КАРАГЕО́РГІЙ (Karađorđe),
Георгій Чорны (сапр. Георгій Петравіч; 14.11.1768, с. Вішавац, Сербія — 25.7.1817), дзеяч сербскага нац.-вызв. руху, заснавальнік дынастыі Карагеоргіевічаў. Удзельнік антытур. паўстання 1787, пасля паражэння якога ўцёк у аўстр. ўладанні; за адмову пайсці з ім забіў бацьку (паводле інш. звестак, айчыма, адсюль мянушка «чорны»). У аўстра-тур. вайну 1788—90 узначальваў сербскі добраахвотніцкі атрад, які ваяваў на баку Аўстрыі. На чале атрада гайдукоў далучыўся да Першага сербскага паўстання 1804—13, выбраны яго кіраўніком. У 1808 прызнаны ўрадавым саветам, а ў 1811 і ўсімі паўстанцамі «вярх. сербскім правадыром» (фактычна князем). Імкнуўся да цэнтралізацыі дзярж. улады, у знешняй палітыцы арыентаваўся на Расію. Пасля разгрому паўстання ў 1813 уцёк у Аўстрыю, у 1814 — у Бесарабію. У 1817 тайна вярнуўся ў Сербію, дзе забіты паводле загаду Мілаша Абрэнавіча.
т. 8, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛАШ АБРЭ́НАВІЧ.
Мілаш Тэадоравіч (7.3.1780, Сярэдня-Дабрыня, Сербія — 14.9.1860), князь Сербіі [1815—39, 1858—60], заснавальнік дынастыі Абрэнавічаў. Удзельнік 1 -га сербскага паўстання 1804—13 супраць тур. няволі. Пасля яго паражэння дамогся ад тур. султана прызначэння кнезам (князем) Паўд.-Зах. Сербіі. Узначаліў 2-е сербскае паўстанне 1815, у выніку якога паводле пагаднення з тур. ўладамі стаў вярх. кнезам усёй Сербіі. Арганізаваў забойства Г.Карагеоргія (1817). У 1826 дамогся аўтаноміі для Сербіі, а для сябе ў 1830 спадчыннага тытула кнеза. Імкнуўся да аб’яднання паўд.-слав. зямель пад эгідай Сербіі, стварыў бюракратычна-паліцэйскую сістэму праўлення, цалкам ігнаруючы Скупшчыну (парламент). У 1839 пацярпеў паражэнне ў барацьбе з апазіцыяй (падпісаў канстытуцыю, якая абмяжоўвала яго ўладу), адрокся ад прастола на карысць свайго сына Міхаіла і эмігрыраваў. У 1858 Скупшчына Сербіі скінула кн. А.Карагеоргіевіча і вярнула прастол М.А.
т. 10, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖАРАВА́ЦКІЯ МІ́РНЫЯ ДАГАВО́РЫ 1718.
Падпісаны ў г. Пажаравац (Сербія); завяршылі вайну Турцыі з Венецыяй (1714—18) і Аўстрыяй (1716—18). Мірны дагавор Турцыі з Аўстрыяй (21.7.1718) прадугледжваў пераход да Аўстрыі Баната, г. Тэмешвар (цяпер Тымішаара ў Румыніі) з акругай, ч. Валахіі, Паўн. Сербіі (з Бялградам), Паўн. Босніі і некаторых інш. тэрыторый, гарантыю бяспекі каталіцкага духавенства ў Асманскай імперыі, ахову хрысц. святынь у Палесціне. Межы, устаноўленыя гэтым дагаворам, былі зменены Бялградскім мірным дагаворам 1739 (Аўстрыя вярнула Турцыі землі Сербіі і Валахіі). 27.7.1718 падпісаны аўстр.-тур. гандл. дагавор, які даваў аўстр. падданым права свабоднага гандлю на тэр. Турцыі. Венецыяна-тур. дагавор (21.7.1718) пацвярджаў пераход да Турцыі захопленых ёю ў ходзе вайны зямель: п-ва Пелапанес (Марэя) у Грэцыі і шэрагу грэч. астравоў Эгейскага м. Турцыя стварала спрыяльныя ўмовы для венецыянскага гандлю ў Асманскай імперыі.
т. 11, с. 511
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-СТЭФА́НСКІ МІР 1878,
папярэдні мірны дагавор паміж Расіяй і Турцыяй, які завяршыў рус.-тур. вайну 1877—78. Падпісаны 3.3.1878 у Сан-Стэфана (цяпер Ешылькёй каля Стамбула). Паводле С.-С.м.д. Чарнагорыя, Сербія і Румынія атрымлівалі поўную незалежнасць ад Турцыі, іх тэрыторыі значна пашыраны; Боснія і Герцагавіна набывалі аўтаномію ў рамках Асманскай імперыі; Балгарыя, у межы якой уключалася і гіст. Македонія, ператваралася ў падвасальнае Турцыі аўт. княства з правам выбрання сабе князя. Расія атрымлівала землі ў Закаўказзі з гарадамі Батумі, Карс, Ардаган і Баязет, а таксама страчаную ў выніку Крымскай вайны 1853—56 Паўд. Бесарабію (акрамя астравоў у дэльце р. Дунай), узамен якой Румыніі перададзена Турцыяй Паўн. Дабруджа. У выніку процідзеяння вядучых еўрап. дзяржаў, асабліва Вялікабрытаніі і Аўстра-Венгрыі, С.-С.м.д. быў заменены на Берлінскім кангрэсе 1878 шматбаковым дагаворам, які быў значна менш выгадны для Расіі і Балгарыі (захавала аўтаномію, але страціла б.ч. тэрыторыі).
т. 14, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛГРА́ДСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск 3-га Украінскага фронту (Маршал Сав. Саюза Ф.І.Талбухін), левага крыла 2-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза Р.Я.Маліноўскі), Дунайскай ваеннай флатыліі (адм. С.Г.Гаршкоў), войск Айч. фронту Балгарыі і Народна-вызв. арміі Югаславіі (маршал І.Броз-Ціта) па вызваленні Усх. і Паўн. Югаславіі і Бялграда ад ням.-фаш. захопнікаў у 2-ю сусв. вайну. Праведзена 28 вер. — 20 кастр.
У ходзе бялградскай аперацыі разбіты ням. аператыўная група «Сербія» і гал. сілы армейскай групы «Ф» (13 дывізій і брыгад), 6 дывізій групы армій «Е», вызвалены г. Бялград (20 кастр.), тэр. Сербіі і створаны перадумовы для вызвалення ўсёй Югаславіі і Албаніі. Праціўнік страціў каля 45 тыс. забітымі і палоннымі. Страты сав. войск забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак каля 18 380 чал. (з іх забітымі 4350 чал.). 13 сав. воінам прысвоена званне Народнага героя Югаславіі. 20 злучэнням і часцям, якія найб. вызначыліся ў бялградскай аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Бялградскіх».
т. 3, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛАВІ́ЦКІ КАНГРЭ́С 1698—99,
перагаворы аб міры паміж краінамі — удзельніцамі «Свяшчэннай лігі» (Аўстрыя, Венецыя, Рэч Паспалітая, Расія) і Атаманскай Портай (Турцыя) пры пасрэдніцтве Англіі і Нідэрландаў у мяст. Карлавіцы (цяпер г. Срэмскі-Карлаўцы, Сербія). Адбыўся ва ўмовах шэрагу ваен. паражэнняў Турцыі ў аўстра-турэцкіх войнах 16—18 ст. і польска-турэцкіх войнах 17 ст. У выніку перагавораў падпісаны 3 асобныя двухбаковыя мірныя дагаворы. Паводле дагавора ад 16.1.1699 Рэч Паспалітая атрымала ч. Правабярэжнай Украіны і Падолію з крэпасцю Камянец, вярнула Турцыі 6 раней занятых малд. гарадоў (Сарокі, Сачава і інш.). Паводле дагавораў ад 26.1.1699 Аўстрыя атрымала Цэнтр. Венгрыю, Сяміграддзе (Трансільванію), Бачку (вобласць паміж рэкамі Ціса і Дунай), б.ч. Славоніі і вярнула Турцыі прав. Тэмешвар на р. Ціса; да Венецыі адышлі п-аў Марэя, 6 крэпасцей у Далмацыі і шэраг Іанічных а-воў. 24.1.1699 заключана таксама рас.-тур. перамір’е на 2 гады з захаваннем за бакамі таго, што яны мелі (у т. л. Азоў застаўся пад уладай Расіі).
т. 8, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НЁВІЧ ((Konjović) Петар) (5.5.1883, Чуруг, Сербія — 1.10.1970),
сербскі кампазітар, дырыжор, педагог, фалькларыст, музыказнавец; адзін з заснавальнікаў серб. кампазітарскай школы. Чл. Чэшскай (1938) і Сербскай (1946) акадэмій навук і мастацтваў. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1906). Дырыжор, рэжысёр, ген. дырэктар оперных т-раў у многіх гарадах (у 1921—26 і 1933—39 у Заграбе). У 1939—50 праф., у 1939—43 і 1945—47 рэктар Акадэміі музыкі, у 1948—54 дырэктар заснаванага ім Ін-та музыказнаўства Серб. акадэміі навук. і мастацтваў у Бялградзе. Сярод твораў: оперы «Жаніцьба Мілаша» (1927), «Зецкі князь» (1929), «Каштана» (1931), «Сяляне» (1951), драм. містэрыя «Айчына» (1960, паст. 1983); сімфонія (1907), сімф. паэма «Макар Чудра» (1945); канцэрт для скрыпкі з арк. «Адрыятычнае капрычыо» (1936); камерна-інстр. ансамблі, хары, рамансы, песні, апрацоўкі нар. песень («Мая зямля»), музыка да драм. спектакляў. Аўтар кн. «Асобы» (1920), «Кніга пра сербскую і славацкую музыку» (1947), «Мілое Мілоевіч» (1954), «Стэван Макраняц» (1956) і інш.
т. 8, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКЕ́ЙСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ,
візантыйская дзяржава ў М.Азіі ў 1204—61, якая ўзнікла пасля захопу Канстанцінопаля крыжаносцамі. Сталіца — г. Нікея (цяпер г. Ізнік, Турцыя). Першым правіцелем быў Феодар I Ласкарыс [1204—22] з тытулам дэспата, з 1208 — імператара. Н.і. вызначылася ў барацьбе з Лацінскай імперыяй, туркамі-сельджукамі і Трапезундскай імперыяй. У 1214 Феодар I адваяваў частку чарнаморскага ўзбярэжжа ў Трапезундскай дынастыі і падпісаў Німфейскі дагавор, які замацаваў межы паміж Н.і. і Лац. імперыяй. Н.і. гандлявала з Генуяй, Канійскім султанатам, Руссю. Нікейскі імператар Іаан III Дука Ватац адваяваў у лацінян іх уладанні ў М.Азіі, у 1235 замацаваўся ў Фракіі, у 1246 захапіў Фесалонікі. Імператар Міхаіл VIII Палеалог [1258—61] у 1259 разбіў каля Пелагоніі войска антынікейскай кааліцыі (Эпірская дзяржава, Сіцылійскае каралеўства, Ахейскае княства, каралеўства Сербія). У 1261 Н.і. падпісала Німфейскі дагавор з Генуяй, паводле якога ў абмен на ваен. дапамогу супраць венецыянцаў і Лац. імперыі прадастаўляла генуэзскім купцам гандл. прывілеі. У 1261 нікейскія войскі занялі Канстанцінопаль, імператар Міхаіл VIII перанёс сюды сталіцу і аднавіў Візантыю.
т. 11, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ІЧКАВІЧ (Стэван) (н. 5.7.1928, Нерасніца, Сербія),
сербскі пісьменнік, перакладчык. Правадз. чл. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў (з 1981). Скончыў Бялградскі ун-т (1952). Працаваў на радыё, у 1959—81 у выд-ве «Асвета». Друкуецца з 1945. Найб. вядомы як паэт-лірык (зб-кі «Дзяцінствы», 1950, «Песня цішыні», 1952, «Балада пра адвячорак», 1955, «Каменная калыханка», 1963, «Запісы пра чорнага Уладзіміра», 1971, «Кола для катавання», 1981 і інш.). Аўтар паэмы «Выпадковыя мемуары» (1978), кніг эсэ «Нататкі пра паэзію» (1978), «Інтымныя карты» (1985). Піша для дзяцей, перакладае на сербскахарвацкую мову бел., англ., італьян., рус., укр. паэтаў. Укладальнік анталогіі «Славянскія рыфмы» (1976), у якой змешчаны ў яго перакладзе 5 вершаў Я.Купалы. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклаў Н.Гілевіч.
Тв.:
Бел. пер. — у кн.: Па камянях, як па зорах: Выбр. старонкі сучаснай югасл. паэзіі. Мн., 1981;
У кн.: Гілевіч Н. Роднасць: Выбр. пер. са слав. паэтаў. Мн., 1983;
У кн.: Сербская паэзія. Мн., 1989;
Рус. пер. — Стихи. М., 1979.
І.А.Чарота.
т. 13, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІ́МАВІЧ (Дзесанка) (16.5.1898, Рабравіца, каля г. Валева, Сербія — 11.2.1993),
сербская пісьменніца. Акад. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў (з 1965). Скончыла Бялградскі ун-т (1924). Дэбютавала ў 1920. Ранняй лірыцы (зб-кі «Вершы», 1924; «Зялёны віцязь», 1930; «Баль на лузе», 1932) уласціва цэльнасць светаадчування, увасобленая праз глыбокія і шчырыя пачуцці і выказаная тонка, натуральна і проста. У паэзіі пазней шага часу (зб-кі «Паэт і родны край», 1946; «Водар зямлі», 1955; «Прашу памілавання», 1964, «Не маю больш часу», 1973; «Слова пра любоў», 1984; «Бузіновая дудка», 1993) узмацніліся грамадз. матывы; асн. тэмы твораў — гіст. лёс народа і Айчыны. Аўтар раманаў «Адчыненае акно» (1954), «Не забыцца» (1969), зб-каў апавяданняў, кніг для дзяцей, перакладаў. На бел. мову асобныя яе вершы перакладалі Э.Агняцвет, Н.Гілевіч, Я.Сіпакоў, І.Чарота.
Тв.:
Бел. пер. — у кн.: Па камянях, як па зорах: Выбр. старонкі сучаснай югасл. паэзіі. Мн., 1981;
У кн.: Ідзе Кастрычнік па зямлі. Мн., 1987;
У кн.: Сербская паэзія. Мн., 1989;
Рус. пер. — Стихотворения. М., 1971;
Избранное. М., 1977;
Слово о любви. М., 1988.
І.А.Чарота.
т. 9, с. 545
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)