ІМАТА́КА ЖАЛЕ́ЗНЫ ПО́ЯС (Imataca),

буйны жалезарудны раён у Венесуэле. Вядомы з 1947. Руды — жалезістыя кварцыты і гематытавыя. Агульныя запасы (у асноўным гематытавых руд) каля 2,1 млрд. т, колькасць жалеза 58—63%. Гал. радовішчы Сера-Балівар, Эль-Пао. Цэнтр пояса — г. Сан-Таме-дэ-Гуаяна.

т. 7, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМЕТА́ЛЫ,

простыя рэчывы, што не маюць характэрных для металаў уласцівасцей. Для Н. характэрна кавалентная сувязь, нізкія цепла- і электраправоднасць. Многія з іх у звычайных умовах газападобныя. Да Н. адносяцца: вадарод, бор, вуглярод, крэмній, азот, фосфар, мыш’як, кісларод, сера, селен, тэлур, галагены і інертныя газы.

т. 11, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАНАІ́БА (Paranaiba),

рака ў Бразіліі, правы выток р. Парана. Даўж. каля 900 км. Вытокі ў паўн. адгор’ях гор Сера-да-Канастра, цячэ ў цэнтр. частцы Бразільскага пласкагор’я ў глыбокай даліне, утварае парогі і вадаспады. Бурныя летнія паводкі. Сярэдні расход вады каля 1500 м³/с. На П. вадасх. Ітумбіяра.

т. 12, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сульфі́ты

(ад лац. sulfur = сера)

солі сярністай кіслаты (напр. сульфіт натрыю); сярністакіслыя солі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ІТАПІКУРУ́ (Itapicuru),

Ітапекуру, рака на ПнУ Бразіліі. Даўж. каля 650 км, пл. бас. 46,5 тыс. км². Пачынаецца ў хр. Сера-ду-Ітапікуру на паўн. ускраіне Бразільскага пласкагор’я, упадае ў заліў Сан-Жазе Атлантычнага ак. Жыўленне дажджавое. Паводкі ў сак.—маі. Сярэдні гадавы расход вады 470 м³/с. Ha І. — гарады Кашыяс (пачатак суднаходства), Кадо, Каруата.

т. 7, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́У-ДО́СІ, Досі (Rio Doce),

рака на У Бразіліі. Даўж. каля 600 км, пл. басейна 87 тыс. км². Вытокі на Пд хр. Сера-ду-Эспіньясу, цячэ па Бразільскім пласкагор’і, упадае ў Атлантычны ак. каля г. Рэжэнсія, утварае балоцістую дэльту. У сярэднім цячэнні парожыстая. Сярэдні расход вады каля 1,1 тыс. м³/с. Суднаходная ад г. Айморэс.

т. 13, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЬНЫЯ КАРМЫ́, мінеральныя падкормкі,

састаўная частка рацыёнаў жывёл, якая забяспечвае іх неабходнымі мінер. рэчывамі. Выкарыстоўваюць у якасці кармавых дабавак у здробненым стане, вырабляюць сыпкія салявыя сумесі, брыкеты-лізунцы, таблеткі.

Найб. важная — кухонная соль (мае натрый і хлор, якіх мала ў расл. кармах). Кальцыевыя дабаўкі: вапнякі (мергель, траверцін, гарныш, даламітызаваны вапняк, у якім шмат і магнію), гіпс (ёсць і сера), мел, сапрапель, гашаная вапна, драўнінны попел (мае таксама натрый, калій, магній, фосфар, мікраэлементы); яечная шкарлупіна, ракавінкі малюскаў (для птушак) і інш. Фосфарныя дабаўкі: мона- і дынатрыйфасфат, мона- і дыамонійфасфат (таксама крыніца азоту). Фосфарна-кальцыевыя дабаўкі: касцявая мука, рыбная мука, касцявы прэцыпітат (дыкальцыйфасфат), абясфтораныя фасфарыты, касцявыя попел і вугаль, свежадраблёная косць (для пушных звяроў) і інш. Крыніцы магнію: аксід, карбанат і сульфат магнію; калію — хларыд калію; серы — чыстая сера, сульфаты натрыю і амонію, тыясульфат натрыю; мікраэлементаў металаў — іх сульфаты і інш. солі, аксіды (жалеза — таксама чырв. гліна), ёду — ёдзістыя калій і натрый, селену — селенат і селеніт натрыю.

т. 10, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭКІТЫНЬЁНЬЯ (Jequitinhonha),

рака на У Бразіліі. Даўж. 1030 км, пл. бас. каля 73 тыс. км². Пачынаецца на хр. Сера-ду-Эспіньясу, цячэ па Бразільскім пласкагор’і, утварае парогі і вадаспады. Упадае ў Атлантычны ак. Жыўленне дажджавое. Летнія паводкі са снеж. да сакавіка. Сярэдні расход вады каля 550 м³/с. Суднаходная ў ніжнім цячэнні на 100 км. На Ж. — г. Жэкітыньёнья.

т. 6, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЬФАТА́РЫ (ад італьян. solfatara ад solfo сера),

струмені сярністага і серавадароднага газаў (т-ра 100—300 °C) з прымесямі пары вады, вуглякіслага і інш. газаў, якія выдзяляюцца з трэшчын сценак і дна кратэра, на схілах вулканаў. С. называюць таксама вулканы, якія спакойна і другі час выдзяляюць такія газы (напр., вулкан Сальфатара каля г. Неапаль). Гл. таксама Фумаролы.

т. 14, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫПТА́НДЫ,

макрагетэрацыклічныя злучэнні, што маюць некалькі цыклаў, у якіх гетэраатамы (кісларод, азот, сера) злучаны паміж сабой этыленавымі масткамі. Вадкасці ці крышт. рэчывы. Раствараюцца ў вадзе і арган. растваральніках. Утвараюць з катыёнамі шчолачных, шчолачназямельных і некат. інш. металаў трывалыя комплексы — крыптаты. Выкарыстоўваюць як каталізатары, высокаселектыўныя сарбенты і экстрагенты для металаў.

Да арт. Крыптанды. Структурная формула 4,7,10,16,19,24-гексаокса-1, 13-дыазабіцыкла [11.8.5] гексказану.

т. 8, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)