ма́ска
(фр. masque < ст.-іт. mascara, ад ар. mashara = насмешка)
1) накладка на твар у форме звярынай морды або чалавечага аблічча, якую надзяваюць у час спектакляў, маскарадаў або проста накладка з прарэзамі для вачэй, каб не быць пазнаным;
2) засцерагальнае прыстасаванне для твару (напр. м. процівагаза);
3) слой накладзенага на твар лекавага саставу, крэму і інш.;
4) перан. прытворства, якім спрабуюць скрыць што-н. (напр. м. абыякавасці);
5) адліўка з гіпсу, знятая з твару нябожчыка.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
прыхава́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Зрабіць амаль нябачным; часова схаваць. Малады бярэзнік і альшэўнік атулілі буданы зялёным аксамітам, прыхавалі ад чалавечага вока. Шчарбатаў. Падчас бойкі ля універсітэта яшчэ мінулай восенню.. [Вольга] памагла мне апрытомнець і прыхавала наган, калі ён выпаў у мяне з кішэні. Карпюк. — А я пайду ставіць каня і прыхаваю ў пуньку бярвенне. Чорны. // Зберагчы для будучых часоў; пакінуць на запас. — Трэба нам быць гатовым на ўсё і хоць што-небудзь прыхаваць. Прыйдзецца ў лес бегчы, тады з лесу выходзіць, дык застанешся ў чым стаіш... Карпюк. — Не, брат Стары, тут і танней пражыць можна. Будзеш сабе сталавацца ў бацькі, можна і капейку прыхаваць. Колас.
2. перан. Схаваць, утаіць, скрыць што‑н. У Марыі кальнула ў сэрцы, але яна старалася прыхаваць гэта ад мацеры. Кулакоўскі. Каб прыхаваць сваю збянтэжанасць, я ўнурыўся ў школьны журнал, разглядаючы спісы вучняў мінулых гадоў. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
укры́ць, укрыю, укрыеш, укрые; зак., каго-што.
1. Накрыць, закрыць поўнасцю, з усіх бакоў. Укрыць машыну брызентам. Укрыць хворага коўдрай. □ Чыясь руплівая рука ўкрыла [Панаса] цёплым футрам. Колас.
2. Накрыць, запоўніць, усеяць чым‑н. па паверхні. Цвіль укрыла сцены. □ Першы кволы лядок укрыў нешырокую раку. Чарнышэвіч. Сухі пыл уеўся за дзень у твар, укрыў плечы, пабіўся за шыю. Пташнікаў. У паветры марозна, відаць, хутка пойдзе снег, укрые зямлю. Дуброўскі. // Ахутаць, ахінуць (пра туман, смугу, дым і пад.). Ізноў асеннія туманы Укрылі сосны і дубы. Ляпёшкін. // Выступіць па паверхні чаго‑н., распаўсюдзіцца на паверхні чаго‑н. Жанчына, здавалася, не дыхала. Твар яе ўкрылі кропелькі поту. Чыгрынаў. Чырвань укрыла .. шчокі [Статкевіча]. Алешка.
3. Схаваць дзе‑н., засцерагчы ад каго‑, чаго‑н. Мсціўцаў ад ворага ўкрыла Ноч сваёй шэрай імглою, Зноў павяла іх дарога Да паласы франтавое. Калачынскі. А я ў дарозе Пад голай вербай днём асеннім Успомню аб густой бярозе, Што ў спёку ўкрыла мяне ценем. Гаўрусёў. // Дапамагчы скрывацца каму‑н. Укрыць злачынца. // перан. Утаіць, скрыць што‑н. ад каго‑, чаго‑н. Укрыць маёмасць ад аблажэння падаткам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ма́ска, ‑і, ДМ масцы; Р мн. масак; ж.
1. Накладка на твар, падобная на звярыную морду або чалавечы твар. Тэатральнай маска. Маска зайца. // Накладка на верхнюю частку твару з прарэзамі для вачэй, якую надзяваюць для таго, каб не быць пазнаным. Карнавальная маска. // Чалавек у маскарадным касцюме і такой накладцы. Душа твая — малюнак артыстычны: Пад лютняў звон прыгожых масак рой Танцуе там, адзеўшыся нязвычна, У надзеі скрыць праз гэта смутак свой. Багдановіч.
2. перан. Прытворства, якое скрывае сутнасць каго‑, чаго‑н. Мужчыны стараліся стрымаць свае пачуцці і роблена прыкрываліся маскай абыякавасці і лёгкай іроніі. Васілевіч. Сваё замяшанне [Зелянюк] досыць удала хаваў пад маскай вясёлага бадзёрага ажыўлення. Зарэцкі.
3. Адліўка з гіпсу, знятая з твару нябожчыка. // Скульптура твару чалавека або галавы жывёлы. Пад выпуклым барэльефам белай мармуровай маскі — старадаўняга акцёрскага сімвала — было высечана: Антон Максімавіч Саковіч. Рамановіч.
4. Спец. Засцерагальнае прыстасаванне, якое надзяваюць на твар. Супрацьгазавая маска. Маска для падводнага плавання. // Накладка спецыяльнага прызначэння на твар. Перад .. [Надзяй] стаяў урач у дзіўнай масцы і незвычайным фартуху. Карпюк.
5. У касметыцы — слой накладзенага на твар лекавага саставу, крэму і пад.
•••
Зняць (скінуць) маску гл. зняць.
Надзяваць (насіць) маску гл. надзяваць.
Сарваць маску гл. сарваць.
[Фр. masque ад араб. mashara — насмешка.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)