавежскую пушчу. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1795) землі Берасцейскай эканоміі ўрад падараваў ці прадаў прыватным асобам.

т. 3, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Скапа́ ‘буйная драпежная птушка сямейства ястрабавых, якая жыве каля рэк, азёр і харчуецца рыбай’ (ТСБМ), у форме “скопа тѣмно-дымчатая, Fischaar” адзначана сярод птушак Крычаўскага староства ў XIX ст. (Меер Крыч.). Народныя назвы рыбалоў і скаба́ (гл.). Запазычанне, параўн. рус. скопа́ ‘тс’, укр. скопа́ ‘тс’; у іншым значэнні ‘ястраб-перапёлачнік’ адзначана польск. дыял. skop і славен. skȏpəc, skobec. Бернекер (1, 535), Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, 7, 120), Сной₁ (574) лічаць тоесным з прасл. *kobьcь ‘драпежная птушка’ (рус. ко́бец, польск. kobiec і г. д.), але супраць Фасмер (3, 649) на падставе наяўнасці ст.-прус. warnagcopo ‘від ястраба’, што збліжаецца з літ. kapōti ‘секчы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

РАГАЧО́ЎСКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ.

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў складзе Магілёўскай губ. ў 1772—76. Цэнтр — г. Рагачоў. Паводле ўказа ад 2.8.1773 падзялялася на Рагачоўскі, Гомельскі і Чачэрскі пав. Пл. каля 1426 тыс. дзес., 105 сёл, 473 вёскі (у 1774—114 420 чал.), 11 мястэчак (4747 чал.). На тэр. правінцыі былі 23 староствы з 50 547 сялянамі мужч. полу, буйнейшыя з іх — Гомельскае (2553 дымы, 23 504 чал., 250 982 дзес. зямлі) і Чачэрскае (1057 дымоў, 9181 чал., 96 535 дзес. зямлі). З Чачэрскага староства, падараванага бел. ген.-губернатару З.​П.​Чарнышову, 5.2.1774 утвораны першы ў Рас. імперыі маярат.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 13, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

жа́тва Поле з ураджаем збажыны (Крыч. староства Меер, 1786, 4). Тое ж жатва́, жаццё, жа́ціва (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)